Ядзернае раззбраенне магчыма пры ўмове змянення сусветнай антаганістычнай сістэмы каардынат

- 10:58Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Андрэй Дапкюнас прыняў удзел у пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечаным Міжнароднаму дню дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Беларускі дыпламат адзначыў, што прынятае Беларуссю 20 гадоў назад безагаворачнае рашэнне адмовіцца ад валодання ядзернай зброяй з’яўляецца прыкладам рэалістычнага дзеяння ў галіне раззбраення. Падкрэслена, што такія дзеянні не адбываюцца дзякуючы колькасці фармальных рашэнняў, якія прымаюцца ў ААН, а патрабуюць цвёрдай палітычнай волі і грамадзянскай мужнасці дзяржаў і іх кіраўніцтва. На думку Беларусі, дасягненне вынікаў у сусветным ядзерным раззбраенні магчыма толькі пры ўмове змянення існуючай сусветнай антаганістычнай сістэмы каардынат і адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння спрэчак.

У МЗС таксама адзначылі, што асаблівая роля ядзерных дзяржаў у гэтым працэсе павінна заключацца ў практычным адмаўленні ад ядзерных выпрабаванняў і ўвядзенні ў дзеянне адпаведных міжнародных норм.
Па рашэнні Генасамблеі Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў адзначаецца штогод з 2009 года для прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да задачы спынення ядзерных выпрабаванняў як аднаго са сродкаў дасягнення міру, свабоднага ад ядзернай зброі.