Як Цяхцінская школа выкарыстоўвае ў выхаванні дзяцей патэнцыял адноўленага партызанскага лагера

- 15:251944: путь к освобождению

Аб тым, што перамогу над фашызмам разам кавалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, вучні Цяхцінскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна ведаюць на канкрэтных прыкладах з гісторыі краю. Разам з настаўнікамі яны адбудавалі партызанскі лагер на месцы, дзе размяшчаўся атрад народных мсціўцаў пад кіраўніцтвам Асмана Касаева. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І Асман, і Іван

Будынак Цяхцінскай школы знаходзіцца за некалькі кіламет­раў ад таго месца ў лясным гушчары, дзе вогненным летам 1941 года пачынаў свой баявы шлях 121-ы партызанскі полк.

— Першы атрад быў сфарміраваны з ваеннаслужачых-­акружэнцаў і мясцовых жыхароў. Лейтэнант Асман Касаеў спачатку быў камісарам атрада, а калі камандзір Міхаіл Абрамаў загінуў, заняў яго месца. І камандзірам ён стаў легендарным, — адзначае кіраўнік школьнага музея настаўніца пачатковых класаў Ірына Траццякова.

Асман Мусаевіч быў ураджэнцам Карачаева-Чаркесіі. Дарэчы, па першай адукацыі педагог, скончыў педагагічны рабфак у горадзе Мікаян-Шахар (зараз — Карачаеўск) і некаторы час працаваў настаўнікам. Але потым ён стаў кадравым ваенным. Вайну сустрэў на пасадзе начальніка артылерыі 383-га палка 121-й стралковай дывізіі, які дыслацыраваўся пад Слонімам. Пасля кровапралітных баёў разам з таварышамі па службе адступаў на ўсход, каб злучыцца з Чырвонай Арміяй. Зразумеўшы, што гэта немагчыма, аддаў усе сілы на партызанскую барацьбу ў тыле ворага, на Магілёўшчыне.

Напрыканцы 1943 года ў атрадзе Касаева было ўжо звыш 1,2 тысячы чалавек, і яго пераўтварылі ў полк. Сваімі дзёрзкімі баявымі аперацыямі “асманаўцы” наводзілі на акупантаў жах. Яны пускалі пад адхон варожыя эшалоны, грамілі гарнізоны, ратавалі жыхароў вёсак ад бясчынстваў гітлераўцаў. Нямецкія начальнікі ў сваіх данясеннях шчыра прызнавалі, што кантралююць толькі райцэнтры, у вёсках жа галоўныя — партызаны. А Касаева яны характарызавалі так: “Каварны, дасведчаны ў ваеннай справе, бальшавіцкі камісар”.

Загінуў адважны камандзір у лютым 1944 года, падчас маштабнай карнай аперацыі, якую перапалоханы набліжэннем Чырвонай Арміі вораг ажыццявіў сіламі да зубоў узброеных армейскіх часцей. Партызанскаму палку пасля гібелі Асмана Касаева прысвоілі яго імя. Сам ён пасля вайны атрымаў званне Героя Савецкага
Саюза.

Захаваныя звесткі сведчаць, што ў атрадзе, а потым у палку Касаева былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Разам з беларусамі мужна змагаліся з ворагам рускія, украінцы, азербайджанцы, асеціны, казахі, мардвіны, татары. Так, камісарам атрада і затым палка быў беларус Іван Мартынавіч Іваноў. Пасля гібелі Касаева полк узначаліў Аляксандр Аляксеевіч Ільінскі, па нацыянальнасці рускі, родам з Тульшчыны. Ваяваў у радах “асманаўцаў” і асецін Мікалай Нарыманавіч Гагіеў, для якога пасля вайны Беларусь стала другой радзімай, ён шмат гадоў пражыў у вёсцы Машчаніцы Бялыніцкага раёна.

Вёска Цяхцін была вызвалена ад гітлераўцаў 29 чэрвеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён”. 121-ы партызанскі полк імя Асмана Касаева ўліўся ў рады Чырвонай Арміі.

— Месца размяшчэння партызанскага лагера “асманаўцаў” з пасляваеннага часу адзначана памятным знакам. Захаваліся паглыбленні на месцы былых зямлянак, — расказвае дырэктар Цяхцінскай сярэдняй школы Лілія Дудкіна. — У 2016 годзе тагачасны дырэктар нашай школы Аляксандр Пятровіч Мамчанка выступіў з ініцыятывай сваімі сіламі адбудаваць некалькі зямлянак. Ідэю падтрымалі і сумеснымі намаганнямі педагогаў, вучняў і работнікаў лясгаса ажыццявілі. Мы клапоцімся аб стане пабудоў, доб­раўпарадкоўваем тэрыторыю лагера. Зрабілі на ёй вогнішча, лаўкі з бярвенняў. У далейшых планах — паставіць інфармацыйныя стэнды, якія будуць расказ­ваць аб жыцці і барацьбе народных мсціўцаў.

