Як у брэсцкай сярэдняй школе № 20 займаюцца вынаходніцкай дзейнасцю

- 15:16Образование

Вынаходніцкай дзейнасцю ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава актыўна займаюцца не толькі педагогі на чале з дырэктарам Аляксандрам Агеяўцом, на рахунку якога некалькі патэнтаў, але і вучні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пяць вучняў 10 інжынер­нага класа — Арына Ахрымук, Багдан Вячканаў, Антон Шрэйдар, Лізавета Мамро і Ягор Васілюк — стварылі бытавы цвёрдапаліўны піролізны кацёл. З яго дапамогай можна дадаткова атрымліваць цёплую ваду і электрычнасць. Школьнікі, якія на павышаным узроўні вывуча­юць фізіку і матэматыку, удзельнічаюць у розных конкурсах і алімпіядах, з радасцю падхапілі новую ідэю дырэктара ўстановы, бо ім на практыцы ўдалося рэалізаваць атрыманыя веды.

— Шлях ад задумы да яе ажыццяўлення быў няхуткім: спачатку юныя даследчыкі ўважліва вывучылі спецыялізаваную літаратуру, паглядзе­лі пазнавальныя відэафільмы пра піролізны газ, элементы Пельцье, прынцып работы тэрмагенератара і многае іншае і толькі затым прыступілі да эксперымента, — расказвае Аляксандр Агеявец. — Прататып будучага катла вучні зрабілі са звычайнага чайніка. У якасці паліва выкарысталі невялікія кавалкі драўніны, якія награвалі з дапамогай газавай гарэлкі. Эксперыментальным шляхам газ атрымаўся, але асноўная работа чакала наперадзе.

Далей да вучняў далучыўся дырэктар школы. Ён распрацаваў чарцяжы катла, якія прааналізавалі навукоўцы БрДТУ. Экспертнае заключэнне аказалася станоўчым. Пасля гэтага супрацоўнікі Брэстаблгаза дапамаглі зварыць з металалому па прапанаванай схеме адпаведную канструкцыю. Затым яе эксперыментальна апрабавалі, каб пераканацца ў працаздольнасці вырабу.

— Інавацыйная распрацоўка добра падыходзіць для мясцовасці з абмежаваным падводам прыроднага газу і перабоямі ў электрычнасці, — гаворыць Аляксандр Агеявец. — Вынаходства дзесяцікласнікаў, якое ўяўляе сабой сінтэз печкі і газавага катла, можна падключыць да газавай пліты ці бензагенератара, каб атрымаць электрычнасць. Партатыўную канструкцыю і яе функцыянал ацэняць не толькі сельскія жыхары, але і рыбаловы, паляўнічыя. Аднак самае галоўнае — цвёрдапаліўны кацёл экалагічны. Нягледзячы на тое, што пры згаранні драўніны ўтвараецца сумесь з вадароду, метану, чаднага і вуглякіслага газаў, выкіды ў атмасферу мінімальныя.

Па выніках абласнога этапу сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” распрацоўка юных даследчыкаў перамагла ў адной з намінацый і была прэзентавана на заключным этапе спаборніцтва. І няхай яна там не заняла прызавога месца, але ёй ужо зацікавіліся патэнцыяльныя пакупнікі. Больш за тое, нядаўна брэсцкая школа і Брэстаблгаз атрымалі ад Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Беларусі патэнт на карысную мадэль, што стане пачаткам рэалізацыі сумеснай бізнес-ідэі паміж установай адукацыі і прадпрыемствам, якое, дарэчы, з’яўляецца ініцыятарам стварэння ў ёй інжынерных класаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