Я павяду цябе ў музей!

- 12:44Адукацыйная прастора

З дзяцінства памятаю гэты верш: “В воскресный день с сестрой моей // Мы вышли со двора. // — Я поведу тебя в музей! — // Сказала мне сестра”. Напэўна, гэтыя радкі ў наш час мала каму вядомы. А для мяне, дзяўчынкі з сельскай мясцовасці на Гомельшчыне, у іх калісьці было столькі чароўнага. “В воскресный день”! — гэта ж святочны дзень! “С сестрой моей”! — ах, як я марыла, каб у мяне была старэйшая сястра! “Мы вышли со двора”! — самі, без мамы! І галоўны радок: “Я поведу тебя в музей!” — гэта ж нейкае казачнае месца, як мне здавалася. У музей я трапіла ўпершыню ў класе 6-м, калі мы паехалі ў Брэсцкую крэпасць. Я памятаю гэтую паездку і праз 50 гадоў. Як і гэты верш Сяргея Міхалкова. Дзіцячая памяць — яна ж на ўсё жыццё.

Музейныя вынаходствы

Ці водзяць цяперашнія дзеці сваіх братоў, сястрычак у музей? Як выклікаць цікавасць да наведвання музея? Раскажу пра адзін выпадак, калі я знайшла магчымасць заінтрыгаваць вучняў, абудзіць цікавасць да экскурсій.

Восень 2015 года. За некалькі месяцаў да пачатку выставы “Вынаходствы Леанарда да Вінчы” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь была пачата рэкламная кампанія ў СМІ. Я адразу вырашыла: абавязкова пойдзем з класам! Там можна будзе не толькі паглядзець, але і памацаць экспанаты. На класных гадзінах я перыядычна расказвала і пра гэтую выставу, і пра самога Леанарда да Вінчы, паказвала рэкламныя матэрыялы з інтэрнэту. У пачатку сакавіка, за пару тыдняў да адкрыцця выставы, на ўроках інфарматыкі дала заданні 8-класнікам зрабіць у тэкставым рэдактары Word рэкламны буклет (дарэчы, гэта стала тэмай іх кантрольнай работы па інфарматыцы), а 9-класнікам прапанавала зрабіць з дапамогай праграмы Macromedia Flash анімацыю па матэрыялах музейнай выставы: рэкламныя ролікі або банеры для сайта.

Вучні падбіралі матэрыялы для сваіх работ (малюнкі, схемы, фатаграфіі і тэксты). Нарэшце, усё гатова: у кабінеце інфарматыкі на стэндзе з’явіліся буклеты пра выставу Леанарда да Вінчы, рэкламныя ролікі круціліся па тэлевізары ў кабінеце на кожным перапынку, каб іх убачыла як мага больш навучэнцаў. Задума ўвянчалася поспехам. На выставе ў суботні дзень мы былі аднымі з першых. Свае раздрукаваныя буклеты дзеці прынеслі ў музей і пакінулі іх там для іншых наведвальнікаў. На радасць хлопчыкаў і дзяўчынак, на гэтай выставе былі экспанаты, якія экскурсавод дэманстравала нам у дзеянні, і галоўнае, што некаторыя з іх можна было нават самім запусціць. Мы на гэтую выставу прыйшлі потым яшчэ раз, у будны дзень, калі наведвальнікаў амаль не было. Вучні не спяшаліся сыходзіць, усім было цікава.

Музейныя заняткі

Шэсць гадоў назад я атрымала чарговае класнае кіраўніцтва ў 5 класе. Першая экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей была запланавана на першыя восеньскія канікулы. Прыйшло ні многа ні мала… два вучні. Загадзя ў музеі была замоўлена экскурсія, а тут такая сітуацыя. Але я заўсёды іду ў музей, незалежна ад таго, колькі дзяцей прыйшло. Два — добра! Яны ж не вінаватыя, што іншыя аднакласнікі не змаглі (ці не захацелі) прыйсці. На шчасце, у гэты ж дзень прыйшлі і вучні з паралельнага класа, з імі разам нас было ўжо чалавек 12. Экскурсія адбылася.

А пасля гэтага я задумалася, як захапіць дзяцей музеем? І звярнулася ў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, куды некалькі гадоў назад шмат разоў прыходзіла на музейна-педагагічныя заняткі з іншымі вучнямі. У той час іх вяла Надзея Гардзееўна Красуцкая. Вось так мы трапілі на інтэрактыўныя заняткі па археалогіі. Вучні на дзве гадзіны ператварыліся ў археолагаў: вялі “Дзённік назіранняў”, даследавалі мясцовасць і рабілі разметкі для раскопак, па чарзе акуратна адграбалі дзіцячай рыдлёвачкай пясок на імправізаваным раскопе і радаваліся, калі там выяўлялі старадаўні прадмет. У гістарычным музеі мы пабывалі на занятках па ткацтве, па старадаўніх ляльках “Лялькі з бабулінага куфэрка”, а на свяце горада прынялі ўдзел у гульні-падарожжы “Не шукаючы — не знойдзеш”. Памяць захоўвае кожнае з гэтых падарожжаў у часе!

