Я і мая сям’я,

- 11:45Сацыяльны ракурс

або Традыцыйныя каштоўнасці ў сучасным грамадстве

Сучасная сям’я існуе ў куды большай колькасці варыянтаў, чым было калісьці: мама, тата і некалькі дзяцей, мама, тата і адно дзіця, мама і дзеці, нават тата і дзеці (хаця ў нас гэты варыянт пакуль даволі рэдкі), нават дзве мамы ці два таты і дзеці (але гэта ўжо не ў нас), мама і тата з рознымі прозвішчамі і без штампаў у пашпартах ці проста мужчына і жанчына без дзяцей. Усялякае здараецца, па-рознаму жывуць людзі, але цяжка спрачацца з тым, што для выхавання дзяцей найлепшы варыянт — сям’я традыцыйная, пра якую можна сказаць: гэта наша крэпасць. Хаця спроб паспрачацца з гэтым зараз бывае нямала. Нездарма ж часта можна пачуць выразы “крызіс сямейных каштоўнасцей”, “крызіс сям’і”. Так, у Беларусі на кожныя дзесяць шлюбаў прыходзіцца 3—4 разводы, існуе нямала іншых праблем. Як супрацьстаяць гэтаму крызісу, як падтрымаць сем’і?

Дапамагчы

Пытанне, канечне, няпростае, але педагогі, псіхолагі шукаюць і знаходзяць на яго адказы. Некаторыя з іх можна было пачуць на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога сям’і: вопыт, праблемы, перспектывы”, якая нядаўна прайшла на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі сямі краін, уключаючы Беларусь: Літвы, Расіі, іншых. Беларусь прадстаўлялі супрацоўнікі рэгіянальных універсітэтаў, БДУ, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, педагогі і псіхолагі ўстаноў адукацыі, спецыялісты цэнтраў тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выкладчыкі, студэнты, магістранты і аспіранты БДПУ, святары.

Беларускі вопыт быў прадстаўлены на форуме не толькі шырока, але і, калі можна так сказаць, глыбока: ад аналізу дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы да вопыту асобных навучальных устаноў. Нам ёсць што паказаць, і мы гэта робім. І пры ўсіх выпрабаваннях, якія зараз перажывае інстытут сям’і ў Беларусі, зазначыў, адкрываючы канферэнцыю, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, сацыялагічныя апытанні ва ўніверсітэце сярод студэнтаў паказваюць, што каштоўнасць сям’і для беларускай моладзі знаходзіцца на другім месцы пасля здароўя. Ад стабільнасці сям’і, як падкрэсліў А.І.Жук, залежыць стабільнасць грамадства, стабільнасць дзяржавы.

Пачалося ж мерапрыемства з выступлення намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Марыяны Акіндзінаўны Шчоткінай. Варта ўзгадаць, што педуніверсітэт разам з саюзам жанчын рэалізоўвае сацыяльна-адукацыйны праект “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”, заснаваны на прыярытэтных напрамках дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі і ўмацавання сям’і, захавання дэмаграфічнай бяспекі краіны. Вось пра гэтую падтрымку і расказала ўдзельнікам канферэнцыі М.А.Шчоткіна.

— Той, хто працаваў у школе, не зможа глядзець на жыццё акрамя як скрозь прызму агульначалавечых каштоўнасцей, — сказала старшыня Беларускага саюза жанчын. — І навучыць дзяцей гэтаму нельга, калі ты сам не перакананы ў такіх каштоўнасцях.

Безумоўна, для любога з нас на адным з першых месцаў знаходзіцца сацыяльны кірунак дзяржпалітыкі. Праз гэты кірунак людзі і ацэньваюць у першую чаргу дзейнасць дзяржавы. Падтрымка сем’яў — гэта прыярытэт не толькі дэмаграфічнай бяспекі, але і бяспекі нацыянальнай, а разбурэнне асноў традыцыйнай сям’і, на думку Марыяны Акіндзінаўны, — адна з праблем сучаснага грамадства.

