Як юрыст з Полацка змяніў прафесію і стаў пераможцам конкурсу «Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера»

- 14:15Персона

Палачанін Мікіта Ядрэўскі працуе на радзіме ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. З мінулага навучальнага года ён вядзе заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах.

За гэты час кіраўніц­тва ўстановы ацаніла прафесійны патэнцыял маладога спецыяліста: сёлета Мікіту Уладзіміравічу даверылі яшчэ і пасаду педагога-арганізатара. Акрамя таго, ён са школьных гадоў выступае ў скла­дзе народнага тэатра “Пілігрым”, другі год запар на канікулах уладкоўваецца выхавальнікам у дзіцячы аздараўленчы лагер “Чайка” Полацкага РЦДіМ, завочна вучыцца ў БДПУ. Дарэчы, па першай адукацыі мой суразмоўнік — юрыст, але ўсё ж аддаў перавагу педагагічнай дзейнасці. Нагодай для сустрэчы паслужыла ўпэўненая перамога прадстаўніка Віцебшчыны ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера”, які завяршыўся ў НДЦ “Зубраня”.

Убачыць напрацоўкі калег

— З якой мэтай удзельнічалі ў конкурсе? Якія ўражанні?

Давайце шчыра: хто з канкурсантаў не марыць перамагчы? Без гэтай задачы нумар адзін, рашэнне якой уключае падтрымку калектыву, пэўны разлік, імк­ненне і гатоўнасць да працы, навошта ўвогуле за гэта брацца? Зразумела, многае залежала ад прафесійных кампетэнцый, многае — ад імправізацыі, напрыклад, калі табе прапаноўва­юць педагагічную сітуацыю і ты шукаеш яе рашэнне. Але галоўны складнік — падрыхтоўка,
камандная работа ў першую чаргу. Я вельмі ўдзячны калегам за дапамогу: мая перамога, несумненна, азначае наш агульны поспех. Уражанні ад конкурсу незабыўныя. Інтэнсіў такі, што не заставалася часу, як у народзе кажуць, прадыхнуць. Толькі на заключным этапе за тры дні адбыліся майстар-клас і выхаваўчае мерапрыемства, прэзентацыя візітоўкі і асабістага прафесійнага вопыту, вырашэнне педагагічных сітуацый, тэсціраванне па педагогіцы і псіхалогіі, публічнае выступленне. Затое бонусам да конкурсу ідзе каласальны прафесійны вопыт. Ва ўсякім выпадку для сябе я знайшоў, што буду прымяняць у рабоце. Канкурсанты атрымалі магчымасць убачыць напрацоўкі калег з іншых рэгіёнаў і паказаць свае, на новым узроўні ацаніць іх, каб потым штосьці ўдасканаліць.

— Тэму публічнага выступлення загадзя ведалі?

Па ўмовах конкурсу тэму я даведаўся непасрэдна ў “Зубраняці”. Мне выпала блізкая і вельмі важная для мяне і ўсіх нас тэма: захаванне гістарычнай памяці. Як гісторык магу сказаць, што сёння гэта не проста факт, а складаны сацыяльны працэс. Невыпадкова Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу падкрэсліў, што мір на зямлі немагчымы без гістарычнай памяці.

Кожны крок, кожны наш учынак, кожнае дзеянне — працяг нашай багатай гісторыі. Адказнасць велізарная. Мы жывём у час, калі захаванне памяці стала свяшчэнным абавязкам кожнага чалавека. І гэта адна з асноўных задач педагога. На нашай гераічнай і шматпакутнай зямлі існуе мноства мемарыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Брэсцкая крэпасць, Хатынь, Азарычы, урочышча Пяскі ў Полацку… Пасля іх наведвання дзеці не застаюцца ранейшымі — яны пачынаюць глыбей разумець, наколькі важныя мір і свабода, якой страшнай цаной яны былі заваяваны. Па сабе ведаю: у такія моманты фарміруюцца маральныя арыенціры, якія застаюцца з намі на ўсё жыццё. Бо гэта не проста памятныя мясціны, а наш агульны боль, памяць сем’яў і пакаленняў, частка душы беларуса. У гістарычнай памяці народа жывуць нашы дзяды і прадзеды, абаронцы Айчыны. Яны навечна маладыя і смелыя. Яны загінулі, але не забыты. Мы абавязаны захоўваць успаміны нашых продкаў, працягваць іх справы, не забываць памятныя даты. Мы павінны данесці да дзяцей, хто мы такія і адкуль пайшлі, быць для вучняў прыкладам, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, вывучаць гісторыю і яе ўрокі. Пакуль мы памятаем аб вайне, на нашай зямлі захоўваецца мір.

Даўняя мара і любімыя ролі

— Вы маеце юрыдычную адукацыю і стаж работы па спецыяльнасці. Чаму змянілі прафесію?

На ўласным вопыце пераканаўся: калі штосьці насамрэч тваё, яно цябе знойдзе. З дзяцінства мне падабалася гісторыя. Дзякуючы настаўнікам роднай полацкай школы № 8, зацікаўленасць перарасла ў актыўнае захапленне. Я ўдзельнічаў у грама­дзянска-патрыятычных праектах, грамадскім жыцці. З асаблівай цеплынёй успамінаю наш школьны музей, экспанаты, за кожным з якіх стаяць людскія лёсы, даследаванні, канцэнтраванае адчуванне адзінства мінулага і сучаснасці. Да гэтага месца я сэрцам прыкіпеў. Пасля школы бачыў сябе студэнтам-гуманітарыем, хацеў глыбей вывучаць гісторыю, каб разумець працэсы, якія адбываюцца вакол нас. Аднак, здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне, не прайшоў у ПДУ па балах. Давялося пайсці ў каледж. Я юрыст па першай спецыяльнасці. Два гады працаваў па размеркаванні ў Глыбоцкім раёне, аднак будучыню заўсёды звязваў з Полацкам. Прычым дзень за днём усё ясней разумеў: адукацыя як сфера дзейнасці мне больш блізкая, чым правазнаўства. Магчыма, на гэта паўплывала сямейнае выхаванне, бо мае маці і цётка — педагогі. Карацей, прывёў мяне лёс спачатку ва ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама, а потым — у раённы цэнтр дзяцей і моладзі, дзе мне прапанавалі весці аб’яднанне па інтарэсах на базе сярэдняй школы № 16. Напрамак тэатральны, у чым я добра арыентуюся. Тым не менш у некаторых момантах мне не хапала менавіта педагагічнай падрыхтоўкі. Таму праз год я паступіў у БДПУ на гістарычны факультэт — ажыццявіў сваю даўнюю мару.

— З чаго пачалося ваша знаёмства з тэатральным жанрам?

Пачатак далі вучнёўскія пастаноўкі, да таго ж у старшых класах я быў нязменным вядучым школьных мерапрыемстваў. Магутную школу майстэрства праходжу дагэтуль у заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь — народным тэатры “Пілігрым”. Дэбютаваў у яго складзе ў 2015 годзе на сцэне Палаца культуры Наваполацка. Першая мая роля — у спектаклі “Я аб’яўляю вайну фашызму” пра Полацк пад акупацыяй у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Потым было шмат іншых спектакляў. Знакавыя для мяне ролі — гэта Юрый Тарыч, князь Усяслаў Брачыслававіч, князь Уладзімір, Баніфацый Яронька, які быў тэатральным рэжысёрам у Полацку (на аснове яго дзённікаў мы і стварылі спектакль). Сыграць маладога Юрыя Аляксеева (ён жа Тарыч) мне ўпершыню даверылі ў 2018 годзе. Летась так выйшла, што я сыграў яго і ў маладосці, і сталага. Зараз рыхтуем новы спектакль, пакажам яго ў Полацку 17 лістапада ў рамках тэатральнага фестывалю “УMOЎNO”. Я іграю Лёвачку, матэматыка-генія. На сёння гэта мая любімая роля.

— Вашы вучні ўдзельнічаюць у пастаноўках “Пілігрыма”?

