Як у Браслаўскай гімназіі рыхтуюць навучэнцаў да свядомага выбару настаўніцкай прафесіі

- 12:26Пресс-тур «Настаўніцкай»

Як натхніць навучэнцаў на педагагічны шлях і стварыць умовы для ўсведамлення імі свайго прафесійнага выбару? Адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” знайшла ў Браслаўскай гімназіі.

Педагог-псіхолаг Жанна Юран з навучэнцамі

Як вядома, матывацыя для прафесіі ледзь не самае важнае. На думку кі­раўніцтва Браслаўскай гімназіі, працаваць на папулярызацыю педагагічнай прафесіі трэба пастаянна.

— Цікавасць да прафесіі педагога ў навучэнцаў пачынаецца з першага класа і падтрымліваецца на працягу адзінаццаці гадоў, — падкрэсліла дырэктар Алена Гірон. — Быць прыкладам для пераймання вельмі адказна. Многае ў нашай справе залежыць ад асабістага стаўлення педагога да сваёй прафесіі.

Па прыкладзе настаўнікаў

У Браслаўскай гімназіі цікавасць навучэнцаў да педагагічнай працы падтрымліваецца пастаянна. Ёсць традыцыя штогод праводзіць дзень ценяў, калі навучэнцы выконваюць ролю асістэнтаў вопытных педагогаў. Усвядомлены выбар педагагічнага профілю мэтанакіравана фарміруецца на старшай ступені адукацыі. Дарэчы, першыя профільныя педагагічныя групы ў гімназіі былі адкрыты ў 2016/2017 навучальным годзе ў 10-х класах. Чатыры гады запар у 10-х класах фарміруюцца педагагічныя профільныя групы па 5—6 чалавек. У бягучым годзе дзейнічаюць дзве такія групы (5 навучэнцаў у 10 класе і 6 — у 11-м). Гэта юнакі і дзяўчаты з педагагічнымі схільнасцямі, лідарскімі якасцямі, уменнем камунікаваць, жаданнем перадаваць свае веды іншым.

Поўнае паглыбленне ў прафесію адбываецца на факультатыўных занятках “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію” праз сістэму тэарэтычных і практычных заняткаў (семінараў, педагагічных проб, праектаў, даследаванняў), праз удзел у творчых конкурсах, канферэнцыях, якія праводзяцца пры падтрымцы БДПУ. Варта адзначыць, што цікавасцю да факультатыўнага курса навучэнцы абавязаны яго выкладчыкам — былой настаўніцы беларускай мовы Людміле Казіміраўне Патапенка і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлане Аляксандраўне Шэнда.

— Мы рэалізуем ідэю матываванага выбару педагагічнай прафесіі, — расказвае Алена Браніславаўна. — Радуюць і вынікі арганізацыі профільнага навучання. За апошніх 5 гадоў 30% навучэнцаў профільнай групы выбралі педагагічныя спецыяль­насці і паступілі ў ВДУ імя П.М.Машэрава, БДПУ, БДУФК, ПДУ. Нашы выпускнікі вяртаюцца ў родную ўстанову ў якасці дыпламаваных спецыялістаў. Так, Ксенія Леанідаўна Матуль працуе ў гімназіі настаўніцай англійскай мовы, а таксама выкладае прадмет “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”. А зараз на практыцы ў нас Мікіта Мужаў, былы навучэнец педагагічнай профільнай групы, які ў наступным годзе пачне працаваць у гім­назіі настаўнікам замежнай мовы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2026 годзе чакаем Аляксандру Лапінскую. Яна стане настаўніцай у пятым пакаленні. Дарэчы, яе мама Таццяна Міхайлаўна Лапінская ўжо 28 гадоў выкладае гісторыю ў нашай гімназіі.

