Як навука ператвараецца ў бізнес

- 12:11Людзі адукацыі

Тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік”: 25 гадоў унікальнага вопыту інавацыйнага прадпрымальніцтва

Сёння навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” — гэта брэнд Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Тэхнапарк прадстаўляе сваім кліентам сучасную інфраструктуру, інжынірынг, доступ да партнёрскай сеткі па ўсім свеце і поўны комплекс паслуг для вырошчвання бізнесу.

А пачыналася ўсё ў далёкім 1992 годзе. Ніхто яшчэ не ведаў пра бізнес-інкубатары, фаблабы, стартапы, але адчувалася патрэба ў тым, каб акумуляваць стваральную энергію людзей і ператварыць яе ў рэальны прадукт. Так у БНТУ (тады — яшчэ БПІ) з’явіўся тэхнапарк “Металіт”, які пазней набыў новую назву — “Палітэхнік”.

Генеральны дырэктар тэхнапарка прарэктар па вытворчай дзейнасці БНТУ Юрый Генадзьевіч Аляксееў узначаліў новую структуру амаль з самага пачатку, у студзені 1993 года. Сёння мы гутарым пра тое, як усё пачыналася, пра той складаны і мудрагелісты шлях, што давялося прайсці за чвэрць стагоддзя, і як у наш час навука ператвараецца ў бізнес.

Юрый Генадзьевіч, 1992 год. Многія мысляць яшчэ дзяржпланамі і пяцігодкамі. Адкуль гэта ўсё ўзялося — падтрымка прадпрымальніцтва, інавацыі, бізнес?

— Ідэя прыйшла найперш кіраўніцтву ўніверсітэта. Справа ў тым, што на пачатку 90-х гадоў многія, каб зарабіць, заняліся прадпрымальніцтвам. У нашым універсітэце заўсёды было шмат таленавітых людзей, і некаторыя з іх пачалі арганізоўваць уласныя прадпрыемствы — кааператывы. І тады мы падумалі, што было б добра стварыць такія ўмовы, каб выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі не сыходзілі, а маглі адкрываць свае прадпрыемствы тут, ва ўніверсітэце. Стварэнне тэхнапарка вырашала адначасова некалькі задач: захоўваўся кадравы патэнцыял (найбольш актыўная, творчая яго частка), умацоўвалася база для інавацыйнай падрыхтоўкі спецыялістаў, бо кожнае новае прадпрыемства аснашчаецца сучасным абсталяваннем, там укараняецца новая тэхналогія.

За 25 гадоў мы набылі сапраўды ўнікальны вопыт інавацыйнага прадпрымальніцтва. За гэты час з нашага тэхнапарка выйшлі такія буйныя кампаніі, як “Рэгула” (банкаўскае абсталяванне, кантроль сапраўднасці каштоўных папер, дакументаў і г.д.), “Намакон” і іншыя.

— Не шкада адпускаць кампаніі, якія зарадзіліся ў тэхнапарку, у вялікі свет?

— Наадварот, такім чынам мы ўкараняем у эканоміку тэхналогіі, распрацаваныя ў нашым універсітэце. Гэта азначае, што будуць новыя заказы на распрацоўкі, будуць развівацца адпаведныя навуковыя школы, з’явяцца новыя студэнты, аспіранты, выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі.

— Сёння ў структуры тэхнапарка працуе два дзясяткі інавацыйных прадпрыемстваў, якія вядуць распрацоўкі ў галіне медыцыны, металургіі, лазерных тэхналогій, лёгкай прамысловасці і інш. Як вам удаецца развіваць такія розныя, часта няпрофільныя для БНТУ напрамкі?

