Я пазнаю цябе па… радках

- 15:19Навука і інавацыі

Гэта шлях дзвюх жанчын… “Нязяблай кнігаўкі”, “княгіні паэтычнага радка”, “паэта-анёла” Яўгеніі Янішчыц і чалавека, які “з мільёнаў долей выбраў адну” — долю “дачкі Ясельды”, даследчыцы Святланы Калядка. Шлях, на якім, гаворачы з адной, адчуваеш другую. Чатырохтомнік “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”.

Знаёмству з вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі адной з укладальнікаў выдання Святланай Уладзіміраўнай Калядка паспрыяў выпадак. Аднойчы ў мяне спыталі: “Ты чула што-небудзь пра збор твораў Яўгеніі Янішчыц? Зусім нядаўна выйшаў другі том. Добрыя кнігі — нашы прафесары ацанілі”. Так, пасля вывучэння старонак блакітных томікаў і адкрыцця ў новым свеце з юнацтва любімай паэтэсы з’явілася жаданне пазнаёміцца з чалавекам, без якога гэтае адкрыццё было б немагчымым. Ужо тады зваротная сувязь чытачоў гаварыла сама за сябе.

— Першы раз я прачытала вершы Яўгеніі Янішчыц на апошнім курсе вучобы ва ўніверсітэце, — успамінае даследчыца. — І была ўражана, ашаломлена і, у той жа час, збянтэжана ад таго, як словам можна закрануць душу, пачуцці і эмоцыі. Як можна гаварыць пра асабістае настолькі адкрыта, і тут жа звяртацца да душэўнага вопыту ўсіх і кожнага адначасова! Яе слова закранула маю свядомасць — і таямніцу яго ўздзеяння на мяне я разгадваю і сёння.

Нельга памыліцца, сказаўшы, што літаратуразнаўца пражыла жыццё паэтэсы: з першага сур’ёзнага звароту спецыяліста да творчасці Яўгеніі Янішчыц прайшло амаль 26 гадоў. Тады дзяўчына вызначалася з тэмай кандыдацкай дысертацыі. Святлана імкнулася спасцігнуць, у чым праяўляецца любоў да творчасці паэтэсы, чым яе творчасць унікальна і па якой прычыне да вершаў “палескай ластаўкі” хочацца вяртацца. Па выніках гэтай працы ў 1999 годзе даследчыца абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 2007 годзе пабачыла свет манаграфія “Паэзія Яўгеніі Янішчыц: станаўленне творчай індывідуальнасці”.

Па словах Святланы Уладзіміраўны, збор твораў Яўгеніі Янішчыц павінен быў выйсці яшчэ ў 1990 годзе, аднак той час быў няпростым для выдання шматтомнікаў, што і перашкодзіла яго з’яўленню. З таго часу гэтая ідэя стала неад’емнай часткай свядомасці навукоўцы, не давала ёй спакою.

Ажыццявіць задуму, надаць ёй сэнс Святлане Калядка дапамагла сяброўка Яўгеніі Янішчыц паэтэса Тамара Аўсяннікава, якая аргументавала: “Калі не мы, то хто?”. Так, у 2012 годзе пачалася работа па зборы матэрыялаў для праекта “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”. Тамара Пятроўна разам з Антанінай Сідарук, дырэктарам музея Яўгеніі Янішчыц, працавала над радаводам, пачала няхуткую справу збору інфармацыі для хронікі жыцця і творчасці паэтэсы. Яна ж дасылала запыты ў шматлікія арганізацыі, запісвала ўспаміны пісьменнікаў, родных, аднакурснікаў і сяброў творцы. Святлана Калядка адказвала за навукова-літаратуразнаўчую частку даследавання, збор варыянтаў вершаў, пошукі новых твораў і структуру выдання. Пасля завяршэння збору і класіфікацыі спадчыны Яўгеніі Янішчыц і твораў пра яе планавалася размеркаваць матэрыялы ў 5—6 тамоў фармату сярэдніх кніг на 500 старонак. Аднак па тэхнічных прычынах вырашылі выпусціць 4 тамы большага аб’ёму.

