Як выхаваць свядомага грамадзяніна, патрыёта з дапамогай сродкаў мовы і літаратуры

- 16:15Образование

Родная зямля, родныя мясціны, родная мова… Пры адным толькі ўспаміне аб іх душа напаўняецца любоўю і пяшчотай. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне.

З першага матчынага слова, з матчынай песні пачынаецца не проста Радзіма, а штосьці большае, што суправаджае нас усё жыццё. Гэта любоў да Баць­каўшчыны і спадчыны, да сям’і і традыцый народа. Праб­лемы ідэалагічнага выхавання падрастаючага пакалення сёння выхо­дзяць на першы план ва ўстановах адукацыі. Як выхаваць свядомага грамадзяніна, патрыёта? Як мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, можам зрабіць гэта сродкамі прадмета?

Асноўная мэта моўнай адукацыі на сённяшнім этапе развіцця школы заключаецца ў тым, каб мова стала не столькі прадметам навучання, колькі дзейсным сродкам фарміравання асобы, які дапамагаў бы вучням зразумець навакольны свет і прынцыпы ўзаемаадносін людзей у ім. Лічу, што ў сучасных умовах навучанне і выхаванне грамадзяніна з’яўляюцца прыярытэтам.

У  адукацыйным працэ­се краязнаўства выступае ўніверсальным педагагічным сродкам, які дапамагае настаўнікам фарміраваць і развіваць пазнавальныя кампетэнцыі вучняў, іх матывацыйную сферу, актывізаваць іх вучэбную дзейнасць, вы­хоў­ваць рознабакова развітога чалавека. Вывучэнне роднага краю адкрывае шырокія магчымасці для самастойнай дзейнасці вучняў, для пошуку, даследавання і нават адкрыццяў.

Імкнучыся павышаць узровень дасведчанасці дзяцей, развіваць у іх навыкі выразнага чытання, знаёміць з тэорыяй літаратуры, дапамагаючы спасцігаць змест і праблематыку твораў, неабходна абапірацца на краязнаўчы матэрыял, на сувязь беларускай мовы і літаратуры з геаграфіяй і гісторыяй нашай краіны. Для рэалізацыі гэтай мэты прымяняю прыём “Падарожжа ў прасторы і часе”. На ўроках выкарыстоўваю гіс­торыка-геаграфічныя звесткі, што дазваляе не проста зацікавіць дзяцей унікальнымі фактамі, а абу­дзіць іх жаданне да творчасці, навучыць адчуваць прыга­жосць роднага слова.

Вялікае значэнне ў краязнаўстве мае тапаніміка, бо гэтая навука непасрэдна звязана з жыццём дзіцяці і яго сям’і. Большасць назваў беларускіх вёсак лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў, паходжаннем ад імён людзей, асаблівасцямі гістарычнага развіцця. Тапанімічны матэрыял можна прымяніць пры вывучэнні любой тэмы і на любым этапе ўрока.

У ходзе вывучэння фанетыкі, марфемікі, словаўтварэння прапаноўваю вучням для моўнага разбору словы-тапонімы і мікратапонімы Быхаўскага раёна з наступным сумесным тлумачэннем іх этымалогіі. Для развіцця арфаграфічнай пільнасці вучняў ужываю прыём “Лаві памылку”. На дошцы ­запісваю назвы населеных пунк­таў Быхаўшчыны: Ірдіца, Паленінавічы, Дедава, Нераж, Маскі, Людкоу, Сапежынка, Ліпаука, Студёнка, Ўхлясць. Вучням неабходна знайсці памылкі ў гэтых словах. Заданне выконваецца індывідуальна, затым памылкі абмяркоўваюцца ўсім класам.

Для актывізацыі пазнавальнай і практычнай дзейнасці на ўроках мовы выкарыстоўваю метад “Працягні ланцужок”. Так, пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Правапіс у, ў” прапаноўваю вучням працягнуць ланцужок са словамі-тапонімамі на правапіс гэтых літар. На ўрок рыхтую выяву з картай раёна, на якой пазначаны геаграфічныя аб’екты. Задача вучняў — знайсці і працяг­нуць ланцужок са словамі на адпаведнае правіла.