— Гэта адна з форм укаранення тэхналогій, створаных у нашым універсітэце. Асабліва гэта тычыцца высокатэхналагічнай прадукцыі, такой як медыцынская тэхніка, дзе існуюць жорсткія патрабаванні да матэрыялаў і іх сумяшчальнасці з целам чалавека. Далёка не ўсе спецыялісты сістэмы аховы здароўя на практыцы валодаюць пытаннямі матэрыялазнаўства. А мы ўжо больш як 15 гадоў пастаўляем медыцынскія вырабы для траўматалогіі і артапедыі: імплантанты, пагружныя канструкцыі, інструменты. Нам удалося спалучыць добрыя тэхналогіі, напрыклад, электраплазменнае паліраванне, якое ў некалькі разоў павышае антыкаразійную стойкасць да асяроддзя чалавека, і высакаякасны матэрыял, таксама сумяшчальны з чалавечым арганізмам.

— Вы адбіраеце праекты пад наяўнае абсталяванне ці, наадварот, папаўняеце матэрыяльную базу дзякуючы пэўным праектам?

— Калі мы гаворым пра ўніверсітэцкія распрацоўкі, то, зразумела, яны былі на нечым зроблены, аўтары праектаў ідуць да нас дзеля магчымасці іх тыражаваць. Аднак тое, што мы робім у тэхнапарку, адрозніваецца ад вялікай вытворчасці. Напрыклад, ёсць шрубы, якія прымяняюцца ў медыцыне, а ёсць тыя, што прымяняюцца ў вытворчасці мэблі. Першых трэба некалькі тысяч штук на ўсю краіну, а другіх — мільёны. Няма сэнсу вырабляць ва ўніверсітэце мільённыя партыі танных шрубаў. Для гэтага нам досыць распрацаваць адпаведную тэхналогію і перадаць яе на буйное прадпрыемства. У сценах універсітэта развіваецца вытворчасць высокатэхналагічных вырабаў з выкарыстаннем інавацыйных спосабаў, метадаў апрацоўкі, новых матэрыялаў і г.д. Гэта адна з умоў адбору праектаў.

Што да абсталявання, то ў рамках дзяржаўнага фінансавання мы можам пад кожны інавацыйны праект набыць тое, што неабходна для арганізацыі адпаведнай вытворчасці, і на ўмовах арэнды прадаставіць рэзідэнту.

Трэба сказаць, што высокія тэхналогіі патрабуюць найноўшага абсталявання. Напрыклад, семтасекундныя лазеры па нашай тэхнічнай заяўцы былі спраектаваны і выраблены ў Германіі. Тое ж і ткацкі станок. Здавалася б, што асаблівага ў ткацкім станку: падобная машына нямецкай фірмы Мageba ўсталявана ў Слуцку і з поспехам тчэ знакамітыя паясы. Мы заказалі падобны, але прынамсі ў 4 разы больш складаны станок. Ён створаны па нашым тэхнічным заданні пад нашу тэхналогію — мы будзем ткаць на ім сасуды (аорту) і эндаваскулярныя прылады стэнграфты. Тэхналогія ўжо адпрацавана і праходзіць тэхнічныя выпрабаванні. Зараз мы ствараем некалькі чыстых вытворчасцей, бо працэдура канчатковага вырабу стэнграфта (спружыны прышываюцца ўручную) выконваецца ў чыстым памяшканні. Плануем, што нашы вырабы будуць запатрабаваны не толькі беларускімі і расійскімі кардыяхірургамі, але іх будуць набываць краіны далёкага замежжа.

— Юрый Генадзьевіч, тэхнапарк перажыў змену назвы. Чаму “Металіт” стаў “Палітэхнікам”?

— Сапраўды, у 2010 годзе мы змянілі назву. Справа ў тым, што быў пэўны перыяд, калі ўніверсітэтам забаранілі выступаць заснавальнікамі прадпрыемстваў. На той час наш тэхнапарк быў ужо вядомы, паспяхова працаваў, і нашым заснавальнікам пагадзілася выступіць Міністэрства адукацыі. Калі нам зноў дазволілі вярнуцца пад крыло БНТУ, тагачасны рэктар універсітэта акадэмік Б.М.Хрусталёў (дарэчы, ён з’яўляецца навуковым кіраўніком тэхнапарка) прапанаваў змяніць назву. “Металіт” — гэта гучыць прыгожа, але ж мы займаемся не толькі металам. Таму вырашылі падхапіць сцяг політэхнічнага інстытута, нагадаць пра тое, адкуль мы пачыналі. Так у тэхнапарка з’явілася новая назва — “Палітэхнік”. Дарэчы, у БНТУ ёсць завод “Палітэхнік”, кавярня “Палітэхнік”, санаторый “Палітэхнік” — і гэта класна!

