Даследчы праект “Дзіцячыя цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны” дзіцячага сада № 2 Шклова напоўнены асаблівым выхаваўчым сэнсам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Інавацыі ў дзеянні
— У нашым садзе працуюць творчыя і актыўныя педагогі, і гэта галоўны фактар паспяховай інавацыйнай дзейнасці ўстановы, — адзначыла загадчык Людміла Курачкіна. — Пастаянна натхняем адно аднаго вынікамі сваіх педагагічных даследаванняў. Укладаем нашы сілы і веды ў стварэнне рэсурсу для паўнавартаснага развіцця і выхавання дзетак і бачым, які плён гэта дае.
Каманда зацікаўленых спецыялістаў напаўняе адукацыйны працэс унікальнымі навацыямі — аўтарскімі медыярэсурсамі з акцэнтам на рэгіянальным кампаненце ў практыцы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дашкольнікаў. Быў пачаты рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль” (2022—2025). На сённяшні момант творчая ініцыятыўная група ў складзе педагога-псіхолага Г.Г.Мікалуцкай, музычнага кіраўніка А.М.Яўсеевай, настаўніка-дэфектолага М.М.Санец і выхавальнікаў В.С.Ганчаровай, В.Б.Грыбанавай, Н.М.Гарцуевай на чале з кіраўніком праекта Л.М.Курачкінай і каардынатарам — намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці С.А.Зубарэвіч рухаюць адказную справу.
— Нашы дзеці — наша будучыня, і нам радасна дапамагаць ім назапашваць веды пра наваколле, сваю малую радзіму, нашу краіну і пра саміх сябе, — падкрэслівае Людміла Мікалаеўна.
Па словах удзельнікаў праекта, найбольшае задавальненне яны атрымліваюць ад вынікаў сваёй дзейнасці. Натхняюцца, калі дзеці задаюць пытанні, калі ў вачах выхаванцаў чытаецца, што ім цікава. Задавальненне атрымліваюць і ад работы ў камандзе, бо лічаць, што ім вельмі пашчасціла працаваць у творчым калектыве педагогаў-наватараў.
У рабоце па патрыятычным выхаванні падапечных педагогі кіруюцца словамі свайго славутага земляка — Прэзідэнта Беларусі:
— Патрыятызм — гэта не проста размовы пра тое, як мы любім Радзіму. Хоць і гаварыць пра гэта трэба. Гэта штодзённая праца на яе карысць, захаванне гістарычных і культурных традыцый, абарона інтарэсаў дзяржавы і жыцця людзей.
Наша спадчына
Для азнаямлення дашкольнікаў з беларускай культурай, традыцыямі, жыццём, каштоўнасцямі, побытам беларускага народа педагогі разам з бацькамі выхаванцаў стварылі музейную экспазіцыю “Спадчына”. Яна стала міні-музеем, экскурсійнай пляцоўкай і творчай майстэрняй. Незабыўнае ўражанне пакідаюць экскурсіі “Падарожжа ў сялянскую хату”, “Побыт і звычаі сялян”, “Абярэгі ў жыцці беларусаў”. Многія экспанаты суправаджаюцца элементамі дапоўненай рэальнасці. Дзеці з радасцю наведваюць музейныя заняткі “Казкі, міфы і легенды Беларусі”, удзельнічаюць у музычна-гульнявой праграме “Кола беларускіх народных свят”, інтэрактыўных краязнаўчых вандроўках. Этнакультурны патэнцыял экспазіцыі задзейнічаны ў развіцці маўлення дзяцей. Настаўнік-дэфектолаг М.М.Санец стварыла відэаролік “Артыкуляцыйная гімнастыка для маленькіх беларусаў і беларусачак”, з дапамогай якога ў гульнявой форме праводзіць карэкцыйныя заняткі з біяэнергапластыкай пад народную мелодыю “Лявоніха”.
У садку не толькі захоўваюцца традыцыі мінулага, але і закладваюцца новыя. І ў гэтых традыцыях у дашкольнікаў выхоўваюць лепшыя якасці беларускага народа — любоў да Радзімы, працавітасць, павагу да памяці продкаў.
Педагогі зрабілі шмат даследаванняў і на іх аснове распрацавалі медыярэсурсы для азнаямлення дашкольнікаў з гістарычнымі, культурнымі, нацыянальнымі, геаграфічнымі, прыродна-экалагічнымі асаблівасцямі нашай краіны. Асаблівую ўвагу ўдзялілі самым прыгожым мясцінам малой радзімы, яе славутасцям, людзям, якія яе праславілі. Яркімі і цікавымі атрымаліся інтэрактыўныя паштоўкі з серыі віртуальна-пазнавальнай вандроўкі “#PRO БЕЛАРУСЬ”, дапаможнік “Беларусь шматгранная”, дыдактычныя гульні “Роднае беларускае”, лато “Мая Беларусь”, “Гербы гарадоў і абласцей Рэспублікі Беларусь”, кросенс-гульня “Мая Радзіма — Беларусь”, ценявыя карцінкі на ліпучках “Жывёлы Беларусі”, “Птушкі Беларусі”, лялькі ў нацыянальным беларускім касцюме “Дружная сям’я — мама, тата, я”, макет герба Шклова.
Варта адзначыць уменне педагогаў паказаць і расказаць дзецям найбольш характэрнае для роднага краю. Напрыклад, Вольга Міхайлаўна Ганчарова распрацавала маршрут выхаднога дня “Памятныя месцы нашага горада”, “Шклоў. Travel”.
— Трэба паказаць дзіцяці, што родны горад слаўны сваёй гісторыяй, традыцыямі, славутасцямі, помнікамі, вядомымі людзьмі, — падкрэсліла выхавальніца.
Шляхам мужнасці
Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў выхаванцаў уяўленняў аб гераічнай гісторыі сваёй Айчыны, выхаванню гордасці за гераізм і мужнасць беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Педагогі распрацавалі праекты, прымеркаваныя да 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На думку загадчыка ўстановы, даследчы праект “Дзіцячыя цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны” напоўнены асаблівым выхаваўчым сэнсам.
Педагогі разам са старшымі дашкольнікамі і іх бацькамі вырабілі 18 рэплік цацак, з якімі гулялі дзеці ў гады ваеннага ліхалецця. Вынікам праекта стала выстава калекцыі рэплік цацак, зробленых з падручнага матэрыялу: абрэзкаў тканіны, галінак, цурак, газеты.
На выставе таксама прадстаўлены фотаздымкі арыгінальных цацак, якія дазваляюць акунуцца ў атмасферу тых суровых гадоў.
— Для кожнага з нас цацкі ваеннага часу — памяць пра Вялікую Айчынную вайну, — адзначылі ўдзельнікі праекта.
Дарэчы, праведзеная работа дапамагла высветліць, як дзеці ставяцца да сваіх цацак. Педагогі правялі апытанне сярод выхаванцаў і прыйшлі да высновы: калі раней дзеці адзначалі, што проста любяць свае цацкі, то пасля ўдзелу ў праекце пераважная большасць выхаванцаў пачалі цаніць цацку як падарунак бацькоў, астатнія — як сябра.
Заслугоўвае ўвагі распрацаваная выхавальніцай Вольгай Сяргееўнай Ганчаровай квест-гульня “Пагранзастава”, скіраваная на выхаванне ў дзяцей грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў праз азнаямленне з дзейнасцю пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, каб дакладна перадаць работу пагранічнай заставы, аўтар звярнулася да прагляду перадачы “Адзін дзень на дзяржаўнай мяжы” на канале “Беларусь 1” і да начальніка пагранічнай заставы № 4 “Брузгі” Гродзенскай пагранічнай групы Т.Д.Сіліна.
У квесце-гульні “Пагранзастава” прынялі ўдзел старшыя дашкольнікі, выхавальнікі, бацькі. На працягу гульні яны пераадольвалі лакацыі “Сапёры”, “Цярністы шлях па лесе”, “Рэчка”, “Мінуем расцяжку”, “Шпіталь”, “Тунэль”. У канцы гульні выявілі парушальніка мяжы — цацачнага мядзведзя. Дзякуючы цікаваму вопыту, выхаванцы развівалі сілу, спрыт, шпаркасць, каардынацыю рухаў, цягавітасць, уменне згуртавана дзейнічаць у складаных сітуацыях. Гульнявыя моманты выклікалі ў дзяцей яркія ўражанні. Пераадолеўшы квест, выхаванцы атрымалі ўяўленне аб пагранічнай службе, адчулі ўдзячнасць абаронцам Радзімы.
Як паказала работа ў праекце, педагогі стварылі багаты арсенал сродкаў патрыятычнага выхавання дзяцей. Асабліва выклікае павагу іх адкрытасць да інавацый, жаданне ствараць, шчырасць пачуццяў і светлая памяць сэрца.
Адзначаецца рост актыўнасці ўдзелу ў конкурсах, а таксама іх выніковасць. За 2023/2024 навучальны год атрыманы дыпломы. Самыя значныя з іх — дыплом II Міжнароднага дыстанцыйныга творчага конкурсу “Залатая восень”, дыпломы ў раённым аглядзе-конкурсе “Абрадавыя святы і традыцыі беларусаў” і раённым конкурсе юных паэтаў і празаікаў Шклоўшчыны “Мой родны кут”.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і з архіва ўстановы