Пры вывучэнні раздзела “Словаўтварэнне” ў якасці прыкладаў прыводжу назвы вёсак: Заброддзе, Забалотнае, Падклённе, Прыбар, Давыдавічы, Палянінавічы, Ліпаўка, Лісічнік. Вучні тлумачаць спосаб іх утварэння, этымалогію, робяць марфемны разбор.

Краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваю пры вывучэнні тэмы “Агульныя і ўласныя назоўнікі”. Дзеці з захапленнем прыво­дзяць у якасці прыкладаў не толькі назвы вялікіх гарадоў і буйных рэк, але і мясцовыя назвы: рака Грэза, рака Макранка, вёска Гарадзец, вёска Лубянка, вуліца Мала­дзёжная і г.д. Што ні вёска — свая гісторыя. Пры вывучэнні гэтай тэмы выкарыстоўваю прыём “Суаднясі назвы”, дзе вучням ­прапаноўваецца суаднесці назвы гарадоў і рэк Магілёўшчыны (Мсціслаў, Быхаў, Горкі, Бабруйск, Крычаў — Дняпро, Проня, Віхра, Сож, Бярэзіна), а потым скласці адпаведныя сказы.

Пры замацаванні тэмы “Род і лік назоўнікаў” выкарыстоўваю прыём “Размяркуй словы”. Вучням трэба размеркаваць уласныя назвы па групах: назвы, якія ўяўляюць сабой назоўнікі мужчынскага роду, жаночага роду, множнага ліку і інш.

З мэтай далучэння вучняў да нацыянальнай культуры, захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў краязнаўчым музеі школы створаны этнаграфічны куток. На ўроку ў 5 класе па тэме “Устарэлыя словы і неалагізмы” выкарыстоўваю экспазіцыі музея. Загадзя даю заданне: вызначыць лексічнае значэнне слоў кубелец, калаўрот, збан, андарак, верацяно. Дзеці дакранаюцца да прылад працы і побыту нашых продкаў, адчува­юць цеплыню рук чалавека, які імі карыстаўся. Заўсёды кажу вучням: “Трымаеце гісторыю ў руках”. Дзеці не проста называюць устарэлыя словы, а складаюць з імі сказы. Такая работа садзейнічае паспяховаму засваенню тэарэтычных звестак, фарміраванню арфаграфічных, пунктуацыйных, стылістычных навыкаў і ўменняў вучняў, развіццю іх звязнага маўлення, творчых здольнасцей. Правя­дзенне такіх урокаў дазваляе ў поўным аб’ёме выкарыстоў­ваць этнаграфічны і фальклорны матэрыял, узбагачаць мову вучняў, развіваць іх інтэлект і памяць, рэалізоўваць прынцып сувязі з жыццём.

Для ўдасканалення арфаграфічных, пунктуацыйных, сінтаксічных і марфалагічных уменняў і навыкаў выкарыстоўваю заданні розных відаў. Напрыклад, пры выкананні заданняў аналітычнага характару па гатовым тэксце прапаноўваю вучням папрацаваць з тэкстам пра вёску Баркалабава, знакамітую сваім Баркулабаўскім летапісам. Заданні могуць быць наступныя: вызначыць стыль тэксту, асноўную думку; уставіць арфаграмы і пунктаграмы, выканаць граматычнае заданне да тэксту. Пры выкананні ­заданняў, якія патрабуюць стварэння новага тэксту на аснове краязнаўчага матэрыялу, прапаноўваю навучэнцам падрыхтаваць вуснае паведамленне на пэўную тэму.

Вялікія магчымасці для выкарыстання краязнаўчага матэрыялу даюць урокі развіцця мовы. Так, на мясцовым матэрыяле праграмай 7 класа прадугледжана напісанне сачынення-апісання вёскі (горада, мікрараёна) з мэтай перадачы сваіх адносін да родных мясцін. У 8 класе вучні ствараюць сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры) на мясцовым матэрыяле. Адным з асноўных напрамкаў патрыятычнага выхавання з’яўляецца шанаванне памяці пра па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны. Вучні абавязкова ў сваіх сачыненнях прыгадваюць помнік вызваліцелям Быхава, помнік піянеру герою Марату Казлову, мемарыял воінскай славы “Лудчыцкая вышыня”. Таксама прапаноўваю навучэнцам тэксты краязнаўчага характару пры напісанні розных відаў пераказу.

Для папярэджвання стамлення вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры праводжу краязнаўчыя фізкультхвілінкі. Лічу, што з дапамогай гульні таксама можна вучыць і развіваць асобу.

На ўроку літаратуры галоўным аб’ектам з’яўляецца мастацкі твор, змест якога спрыяе выхаванню грамадзяніна, які ведае, што такое Ра­дзіма, адчувае сваю адказ­насць за мову, на якой гаворыць, клапоціцца пра інтарэсы Баць­каўшчыны. Краязнаўчыя набыткі даюць магчымасць прымяняць разнастайныя формы работы, такія як слоўнікавая работа пры вывучэнні твораў, знаёмства з мясцовым фальклорам, складанне радаводу, збор і афармленне песеннай спадчыны на мясцовым матэрыяле, складанне тэкстаў розных тыпаў і інш.

На ўроках беларускай літаратуры краязнаўчы матэрыял шырока выкарыстоўваю пры вывучэнні тэмы “Фальклор” у 5 класе. Вучні расказваюць легенды, звязаныя з узнікненнем назваў вёсак, у якіх яны жывуць. Цікавымі з’яўляюцца падабраныя пяцікласнікамі прыметы і павер’і, пра якія ім расказалі бацькі, бабулі і дзядулі.

Пры вывучэнні каляндарна-абрадавай паэзіі асаблівую ўвагу ўдзяляю песням пэўнага цыкла, напрыклад, калядным. Навучэнцы атрымліваюць заданні: азнаёміцца з дадатковай інфармацыяй пра свята, вызначыць мясцовыя асаблівасці святкавання, даведацца ў старэйшых, як святкавалі Каляды раней, якія песні спявалі. Пры арганізацыі такога віду дзейнасці выкарыстоўваю прыём “Інтэрв’ю”, калі вучні выступаюць у якасці карэспандэнтаў.

Адраджэнне нацыянальнай культуры — важны кірунак работы ў нашай навучальнай установе. Фальклор з’яўляецца скарбніцай духоўных каштоўнасцей народа, яго мастацкім летапісам, захавальнікам багатых нацыянальных традыцый. Навучэнцы школы ладзяць пастаноўкі фальклорна-этнаграфічных свят. Яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі з’яўляюцца ўдзельнікамі даследчага руху. Вялікую цікавасць і задавальненне дзецям прыно­сіць стварэнне ўласнага радаводу. Вучні не толькі ўспамінаюць сваіх продкаў, але і расказва­юць пра паходжанне прозвішча сям’і, робяць радаводныя дрэвы. Пры вывучэнні літаратуры таксама заўсёды ўспамінаем мясцовых паэтаў і пісьменнікаў, навучэнцы ствараюць міні-праекты па іх біяграфіях.

Работа па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў сродкамі краязнаўства праводзіцца і ў пазаўрочнай дзейнасці. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у экскурсіях, завочных падарожжах, наведваюць краязнаўчыя музеі, спрабуюць сябе ў конкурсах і г.д. Лагічную завершанасць гэтай дзейнасці надае выкананне вучнямі творчых заданняў, звязаных з развіццём маўлення: напісанне работ у форме замалёўкі, нарыса, верша.

Любоў і павага да працы, мовы, народа, да яго культуры і гісторыі і ёсць фундамент, без якога нельга сфарміра­ваць грамадзянскую пазіцыю. Багаты краязнаўчы матэрыял дапамагае прывіваць навучэнцам цікавасць да моўнага і літаратурнага зместу прадмета, выхоўваць у іх пачуццё любові да сваёй малой радзімы, гордасць за яе вялікае гістарычнае мінулае, за таленавітых землякоў.

Вольга КРАСНІЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Макранскай сярэдняй школы Быхаўскага раёна