Мэта такіх заняткаў — увесці музей у сферу жыццёвых інтарэсаў дзіцяці, навучыць яго разглядаць музей адначасова і як крыніцу гістарычных ведаў, і як месца для адпачынку, дзе навучанне і адпачынак складаюць два бакі аднаго працэсу — працэсу спасціжэння разнастайнасці культурна-гістарычнай спадчыны мінулага. Задача музейных заняткаў не толькі ў тым, каб перадаваць інфармацыю, абудзіць цікавасць да пэўнага прадмета (і гэта таксама немалаважна!), але і выклікаць далейшую патрэбу пазнаваць і дзяліцца ведамі з іншымі. Музейна-педагагічныя заняткі — гэта і прафарыентацыйная работа. Гэта знаёмства з прафесіямі археолага, мастака-рэстаўратара, іканапісца, экскурсавода. Я адшукала На­дзею Гардзееўну Красуцкую і даведалася, што цяпер яна вядзе інтэрактыўныя заняткі ў Нацыянальным мастацкім музеі і што ў яе распрацавана шмат новых тэм. Праводзяць гэтыя заняткі і іншыя супрацоўнікі музея. А значыць, нас чакаюць новыя адкрыцці!

Музейны дух

Для мяне ў музеі важна ўсё: і фасад будынка, і лаўкі каля яго, і высокія цяжкія ўваходныя дзверы, і вестыбюль, і нават лесвіца, па якой падымаешся ў залы. Я не люблю бясплатныя наведванні музея ў апошнюю сераду месяца, а таксама наведванні без экскурсавода. Калі бясплатна, то народу процьма. Калі без экскурсавода, то дзеці прабягуць па музейных залах, узбударажаць музейных наглядчыц. У выніку нічога ў іх памяці не застанецца (я гэта часта назіраю на прыкладзе дзяцей і дарослых). Я катэгарычна супраць запрашэння музеяў у сцены школы. Гэта абсалютна розныя рэчы, гэта не музей. Але я за стварэнне ў сценах навучальнай установы свайго музея, калі актыўны ўдзел у гэтай справе будуць прымаць навучэнцы.

Захапіўся, захапляеш

Амаль кожнае наведванне навучэнцамі музея патрабуе ад арганізатара (класнага кіраўніка) папярэдняй падрыхтоўкі, размовы, стварэння інтрыгі. Пры гэтым не трэба раскрываць усе таямніцы экскурсіі. Часта, прапаноўваючы вучням чарговую цікавую экскурсію (я выбіраю менавіта тое, што і мне цікава, таму вельмі спадзяюся, што дзецям таксама будзе цікава, хоць самае цяжкае — гэта пераканаць іх у гэтым), запрашаю бацькоў вучняў. Гэта адбываецца і на бацькоўскім сходзе, і праз саміх дзяцей, і па тэлефоне. І як радасна, калі сыходзяць яны адтуль са словамі “Як незаўважна праляцелі дзве гадзіны!” і просьбай узяць іх з сабой у наступны раз.

На працягу апошніх сямі гадоў я і мае вучні наведвалі музеі больш за 45 разоў (лік ужо страчаны). Гэта і Нацыянальны мастацкі музей, і Нацыянальны гістарычны, і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і музеі ў Заслаўі, і музей Янкі Купалы ў Вязынцы, і інш. У некаторых з іх мы былі шмат разоў. Часта сумяшчаем экскурсіі з турыстычнай праграмай. Самымі памятнымі і значнымі сталі для нас музейна-педагагічныя заняткі і культурна-адукацыйныя праграмы ў Нацыянальным гістарычным і Нацыянальным мастацкім музеях.

Мабільны гід

Цяпер у музеях укараняецца сістэма “QR-код”, а гэта значыць, што наведвальнік можа праз мабільны тэлефон або планшэт імгненна далучыцца да праграмы аўдыягіда. Асабістыя гаджэты без экскурсавода мо­гуць расказваць і вадзіць наведвальніка па музейных залах.

Моладзь актыўна карыстаецца гэтай паслугай, тым больш што, напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей далучаны да сістэмы Wі-Fі, пры набыцці білета наведвальнік атрымлівае адначасова код доступу. Аўдыягід працуе на трох мовах (рускай, беларускай і англійскай) і хутка, абяцаюць, будзе ўкаранёна кітайская версія.

Да аўдыягіда можна ставіцца па-рознаму. Калі ў мяне па нейкіх прычынах няма магчымасці пабываць на экскурсіі з сапраўдным экскурсаводам, то так — гэта выхад. Калі я хачу выбраць экскурсію на адной з прапанаваных моў — таксама выдатна. Але ж ніякі аўдыягід не заменіць жывога экскурсавода, не дасць магчымасць задаць яму пытанні, не пакажа рукой або ўказкай на самыя істотныя або малапрыкметныя дэталі, не зверне маю ўвагу на нешта больш істотнае.