Беларусь, праўда, займае 25-е месца сярод 179-і дзяржаў, дзе створаны прыдатныя ўмовы для нараджэння дзяцей, у тым ліку і дзякуючы сацыяльнай падтрымцы сем’яў. Вынік ёсць, варта толькі нагадаць, што ў 2015 годзе дэмаграфічныя нажніцы ў Беларусі закрыліся. Так, М.А.Шчоткіна нагадала, што такога працяглага і аплатнага водпуску па доглядзе дзіцяці няма больш нідзе, што дзіцячы сад сучасныя бацькі выбіраюць па прынцыпе крокавай даступнасці, а сістэма дапамог на дзяцей складаецца з 11 відаў выплат, толькі выплаты пры нараджэнні дзяцей — гэта 2% ВУП. Пры гэтым усе, хто пастаянна жыве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, ці з’яўляецца грамадзянінам нашай краіны, маюць права на гэтую падтрымку ў памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

— І гэта толькі матэрыяльныя сродкі, без уліку льгот па аплаце падручнікаў, харчавання і іншых, — заўважыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. — Безумоўна, заўсёды ўзнікае пытанне жылля. Па перапісе насельніцтва 2009 года мы ўбачылі, што 65% сем’яў маюць адно дзіця. Усё пралічылі і прышлі да высновы, што сацыяльную палітыку, па-першае, неабходна выбудоўваць у плане падтрымкі мнагадзетных сем’яў, па-другое, стымуляваць аднадзетных да нараджэння другога дзіцяці.

Дзве меры прыняты для такой падтрымкі: тое, што сем’ям пры нараджэнні трэцяга дзіцяці пагашаецца 75% льготнага крэдыту, пры нараджэнні чацвёртага — 100%. Ды і сам крэдыт пад 1% на 40 гадоў многае значыць.
Па словах былога міністра працы і сацыяльнай абароны, спрацавалі такія меры ўмомант. Для таго ж, каб у сем’ях з’яўлялася другое дзіця, для маладых сем’яў таксама ўстаноўлены льготны крэдыт, а пакуль хтосьці з бацькоў знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, выплата крэдыту часова спыняецца.

— Зараз і заканадаўчая, і выканаўчая ўлады думаюць аб тым, што рабіць далей, якія яшчэ меры неабходны, — адзначыла М.А.Шчоткіна. — Ужо ў першым чытанні прайшоў законапраект, у якім прадугледжаны меры па дадатковай падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і тых сем’яў, дзе малых выхоўваюць бацькі-інваліды.

Марыяна Акіндзінаўна нагадала і пра іншыя меры падтрымкі сем’яў з дзецьмі, напрыклад, пра сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў.

— Самае важнае, канечне, каб дзеці не сталі сродкам заробку грошай, бо памылкі ўзнікаюць у любым працэсе, — падкрэсліла яна. — Бацькоўства павінна быць адказным.

Падтрымаць

Найвялікшая роля ў выхаванні будучых бацькоў належыць, зразумела, педагогам. Пра сістэму сацыяльнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі сям’і расказала дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ Вера Васільеўна Мартынава.

Перш за ўсё яна паказала абагульнены партрэт сучаснай беларускай сям’і. Так, у краіне жывуць 2,7 млн сем’яў, з іх амаль 45% ма юць непаўналетніх дзяцей. Агульны каэфіцыент шлюбнасці ў Беларусі застаецца адным з самых высокіх сярод еўрапейскіх краін — у 2015 годзе ён склаў 8,6 на тысячу чалавек. У гэтым жа годзе ў нашай краіне нарадзілася максімальная колькасць немаўлят за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі — больш за 119 тысяч. Павялічваецца і колькасць членаў сям’і — 57% нованароджанных былі другімі, трэцімі і гэтак далей дзецьмі ў сваіх сем’ях.

А колькасць мнагадзетных сем’яў у мінулым годзе вырасла да 80 тысяч. І тады ж удзельная вага дзяцей, якія нарадзіліся па-за шлюбам, зменшылася на 6% у параўнанні з 2006 годам. Але цяпер беларусы ўступаюць у шлюб пазней: у 2015 годзе ўзрост уступлення ў шлюб у мужчын склаў 27,5 года, у жанчын — 25,5. І, як паказваюць даследаванні, большасць беларускіх старшакласнікаў станоўча адносяцца да стварэння сям’і.

