Як выхаваць патрыёта

- 16:23Авторские колонки, Мнение

Наталля СТЭЛЬМАХ

 

 

 

 

 

 

 

Нядаўна мой сын стаў ­удзельнікам с­умеснага расійска-беларускага праекта “Цягнік Памяці”. Я стаяла на пероне чыгуначнага вакзала 3 ліпеня і сустракала сына, калі да мяне падышла маладая журналістка. Было некалькі дзяжурных пытанняў, але апошняе прымусіла мяне задумацца: “Падзяліцеся сакрэтам, як выхаваць патрыёта?” Я разгубілася, у мяне не было дакладнага адказу. Тут няма рэцэптаў і методык. “Мы не выхоўвалі, наша сям’я так жыве,” — адказала я.

Мы шмат зараз гаворым пра патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Для многіх сем’яў гэта стала проста модным. У мяне ёсць шмат прыкладаў, калі ў сям’і ходзяць у вышыванках, чыта­юць дзецям беларускія казкі, але пры гэтым ганьбяць родную зямлю. Гэта нейкі несапраўдны патрыя­тызм. Сямейныя каштоўнасці або, наадварот, абясцэньванне каштоўнасцей будуць суправа­джаць чалавека на працягу ўсяго жыцця. Гэта як прышчэпка, як генетычны код, якія дзіця пранясе ў дарослае жыццё, перадасць сваім дзецям.

Дзіця павінна з дзяцінства бачыць і разумець, на якой зямлі яно жыве, чым славіцца гэтая зямля, чаго дасягнулі яго продкі, бабулі і дзядулі, праз што ім давялося прайсці. І ў гэтым велізарная роля сям’і, а не толькі дзіцячага сада і школы.

З дзяцінства памятаю, з якім хваляваннем мы, маленькія ўнукі, прасілі ў дзядулі дазволу ўзяць цяжкую чырвоную скрыначку. У ёй захоўваліся ордэны і медалі дзядулі. Ён саджаў нас за накрыты абрусам стол, і мы з асцярожнасцю разглядвалі гэты скарб. Дзядуля нічога не расказваў пра вайну і пра тое, за што ён атрымліваў гэтыя ўзнагароды. Але мы ўсё ра­зумелі. Мы адчувалі, што яны значаць для дзядулі і для ўсёй нашай сям’і. Дзядулі даўно няма з намі, але цяжкая чырвоная скрыначка захоўваецца ў нашай сям’і як самая вялікая каштоўнасць, і з такім жа хваляваннем яе трымаюць у руках ужо мае дзеці.

Мой другі дзядуля прайшоў усю вайну да Берліна, фарсіраваў Віслу і Одэр, вызваляў Варшаву. Ён вучыў нас пава­жаць працу людзей, пава­жаць сваю зямлю, паважаць хлеб. Так, менавіта хлеб. Дзядуля браў хлеб і, толькі памыўшы рукі і перахрысціўшыся, пачынаў рэ­заць акуратныя лустачкі. У маёй сям’і ніколі не выкінуць у вядро для смецця хлеб, не будуць з ім гуляць ці непажліва да яго ставіцца.

Нас вучылі з павагай ставіцца да працы лю­дзей, якія вырошчваюць хлеб, нас вучылі ганарыцца сваёй малой радзімай, пава­жаць магілы сваіх продкаў і зямлю, па якой мы зрабілі першыя крокі. Бабуля заўсёды гаварыла: “Дзе рос — там i прырос”.

Патрыёт з грэчаскай мовы перакладаецца як “айчына”, “суайчыннік”. Патрыятызм падразумявае гордасць за культуру сваёй радзімы, жаданне заха­ваць яе культурную спадчыну, а самае галоўнае — ідэнтыфікацыю сябе са сваім народам, з яго каранямі, гістарычнай памяццю. Патрыя­тызм праяўляецца не ў гучных словах і заявах, атрыбутыцы і фарсе, а ў простых рэчах. Нельга лі­чыць сябе патрыётам, імкнучыся аддаць забыццю гісторыю свайго народа, нельга стаць патрыётам, адварочваючыся ад сваёй краіны ў цяжкія хвіліны і чакаць лепшых часоў.

“Дык як жа выха­ваць патрыёта?” — спытала я сябе. Як выхаваць дзіця, якое ганарыцца сваёй Радзімай, якое плача ў ­Брэсцкай крэпасці, якое пасля вяртання сказала, што наша Беларусь — самая лепшая краіна і людзі ў нас самыя добрыя.

Быць прыкладам для сваіх дзяцей, жыць з мірам у душы, паважаючы сваю зямлю, сваю гісторыю, свае карані, не прыніжаць іншых, але і сябе не да­ваць у крыўду. Патрыятызм — гэта не знешняя атрыбутыка, а нашы ўчынкі, наша стаўленне, наш светапогляд.