Яе лёс — прафесія педагога

- 9:39Людзі адукацыі

Дыпломам І ступені фіналу раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” узнагароджана настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Лепеля Святлана Ільінічна Драбышэўская. І гэта невыпадкова.

Святлана Ільінічна — з дынастыі настаўнікаў. Яе бабуля, Зоя Мікалаеўна Клінава, усё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў на Мёршчыне. Сапраўдную ж любоў да прафесіі прывілі Святлане Ільінічне яе бацькі. Бацька Ілья Юльянавіч Януш — географ, гісторык, краязнавец, музыкант. У школе працаваў 45 гадоў, яго праца адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Маці Алена Пятроўна Клінава была настаўнікам-наватарам, дыпламантам абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных педагагічных чытанняў, удзельнікам Абласнога конкурсу “Настаўнік года”, кіраўніком творчай групы настаўнікаў раёна. Зараз узначальвае савет ветэранаў нашай установы.

С.І.Драбышэўская скончыла Полацкі педагагічны каледж імя Ф.Скарыны па спецыяльнасці “Музычнае выхаванне” і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”. У рабоце праяўляе творчасць і ініцыятыву. Разам з традыцыйнымі выкарыстоўвае інтэрактыўныя формы ўрока: урокі-лекцыі, урокі-падарожжы, экспедыцыі, экскурсіі, інсцэніроўкі, даследаванні, канферэнцыі, дзелавыя гульні, віктарыны, дыспуты, урокі-канцэрты, залікі, конкурсы, агляды ведаў і г.д. Падчас кожнага ўрока прымяняе разнастайныя метадычныя прыёмы, развівае пазнавальныя здольнасці навучэнцаў, прывівае любоў да рускай мовы і літаратуры. Таксама выкарыстоўвае адукацыйныя тэхналогіі: праектна-даследчай і вучэбна-гульнявой дейнасці, тэхналогію педагагічных майстэрань, інфармацыйныя тэхналогіі. Настаўніца кіруе адукацыйным працэсам, стараецца стварыць умовы для рэалізацыі здольнасцей кожнага навучэнца, пры гэтым па меры неабходнасці аказвае своечасовую дапамогу. Дзейнасць Святланы Ільінічны накіравана на развіццё чалавека-вырашальніка, таму арганізоўваюцца сітуацыі, пры якіх самі навучэнцы могуць вызначыць праблему, сфармуляваць яе, знайсці і прапанаваць шляхі яе вырашэння, рэалізаваць, ацаніць атрыманы вынік і скарэкціраваць сваю далейшую дзейнасць.

На працягу некалькіх гадоў Святлана Ільінічна прымала ўдзел у апрабацыі абласнога творчага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей школьнікаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі”. Нягледзячы на тое, што афіцыйна праект завершаны, асноўнымі яго ідэямі, палажэннямі і прынцыпамі яна працягвае кіравацца і сёння. Паглыбленае вывучэнне гэтага пытання дазволіла ёй сістэматызаваць і ўдасканаліць методыку выкладання. Асноўным элементам работы навучэнцаў становіцца асваенне дзейнасці (вучэбна-даследчай, пошукава-канструктарскай, творчай і інш.). Фактычныя веды школьнікі набываюць у працэсе работы над задачамі, арганізаванымі ў мэтазгодную і эфектыўную сістэму. Паралельна з асваеннем дзейнасці падлетак фармулюе сваю сістэму каштоўнасцей, якая падтрымліваецца соцыумам. З пасіўнага спажыўца ведаў навучэнец становіцца актыўным суб’ектам адукацыйнай дзейнасці. Такім чынам, на сваіх уроках Святлана Ільінічна стварае ўмовы для фарміравання гуманнай, фізічна і духоўна здаровай асобы, якая валодае інтэлектуальнымі і пазнавальнымі патрэбамі, падрыхтавана да жыцця ў сучасным свеце.

На працягу шэрага гадоў выхаванцы С.І.Драбышэўскай з’яўляюцца пераможцамі ІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, раённай навукова-даследчай канферэнцыі, удзельнікамі і прызёрамі аглядаў, гульняў і конкурсаў.

Педагог з’яўляецца кіраўніком гуртка “Проба пяра”. Яе выхаванцы пастаянна становяцца лаўрэатамі і прызёрамі раённых і абласных конкурсаў юных паэтаў.

Святлана Ільінічна прымае актыўны ўдзел у рабоце педагагічных нарад ва ўстанове, удзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх семінарах і навукова-практычных канферэнцыях, публікуецца ў перыядычных выданнях.

Адольф Дыстэрвег сцвярджаў, што настаўнікам трэба нарадзіцца. І Святлана Ільінічна нарадзілася, каб быць настаўніцай. Яна з гордасцю гаворыць: “Прафесія педагога — мой лёс”. І дадае: “Але ганарыцца трэба не прыналежнасцю да прафесіі, а майстэрствам у выбранай справе”.

Раіса ІВАНКІЎ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Лепеля.