Як пабудаваць сяброўскія адносіны з вучнямi і не парушыць субардынацыю, ведае педагог Міхаіл Дралаў

- 15:04Классный классный

“За пяць гадоў ён стаў для нас больш чым настаўнік, ён наш сябар! Ніколі не асудзіць, выслухае, параіць”.
Так вучні мінскай школы № 159 гавораць пра свайго педагога Міхаіла Дралава, які з’яўляецца класным кіраўніком у трох класах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адразу да старшакласнікаў

— Міхаіл Сяргеевіч, вы пачалі працаваць у 159-й школе амаль 14 гадоў назад — на пятым курсе БДПУ. А калі атрымалі дыплом, вам адразу даверылі класнае кіраўніцтва. Не спужаліся адказнасці?

— Позна было пужацца.(Усміхаецца.) Я добра разумеў, што мяне чакае, якія абавязкі ля­гуць на мае плечы, бо мае бабуля, дзядуля і маці былі настаўнікамі. Аднак не думаў, што даручаць 10 клас. Прычым зусім не просты.

— У якім сэнсе?

— Гэта быў базавы клас, у якім вучыліся 21 хлопец і 7 дзяўчат. У аднаго з вучняў былі сур’ёзныя праблемы з алкаголем, яшчэ адзін сыходзіў з дому. Увогуле, хапала складаных пытанняў з паводзінамі. Спачатку паспрабаваў узаемадзейнічаць з вучнямі з пазіцыі сілы, давіць аўтарытэтам настаўніка, але розніца ва ўзросце ў нас была невялікая, таму такія метады не дапамаглі. І тады я пайшоў іншым шляхам. Вырашыў ­стаць для іх сябрам. Я выкладаў ім хімію і біялогію. Таму мы право­дзілі разам шмат часу. І гэта дало магчымасць лепш зразумець дзяцей. Яны пачалі запрашаць мяне на свае мерапрыемствы і сустрэчы, убачылі, што мне можна давяраць. У хуткім часе яны сталі прыходзіць да мяне і расказваць пра свае праблемы. Былі, канечне, моманты, калі я разумеў, што дзіцяці неабходна дапамога псіхолага. І тады раіў звярнуцца да спецыяліста. Абавязкова знаёміўся з бацькамі, каб ведаць сітуацыю ў сям’і. Раблю гэта і зараз у пачатку навучальнага года.

Для мяне класнае кіраўніцтва — вялікая радасць. Шкада, што лабаранцкая маленькая — не размесцяцца тры мае класы адразу.

— Потым вы працавалі з сямікласнікамі. З меншымі дзецьмі прасцей пасябра­ваць?

— Я так не сказаў бы. Хаця клас быў добры. Спачатку яны крыху насцярожана адносіліся да мяне — да такога вялікага дзя­дзькі, але дысцыпліну неабходна было наладзіць. Адразу ім сказаў, што хімія — прадмет складаны, трэба быць уважлівымі на ўроках, працаваць, каб потым не было праблем. Калі я класны кіраўнік, гэта не значыць, што будуць паслабленні на маіх занятках. І такое правіла працуе і сёння.

— У кожным класе ёсць свае невялікія суполкі, лідары. Улічваеце гэтыя моманты?

— Для агульнага вучэбнага працэсу гэта не мае ніякага значэння. А вось калі працуем над сумеснымі праектамі ці прымаем удзел у навукова-практычных канферэнцыях, тады яны самі падзяляюцца на групы. Я не перашкаджаю. Калі ж мне трэба іх арганізаваць, каб наведаць выставу, музей ці культурнае мерапрыемства, тады знаходжу падыход да лідараў — за імі пойдуць і астатнія.

Адзін за траіх         

— Як атрымалася, што зараз вы класны кіраўнік адразу трох класаў?

— Я вёў вялікі клас — у ім было 30 чалавек. Пасля 9 класа яго расфарміравалі на два профільныя — фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны. І амаль усе мае вучні аказаліся ў гэтых калектывах. Як я іх мог пакінуць! (Усміхаецца.) І яшчэ адзін клас, восьмы, я падхапіў напярэдадні гэтага навучальнага года, бо яны засталіся без класнага кіраўніка. І не пашкадаваў аб такім рашэнні. Хутка мае адзінаццацікласнікі пакінуць школу, а я прадоўжу працаваць са знаёмым мне ўжо восьмым.

Дзеці мяне падпітваюць эмацыянальна. Я маладзею, калі знаходжуся побач з імі. Дзякуючы вучням, ведаю ўсе слэнгавыя маладзёжныя слоўцы — крынж, пранк, трэш, пруф… У мяне няма на тэлефоне TikTok, ды і не трэба, бо школьнікі самі мне ўсё самае цікавае паказваюць і расказваюць.

— Чым адметныя гэтыя вучнёўскія калектывы?