Дзень нараджэння

Дзень нараджэння ў музеі? Магчыма, у кагосьці гэта выкліча здзіўленне, але цяпер становіцца традыцыяй, калі мінчане (і не толькі яны) ладзяць для сябе ці сваіх дзяцей музейныя дні нараджэння. Амаль два гады назад свой 60-ы дзень нараджэння я сустракала разам з дзесяццю гасцямі, маімі блізкімі і сябрамі, у гасцінай музея “Дом Ваньковічаў”. Гаворка зусім не пра салодкі стол, а пра арыгінальную двухгадзінную праграму, на працягу якой я і мае госці знаходзіліся ў гасцінай XVIII стагоддзя, кожны з нас быў кімсьці з сям’і Ваньковічаў (пані Эльжбета, Міхаліна і г.д.), і толькі ў канцы мы даведаліся, хто гэтыя людзі. Гучала жывая музыка і вершы, былі імправізацыі па прапанаваных тэкстах вершаў і прозы (у тым ліку і на французскай мове!), мы гулялі ў фанты і нават самі размаўлялі па-французску, трымалі ў руках старадаўнюю кнігу. І падарункі былі: білеты ў музей, мой партрэт, самаробныя паштоўкі і сюрпрыз, які можна было раскрыць толькі дома. Гэта быў самы незабыўны дзень нараджэння!

На любы ўзрост

У 2005 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі з’явіўся спецыялізаваны сектар музейнай педагогікі пад кіраўніцтвам Надзеі Гардзе­еўны Красуцкай, якая распрацоўвае аўтарскія музейна-педагагічныя праграмы. Вялікая ўвага стала ўдзяляцца музейным праграмам, арыентаваным на невялікую групу наведвальнікаў і больш паглыбленае вывучэнне тэмы пэўнага раздзела экспазіцыі. За мінулыя гады работы сектар музейнай педагогікі падрыхтаваў больш за 20 праграм рознай тэматыкі, якія запатрабаваны ў наведвальнікаў усіх узростаў.

З Надзеяй Гардзееўнай я пазнаёмілася ў 2000-х гадах, калі яна яшчэ працавала ў Нацыянальным гістарычным музеі. Менавіта там я ўпершыню з дзецьмі ўдзельнічала ў археалагічных раскопках, знаёмілася з побытам першабытных людзей, ляпіла разам з дзецьмі ганчарны посуд — маленькія гарлачыкі, здабывала агонь сваімі рукамі. Ужо тады я бачыла, які гэта захоплены чалавек. Голас яе то таямніча замаўкае, то зачаравальна распавядае пра старажытныя таямніцы, галава схіляецца набок, як бы замірае ў чаканні неспадзяваных пытанняў або неспадзяваных адказаў. А самыя гаваркія ў яе — рукі. Яна імі, як птушка крыламі, забірае з сабой у палёт. Палёт думак.

У маі, калі традыцыйна праходзіць “Ноч музеяў”, Надзея Гардзееўна — адзін з галоўных аўтараў праграмы музея. У 2016 годзе яна была ў вобразе… Аляксандра Македонскага. А праграма называлася “Я — Аляксандр, сын лівійскага бога!”. Для такой вялікай аўдыторыі, якая збіраецца ў гэтую ноч у музеі, і праводзіць такія заняткі нялёгка. Але яна справілася бліскуча!

Успрыняць ужывую

Захапляльна яна праводзіла і музейную камунікатыўную праграму “Вучымся гля­дзець карціны” ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але лепш за ўсё пра гэта раскажуць самі ўдзельнікі.

Юлія Жылка, вучаніца 10 “І” класа: “У наш час людзі настолькі прывыклі да безупыннага выкарыстання розных гаджэтаў і інтэрнэту, што часам нават забываюць пра тое, што адбываецца вакол іх. Нельга ўдосталь нацешыцца электроннай версіяй кнігі, немагчыма па-сапраўднаму захапляцца лічбавай выявай карціны. Для таго каб атрымаць сапраўднае задавальненне, неабходна ўспрыняць прадмет ужывую.

У выпадку з карцінай, каб атрымаць асалоду ад тонкасці праве­дзенай работы, варта наведаць музей, дзе гэтая карціна знахо­дзіцца. У лістападзе мінулага года мне была прадастаўлена выдатная магчымасць наведаць Нацыянальны мастацкі музей, дзе была не проста экскурсія, а інтэрактыўны ўрок пад кіраўніцтвам цудоўнай Надзеі Гардзееўны Красуцкай. Мы збіралі розныя “букеты пытанняў”, апісвалі прапанаваныя нам карціны, адгадвалі эмоцыі, якія з дапамогай мімікі і жэстаў спрабаваў перадаць іншы ўдзельнік інтэрактыву. А пасля мы перайшлі да разваг над эмоцыямі герояў прадстаўленых нам карцін незнаёмага мастака і нават звярталіся да ўспамінаў з дзяцінства. Мерапрыемства настолькі адарвала мяне ад што­дзённай мітусні, што нават не хацелася зноў уключаць мабільны тэлефон і шум на вуліцы ўжо здаваўся нязвыклым”.

Вера ГАЕЎСКАЯ,
настаўніца інфарматыкі ліцэя № 1 Мінска.
Фота аўтара.