Расія: як абараніць педагога ад паклёпу ў сацыяльных сетках?

- 11:56Паралелі

Чаму паклёп у сацыяльнай сетцы ці фота ў “Інстаграме” становяцца падставай для звальнення настаўнікаў? Хто абароніць педагога ад неадэкватных бацькоў? Дзе шукаць управу на вучняў, якія абражаюць настаўніка? Адукацыя — паслуга, а спажывец заўсёды мае рацыю? Гэтыя пытанні, якія сёння раскалолі расійскае грамадства на дзве часткі, абмяркоўваліся на савеце экспертаў у рэдакцыі “Расійскай газеты”.

Нагодай стала скандальная гісторыя, пра якую “Расійская газета” ад 13 сакавіка расказала ў артыкуле “Паляванне на настаўніка”. У адной са школ бацькі зладзілі цкаванне класнага кіраўніка і адпраўлялі дзяцей у школу з уключанымі дыктафонамі. У Краснаярскім краі педагог па вакале была вымушана звольніцца з-за запісаў у сацсетках. У Новасібірску настаўніца сышла з працы пасля таго, як вучаніца апублікавала ў “Інстаграме” яе фатаграфію з нецэнзурным подпісам… І такіх выпадкаў мноства.

“Калі раней у нас у школе настаўнік заўсёды меў рацыю, то зараз усё наадварот — педагогі сталі бяспраўнымі. Цяпер мы лічым, што вучань заўсёды мае рацыю. Так, у цэнтры адукацыі павінна быць дзіця. Але ў нас дзіцячая арыентаванасць змянілася паняццем “кліентаарынтаванасць”. У гэтай падмене і заключаецца ключавая праблема”, — лічыць дырэктар маскоўскай школы № 2095 Ілья Навахрышчонаў.

На яго думку, педагог апынуўся, як у шоу за шклом, таму што ёсць дзеці з дыктафонамі, з фотаапаратамі ў мабільных тэлефонах. Дзіця здымае. І праз некалькі хвілін мама, калі яна папулярны блогер, выкладзе ўсё ў сацсетках.

Пры гэтым ёсць бацькі, якія памятаюць толькі пра свае правы, а не пра абавязкі. Даходзіць да таго, што запрашэнне прыйсці на бацькоўскі сход некаторыя ўспры­маюць як… умяшальніцтва ў асабістае жыццё! І як вы думаеце, што ро­бяць настаўнікі? Пішуць электронныя лісты і прыкладаюць скрыншоты, каб бацькі былі ў курсе таго, што абмяркоўвалася на сходзе.

Мала таго, што бацькі ставяцца да школы па-спажывецку, яны сталі ўступаць у адкрытыя канфлікты з педагогамі.

Калі раней у класе былі 2—3 гіперактыўныя дзіцяці, то цяпер, як правіла, 8—9. Ёсць дзеці з некантралюемымі, дэвіянтнымі паводзінамі. Пры гэтым ніякіх медыцынскіх даведак бацькі школе прад’яўляць не абавязаны. Што атрымліваецца? Прыходзіць такое дзіця ў першы клас. Праз 2—3 месяцы пачынаюцца супярэчнасці не толькі паміж вучнем і настаўнікам, але і паміж бацькамі, якія не задаволены тым, што хтосьці супрацьпастаўляе сябе класу, зрывае ўрокі. І тады мама хулігана сыхо­дзіць у апазіцыю — піша лісты, скаргі, збірае доказы.

А што, калі ва ўсе школы паставіць відэакамеры? Дапамогуць яны абараніцца ад неабгрунтаваных прэтэнзій бацькоў? Тады ў выпадку чаго на абвінавачванні па зманціраваным запісе, дзе, выкажам здагадку, настаўнік абражае дзіця, можна будзе прад’явіць іншую і даказаць, што ўсё было зусім не так.

Дырэктар маскоўскай школы № 1518 Марына Фірсава ўпэўнена, што камеры праблемы не выра­шаць. У яе школе ёсць відэакамеры, але да кожнай парты экран і мікрафон не падчэпіш. Настаўнік — жывы чалавек. Няўдала пажартаваў, накрычаў, папракнуў вучня сам-насам — вось і гатова скарга бацькоў. У школе быў такі выпадак.