Сёння гэты лясны лагер — выдатная база для работы па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Тут праводзяцца ўрокі мужнасці, урачыстыя мерапрыемствы, працоўныя дэсанты. Сюды прыязджаюць у госці вучні і настаўнікі з іншых устаноў адукацыі раёна і вобласці. Цяхцінскія школьнікі ладзяць для іх цікавыя экскурсіі, пастаноўкі-рэканструкцыі з жыцця партызан, частуюць згатаванымі на вогнішчы кашай і чаем. Папулярныя ў дзяцей тэматычныя гульні, напрыклад, трэба трапіць шышкай у фашысцкую каску ці пераадолець лясную паласу перашкод. Такі “паход у партызаны” дае навучэнцам намнога больш, чым звычайны аповед пра народных мсціўцаў у школьным кабінеце.

Ордэн прадзеда

Цяхцінская школа падтрымлівае сувязі з землякамі Асмана Касаева. Да іх не раз наведваліся настаўнікі і вучні з устаноў адукацыі Карачаеўска, прыязджалі з далёкага краю члены сям’і героя. Плённае супрацоўніцтва склалася з яго земляком Башырам Уздзенавым, які жыве ў Магілёве.

У школьным гісторыка-края­знаўчым музеі можна пабачыць унікальныя экспанаты, звязаныя з легендарным партызанскім камандзірам. У іх ліку падораныя яго землякамі горская бурка і папаха, карціна з горным пейзажам, капсула з зямлёй тых мясцін.

Значная частка экспазіцыі музея прысвечана ўраджэнцам вёскі Цяхцін, якія ваявалі з фашысцкімі акупантамі ў партызанскіх атрадах, змагаліся ў радах Чырвонай Арміі. Прадстаўлены прадметы партызанскага побыту, а таксама кампаненты ўзбраення, шмат унікальных фотаздымкаў, дакументаў ваенных гадоў, даследчых работ навучэнцаў.

На адным са стэндаў прываб­ліваюць увагу бюсты, па-майстэрску выразаныя з дрэва. Гэта работы мясцовага жыхара Барыса Міхеевіча Хрушчова, які ў вайну біў ворага, а ў пасляваенны час працаваў у саўгасе цесляром і быў таленавітым разьбяром па дрэве. Дарэчы, у адным з прадстаўленых у музеі бюстаў ён увасобіў самога сябе. Такім чынам, наведвальнікі маюць выдатную магчымасць вызначыць, ці падобная на яго праўнучка Настасся Хрушчова, якая зараз вучыцца ў 11 класе і праводзіць экскурсіі па музеі.

 — Мой прадзед у гады вайны быў сувязным 122-га партызанскага палка “За Радзіму”, потым ваяваў у стралковым палку ў складзе 2-га Беларускага фронту. Яго мужнасць мяне ўражвае. Напрыклад, калі вызвалялі горад Кёнігсберг, мой прадзед уварваўся ў нямецкую траншэю, трох гітлераўцаў знішчыў з аўтамата, а двух узяў у палон. Быў узнагароджаны баявым ордэнам, медалямі, — расказвае дзяўчына. — Дзякуючы нашым гераічным продкам, мы зараз жывём пад мірным небам, можам ажыццяўляць свае мары. Я збіраюся стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

У школу — па Алеі Славы

У маі мінулага года на тэрыторыі ўстановы адукацыі была адкрыта Алея Славы, якая пралягае ад увахода на прышкольную тэрыторыю амаль да ганка школы. На ёй размешчаны партрэты Асмана Касаева і двух дзясяткаў ураджэнцаў цяхцінскай зямлі, якія мужна змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер дзеці ідуць на ўрокі не проста па дарожцы, а па Алеі Славы, дзе са старых фотаздымкаў на іх гля­дзяць сапраўдныя героі.

— Ганаруся тым, што на адным з партрэтаў мой прадзед Сяргей Васільевіч Музыкарэнка. У гады вайны ён служыў у артылерыі, дайшоў да Берліна. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Я адзін з яго праўнукаў, а яшчэ ў мяне два малодшыя браты, — адзначае дзевяцікласнік Арцём Музыкарэнка.

Добрая традыцыя ўшанавання памяці працягнулася ў красавіку гэтага года. У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля помніка загінуўшым землякам аграгарадка Цяхцін высадзілі алею з 80 туй. Разам з работнікамі лясной гаспадаркі і прадстаўнікамі мясцовай улады ў акцыі ўдзельнічалі вучні са школьнага лясніцтва.

Цяхцінская школа першай у раёне атрымала статус “Школа міру”. Шмат гадоў тут праходзіць конкурс “Агляд строю і песні”, ла­дзіцца турзлёт, працуе школьны парламент. Два гады запар вучні выходзяць у фінал абласнога этапу спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”. Што і казаць, настаўнікі школы робяць усё для таго, каб у дарослым жыцці ў яе выпускнікоў былі свае алеі славы.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена школай