Гімназія Светлагорска — адзін з лідараў адукацыйных устаноў Гомельшчыны. 21-ы раз гімназія заняла 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі па забеспячэнні якасці навучання і выхавання. Тут на высокім узроўні вядзецца работа, накіраваная на самарэалізацыю адораных дзяцей. Гімназія дапамагае кожнаму навучэнцу быць паспяховым, крэатыўным і запатрабаваным. А яе педагогі вучаць выхаванцаў ставіць перад сабой канкрэтныя мэты і прадумваць шляхі іх дасягнення, робячы памылкі, здабываць з іх неабходны вопыт і рабіць правільныя высновы, пастаянна працаваць над сабой, пашыраць гарызонты сваіх ведаў, уменняў і навыкаў.
Сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі дае свой плён. Па выніках мінулага года 20 гімназістаў сталі пераможцамі ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 5 — пераможцамі заключнага этапу. На алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” навучэнка гімназіі Віялета Бандарэнка была ўзнагароджана дыпломам І ступені. Навучэнцы 11 класа Арцём Яцэвіч і Андрэй Ючкоў заваявалі дыплом ІІІ ступені ў адкрытай каманднай алімпіядзе БДУ па праграмаванні. На алімпіядзе па інфарматыцы і вэб-праграмаванні WebProg 2018 гімназісты атрымалі два дыпломы ІІ ступені і дыплом ІІІ ступені. На чэмпіянаце Еўропы па хуткіх шахматах і бліцы (Румынія) Максім Царук заваяваў залаты медаль і званне чэмпіёна Еўропы па хуткіх шахматах.
Па словах дырэктара гімназіі Алены Віктараўны Мішчанка, такія вынікі ў многім сталі магчымымі дзякуючы кампетэнтнасці педагогаў, якія валодаюць методыкай дыферэнцыраванага навучання і найноўшымі педагагічнымі тэхналогіямі.
Работа з адоранымі навучэнцамі пачынаецца яшчэ ў пачатковай школе. З мінулага навучальнага года ў гімназіі дзейнічае інавацыйная пляцоўка “Апрабацыя мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Кансультант праекта — дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога ІРА С.І.Гін.
— Нягледзячы на тое, што ў айчыннай сістэме адукацыі важнае месца адводзіцца пачатковаму перыяду навучання, пытанні выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту распрацаваны недастаткова, што выклікае праблемы ў арганізацыі пераемнасці працэсу станаўлення адоранасці, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ніна Савельеўна Куткова. — Такія асаблівасці дзяцей з агульнай адоранасцю, як павышаная дапытлівасць, апярэджанне аднагодкаў па ўзроўні разумовага развіцця, высокі тэмп праходжання вучэбнага матэрыялу, імкненне да самастойнасці ў працэсе мыслення, не могуць быць у поўнай меры ўлічаны ў адукацыйным працэсе масавай школы. У выніку ў адораных дзяцей адбываецца хуткае зніжэнне цікавасці да навучання, аказваецца незапатрабаваным інтэлектуальны патэнцыял, што і з’яўляецца прычынай неабходнасці стварэння спецыяльных умоў для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту з агульнай адоранасцю, працэс навучання якіх павінен быць арганізаваны на адпаведнай навукова-метадычнай аснове.
У першы год інавацыі педагогі — а ў праекце працуюць настаўнікі пачатковых класаў В.П.Люндышава і В.В.Кажадуб — з дапамогай псіхалагічнага інструментарыю выявілі навучэнцаў з высокім узроўнем матывацыі. “У 1 клас прыходзяць розныя дзеці: тыя, з якімі грунтоўна займаліся і якія добра падрыхтаваліся да школы, і тыя, якія ма-юць вялікі патэнцыял, але з якімі ніхто не займаўся. Практыка паказвае, што часам другія па сваім развіцці апераджаюць першых і дэманструюць высокія вынікі”, — заўважае Н.С.Куткова.