— 11 “А” — фізіка-матэматычны, у ім 25 хлопцаў і толькі дзве дзяўчыны. Шчыра скажу, з юнакамі пабудаваць узаемаадносіны складаней. Яны больш закрытыя ў адрозненне ад дзяўчат. 11 “Б” — хіміка-біялагічны, у ім толькі 3 хлопцы і 10 дзяўчат. Гадзін хіміі ў іх куды больш, чым у другім класе, таму праводжу з імі больш часу, адпаведна, ведаю іх лепш і ўзаемаадносіны мацнейшыя паміж намі. Васьмікласнікі, калі даведаліся, што я буду іх класным, захваляваліся. Я выкладаў у іх хімію ў 7 класе, яны ведалі, што я строгі настаўнік. Нават здарыўся такі кур’ёзны выпадак: “Толькі не ён”, — напісалі ў класным чаце, мяркуючы, што мяне туды яшчэ не дабавілі. Аднак за гэты час мы пасябравалі.

— Ці рыхтуеце вы дзяцей да алімпіяд, конкурсаў?

— Абавязкова. Такія вучні ёсць. Не так даўно з дзевяцікласнікам абаранялі яго навуковую работу па біялогіі на тэму “Уплыў макра- і мікраўгнаенняў на развіццё хатніх раслін”. Вучань атрымаў дыплом ІІІ ступені на рэспубліцы. З навучэнцамі фізіка-матэматычнага класа прымаем удзел у конкурсах па эканоміцы. У мінулым годзе, напрыклад, распрацавалі праект экалагічнага мікрараёна і занялі 2-е месца ў сталіцы. Таксама рыхтую ўдзельнікаў на алімпіяду па хіміі.

Фундамент для зносін

— Міхаіл Сяргеевіч, у чым усё ж такі сакрэт добрых адносін з вучнямі?

— Самы важны момант — давер, толькі на ім будуюцца шчырыя адносіны. Аднойчы мая калега з вялікім вопытам работы сказала: дзеці не павінны любіць настаўніка, яны павінны яго паважаць. Правільная фраза, але для сябе я разумею, што на адной павазе далёка не паеду. Мне неабходна любоў, яна падпітвае. Я такі чалавек: калі мяне любяць, у адказ у два разы больш гатовы аддаць.

— А чаго не будзе хапаць без такіх шчырых пачуццяў?

— Калі дзеці прыходзяць да мяне ў лабаранцкую, ро­бяць чай, прыносяць булачкі і мы размаўляем пра жыццё. Яны мне ўсміхаюцца. Калі прыбягае хтосьці з іх заплаканы, засмучаны, а пасля размовы са мной пакідае кабінет супакоены і лагодны. Гэта пацвярджэнне таго, што вучні мне давяраюць. Цаню такія адносіны і імкнуся іх зберагчы.

Слова вучням

— Міхаіл Сяргеевіч умее наладзіць зносіны з намі на роўных, мы з ім на адной хвалі. І як з настаўнікам з ім цікава, — расказвае Андрэй Бабенка з 11 “А”.

— Ён адказна ставіцца да выкладання свайго прадмета. У той жа час вельмі спагадлівы, выслухае, гатовы дапамагчы, пайсці насустрач. Калі ён адказвае за правядзенне шостага школьнага дня, усё праходзіць вельмі крута! Мы наведваем шмат розных устаноў адукацыі, калі яны запрашаюць на дні адкрытых дзвярэй. А яшчэ ён смачна гатуе шашлыкі. Рабіў іх для нас падчас адпачынку на прыродзе. Вы пыталіся пра лыжку дзёгцю — дык яе няма, — усміхаецца Дзмітрый Голуб, вучань 11 “А”.

— Ён наш класны кіраўнік крыху больш за паўгода. Дзякуючы яму, я палюбіла хімію. На ўроках Міхаіла Сяргеевіча камфортна і цікава. Ён з тых, хто ніколі не адмовіць, таму мы не баімся і не саромеемся звяртацца да яго па дапамогу. З ім прыемна размаўляць, ён адкрыты і вясёлы чалавек, — дадае Дарына Барысевіч, вучаніца 8 “Б” класа. 

— Пазітыўны і добры чалавек, строгі і справядлівы настаўнік. Спачатку баяліся яго, а зараз разумеем, што ён лепшы класны кіраўнік, нам з ім пашанцавала, — пераканана Мілана Шмігерка з 8 “Б”.

— За пяць гадоў ён стаў для нас больш чым настаўнік, ён наш сябар! Ніколі не асу­дзіць, выслухае, параіць. Калі хочаш падзяліцца сваімі таямніцамі, уласнымі сакрэтамі, перажываннямі, можаш прыйсці ў лабаранцкую і ўсё раска­заць, — гаворыць Яна Новікава, вучаніца 11 “Б”.

— Калі плануем мерапрыемствы, заўсёды з намі раіцца, цікавіцца нашым меркаваннем. Разам ездзілі па грыбы. Мы часта прыходзім да яго ў лабаранцкую, п’ём чай, дзелімся навінамі. А бывае, ён частуе нас дамашняй ежай. Школа з ім — наш дом, — падкрэслівае Мілана Луцко з 11 “Б”.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА