Героем-танкістам, афіцэрам з ордэнам Чырвонай Зоркі вярнуўся з вайны, каб зноў працаваць у школе на Палессі, настаўнік Франц Паўлавіч Лешчанка. І яго дачка пайшла па жыцці педагагічным шляхам, пад яго ж прозвішчам: Ніна Лешчанка — ветэран працы з Веткі. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” паслухаў яе ўспаміны пра вайну, пра бацьку і пасляваеннае адраджэнне адукацыі ў вызваленых раёнах Беларусі.
Неабходная прадмова-ўдакладненне. Пра памяць…
Ніна Францаўна не герой вайны і не ўдзельніца: родам яна з 1936-га. Бацька героем быў, а яна — без узнагарод. Матэматыку выкладала пасля інстытута ўсё жыццё, як і Франц Паўлавіч. У яе па-ранейшаму светлы розум і жывая думка, дакладная. Цікавы нюанс. Пачыналі мы размову, і Васіль Самкоў, які ўзначальвае Веткаўскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сказаў, што імя Ніны Францаўны заўсёды было на слыху: “Таму што настаўніца яна — заслужаная, педагог цудоўны, працавала доўгі час у 1-й школе райцэнтра”. На дыктафоне яе словы-ўдакладненне: “Аніякіх у мяне ўзнагарод…” Самкоў: “Хоць і звання заслужанай няма, ды ўсе пра яе тут ведалі. Настаўніца першай катэгорыі”. А яна зноў: “Звычайная настаўніца… Матэматыку выкладала”.
Ці толькі “матэматычны склад розуму” ў гэтым бачны? Не толькі… Гранічная шчырасць. Уменне глядзець праўдзе ў вочы і яе не прыхарошваць. А мы здольныя не заўважаць нюансаў, калі нам тое выгадна. Ці рабіць акцэнт “на тым, што патрэбна”. Мы сацыяльна праяўленых людзей шукаем для публікацый. А “звычайныя”? Са сваёй праўдай жывуць яны за кадрам грамадскай увагі… Нашай увагі, калі дакладна. Казаў я пра будучую публікацыю пасля Веткі — здзіўленне ў вачах калегі: “А што пісаць?.. Малое дзіця ў вайну, што можа помніць…”
Нам і ўявіць сабе цяжка, ШТО яны помняць. Так, прадметы ў школах вялі, а пра сваё ваеннае мінулае на ўроках не згадвалі: што перажылі, што нясуць у памяці праз усё жыццё. У адной з выхавальніц (Лідзія?..) у лагеры камсамольскага актыву Брэстчыны “Равеснік-1976” на руцэ быў выкалаты нумар: яна малою прайшла праз фашысцкі канцлагер… А неяк выкладчыца педвучылішча з Мінска, Святлана Зрачава (у замужжы Янушкевіч), дзіця вайны, расказвала мне, што найпершае і моцнае ўражанне ў яе жыцці “тое, як нас з мамай фашысты збіраліся расстраляць альбо спаліць”. Адзін з эпізодаў, які ўрэзаўся ў памяць яе, 3-гадовай: “…Потым аддзялілі старых і хлопчыкаў ды пагналі ў вёску, а куды пагналі мужчынскую групу — не памятаю. Мы ішлі па мастку цераз рэчку Грэзу. І ў маладой жанчыны на руках увесь час плакала грудное дзіця. Тады адзін фашыст выхапіў тое маленькае з рук маці, у жывоцік усадзіў штык, разарваў дзіця за ножкі — ды выкінуў у рэчку… Вось з тых страшных падзей я пачала памятаць сябе як асобны чалавек, як асоба”.
Яны памятаюць. Іх варта паслухаць — пакуль яшчэ не позна.
Штрыхі да партрэта героя-настаўніка
“Лещенко Франц Павлович, 1911 г.р. Лейтенант, в РККА с 1941 года. Место рождения: Белорусская ССР, Бобруйская обл., Гресский р-н, д. Рудня. Место призыва: Туровский РВК, Белорусская ССР, Полесская обл., Туровский р-н. Место службы: 78 отбр. Дата подвига: 04.03.1945—07.03.1945”.
Такія сціслыя звесткі ёсць у дакументах, даступных у электроннай базе даных “Подвиг народа”. Там жа і пра медаль “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.” і апісанне подзвігу, за які камандзіру танка ўручылі ордэн. Побач са словамі пра лейтэнанта Лешчанку, які “проявил доблесть, мужество и отвагу”, напісана: “умело командуя экипажем танка в бою, увлекал наступающую пехоту вперед, в результате чего огневое сопротивление было подавлено и оборона противника прорвана”. У выніку: вызвалена 10 населеных пунктаў. Сам жа Франц Лешчанка “в бою 7.3.45 был легко ранен и остался в строю”.
Лічбы ў дакуменце — гэта 7 сакавіка 1945-га. Каго тады вызваляў беларускі настаўнік, за каго кроў праліваў, як і сотні тысяч іншых савецкіх салдат? Вызваляў прыгнечаныя фашыстамі народы краін Еўропы. А яны цяпер актыўна “вызваляюцца” ад памяці пра страшэнную пандэмію “карычневай чумы”, якая тады мільёны, дзясяткі мільёнаў людзей раструшчыла, вынішчыла…
Вайна, як і памяць, для ўсіх розная. У Франца Паўлавіча была свая памяць пра вайну. Аднак пра яе расказваў бацька дзецям вельмі мала, і то ў асноўным сынам. А што ведае-памятае пра вайну дачка?
Пачатковая матэматыка
Франц Лешчанка з жонкай
“Бацька быў родам са Случчыны, — расказвае Ніна Францаўна. — Удзельнік вайны, а як вярнуўся да нас у 1946-м, то быў дырэктарам школы. Скончыў настаўніцкія курсы, ці педкласы: у 1931-м ці 1932-м. Яго накіравалі ў Пагост працаваць, у тагачасны Тураўскі раён. Потым, зразумела, былі ў яго свае жыццёвыя ўніверсітэты. У Пагосце сустрэў і пакахаў сяльчанку-дзяўчыну — маю маму. Ён малады хлопец-настаўнік, а яна сірата, Надзея Пракопаўна Кузняцова. Жыла са строгай сястрой, якая была старэйшай і баялася: вось пажартуе малады — і кіне. Але ж і ён маху не дасць: калі што захацеў, то свайго дасягне. Характар меў моцны: па адукацыі настаўнік матэматыкі (завочна скончыў Гомельскі педінстытут на пачатку 50-х, здаецца), выкладаў мала, бо ўсё жыццё быў на кіруючых пасадах. Яны пажаніліся на пачатку 30-х і да вайны паспелі чацвярых дзяцей нарадзіць. Я другая па ліку была, старэйшая сястра — з 1934-га, брат — гады праз два пасля мяне, і потым яшчэ адзін, з 1940-га”.
Ну вось і акрэслілася такая жыццёвая “задачка”. Дадзена: у сям’і настаўніка на пачатак вайны — чацвёра дзяцей. Якім у 1941-м было 7, 5 (самой Ніне Францаўне), 3 і 1 год. Ад гэтай “сумы” ў чэрвені 1941-га аднімаюць 1: Франца Лешчанку мабілізавалі адразу, як пачалася вайна. Якая стаіць задача перад бацькам? Перамагчы ворага і вярнуцца дадому жывым. А перад маці з дзецьмі? Правільна: выжыць у акупацыі.
І якія ж будуць рашэнні?
“Лажыся ў межку”
Дырэктар Тураўскай беларускай сярэдняй школы Франц Лешчанка (у цэнтры) з калектывам настаўнікаў. Канец 1940-х гадоў
“Калі прызывалі бацьку, то мы жылі ў Азяранах, побач з Пагостам, а тата працаваў там дырэктарам сярэдняй школы, — працягвае мая суразмоўніца. — Ён пайшоў, мама з намі засталася: такі хвост у яе. Жылі мы ўвесь час пры школе, колькі я памятаю. То мы адразу перабраліся да мамінай сястры ў Пагост: у яе хата свая, там і жылі. Прыйшлі ў хуткім часе немцы туды: гэта кіламетраў за 10 ад Турава. У цёткі быў муж, па стане здароўя ў войска яго не забралі. Дык немцы па вёсцы праехалі, усіх мужчын сагналі ў царкву, потым прайшліся па іх аўтаматнымі чэргамі, царкву з людзьмі спалілі…
Так засталіся мы, чацвёра малых, з мамай і цёткай. Памятаю асобныя моманты, як мы на поле ўсе разам хадзілі нешта палоць. Як тады жанчынам было цяжка!.. Ідуць у поле — і нас з сабою. Пакідаць баяліся: вайны пачатак, лета. Яшчэ, напэўна, там ішлі баявыя дзеянні.
Дык самалёты нямецкія ляцяць і бомбы кідаюць. Мама нам крычыць: “Кладзіцеся ўсе на зямлю! У межачку!” Гэта каб хоць неяк схавацца. Памятаю, адляцелі самалёты, а на тварах у нас камячкі зямлі, смецце, лісточкі-травінкі. Мама агледзелася ды кажа сынам: “Куды ж вы пападалі? Я ж вам казала: у межку! А вы — на самым адкрытым месцы”. Гэта мне помніцца.
Мы шмат усяго ў вайну перажылі… Мама ўвесь час баялася: мы ж сям’я камуніста. Як толькі дзе крычаць “Немцы!” ці яшчэ і “Паліцаі!”, то хаваліся ўсе. Хапае нас — і куды? Ад Пагоста ўбаку могілкі, там царква стаяла, мы туды беглі. Потым памянялі месца жыхарства: у мамы ў Азяранах жыла стрыечная сястра з мужам, якога па ўзросце не забралі ў войска. У іх былі два сыны, ужо старшакласнікі. А таксама дачка замужняя і яе дзеці. Дружная, добрая сям’я была. Дык яны, як агледзеліся, што навокал робіцца, схаваліся ўсе ў лесе — і мы шасцёра з імі ў лес. І жылі там цэлых 10 месяцаў. Там і зімавалі”.
За простай, здавалася б, фразай “памянялі месца жыхарства” сёння і не ўбачыш трагедыю вёскі Пагост. І калі б сям’я камуніста Лешчанкі там затрымалася… Аднак Усявышні ж даў яшчэ адзін шанс сям’і, канкрэтна гэтай: выжыць. Рыхтуючы нататкі, я знайшоў пра Пагост: “По архивным данным, в деревне было 198 домов, проживали 905 мужчин, женщин, детей… Но 22 августа 1941 года сюда ворвались фашисты и полицаи. Они сожгли 163 жилища. Убили более 50 человек, включая младенцев, 14 человек расстреляли и сожгли в деревянном доме, где прежде размещался колхозный детсад. У чудом оставшейся в живых Устиньи Дмитриевны Ильеня, которой тогда было пять годиков, фашист убил мать, отца, братика двух лет, еще кормившуюся грудью сестричку и бабушку 84 лет. Затем убийца протянул девочке конфету, которую она оттолкнула”.
Бесчалавечны твар вайны менавіта ў такіх дэталях найлепш бачны. І на якой жа тоненькай, малюсенькай нітачцы вісела тады жыццё ў тым ліку і Ніны — таксама пяцігадовай! — сведчаць такія факты: “Всего на фронтах и в партизанах погибли около 70 жителей Погоста, мирных жителей — более 80. Картина, повторим, типичная. В Житковичском районе фашисты и полицаи уничтожили 7 деревень. В деревне Запесочье под Туровом, например, также 22 августа 1941-го каратели убили более 250 жителей…”
Пешшу за лінію фронту
Цяпер вы лепш разумееце, што прымусіла людзей сысці ў лес? А як жылі яны 10 месяцаў там, у лесе? Можа, зямлянку якую збудавалі?
“Не было ніякіх зямлянак: балоты ж навокал, — гаворыць Ніна Францаўна. — Таму з галля ці жэрдак ставілі курані — як абарону ад холаду, снегу, дажджу, і ўверсе там дзірка: невялічкае вогнішча ўсярэдзіне, і дым туды сыходзіў. Пашанцавала, што мужчына, які з намі быў, раней з лесам працаваў, можа, лесніком. Ён добра лес ведаў. І калі туды іншыя ўцякалі, ля нас прыставалі, дык Васіль асцярожнічаў: не хацеў, каб шмат людзей збіралася разам. Тое магло прыцягнуць непатрэбную ўвагу. Калі бачыў, што людзей большае, мы з пажыткамі пераязджалі ў іншае месца: былі ў нас два кані з калёсамі…”
Тады, казалі дарослыя, лінія фронту падышла да тых мясцін: гэта ўжо дзе вёска Тонеж, таксама Тураўскі раён. І Васіль вырашыў: трэба да сваіх прабірацца, за лінію фронту.
“…Дзве фурманкі, дзве каровы — наша і цёткі Тані. Дык вось, мая старэйшая сястра Валя вяла карову, а мама — другую. На падводу ўзялі толькі малодшага брата, яму было тады два-тры годзікі. Астатнія — пешшу. І я таксама. Памятаю, як ішла. Зіма была якраз такой, як сёлета, з адлігамі. Мы ідзём — і, мабыць, замерзлае балота пад намі. Дарога па ім — зімнік. То людзі ездзілі, хадзілі — увесь лёд паламаўся, пакрышыўся на крыгі. Я ішла па той ледзяной вадзе. І вельмі запомніла, што вострыя крыгі, якія плавалі вакол, білі мяне па нагах, прычым вышэй каленяў. Я так абяссілела, што ззаду за ўсімі плялася. І ў нейкі момант са мной побач нікога не было. Мама час ад часу вярталася. Так я і брат пляліся. Дык яна паднясе яго да фурманкі, паставіць, а я ж вялікая, мяне на рукі не брала: за руку вядзе. І вось ужо амаль мы на лініі фронту. Адсталі я, мама і гаспадар Васіль — ён адлучыўся па сваёй патрэбе. Ідзём, а ў мяне адчуванне: за намі нехта сочыць. Павярнуліся — немцы: разведчыкі ў белых маскхалатах, чалавек шэсць. Падняліся — і да нас. “Русь… русь… русь…” — нягучна казалі, я запомніла. “Мама, гэта ж немцы!..” Яна мне: “Цішэй…” А яны ж і самі стараліся не шумець, бо недалёка ўжо нашы. Тыя, хто пры падводах, ужо не бачылі немцаў. А яны Васіля схапілі — і з ім пабеглі. Яго, потым даведаліся, завялі ў Тураў, і там ён у лагеры быў. Далей мы ішлі без яго, а як да падвод дайшлі, то ўжо яны сустрэліся з нашымі”.
Як бачым, лінія фронту ў балоцістай мясцовасці Палесся была іншай, чым нам уяўляецца. І калі дарослыя з “пераходнікаў” расказвалі чырвонаармейцам, што бачылі толькі што немцаў, тыя ўспрынялі гэта як належнае: “А, яны тут часта бываюць…”
“Так і аказаліся мы ў сваіх. Вельмі ўсе стаміліся — да знямогі, прамоклыя наскрозь у ледзяной вадзе. Так змучыліся, што ісці далей не маглі.
А нас жа на перадавой пакідаць было нельга, — дзеліцца ўспамінамі Н.Лешчанка. — І ўсё ж нам дазволілі ў нейкую вёсачку заехаць, пераначаваць хаця б пару начэй. Я памятаю тую першую раніцу. Прачнуліся мы, дзеці, а ўстаць, хадзіць не можам. Гэтак балела ўсё! І мы поўзалі… Дык гаспадары паглядзелі на тое — кажуць: “Куды вам ехаць, пажывіце тут…” І мы ўжо хоць пры фронце, але ж у сваіх! Там у нас, што называецца, жыццё пачалося. Здаецца, мама нейкую дапамогу атрымлівала: чацвёра ж малых пры ёй…”
Хто страляў у дырэктара школы?
Колькі ж ёй цяпер? “Ой, нават баюся сказаць…” Спрабую інакш: “Бачна, Ніна Францаўна, што душа ў вас па-ранейшаму маладая і ў вачах бляск”… Усміхаецца, пазірае з лёгкай гарэзлівасцю на Васіля Самкова: “Праўда, Васілевіч?.. А ў пашпарце напісана, што зусім старая. І мне, як кажуць, добра за 80. Але па-ранейшаму імкнуся жыць паўнацэнна, хоць і з узростам у ладзе”.
Агародчык у яе невялічкі ёсць, кветнік пры доме. З мужам гэты дом на вуліцы Азёрнай самі будавалі (Аляксей Аляксеевіч Грамыка таксама быў настаўнікам: вёў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў 1-й школе Веткі), засяліліся ў канцы 70-х. І гэта, як высветліцца пазней, яе першы ў жыцці СВОЙ дом: не чужы, не казённы, не студэнцкі інтэрнат і не здымная ці прышкольная кватэра, па якіх увесь час жыла сям’я дырэктара школы франтавіка Франца Лешчанкі.
Забягаючы наперад у аповедзе пра пасляваенны час, Ніна Францаўна кажа, што замуж выйшла ў 1963-м. У Ветку прыехала пасля заканчэння педінстытута, да таго сям’я жыла ў Тураве.
“Бацька вярнуўся з вайны — у Пагост (а мы там жылі пасля вызвалення) у 1946 годзе. І адразу ж пайшоў, помніцца, у Тураўскі райаддзел народнай асветы: на працу ўладкоўвацца. Дык там распыталі яго, дзе ваяваў і кім, і пакінулі ў райцэнтры: паставілі са жніўня 1946-га дырэктарам 1-й тураўскай беларускай школы. А потым яшчэ ён папрацаваў і загадчыкам райана: здаецца, да 1959 года”.
У Ніны было шмат аднакласнікаў: пасля вайны яны ўсе ішлі ў першы клас. Можа, з тры паралелі ўтварылася. Згадваючы вучобу, Францаўна расказвае і тое, чаму сям’я пераехала з Турава ў Ветку. І гэтая гісторыя сведчыць: вайна не закончылася ў 1945-м.
“Сярод маіх аднакласнікаў вучыўся хлопец… я б сказала, проста бандыт, можа, па сваёй прыродзе. З часам ён вучобу кінуў і нават у турме пасядзеў. А калі мы на дзяўчат браліся, хадзілі на вечары ў школу — і ён прыходзіў. А неяк, расказвалі мне, учыніў бойку жорсткую. І тата як дырэктар школы такія справы не пускаў на самацёк: умешваўся сам, не пакідаў разборкі на некага. Ён жа франтавік, чалавек рашучы. Карацей, выгнаў нягодніка. Той зноў прыйшоў… І ўрэшце тата выклікаў міліцыю, забралі яго. А той пакрыўдзіўся — і вырашыў адпомсціць…”
У пасляваеннай адукацыі былі адметнасці: вайна пакінула свае міны-“расцяжкі” ў некаторых юных душах. Адных, ведаем, калечыла фізічна — пра тое і верш Рыгора Барадуліна “Палата мінёраў”: “Руку аднагодак працягвае мне, // Пацісну я куксу ў шрамах, бы ў разорах, // I порахам ды марганцоўкай дыхне // З раённай бальніцы “палата мінёраў”. А некаторыя дзеці, падлеткі за гады акупацыі ўпусцілі бруд вайны ў свае душы. І для такіх, асабліва калі хто прайшоў яшчэ і турэмную “школу”, вайна доўжылася потым усё іх жыццё. Па яе самых бесчалавечных законах…
“Ну, патрымала трохі таго буяна міліцыя — і выпусціла. Тады на гары, на ўскрайку Турава, стаяла школа — двухпавярховы будынак. Цяпер, пэўна што, няма. У школе ў адным канцы была кватэра дырэктара: мы жылі. Адтуль ідзеш — і дзверы ў клас: наша памяшканне праз сцяну з класам. І вось быў першы дзень заняткаў пасля зімовых канікул. Хлопец той, пакрыўджаны, даведаўся, у якім класе бацька. І прыйшоў яго застрэліць… Уваход у клас — у той жа сцяне, што і дошка. Бацька ўрок вёў, нешта ля дошкі тлумачыў, а дзесяцікласнікі сядзяць, слухаюць: мае аднакласнікі, наша паралель, а клас не мой. Той заскоквае ў дзверы, выхапіў зброю — і страляе ў бацьку. А тады ўцёк… Тата разгубіўся спачатку, толькі дзверы за ім зачыніў. І ў выніку таго павязалі. Потым засудзілі, але паколькі чалавека і не параніў, то, відаць, не на шмат гадоў. І потым ён пасля турмы — у Тураве зноў. То да мамы даходзілі чуткі, што злачынца казаў: не забіў, дык заб’ю… І маме тое ў галаву як зайшло! Мы ж у вайну шмат страшнага перажылі, а тут і не вайна ўжо — а ты жыві ды бойся. Хто ад такога засцеражэ? Яна казала бацьку: калі так, то нам не патрэбен гэты Тураў. Куды хочаш давай з’едзем, але толькі далей адсюль. Бацька, які тады працаваў загадчыкам райана, у Гомель паехаў, расказаў пра ўсё — і яго перавялі ў Ветку. Тое было ў 1959-м, я інстытут заканчвала. Так што пачынала свой працоўны шлях ужо тут”.
Між тым з ранейшых сустрэч у Тураве я ведаю: пагрозы для пасляваенных настаўнікаў, а тым больш дырэктараў школ, ды яшчэ камуністаў, для іншых прадстаўнікоў савецкай улады сыходзілі не толькі ад злачынцаў-адзіночак. У палесскім рэгіёне пасля вайны дзейнічала і банда так званых бульбаўцаў. Пра тое расказвалі мне настаўніца 2-й школы Таццяна Сілкова — дачка Івана Герасімавіча Сілкова (франтавік, танкіст, педагог, ён і змяніў Лешчанку на пасадзе загадчыка Тураўскага райана ў 1959-м), а таксама настаўнік гісторыі той школы Аляксей Мароз — яго ўнук. Зрэшты, пра пошасць, якая наводзіла страх у наваколлях пасляваеннага Турава, будзе варта расказаць асобна. І, можа, думаю, унікнуць глыбей у тэму будзе цікава мясцовым старшакласнікам. А імя Франца Паўлавіча ёсць і ў летапісе згаданай школы (2-я тураўская, раней называлі “беларуская”, і ёсць пераемніца традыцый “школы на гары”, пра якую Францаўна расказвае), і здымкі з героем — таксама. Каштоўны матэрыял даслаў Аляксей Мароз.
З Франца Лешчанкі бралі прыклад
З тых пасляваенных дзяцей, якіх выводзіў з ваеннага дзяцінства ў людзі баявы афіцэр-ардэнаносец Франц Лешчанка, многія пайшлі ў педагогі. Спадзяемся, пасля гэтай публікацыі нехта з іх адгукнецца, падзеліцца ўспамінамі пра настаўніка — як з тураўскіх выпускнікоў, так і з пазнейшых: з 1-й веткаўскай школы.
“Мы з сястрой цяпер гаворым, успамінаем, якая ў нас была сям’я. З вышыні гадоў тое добра відаць. Думаю, многія вучні з нашага бацькі бралі прыклад: як у выбары прафесіі, так і ў зносінах з людзьмі, у стаўленні да справы. Увогуле я лічу, што ў нас была ідэальная сям’я. Мама вяла хатнюю гаспадарку, займалася нашым выхаваннем. Бязмежна ўдзячныя мы ёй, што ў вайну зберагла нас усіх. І потым увесь час мы жылі з бацькамі ў школе. Нават агарода свайго не мелі. Калі раптам узнікалі размовы такія, пра сваю градку, бацька быў строгі: не лезь, гэта школьнае! Камуніст, як кажуць, да мозгу касцей. А ні макавінкі анідзе чужога не ўзяць, найперш думаць пра справу, якую робіш, а не пра сябе, і нават не пра сваю сям’ю. Вось так і жылі. Маме казаў: “Калі табе што трэба — ідзі на базар і купі”.
— Ніна Францаўна, што іншыя казалі пра яго? Ён жа пасля вайны быў адным з тых, хто падымаў адукацыю. А дзеці — яны былі паслухмяныя ці за вайну адбіліся ад рук?
— Дзеці як дзеці. Ведаеце, той выпадак, са стрэлам, пра які я расказала, — адзіны такі быў. Больш канфліктаў з бацькам я не памятаю. І хваліць мне свайго бацьку неяк не з рукі… Для мяне ён, вядома ж, быў найлепшы за ўсіх. Я лічу: такіх людзей увогуле ў свеце мала, як у мяне быў бацька. Сумленны, прыстойны, справядлівы. Парадак у школе трымаў. Вучні казалі: “Ого-о-о, Франц Паўлавіч! Калі трэба для справы, дык ён і кулаком памахае”. (Смяецца.)
— А калі каго за вуха?..
— Не, такога не ведаю. Я не бачыла, каб некага ён зачапіў, нават са сваіх дзяцей. І не лаяў ён, калі што — адчытваў. Ага, вось адзін раз, памятаю, дасталася брату старэйшаму: яны з малодшым куралесілі, а той пакрыўдзіў меншага. Дык даў яму бацька — ну, па тым месцы, адкуль ногі… А больш не памятаю, каб нас калі караў. Братоў — так, у кут, бывала, ставіў. І яны слухаліся: колькі трэба стаялі. Тут я разумею, бо часам адных слоў для выхавання і не хапае…
— А яшчэ ён чым вас выхоўваў?
— Найперш сваім уласным прыкладам. А яшчэ музыкай і спевамі! Ён добра граў на гармоніку, спяваў — і брат старэйшы быў адораны. Помню, яшчэ ў Пагосце жылі. Бацька толькі з вайны прыйшоў, а там хтосьці таксама вярнуўся з трафейным гармонікам, а граць не мог. Дык бацька пойдзе туды — і з братам, часцей старэйшы Лёня прасіўся з ім. У яго быў талент. І вось яны ўдвух: бацька грае, а сын, каб не перашкаджаць, і пад стол мог залезці. Глядзіць ва ўсе вочы. Бацька, вядома, заўважыў і здольнасці яго, і жаданні, таму, як стаў дырэктарам, змог недзе для школы купіць гармонік, а наш Лёня ўжо з класа не вылазіў. Самастойна займаўся, асвоіў гармонік. Пазней, памятаю, выпускнікі ў бацькі былі здольныя, адзін паступіў у Маскву, у Ваенную акадэмію. А калі ў іх там была паездка ў ГДР, то па бацькавай просьбе ён прывёз акардэон — для сына. Лёня сам яго асвоіў недзе ў 5-м ці 6-м класе, потым па дапаможніку і ноты. Карацей, талент у брата быў: і ў музыцы, і ў матэматыцы. Ён і выкладчыкам потым у ВНУ працаваў, але маладым загінуў. Такая вось яго доля…
Чаму дырэктар свой дом не збудаваў?
Францу Лешчанку цікава было працаваць менавіта ў школе. Калі ў Тураве пабыў загадчыкам райана, то потым казаў: не, гэта не маё. Падабалася быць побач з вучнямі.
“Як было ў Тураве, так і ў Ветцы сям’я наша зноў пасялілася пры школе. Тады 1-я была ў трох карпусах, а па сутнасці хатах, і ў адной з іх мы жылі. Калі я ў 59-м заканчвала інстытут, мама хварэла, папрасіла быць каля яе. Браты яшчэ ў інстытутах вучыліся. Увогуле ў нас усе дзеці ў сям’і атрымалі вышэйшую адукацыю! Калі мы сталі дарослыя, то неяк, седзячы за сталом, я запытала ў бацькі: “А вы чаму ўсё жыццё вось так, без свайго кута?” У мяне ж былі сябры, і ва ўсіх амаль бацькі пасля вайны будаваліся. Дык ён мне сказаў, запомнілася: “Вядома ж, усе будаваліся… Я разумею… Але ты не думаеш пра тое, што я вам даў чатыры дыпломы?” Так што не было калі, не было і за што яму будавацца…”
Пасляслоўе. Зацемкі на памяць
Франц Лешчанка 10 гадоў пабыў дырэктарам 1-й веткаўскай школы, якая цяпер носіць імя Андрэя Андрэевіча Грамыкі. З 1969-га, калі здароўе пачало падводзіць, менш за год папрацаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У 58 гадоў, 2 студзеня 1970-га, яго не стала: здало сэрца.
Ягоныя дочкі Валянціна і Ніна, сын Леанід прадоўжылі дынастыю педагогаў. Сёстры закончылі фізіка-матэматычны факультэт у Гомельскім педінстытуце імя Чкалава: старэйшая ў 1958-м, а Ніна Францаўна праз год. Усе трое працавалі матэматыкамі, выкладчыкамі. Леанід Францавіч выкладаў у Гомельскім політэхнічным інстытуце, трагічна загінуў у 1986-м. Мая субяседніца ў педагогіцы адпрацавала “па поўнай праграме”, у тым ліку з 1967 года да выхаду на пенсію ў 1989-м — у 1-й веткаўскай школе: “звычайнай настаўніцай матэматыкі”.
Калі напрыканцы размовы я пацікавіўся, ці ёсць у яе “педагагічны працяг”, сказала: “Ёсць! Зараз пакажу…” Прынесла кнігу “Імя табе — Настаўнік” (2023) пра педагагічныя дынастыі Міншчыны, і там разам з Васілём Самковым на старонцы 204 адшукалі патрэбнае. “Вось! Мінская выкладчыца Таццяна Аляксееўна — мая дачка, матэматык таксама. Мы ўсе з дынастыі Лешчанка!” І адна з унучак Францаўны вывучылася на педагога, цяпер у іншай прафесіі. А старэйшая “пайшла па музыцы”: закончыла музвучылішча і працавала ў школе.
За далеччу гадоў застаўся стары будынак Тураўскай беларускай школы на Замкавай гары. Здымак 1968 года, вялікая паводка на Прыпяці
Яшчэ адна часцінка зберажонай памяці — запісы ў дасланым у рэдакцыю летапісе 2-й тураўскай школы: “Пасля заканчэння вайны ў Тураве на Замкавай гары быў пабудаваны новы драўляны двухпавярховы будынак школы (1946 г.). Сама школа пачала дзейнічаць з 1943 года (заняткі праводзіліся ў памяшканнях прамкамбіната). На той час школа мела назву: Тураўская сярэдняя школа”.
А гэта непасрэдна пра Лешчанку: “У 1946 годзе дырэктарам школы стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Франц Паўлавіч Лешчанка”. Пра яго як пра добрага, чулага, спагадлівага чалавека і таленавітага кіраўніка ўспаміналі калегі. У гэтага дырэктара, па іх словах, не было недахопаў, і не ўмеў ён рабіць людзям нічога дрэннага.
Яго называюць кіраўніком вялікай школьнай сям’і: бо ў той час у школьным інтэрнаце праз сценку жылі вучні і сям’я дырэктара. Таму ў пазаўрочны час Франц Паўлавіч быў для іх усіх бацькам і старэйшым братам. Асаблівы клопат і ўвагу дырэктар праяўляў да кожнага вучня, хваліў за поспехі, прыкмячаў памылкі. На яго ўроках школьнікі атрымлівалі не толькі веды па матэматыцы, настаўнік вучыў іх адкрываць у сабе дзве важныя якасці: дабрыню і чалавечнасць.
Усе памятаюць яго і як адоранага, музычнага чалавека. Добра граў на гармоніку, іншых народных інструментах, але найбольш яму падабалася скрыпка. Хораша спяваў, ведаў шмат украінскіх народных песень, а яго любімай была “Бяроза”. У 1954-м Франц Паўлавіч стаў загадчыкам Тураўскага райана. У 1959-м пераехаў з сям’ёй у Ветку: стаў дырэктарам веткаўскай сярэдняй школы № 1”.
Кажуць: біяграфіі настаўнікаў прадаўжаюць іх вучні, потым вучні вучняў. А таксама і дзеці, унукі, праўнукі. А вось памяць… Ці зберажом мы тую памяць пра вайну, якую неслі ў сабе праз усё жыццё нашы настаўнікі? Варта б запісаць іх успаміны, бо ў лаканічных радках біяграфій мала што кранае за душу. А тым яна і каштоўная, памяць: душэўнасцю і цеплынёй. Нават тады, калі гэта памяць патомнага матэматыка — як у Ніны Францаўны Лешчанка.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара, з сямейнага альбома Ніны Лешчанка,
з фондаў Тураўскага краязнаўчага музея і з музея тураўскай школы № 2