Яе ліцэй — маленькая дзяржава аднадумцаў

- 11:07Людзі адукацыі

Вельмі добра памятаю нашу першую сустрэчу з дырэктарам Рэчыцкага раённага ліцэя Ірынай Якаўлеўнай Пяткун. Адбылося гэта ў самой навучальнай установе. Рыхтавалася нейкае ліцэйскае мерапрыемства. Я назіраю за навучэнцамі і выкладчыкамі і па-добраму здзіўляюся: тут не прынята без асаблівай патрэбы звяртацца да вучняў па прозвішчы — толькі імёны. А Ірына Якаўлеўна кожнае імя вымаўляе з памяншальна-ласкальным суфіксам — так, як звычайна бацькі называюць сваё любімае дзіця.

У Рэчыцкім раённым ліцэі дзейнічае орган пад назвай “Ліцэйская рэспубліка”. І для мяне гэта бачыцца вельмі сімвалічным, бо ліцэй — гэта сапраўды своеасаблівая маленькая дзяржава, палітыка якой будуецца па законах дабрыні, любові і павагі. Тут няма абыякавасці ні ў адносінах адно да аднаго, ні да спраў. Адсюль і поспех ліцэістаў у даследчай дзейнасці, у алімпіядным руху, інтэлектуальных конкурсах і спаборніцтвах.

Хутка ўжо 30 гадоў, як І.Я.Пяткун упершыню пераступіла парог школы ў ролі настаўніцы гісторыі. Але варта сказаць, што і да гэтага моманту яе жыццё непарыўна было звязана са школай і з настаўніцтвам увогуле. Ды і любоў да прафесіі каранямі з сям’і. Бацькі Ірыны Якаўлеўны — педагогі: бацька Якаў Фёдаравіч Кузьмянок выкладаў рускую мову і літаратуру ў раённых і гарадскіх школах, доўгі час працаваў дырэктарам, маці Тамара Аркадзьеўна — матэматык, таксама займала кіраўнічую пасаду, у свой час была намеснікам дырэктара адной са школ Рэчыцкага раёна.

У вёсцы, дзе жыла сям’я педагогаў, дзіцячых дашкольных устаноў тады не было, таму ўвесь свой час Ірына праводзіла ў школе. У тры гады дзяўчынка ўжо ўмела чытаць і пісаць — нядзіўна, што яна была вучаніцай-выдатніцай і школу скончыла з залатым медалём. Зразумела, сумненняў у выбары прафесіі не ўзнікала. Праўда, кірунак выбрала для сябе іншы, чым у бацькоў, бо з дзяцінства захаплялася гісторыяй, па-сапраўднаму любіла гэты прадмет і хацела дзяліцца ведамі і сваёй любоўю з будучымі вучнямі.

У 1989 годзе Ірына Якаўлеўна скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова і вярнулася працаваць у родныя мясціны. Першым месцам работы маладой настаўніцы стала рэчыцкая сярэдняя школа № 11.

Сёння, ведаючы прафесіяналізм і дасягненні Ірыны Якаўлеўны Пяткун, цяжка паверыць, што, як яна сама прызнаецца, першыя крокі на шляху да педагагічнага майстэрства даваліся нялёгка. Але было галоўнае — жаданне працаваць і быць патрэбнай, жаданне адкрываць нязведанае дзецям і нязведанае ў дзецях. Той перыяд дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя ўспамінае з вялікай цеплынёй. Яна — маладая настаўніца гісторыі і класны кіраўнік вясёлага і гарэзлівага, дружнага і інтэлектуальнага класа. У памяці ўсплывае мноства яркіх момантаў: паходы і экскурсіі, бацькоўскія канцэрты і тэматычныя вечары, канечне, і яе выпускнікі, якія сталі па-сапраўднаму блізкімі, а сяброўства з імі доўжыцца і сёння.

Сяброў з ліку былых выпускнікоў як рэчыцкай сярэдняй школы № 11, так і раённага ліцэя ў Ірыны Якаўлеўны не злічыць. У ліцэй яна прыйшла настаўніцай гісторыі і ў хуткім часе была прызначана намеснікам дырэктара, а праз два гады, у 2006 годзе, заняла пасаду кіраўніка ўстановы. Сяброўскія адносіны ў дырэктара і з падначаленымі. Праўда, ёй больш падабаецца слова “калегі”. І.Я.Пяткун — кіраўнік, які будуе адносіны з калектывам на даверы і ўзаемаразуменні, на ўмелым спалучэнні правоў, абавязкаў, функцый і адказнасці.

Выдатна, калі ўстановай кіруе таленавіты чалавек. Невычэрпны аптымізм Ірыны Якаўлеўны, патрабавальнасць, камунікабельнасць, спагадлівасць, дэмакратычнасць у адносінах, здольнасць ставіць мэты, уменне знайсці падыход да дзяцей, настаўнікаў, бацькоў — усе гэтыя якасці сапраўднага лідара дазваляюць калектыву ліцэя дасягаць добрых вынікаў. Педагогі не толькі праводзяць на годным узроўні ўрокі і даюць цудоўныя веды навучэнцам ліцэя і школ горада і раёна, але і вядуць даследчую работу з дзецьмі, займаюцца самаадукацыяй, актыўна прапагандуюць вопыт работы ў педагагічнай прэсе, на семінарах і курсах. Гэта добра ўплывае на вынікі ўдзелу ліцэістаў у алімпіядах па вучэбных прадметах, навукова-практычных канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах розных узроўняў. Штогод больш за 90% навучэнцаў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі — і гэта таксама паказчык працы педагогаў і адміністрацыі.

— Я ўдзячна лёсу, што звёў мяне з выдатнымі педагогамі, з якімі я працую, — заўсёды кажа дырэктар. — Галоўнае для мяне як для кіраўніка — згуртаваны калектыў аднадумцаў, намеснікі, на якіх заўсёды можна разлічваць, таленавітыя вучні, якія імкнуцца спазнаваць новае, і, вядома, трывалы тыл — дружная і згуртаваная сям’я. Мне пашанцавала: у мяне ўсё гэта ёсць.

Ірына Якаўлеўна — шчаслівы чалавек. Яна адбылася як прафесіянал, як маці і жонка. З мужам Вячаславам Геранімавічам, які таксама педагог і зараз працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Рэчыцы, яны выгадавалі выдатных дзяцей. Сын Дзмітрый і дачка Алёна скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працуюць у IT-сферы.

Поспех чалавека заўсёды залежыць ад яго намаганняў. Нехта шукае прычыны і апраўданні бяздзейнасці, а нехта знаходзіць магчымасці. Ірына Якаўлеўна належыць да апошніх. Вы ніколі не пачуеце ад яе скаргаў на недахоп часу. Работу дырэктара ўдала сумяшчае з выкладаннем, рыхтуе навучэнцаў да алімпіяд па гісторыі, праводзіць з імі даследчыя работы. Дзеліцца вопытам як з кіраўнікамі, так і з гісторыкамі вобласці і краіны, шмат друкуецца ў рэспубліканскай педагагічнай прэсе. У 2012 годзе быў выдадзены дапаможнік для падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання па сусветнай гісторыі, аўтарам якога з’яўляецца І.Я.Пяткун. У яе біяграфіі — удзел у Рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года — 2009”, дзе Ірына Якаўлеўна стала лаўрэатам у намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”, а таксама палітычная дзейнасць у якасці члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.