Як маладой настаўніцы школы № 1 Валожына ўдаецца сумяшчаць выкладчыцкую працу з работай у галіновым прафсаюзе

- 11:58Профсоюзный лидер

Настасся Карачун, старшыня маладзёжнага савета Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 1 Валожына Мінскай вобласці. Маладзёжны прафсаюзны лідар не мае часу сумаваць, таму не дае гэта рабіць і маладым педагогам Валожыншчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як удаецца маладой настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі сумяшчаць выкладчыцкую працу з работай у галіновым прафсаюзе? Дзе знайсці фізічныя і душэўныя сілы на ўсё, не грэбуючы пры гэтым уласнай сям’ёй? Адрасую гэтыя і падобныя пытанні Настассі Валер’еўне.

— Па-першае, я сама вельмі актыўны чалавек, не люблю сядзець на месцы і заўсёды чымсьці займаюся, — дзеліцца рэцэптам поспеху прафсаюзны лідар. — Па-другое, поспех у любой справе складаецца з многіх складнікаў. У маім выпадку гэта дасведчанае кіраўніцтва ўстановы адукацыі, якое змагло прапанаваць мне даволі гнуткі расклад урокаў, дзе ў мяне прадугле­джаны вольны час, каб я магла займацца грамадскай работай. Хачу заўва­жыць, што гэта няпроста: наша школа працуе ў дзве змены, прычым у мяне ёсць урокі ў абедзвюх. Па-трэцяе, мне вельмі дапамагае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы Святлана Георгіеўна Косік, а таксама заўсёды падтрымлівае Марыя Мікалаеўна Камінская, старшыня Валожынскай арганізацыі нашага прафсаюза.

— Якія праблемы хвалююць маладых педагогаў Валожыншчыны?

— Як і ўсіх маладых спецыялістаў, нашых пачынаючых настаўнікаў хвалююць найперш праблемы жылля. На жаль, мы не маем магчымасці прадаставіць маладым калегам арэнднае жыллё, бо ў нашым горадзе яго пакуль што няма. Нашы маладыя спецыялісты могуць прэтэндаваць на атрыманне пакоя ў інтэрнаце Валожынскага сельскагаспадарчага каледжа. Праўда, звычайна яны ад такога жылля адмаўляюцца: маладым спецыялістам больш камфортна наймаць кватэру і быць гас­падарамі самім сабе. Калі ж кватэру знайсці не атрымліваецца, то мала­дзёжны савет Валожынскай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза і наогул раённая прафсаюзная арганізацыя дапамагаюць знайсці прыдатную кватэру. Дарэчы, наймаючы кватэру па дагаворы, маладыя настаўнікі атрымліваюць невялікую кампенсацыю за кошт сродкаў прафсаюза. Калі маладыя спецыялісты ездзяць на работу ў сельскую мясцовасць, то ім вяртаецца частка выдаткаў на праезд да школы пры ўмове, што туды не ідзе школьны аўтобус. Ну а калі ёсць школьны аўтобус, то настаўнікі дабіраюцца на работу на ім, разам з вучнямі.

Яшчэ адна праблема — замацавальнасць маладых педагогаў. Хачу падкрэсліць, што ў нас няма выпадкаў, калі малады спецыяліст, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, сышоў са школы, бо расчараваўся ў прафесіі. Калі маладыя спецыялісты пакідаюць першае працоўнае месца, то па аб’ектыўных прычынах — сям’я важней.

— Што з арганізацыяй вольнага часу маладых педагогаў і іх аздараўленнем? Ёсць пытанні?

Праблемы з адпачынкам маладых настаўнікаў у нашым горадзе няма, таму што дзейнічаюць кінатэатр, Дом культуры, аздараўленчы цэнтр. Да таго ж у нас часта праходзяць мерапрыемствы менавіта для маладых спецыялістаў: велапрабегі, паходы ў кіно. Так, нядаўна разам з маладымі настаўнікамі мы ездзілі ў НДЦ “Зубраня” на сустрэчу па абмене вопытам. Такім чынам, культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў хапае. Сумаваць нікому не даводзіцца.

У прафсаюз я прыйшла па закліку сэрца, а не па прымусе. Люблю грамадскую работу і рух, з ёй звязаны. Членам прафсаюза разам са мной даводзіцца любіць такое актыўнае грамадскае жыццё.

Дарэчы, у нас няма праблем з азда­раўленнем настаўнікаў, бо выдаецца шмат пуцёвак на гэтыя мэты. Напрыклад, у мінулым годзе я з калегамі ез­дзіла ў тур выходнага дня ў санаторый “Беларусачка”, што ў Ждановічах пад Мінскам. Гэта вельмі зручна, бо асабіста мне заўсёды не хапае часу, каб паўнавартасна адпачыць змену ў санаторыі — не хочацца надоўга пакідаць сям’ю. Большая частка пуцёўкі за тур выходнага дня аплачваецца за кошт прафсаюза. Мы з калегамі выдатна адпачылі, прайшлі працэдуры, падыхалі свежым паветрам, перазагрузіліся. Прыемна, што такую паслугу прапануюць амаль усе прафсаюзныя санаторыі.

— Маладыя спецыялісты — гэта маладыя бацькі. Як падтрымліваеце калег у гэтым плане?

— Дадатковых выплат маладым бацькам у нас няма, але яны атрымліваюць падарункі да Новага года (не толькі на супрацоўніка, але і на дзіця). Прапануем маладым бацькам пуцёўкі ў санаторыі тыпу “Маці і дзіця”, пуцёўкі на аздараўленне дзеткам. Наогул, унутры нашага калектыву (гэтым займаецца Святлана Георгіеўна Косік) прынята, што калі ў сям’і супрацоўніка здараецца надзвычайная сітуацыя, то прафсаюзная арганізацыя падтрымае, дапаможа фінансава. Дадатковую матэрыяльную дапамогу атрымліваюць педагогі, якія доўга і цяжка хварэлі. Вырашаем усе пытанні ў індывідуальным парадку. Пакуль форс-мажорных сітуацый у нас не ўзнікала.

— Ці ўзаемадзейнічаеце з ветэранскай арганізацыяй?

— У нас арганізавана шэфства над ветэранамі працы. Удзельнічае ў гэтай рабоце ўвесь калектыў школы, кожны клас і класны кіраўнік замацаваны за ветэранам педагагічнай працы. Мы віншуем ветэранаў са святамі, прапануем ім пасільную дапамогу, калі яна неабходна. Зразумела, што сталым людзям заўсёды прыемна ўвага. Ветэранаў педагагічнай працы запрашаем у школу. Так, напрыклад, на Дзень настаўніка яны паглядзелі канцэрт у школе, для іх было арганізавана чаяванне з пірагамі.

— Што значыць для вас быць маладзёжным прафсаюзным лідарам?

— Калі не сядзець на месцы, а развівацца, супрацоўнічаць з кіраўніцтвам школы, раёна, прафсаюзнай арганізацыі, то вырашыць можна любое пытанне. Я дзевяць гадоў назад прыйшла ў гэтую школу маладым спецыялістам, і ў мяне ніколі не было думак, што я не на сваім месцы. Спадзяюся, што маё першае працоўнае месца будзе адзі­ным у жыцці. Замацавалася я ў 1-й школе грунтоўна. У свае 30 гадоў маю вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, і ніхто не ствараў мне перашкод у плане развіцця ў прафесіі з-за маладога ўзросту. Усё ў тваіх руках, у тым ліку і кар’ера. Галоўнае — старанне і жаданне развівацца.

Наталля КАСТЭНКА