Як адкрыць уласны STEM-клас

Конкурс “Вучыцца ў STEM-класе” праводзіць асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”. Любая школа ці гімназія краіны можа абзавесціся ўласнай STEM-лабараторыяй з камп’ютарамі, наборамі робататэхнікі, 3D-прынтарамі і не толькі.

Кіраўнікоў школ запрашаюць запоўніць анкеты і пазмагацца за спонсарскую дапамогу на адкрыццё і абсталяванне ўласнага STEM-класа. Для гэтага неабходна расказаць пра педагогаў, зацікаўленых у навуцы, тэхніцы, інжынерыі і матэматыцы і гатовых узяць на сябе кіраўніцтва лабараторыяй. Плюсам будзе вопыт удзелу ў тэматычных конкурсах і турнірах, алімпіядах па дакладных навуках. Настаўнікі атрымаюць магчымасць бясплатна прайсці спецыяльныя курсы і падрыхтавацца да выкладання робататэхнікі.

Яшчэ адна ўмова — гатоўнасць прыняць у сваёй лабараторыі вучняў з суседніх устаноў адукацыі, абменьвацца вопытам з іншымі настаўнікамі, якія ўжо працуюць ці жадаюць працаваць у STEM-класах. Звычайна ў падобных цэнтрах праходзяць рэгіянальныя канферэнцыі “ProIT”, конкурсы робататэхнікі.

Арганізатары папярэджваюць: перавагу аддаюць вялікім установам адукацыі, якія знаходзяцца ў маленькіх гарадах (не абласных цэнтрах). Крэатыўныя заяўкі з відэазваротам дзяцей ці іншымі цікавымі элементамі маюць больш шансаў на рэалізацыю. Прасцей перамагчы будзе і тым настаўнікам, якія ўжо ўяўляюць спецыялізацыю будучай лабараторыі.

Падаць заяўку можна да канца кастрычніка на сайце асацыяцыі edu4future.by. Прадстаўнікі адабраных школ і гімназій бу-дуць запрошаны на асабістую сустрэчу. Пасля выберуць 10 пераможцаў, якія ўжо ў 2019 годзе адкрыюць уласны STEM-цэнтр.

Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” ўжо адкрыла STEM-класы ў Барысаве, Лошніцы (Барысаўскі раён), Баранавічах і Лельчыцах. Пры падтрымцы беларускіх ІТ-кампаній лабараторыі былі цалкам абсталяваны сучаснай тэхнікай, а настаўнікі — падрыхтаваны да правядзення адпаведных заняткаў. Для навучэнцаў STEM-класаў і іншых зацікаўленых вучняў праводзяцца спецыялізаваныя змены ў лагерах, экскурсіі ў камп’ютарныя кампаніі, робатурніры і конкурсы праграмавання.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *