Як у Міёрскай сярэдняй школе № 3 фарміруюць цікавасць да вучобы ў малодшых школьнікаў

- 13:12Пресс-тур «Настаўніцкай»

Для таго, каб развіваць у малодшых школьнікаў пазнавальную актыўнасць, трэба як мага раней вучыць іх рабіць маленькія адкрыцці, адзначыла ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» настаўніца пачатковых класаў Міёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А. Томкі Таццяна Лісічонак.

Педагог умее абудзіць у сваіх дапытлівых вучняў цікавасць да глыбокага вывучэння асноў навук. Яна лічыць даследчую і праектную дзейнасць адным з эфектыўных сродкаў развіцця асобы дзіцяці. Выконваючы ўласнае даследаванне, школьнік не толькі набывае веды, але і засвойвае новыя спосабы дзейнасці, развівае інтэлект, здольнасць да творчасці, становіцца больш самастойным, адказным. Т. Лісічонак працуе з навучэнцамі ў гэтым кірунку мэтанакіравана і сістэмна, пачынаючы з 1-га класа.

— Дзецям цікава ўсё ў навакольным свеце, — гаворыць суразмоўніца. — І для таго, каб развіваць у малодшых школьнікаў пазнавальную актыўнасць, трэба як мага раней вучыць іх рабіць маленькія адкрыцці. А гэта значыць вучыць здабываць веды даследчым шляхам. Важна таксама падтрымліваць жаданне пастаянна даведвацца новае. З гэтага і пачынаецца ўсвядомленая цікавасць вучняў да даследчай і праектнай дзейнасці.

Як сказаў В.А. Сухамлінскі, цікавасць да вучэння з’яўляецца толькі тады, калі ёсць натхненне, якое нараджаецца ад поспеху. Пра актуальнасць гэтай педагагічнай устаноўкі сведчаць натхняльныя вынікі Віцебскага абласнога конкурсу работ даследчага характару і творчых праектаў «Вернісаж» сярод навучэнцаў 2—4-х класаў у маі 2023 г. Работа 4-класніка Міёрскай сярэдняй школы № 3 Ягора Шокеля «Загадкавы свет крышталёў» была адзначана дыпломам I ступені.

Як адзначыла Т. Лісічонак, тэму крышталёў у рамках аднаго праекта асвятліць немагчыма. Яе «выпускнік» працягвае сваё захапленне іх вырошчваннем. Са слоў Ягора зразумела, што хлопчык зацікавіўся гэтым сур’ёзна і надоўга, крышталі ўражваюць яго сваёй прыгажосцю і незвычайнасцю. Юны даследчык падзяліўся ўражаннямі ад вырошчвання крышталёў з цукру, цытрынавай кіслаты і меднага купарвасу:

 — З сіняга купарвасу ў мяне атрымліваюцца полікрышталі, а з блакітнага — монакрышталі. Цікава назіраць, як узнікае і расце, нібы жывы, маленькі крышталік. Дарэчы, з цукру ён расце хутка — 3—4 мм у дзень. З цытрынавай кіслаты — павольней. І тут ёсць нюансы: на нітцы крышталь павялічыўся да 1 см, а без яе — 0,8 мм. Мяне здзівіла, што крышталі ў прыродзе фарміруюцца тысячагоддзямі, а дома іх можна вырасціць за некалькі дзён ці тыдняў. Зыходзячы са свайго вопыту, пераканаўся, што для гэтага патрэбны пэўныя ўмовы. Напрыклад, нельга мяняць канцэнтрацыю раствору і тэмпературу — крышталі могуць імгненна растварыцца. Падчас работы я даведаўся шмат цікавага і неверагоднага.

Падрабязна пра шляхі да вынікаў у даследчай і праектнай дзейнасці малодшых школьнікаў можна будзе прачытаць на старонках «Настаўніцкай газеты».

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота Алега ІГНАТОВІЧА