Ужо з 2 класа былі сфарміраваны групы высокаматываваных дзяцей, для якіх настаўнікі на ўроках выкарыстоўваюць дадатковыя дыдактычныя матэрыялы для паглыблення ведаў. Актыўна прымяняецца вучэбны дапаможнік па тэхналогіі “Разумнае чытанне” С.І.Гін, для работы з якім настаўнікі выкарыстоўваюць інтэрнэт-дадатак QR і дадатак галасавога набору (СМС), а таксама смартфоны навучэнцаў, што дае магчымасць малодшым школьнікам працаваць на апярэджанне індывідуальна, у групах, парах, праводзіць камандны мазгавы штурм. Пасля завяршэння кожнага паўгоддзя ўсім вучням класа прапаноўваецца комплексная работа: спецыяльны тэкст з літаратурнага твора з заданнямі па матэматыцы, рускай мове і прадмеце “Чалавек і свет” (падабраны тэкст прымушае думаць, уяўляць, чытаць паміж радкоў).
Настаўнікі, якія працуюць у інавацыі, адзначаюць, што высокаматываваныя дзеці адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў: яны актыўныя, разняволеныя, з багатым слоўнікавым запасам, імкнуцца адказаць на нестандартныя пытанні. Педагогі спадзяюцца, што выкарыстанне распрацаваных падчас эксперыментальнай дзейнасці метадаў і прыёмаў навучання дазволіць узбагаціць традыцыйную методыку навучання, павышаючы эфектыўнасць навучання кожнага дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей і здольнасцей.
З 2 класа малодшыя школьнікі могуць паспрабаваць свае сілы ва ўнутрыгімназічнай алімпіядзе, а з 3 класа ў раёне арганізоўваецца інтэлектуальна-творчы конкурс “Нашы надзеі”.
У сярэдняй школе, а потым і ў старшай, эстафету ў педагогаў-пачаткоўцаў пераймаюць настаўнікі-прадметнікі, захоўваючы пераемнасць і лепшыя традыцыі. Штогод па адаптацыі пяцікласнікаў да сярэдняга звяна праводзіцца кансіліум, дзе абазначаюцца напрамкі работы з адоранымі вучнямі, сярод якіх — навукова-даследчая дзейнасць, удзе-л у алімпіядным руху. Паспяхова рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд настаўніца рускай мовы і літаратуры А.П.Захаранка, настаўніца фізікі і астраноміі Л.М.Кулакоўская, настаўніца матэматыкі Т.М.Кулакоўская.
Настаўнік інфарматыкі Уладзімір Уладзіміравіч Кумакоў з’яўляецца раённым трэнерам каманды школьнікаў, кіруе міжшкольным факультатывам па інфарматыцы.
— Алімпіяда, да якой мы рыхтуем вучняў, называецца алімпіядай па інфарматыцы. Аднак гэта не зусім так. Усе нашы алімпіяды па спартыўным праграмаванні. Іх істотнае адрозненне ў тым, што вучні пры рашэнні пэўнай колькасці задач абмежаваны ў часе. Звычайна на ўсе задачы выдзяляецца 5 гадзін, — заўважае У.У.Кумакоў.
Педагог пачынае падрыхтоўку школьнікаў з 6 класа, бо, па назіранні Уладзіміра Уладзіміравіча, менавіта з гэтага ўзросту дзіця, прачытаўшы заданне, можа дакладна зразумець, што ад яго патрабуецца. У пачатковы перыяд настаўнік карыстаецца сістэмай М.С.Далінскага, якую лічыць дасканала адпрацаванай, адшліфаванай гадамі і якая дае вынікі ў падрыхтоўцы вучня да сярэдняга ўзроўню праграмавання. У гульнявой форме школьнікі асвойваюць азы праграмавання. Вельмі падабаецца педагогу і сістэма А.В.Барунова, калі групе навучэнцаў чытаюцца лекцыі, даюцца агульныя ўстаноўкі, а потым яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах самага рознага ўзроўню, тым самым фарміруючы свой рэйтынг. Калі ж навучэнец дасягае высокага ўзроўню, далей спрацоўвае індывідуальны падыход.
— Безумоўна, усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў. Аднаму можна прачытаць лекцыю — і той адразу зразумее, як прымяняць пройдзенае на практыцы, а іншы будзе адчуваць некаторыя цяжкасці, бо, напрыклад, у геаметрыі ёсць недахопы ў ведах, ліквідаваўшы якія можна рухацца наперад”, — адзначае Уладзімір Уладзіміравіч.
У.У.Кумакоў перакананы, што да поспеху вядзе вялізная працаздольнасць. Перамога — гэта 5% намаганняў настаўніка і 95% работы вучня.
Людміла Пятроўна Лучына — настаўніца абслуговай працы, кіраўнік тэатра моды “Лінія”, трэнер абласной каманды дзяўчат па абслуговай працы. Яе вучні неаднаразова станавіліся дыпламантамі алімпіяд і розных творчых конкурсаў. Як лічыць педагог, формула поспеху яе выхаванак наступная: самаадданая праца + імкненне да ўдасканалення + рацыянальнае планаванне часу + сучасныя тэхналогіі + актыўная жыццёвая пазіцыя. Часцей за ўсё аснова будучых перамог закладваецца менавіта з 5 класа.
— У 5 класе адбываецца складаны і, я сказала б, для некаторых вучняў і іх бацькоў вельмі балючы пераход на новы ўзровень разумення прадмета “Працоўнае навучанне”. Ад павярхоўнай, азнаямленчай сістэмы дакранання да яго ў пачатковай школе ў сярэднім звяне навучэнцам даводзіцца перабудоўвацца на зусім іншы падыход да выкладання з боку педагогаў. Па сутнасці, мы не толькі вучым дзяцей самаабслугоўванню, але і даём асновы прафесійнай арыентацыі, знаёмім з тэхналогіямі розных вытворчых працэсаў і, вядома ж, дапамагаем дзецям вызначыцца з кірункам іх творчай дзейнасці. На жаль, адна гадзіна на тыдзень па прадмеце не дае магчымасці якасна вырашаць пастаўленыя задачы ні вучню, ні настаўніку. Навучэнцы цяжка ўспрымаюць і адзнакавую сістэму, і аб’ём вучэбнага матэрыялу, але самая балючая праблема ўзнікае з уменнем рацыянальнага планавання часу, бо часу на набыццё, развіццё і ўдасканаленне вучэбных навыкаў практычна не застаецца. Настаўнік вырашае гэтую праблему за кошт падтрымліваючых заняткаў і свайго асабістага часу. Вось на такіх занятках і адбываецца натуральны адбор кандыдатаў у будучыя алімпіяднікі.
Падрыхтоўка алімпіяднікаў ажыццяўляецца комплексна і сістэмна. Тэарэтычная, практычная падрыхтоўка праводзіцца як рознаўзроўневая, па паралелях, так і групавая, камандная, і, безумоўна, індывідуальная. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдзелу дзяўчынак у творчых конкурсах (гэта пашырае галіну рэалізацыі іх здольнасцей, удасканальвае практычныя навыкі, дапамагае пераадольваць няўпэўненасць, узнімае самаацэнку, загартоўвае фізічна).
— Выдатна, калі супадуць усе фактары: прафесійная апантанасць настаўніка, жаданне і імкненне да пазнання вучаніцы, разуменне і падтрымка з боку сям’і, педагагічны такт класнага кіраўніка і настаўнікаў-прадметнікаў. На жаль, такое здараецца рэдка. Але настаўнікі працы ў вялікай педагагічнай сям’і самыя апантаныя, знаходлівыя, вынослівыя ў фізічным сэнсе. А калі ёсць такія педагогі, то абавязкова будуць такія выхаванцы, якія, нягледзячы на вельмі цярністы шлях прасоўвання да алімпу, заразяцца мэтанакіраванасцю, аптымізмам, творчасцю ад сваіх педагогаў. І ўсё ў іх атрымаецца! — падкрэслівае Л.П.Лучына.
Зараз гімназія жыве новымі задумамі. Плануецца ў кожнай паралелі арганізаваць унутрыгімназічныя прадметныя алімпіяды пачынаючы з 5 класа, прычым не толькі па матэматыцы і мовах, але і па курсе “Чалавек і свет” . Плануецца таксама ў супрацоўніцтве з банкамі развіць алімпіядны рух па фінансавай дасведчанасці.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.