— Першы том выдання выйшаў у 2016 годзе, другі — у канцы 2017 года, — расказвае Святлана Калядка. — Пры складанні тамоў у мяне ўзніклі новыя ідэі, якія раней не былі задзейнічаны ў тэксталагічнай рабоце: хацелася, напрыклад, увесці вялікі навукова-літаратуразнаўчы корпус даследаванняў, прысвечаных Яўгеніі Іосіфаўне. І выхад знайшоўся: мы размясцілі вытрымкі з навуковых работ, аналізы твораў, літаратуразнаўчыя каментарыі, згадкі сучаснікаў паэтэсы побач з творамі. Вельмі добра, што ў гэтым выданні асветлена праца даследчыкаў: яна стала набыткам як прафесіяналаў-чытачоў, так і чытачоў-аматараў. Вучні могуць карыстацца выданнем пры вывучэнні творчасці Яўгеніі Янішчыц на ўроках беларускай літаратуры, а разнастайная інфармацыя пра яе творы, а таксама новыя біяграфічныя звесткі могуць быць карысныя выкладчыкам і студэнтам пры рабоце з курсам гісторыі беларускай літаратуры ці пры напісанні даследчых і творчых работ.

Адметнасцю выдання з’яўляецца тое, што яно адносіцца да ўніверсальных, і чатырохтомнік, у нейкай ступені, можна назваць энцыклапедычным. Галоўнай задачай навукоўцаў стала змясціць у ім шматпланавыя звесткі пра “непрыручаную птушку”. Таму ў двух тамах можна ўбачыць уступны біяграфічны артыкул (1 том), уступны артыкул з апісаннем гісторыі падрыхтоўкі чатырохтомніка (2 том), вершы, паэмы з літаратуразнаўчымі каментарыямі да іх, апавяданні. Каментарыі да вершаў — своеасаблівыя ўзоры таго, як можна “прачытваць” творы, так званая навуковая ілюстрацыя мастацкай творчасці. Па словах Святланы Уладзіміраўны, больш вопытныя чытачы могуць не ўлічваць прадстаўленыя аналізы вершаў, кіруючыся ўласным досведам, або параўноўваць сваё разуменне з інтэрпрэтацыяй навукоўцаў. А вось для вучняў і студэнтаў гэта можа стаць добрай асновай для асэнсавання і ўспрымання канкрэтнага твора, пляцоўкай для самастойнага разважання і абагульнення.

— Сёння грамадскасць з нейкім душэўным трымценнем, шкадаваннем пра незваротную страту аберагае памяць пра “ластаўку Палесся”, — адзначае Святлана Калядка. — Таму і вельмі крытычна ўспрымае любыя публікацыі пра любімую паэтэсу, тым больш, калі гэта вялікія даследаванні. Мы спадзяёмся, што кожны чытач знойдзе ў зборы твораў нешта сваё, блізкае яму.

Па словах укладальніка, трэці і чацвёрты тамы насычаны новымі матэрыяламі, з якімі чытач пазнаёміцца ўпершыню. Так, даследчыкі выявілі больш за 750 вершаў Яўгеніі Янішчыц, малавядомых або ўвогуле невядомых чытачу. З іх, як расказвае Святлана Уладзіміраўна, можна скласці асобны зборнік паэзіі (дарэчы, ёсць і папярэдняя назва, якой Яўгенія Янішчыц планавала назваць будучую кнігу, — “Твая прысутнасць”). Знойдзеныя вершы стылістычна разнастайныя: тут ёсць і павевы ранняй творчасці Яўгеніі Іосіфаўны, і творы апошніх гадоў жыцця, напісаныя пад уплывам тагачасных змен у грамадстве, прасякнутыя публіцыстычным запалам. У іх узнімаецца шэраг сацыяльных праблем, якія турбавалі паэтэсу, асабліва праблемы вёскі і пытанні духоўнага збяднення чалавека. У асобных раздзелах выдання дапытлівы чытач знойдзе вершы, апублікаваныя ў калектыўных зборніках, часопісах і газетах, што не ўвайшлі ў паэтычныя зборнікі паэтэсы, творы, выяўленыя ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне, сямейным архіве паэтэсы, а таксама першы рукапісны зборнік Жэні-вучаніцы “Першыя россыпы” і сшыткі, знойдзеныя на гарышчы яе бацькоўскага дома.

У чацвёртым томе чытач убачыць літаратурна-крытычную, публіцыстычную, перакладную спадчыну вядомай паэтэсы. Сюды будуць уключаны інтэрв’ю з Яўгеніяй Янішчыц, лісты і летапіс апублікаваных твораў. Таксама да яго плануецца дадаць дыск з песнямі на вершы паэтэсы ў выкананні барда Таццяны Дайнека (Беланогай) і дакументальным фільмам пра паэтэсу.

— Незалежна ад таго, што, відаць, будзе парушацца аб’ём тамоў і апошнія з’явяцца з большай колькасцю старонак, нам важна да канца прытрымлівацца прынцыпу “ўсё — пра аднаго”, з якім мы падыходзім да выдання. Таму максімальнае выкарыстанне ў чатырохтомніку сабранай інфармацыі мы гарантуем. А далейшыя карэктывы расставіць час, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна.

Чатырохтомны збор твораў Яўгеніі Янішчыц — першае выданне такога маштабу ў беларускай літаратуры, якое прысвечана творчасці жанчыны-паэта. Святлана Калядка тлумачыць гэта тым, што Яўгеніі Іосіфаўне пашанцавала больш за астатніх.

— Тое, што ў паэта ёсць свае даследчыкі, — вельмі важны крытэрый яго доўгажыхарства ў гісторыі літаратуры, — адзначае навуковец. — А творчасць Яўгеніі Янішчыц даследавалі такія выбітныя літаратуразнаўцы і крытыкі, як У.Гніламёдаў, Д.Бугаёў, Р.Бярозкін, В.Бечык і інш. І з кожным годам колькасць прыхільнікаў яе творчасці сярод навукоўцаў павялічваецца. Хочацца верыць у старт апублікавання падобных выданняў, бо, на жаль, далёка не кожны аўтар можа пахваліцца наяўнасцю такой увагі. І не пра кожнага творцу будзе напісана столькі работ.

Святлана Уладзіміраўна жартуе, што пра жыццё і творчасць Яўгеніі Янішчыц можа гаварыць так доўга, што стамляе суразмоўнікаў. Аднак даследчыца пераканана, што, нягледзячы на даўнюю гісторыю навуковых пошукаў, прысвечаных беларускай ластаўцы, яна да канца так і не адкрылася навукоўцам. Літаратуразнаўца адзначае, што не існуе ўніверсальнага рэцэпту, каб адчуць творчасць Яўгеніі Іосіфаўны праз успрыманне нейкіх канкрэтных твораў: гэта справа густу, узросту, тэмпераменту і асабістага досведу кожнага чалавека.

— Лірыка Яўгеніі Янішчыц розная і аднолькавая адначасова. Кожны ў ёй знойдзе сваё. Я магу толькі назваць тыя творы, якія падабаюцца мне і вызначаюць шмат чаго ў творчасці паэтэсы. Гэта лірыка кахання — “Для сваёй адзінае дачушкі…”, “Вольная жанчына”, прысвячэнні маме — “Мама падрэзала косы”, “Ля ложка хворай маці”, вершы пра вёску — “Інтэлігенты ад зямлі”, “Пра назвы”, роздумныя вершы — “Сынок і маці”, “Як называюцца слёзы”, сацыяльна вострыя творы — “Адносна культу”, “Над хронікай 30-х гадоў” і многія іншыя. Вартыя ўвагі і новага асэнсавання тыя творы, якія раней даследчыкі і крытыкі не заўважылі. Бо часта за ўсімі любімымі творамі паэтэсы (“Мова”, “Ты пакліч мяне. Пазаві…”, “Непрыручаная птушка”, “Падставіць голасу лісток”, “Любоў мая”) не бачаць таго, што Яўгенія Іосіфаўна розная.