Каштоўны вопыт

Каб больш поўна раскрыць патэнцыял навучэнцаў профільнай педагагічнай групы, у гімназіі акрэслены шэраг кірункаў работы, якія дазваляюць зрабіць навучанне цікавым і матываваным. Найлепшым чынам раскрываюць сутнасць работы профільнай педагагічнай групы словы Канфуцыя: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”. Навучэнцы праводзяць урокі, арганізоўваюць вольны час дашкольнікаў і пачаткоўцаў, раскрываюць свае творчыя здольнасці ў гімназічных летніках. Праяўляюць яны сябе ў валанцёрскім і лідарскім руху, самакіраванні, цьютарскай, медыйнай дзейнасці, вучацца кантактаваць з рознымі, у тым ліку і па ўзросце, людзьмі. Удзельнікі клуба “Акадэмія Голд” дапамагаюць людзям з інваліднасцю і сталага ўзросту ў асваенні сучасных інфармацыйных тэхналогій. Далучаюць дзяцей з АПФР да дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тым самым яны набываюць гатоўнасць праца­ваць ва ўмовах інклюзіі. Цеплыня і ўдзяч­насць, якія гэтыя навучэнцы атрымліваюць узамен, толькі павышаюць іх матывацыю. Так у гімназіі выхоўваюць асаблівую катэгорыю хлопцаў і дзяўчат, якіх вызначаюць сацыяльная актыўнасць, лідарскія якасці, гатоўнасць браць на сябе адказнасць.

На справе

Пашчасціла трапіць на заняткі педагагічнай профільнай групы. Было крыху хвалююча разам з будучымі педагогамі прымаць удзел у мадэляванні і прайграванні сітуацыі са школьнага жыцця. Дзейнічаць давялося, як кажуць, ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці. У ролі маці хлопчыка, ад якога адвярнуліся аднакласнікі, трэба было абазна­чыць праблему класнаму кіраўніку, а будучым педагогам — знайсці выйсце з няпростай сітуацыі. Тыя ў імгненне вока наладзілі ўзаемадзеянне. Як жа ўразіла ўменне навучэнцаў разглядаць пытанні адначасова і з пазіцыі настаўніка, і з пазіцыі вучня, весці дыялог, абгрунтоўваць выбар спосабаў вырашэння праблемы.

— Я буду дэманстраваць веру ў ваша дзіця, — сказала Арына Саковіч, якая выконвала ролю класнага кіраўніка.

— А як гэта будзе выглядаць на справе? — спыталася я.

— Будзем адзначаць нават самы нязначны яго поспех. У кожным дзіцяці ёсць свая іскра таленту. Мы створым умовы, у якіх ваш хлопчык праявіць сябе з моцнага боку і пачне адчуваць сябе паспяховым, — пад­крэсліла Арына. — Але ж з боку бацькоў таксама неабходна моцная падтрымка.

Сапраўды, вера ў дасягненні і здольнас­ці вучня дапамагае яму паверыць у сябе. Любое дзіця стане паспяховым у межах сваіх прыродных задаткаў толькі тады, калі яно будзе адчуваць сваю значнасць у вачах іншых, калі будзе мець падтрымку ў сям’і і школе.

Пагадзіцеся, крыніцай поспеху навучэнцаў заўсёды была і застаецца асоба настаўніка.

Толькі асоба выхоўвае асобу. Усе мы добра разумеем, што настаўнік — прафесія не для кожнага. Таму, у рэшце рэшт, усе пытанні зводзяцца да свядомага выбару навучэнцамі гэтай адказнай прафесіі.

У Браслаўскай гімназіі ўсе ўмовы для гэтага створаны. Тут працуюць таленавітыя і адданыя сваёй справе педагогі, прафесіяналы, якія на сваім прыкладзе выхоўваюць пераемнікаў з лепшымі чалавечымі якасцямі, матываваных да настаўніцкай працы і, канечне ж, напоўненых любоўю да дзяцей.

Людміла Курыльчык
Фота Алега ІГНАТОВІЧА