Ці можна караць дзяцей у школе? Марына Фірсава лічыць, што аднаму можна сказаць, маўляў, стань у кут і пастой. І гэта не будзе для яго пакараннем. А для іншага дзіцяці гэта будзе абразай чалавечай годнасці. Тут настаўнік павінен знайсці тую грань, якая аддзяляе, што можна, а што — не.

“У школу прыходзяць дзеці тых, хто нарадзіўся ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі адбываўся распад Савецкага Саюза і разбуралася сістэма выхавання. Вось мы і атры­малі баць­коў, якія пачы­наюць су­дзіць настаўніка”, — гаворыць старшыня Усерасійскага педагагічнага сходу рэктар МДУТУ Валянціна Іванова. — Вельмі важна, каб у такой сітуацыі былі чуваць галасы тых баць­коў, якія падтрымлі­ваюць педагога. Настаўнікам патрэбна публічная абарона.

Сапраўды, ёсць складанасці, калі ў класе вучацца цяжкія дзеці. 22% педагогаў прызналіся, што ім патрэбна дапамога. Але гэта не падстава прыніжаць і абра­жаць настаўніка. Валянціна Іванова расказала, што Усерасійскі педагагічны сход падрыхтаваў папраўкі да закона, якія будуць гаранта­ваць педагогам абарону дзяржавы. “Прымяненне гвалту ў дачыненні да педагагічных работнікаў, а таксама публічныя абразы будуць прыраўноўвацца да прымянення гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады”, — патлумачыла эксперт.

Часта абразы педагогаў ідуць праз сацыяльныя сеткі. Але віртуальная рэальнасць пакуль вельмі слаба ўлічваецца ў нашым заканадаўстве. Напрыклад, адсутнічае паняцце “тролінг”. Гэта правакацыя ці здзекі ў сеткавых зносінах. Валянціна Іванова падкрэсліла, што падрыхтаваны дэталёвыя тлумачэнні, літаральна па пунктах, для педагогаў, што і як рабіць у такіх выпадках, каму скардзіцца і як прад’яўляць прэтэнзіі да правайдара.

Яшчэ адна прапанова экспертаў — памяняць праграмы ў педагагічных ВНУ і дапоўніць іх псіхалагічнымі і юрыдычнымі курсамі, каб пазбегнуць сітуацый, калі маладая настаўніца, якая, безумоўна, мае права на асабістае жыццё, вымушана пісаць заяву аб сыхо­дзе толькі таму, што размясціла на сваёй старонцы сваё фота з пляжа. Гэта, дарэчы, цалкам рэальны выпадак.

“Трэба вучыць уменню падаваць сябе ў блогасферы, інфармацыйнай прасторы. Настаўнікам патрэбны юрыдычная дапамога і суправаджэнне. На кожны неадэкватны ўчынак у бок педагога павінен быць адказ”, — лічыць Сяргей Гарбун, намеснік старшыні Маскоўскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Прарэктар Маскоўскага дзяржаўнага педуніверсітэта Алена Болатава расказала, што ўжо распрацаваны новыя падыходы да фарміравання вучэбных планаў.

“Прафсаюзы абаранялі настаўніка ад дырэктара, а цяпер трэба дырэктара абараняць ад агрэсіў­най бацькоўскай грамадскасці і некампетэнтнасці некаторых СМІ, якія выплёскваюць гэтыя праблемы на публічнае абмеркаванне, — заўважыла яна. — Прэзумпцыю невінаватасці ніхто не адмяняў”.

А калі б у сучасную школу прыйшоў знакаміты педагог-выхавальнік Антон Сямёнавіч Макаранка з яго метадамі жорсткай дысцыпліны і пакарання? Дарэчы, ён даў аплявуху свайму вучню Задораву, пасля чаго потым Задораў яму сказаў: “Мы не такія дрэнныя… Мы разумеем”.

Напэўна, сёння Макаранку на другі ж дзень адправілі б у калонію строгага рэжыму на пажыццёвае зняволенне…