Святлана Калядка не верыць так званым універсальным даследчыкам, якія ведаюць адказы на любыя пытанні. Навуковец пераканана, што немагчыма быць дасведчаным ва ўсіх пытаннях беларускай літаратуры, паколькі кожнае з іх патрабуе паглыблення ў кантэкст, валодання тэкставымі і надтэкставымі тэорыямі, гістарычнай фактурай і многімі іншымі фактарамі, важнымі для яго інтэрпрэтацыі.

— У наш час асаблівая ўвага да прыватнага жыцця, да “жоўтага выпраменьвання” падзей, таямніц біяграфіі, фантасмагорый і невытлумачальнага ў лёсе творцы пераважае над цікавасцю да яго творчасці. Цяжка здзівіць некага знойдзенымі невядомымі творамі пісьменнікаў, а вось, напрыклад, інфармацыя пра тое, як аўтар абыграў у карты палітычнага дзеяча ці колькі прывёз калісьці з-за мяжы брэндавых рэчаў, абуджае цікавасць, трапляе на першыя палосы перыядычных выданняў і з гучнымі загалоўкамі “гуляе” па інтэрнэце. Творца становіцца менш цікавым для сучаснай тэлеіндустрыі, чым пакручастасці яго біяграфіі. Пры вывучэнні жыцця Яўгеніі Янішчыц мы таксама атрымлівалі спрэчную інфармацыю і факты, якія закранаюць асабістае, недзе нават інтымнае. Але ў падачы фактаў біяграфіі ўсё ж павінны быць межы: дзеля захавання эстэтычнай значнасці творчасці, яе гуманістычнай функцыі, нарэшце. Інакш дзеля чаго Мастацтва? — разважае спецыяліст.

Па словах даследчыцы, сучасная навука жыве паўнавартасным жыццём, і яе хвалюе ўсё, пачынаючы ад мастацкага тэксту і завяршаючы праблемамі глабалізацыі ў свеце. Гэта не можа не ўплываць на з’яўленне абагульненага аблічча літаратуры. Аднак, лічыць Святлана Уладзіміраўна, у гісторыі літаратуры заўсёды застаюцца Асобы, творцы з індывідуальна-непаўторным бачаннем і свядомасцю, здольныя ўплываць на думку, настрой і душэўны стан іншага. І ў выяўленні такіх творцаў час — самы надзейны дарадчык. Напрыклад, любоў людзей да творчасці Яўгеніі Янішчыц праверана часам, а гэта, на думку даследчыцы, самы правільны крытэрый сапраўднага.

Некалі студэнтку Святлану Калядка вельмі ўразіў сваёй таямніцай і глыбінёй фотаздымак на вокладцы першай паэтычнай кнігі Яўгеніі Іосіфаўны. З гэтай выявай перад сабой дзяўчына чытала паэтычныя зборнікі, вывучала біяграфію любімага аўтара. Пазней, калі захапленне стала часткай жыцця, яе папрасілі акрэсліць сутнасць Яўгеніі Янішчыц — паэтэсы некалькімі азначэннямі. Аднак просьба, па словах Святланы Уладзіміраўны, была адной з самых складаных за час яе навуковай дзейнасці. Гэтак жа няпроста будзе кожнаму, хто патрымае ў руках тамы ў блакітных вокладках, бо перад кожным з нас паўстане свой “паэт-анёл”: неардынарная і самабытная, чуйная і одумная, тонкая і “непрыручаная”, узрушаная і лірычная, пранізлівая і шчырая, летуценная і самаахвярная жанчына-паэт. Новая і ад гэтага яшчэ больш родная Яўгенія Янішчыц, якая праяўляецца ў кожным паэтычным радку.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.