— Так, дзеці дапамагаюць. Напрыклад, мінулым летам мае вучні разам з “Пілігрымам” сустракалі цягнік Памяці: у мемарыяльным комплексе “Урочышча Пяскі” мы прадставілі гасцям Полацка тэатралізаваную пастаноўку “Адна любоў — адзін боль”.

— Ці складана зацікавіць сучасных школьнікаў тэатрам?

Ва ўсе часы, напэўна, зацікаўленасць дзяцей зале­жыць ад педагога. Мы ставім спектаклі, удзель­нічаем у конкурсах. Пачынаем з маленькага: чытаем вершы. Паглыбляемся ў твор, абмяркоўваем, здараецца, што спрачаемся. Усё складанае проста. Каб верш гучаў, неабходна адчуць і зразумець, што хацеў сказаць аўтар. Пачынаць заўсёды трэба з думкі і пачуцця, ужо далей асвойваем пэўныя тэхнічныя моманты. Праз вершы я прывіваю дзецям культуру, захапленне мастацкім словам. Праз змест літаратурных твораў фармірую маральныя і духоўныя якасці, грамадзянскасць і патрыятызм. Бо акцёр прапускае праз сябе перажыванні свайго героя, іх думкі гучаць ва ўнісон і толькі тады захопліваюць гледачоў, узнікае моцная зваротная сувязь. Вось такая цікавая ў нас справа.

Адчуваць свае карані

— Як вы трапілі выхавальнікам у “Чайку”?

Гэта лагер нашага цэнт­ра дзяцей і моладзі. Першы раз я туды трапіў, таму што сказалі “трэба”. Пагадзіўся паспраба­ваць. Наступным летам я ўжо мэтанакіравана паехаў у лагер: мяне зачапіла. У маім бачанні кожны чалавек нібы планета са сваёй экасістэмай, адзінае ў сусвеце стварэнне. Важна дапамагчы дзіцяці раскрыць гэтую ідэнтыч­насць, навучыць берагчы яе і цаніць у іншых людзях, развіваць і заставацца індывідуальным у патоку будзённай руціны.

Мая педагагічная задача — навучыць дзіця адчуць і захаваць у сабе ўнікальныя якасці, якія ёсць у кожным з нас. Інакш іх можна незваротна страціць.

У лагеры збіраюцца незнаёмыя дзеці з рознымі інтарэсамі, характарамі. За кароткі тэрмін з’яднаць іх у калектыў, выявіць таленты і навучыць працаваць у камандзе — складаная задача. Але ж якая прастора для педагагічнай дзейнасці! У пачатку змены звычайна выяўляюцца дзеці з падкрэсленым імкненнем ухіліцца ад калектыўных спраў: маўляў, “Вам трэба, вы і рабіце”. Умоўна кажучы, могуць быць і занадта ціхоні, і задзіры — у любым выпадку неабходна павышаная педагагічная ўвага. Вы паглядзелі б на іх у канцы змены! Характэрная дэталь: аднойчы напярэдадні развітання хлопцы з атрада выйшлі на мяне з сакрэтнай калектыўнай прапановай, і ў выніку мы разам аббегалі ўсе ваколіцы вёскі Быкаўшчына, каб назбіраць палявых кветак у падарунак дзяўчатам і важатым.

— У вас ніколі не было намеру пераехаць жыць у абласны цэнтр ці сталіцу?

Ніколі. Ганаруся родным горадам, адчуваю, што я патрэбны яму. І гэта ўзаемна. На Полаччыне — вытокі беларускай дзяржаўнасці, духоўнай культуры нашага народа. Полацкая гісторыя праз стагоддзі — невымерная моц, веліч! Мы, сучаснікі, павінны адпавядаць дадзенаму мінулымі пакаленнямі ўзору грамадзянскасці, таленту і прафесіяналізму, каб разам прымнажаць славу і дабрабыт роднага краю. Па-мойму, у педагагічнай рабоце ці не самае складанае і адказнае — прывіць дзецям любоў да таго месца, дзе яны растуць. Магчыма, у Полацку гэта зрабіць прасцей, бо горад дыхае гісторыяй. Калі адчуваеш свае карані, то ведаеш, куды трэба расці.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва героя