Усё нядрэнна, але гэта не значыць, што сем’ям не патрэбна прафесійная падтрымка. Для таго каб даведацца, як жывуць беларускія сем’і, што ім неабходна, у рамках праекта “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” было праведзена даследаванне сярод старшакласнікаў, студэнтаў, бацькоў. Яго вынікі і сталі асновай сістэмы мерапрыемстваў псіхолага-педагагічнага характару, сацыяльных праектаў. Гэта рэспубліканскія конкурсы “Сям’я года”, “Моцная сям’я — моцная дзяржава”, ушанаванне мнагадзетных маці, арганізацыя сямейнага вольнага часу, фарміраванне здаровага ладу жыцця і г.д.

Але па-ранейшаму застаецца высокім узровень разводаў (у 2014 годзе — каля 35 тысяч), вялікая колькасць сем’яў, дзе дзяцей выхоўвае адна маці (каля 150 тысяч), ёсць сем’і, дзе малых выхоўвае адзін бацька. Яшчэ адна праблема — зніжэнне маральнай адказнасці бацькоў за ўтрыманне і выхаванне дзяцей, мноства сацыяльных сірот (толькі ў 2014 годзе 2644 бацькі і маці былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, больш за 3 тысячы дзяцей сталі сацыяльнымі сіротамі). На канец 2016 года ў адносінах да больш чым 26 тысяч дзяцей было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Трывожаць спецыялістаў і станоўчае стаўленне моладзі да незарэгістраваных шлюбаў, змяненне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, калі кожны жыве сам па сабе, адчуваецца недастатковая псіхолага-педагагічная кампетэнтнасць бацькоў.

— Такое становішча прымушае нас актывізаваць работу па ўмацаванні інстытута традыцыйнай сям’і, — падкрэсліла В.В.Мартынава. “Вайбер” замяніў эмацыянальны кантакт і давер. Таму так неабходны падтрымка пазітыўных тэндэнцый развіцця сям’і і дапамога ў вырашэнні яе праблем.

У Беларусі, як лічыць дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, створана стабільная сістэма такой дапамогі. Яе прамы кампанент — гэта дзяржаўная палітыка ў адносінах да сям’і. Другі — сістэма ўстаноў, якія забяспечваюць умовы жыццядзейнасці сям’і, дапамогу і падтрымку: установы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, культуры, праваахоўныя органы. Трэцім кампанентам навуковец вылучыла падрыхтоўку спецыялістаў для ўсіх устаноў дапамогі сям’і, у тым ліку педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў. Чацвёрты кампанент сістэмы — гэта сацыяльныя інстытуты, роля якіх у жыцці грамадства ўзрастае. Да іх адносяцца сродкі масавай камунікацыі, грамадскія аб’яднанні і інш. Асобна Вера Васільеўна выдзеліла валанцёрскі рух, які, дарэчы, актыўна развіваецца ў самім БДПУ. Тут нямала валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, якія накіравалі сваю дзейнасць на дапамогу сем’ям, дзе ёсць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецям-сіротам, замяшчальным сем’ям. Ва ўніверсітэце падтрымліваюць абмеркаванне пытання ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях аб наданні заканадаўчага статусу валанцёрству як асобнаму інстытуту грамадства.

В.В.Мартынава таксама выказалася наконт мэтазгоднасці правядзення адзінага ўрока сямейнага жыцця ва ўсіх класах школ краіны, прычым памятку будучаму сем’яніну і навукова-метадычную распрацоўку ўрока ва ўніверсітэце ўжо распрацавалі, унесла іншыя прапановы. А ў цэлым вырашальнае значэнне мае аб’яднанне намаганняў усіх грамадскіх інстытутаў у імя сям’і.

Пасля пленарнага пасяджэння, якое ўключала і іншыя выступленні, удзельнікі канферэнцыі працавалі па секцыях, абмяркоўвалі актуальныя праблемы сучаснай сям’і, асноўныя кірункі сацыяльна-педагагічнай дапамогі ёй, навукова-практычныя падыходы да арганізацыі сям’і ў сістэме сацыяльнай абароны, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне каштоўнаснага стаўлення да сям’і і гатоўнасці моладзі да сямейнага жыцця, падрыхтоўку студэнтаў да ўзаемадзеяння з сям’ёй ва ўмовах інавацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўніверсітэта. У кожнага свой вопыт, свае напрацоўкі, сваё бачанне. Абмен меркаваннямі, безумоўна, спрыяе выхаду на новы ўзровень вырашэння названых праблем.

Марына ХІДДЖАЗ.