— Раскажыце, калі ласка, як адбываецца інкубаванне праектаў? Напрыклад, я — малады супрацоўнік кафедры БНТУ, у мяне ёсць цікавая, на мой погляд, ідэя, нават праект. На якую дапамогу з боку тэхнапарка я магу разлічваць?

— Калі вы інжынер, то, хутчэй за ўсё, вы не ведаеце эканомікі, маркетынгу, заканадаўства. Наша задача — дапамагчы аўтару ажыццявіць яго ідэю пачынаючы ад экспертызы праекта і заканчваючы пошукам інвестара. Сюды ўваходзіць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Мы можам падабраць каманду, якая давядзе праект да таварнага выгляду, дапамагчы з напісаннем бізнес-плана, падрыхтаваць усе неабходныя дакументы, для таго каб было што паказаць інвестару. Я не кажу ўжо пра інжынірынгавыя паслугі, магчымасці прататыпавання і фаблаб. Гэта айцішніку, для таго каб стварыць праект, дастаткова стала і камп’ютара, ён можа працаваць нават дома. А ў нашай сферы патрэбна сучаснае дарагое абсталяванне. Любую тэхналогію, якая прапаноўваецца, абавязкова трэба ажыццявіць на практыцы — рэалізаваць яе ў пэўнай канструкцыі. Тут без нашай дапамогі часта не абысціся.

— Якія ў вас планы на будучыню?

— Зараз у планах зрабіць разам з універсітэтам рэканструкцыю яшчэ аднаго нашага будынка, дзе будзе размяшчацца навукова-інавацыйны цэнтр медыцынскай тэхнікі. Плануем павысіць статус нашага эксперыментальнага завода да інавацыйнага цэнтра. Там будзе сканцэнтравана больш грубая вытворчасць — машынабудаванне, металаапрацоўка і г.д. Хочам сур’ёзна заняцца спартыўнай інжынерыяй. У нас ёсць пэўныя дасягненні ў гэтым напрамку, якія можна ўжо рэалізоўваць у вытворчасці.

Плануем стварыць свайго роду інавацыйны хаб, які будзе ўключаць стартап-цэнтр, фаблаб, каворкінг. Гэта дазволіць і далей развіваць дух інавацыйнага прадпрымальніцтва ў БНТУ, ператварыць яго ў сапраўдны Універсітэт 3.0.

Здавалася б, сёння ўся інфармацыя ёсць у вольным доступе — бяры і чытай, але мы бачым, што, каб разабрацца ва ўсім гэтым, патрэбны спецыялісты. Менавіта яны павінны рабіць усю дапаможную работу, каб вучоны не марнаваў часу. Таму наша задача — даць навукова-інавацыйнаму працэсу якаснае суправаджэнне, што вызваліць вучоных для творчай працы.

Хачу адзначыць прафесіяналізм нашага калектыву. Не было б калектыву — не было б тэхнапарка. Ва ўніверсітэце шмат таленавітай моладзі, і заўсёды знаходзяцца тыя, хто хоча займацца навукай і інавацыямі, таму ёсць творчае асяроддзе, генерыруюцца новыя ідэі, ствараюцца рэальныя прадукты.

— Юрый Генадзьевіч, пра Універсітэт 3.0 мы загаварылі ўсяго некалькі гадоў назад, а вы ў БНТУ пачалі шлях да гэтай мадэлі 25 гадоў назад…

— Так, Універсітэт 3.0 — гэта сусветны трэнд, які ў нашым універсітэце адчулі яшчэ ў далёкія 90-я гады. І тое, што было закладзена 25 гадоў назад, сёння прыносіць рэальны плён.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.