Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў, як за апошні час змяніліся экспазіцыі іх музеяў.

Ніна Шавель, кіраўнік і захавальнік фондаў народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя У.П.Таўлая, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 4 Баранавіч, Брэсцкая вобласць:
— Падчас сустрэчы з навучэнцамі школы ў лютым воіны-афганцы падарылі нашаму музею біяграфічны даведнік і памятны сцяг. А настаўніца абслуговай працы Наталля Ламанос прэзентавала дзіцячую коўдру, звязаную кручком. Жыхарка Емяльянавіч Соф’я Скараход падарыла старадаўнія накідкі на падушку. Вось такія экспанаты папоўнілі архіў музея за апошнія паўгода. У цяперашні час фонды музея ўключаюць 1266 музейных прадметаў асноўнага фонду і 465 — дапаможнага. У нас створаны ўсе ўмовы для іх поўнай захаванасці. Фонды музея пастаянна папаўняюцца з дапамогай настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Летась да 30-годдзя музей атрымаў падарункі ад гарадскога краязнаўчага музея, цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя У.П.Таўлая. Тады ж адкрылі выставу “Нумізматыка”, а ў літаратурнай зале абнавілі вітрыны і стэнды. Мы рэгулярна праводзім экскурсіі. У цяперашні час у нас прадстаўлены экспазіцыі на тэмы “Беларускія паэты пра маці”, “Размаўляй са мной па-беларуску” і “Дарогамі вайны”. Дарэчы, у якасці экскурсаводаў выступаюць навучэнцы школы — члены савета музея. Тут мы ладзім тэатралізаваную пастаноўку “У гасцях у Міхася і Агаты”, арганізоўваем семінары для настаўнікаў гісторыі, рускай і беларускай моў. Сумесна з гарадской бібліятэкай імя У.П.Таўлая праводзім літаратурна-музычныя сустрэчы з паэтамі Баранавіч. Пры музеі працуюць гурток “Пошук” і лектарская група, члены якой распрацоўваюць і праводзяць інфармацыйныя гадзіны для вучняў школы, удзельнічаюць у краязнаўчых конкурсах і займаюцца навукова-пошукавай дзейнасцю. Змест музейнай экспазіцыі дае магчымасць пашырыць рамкі школьнай праграмы. Сваю галоўную задачу музей бачыць у выхаванні ў вучняў паважлівага стаўлення да гісторыі малой радзімы і краіны ў цэлым.

Галіна Граблюк, выхавальніца групы прадоўжанага дня, кіраўнік музея “Пад стрэхамі продкаў” сярэдняй школы № 209, Мінск:
— На працягу гэтага навучальнага года выхавальніцай групы прадоўжанага дня Надзеяй Лаўрэнавай былі перададзены 10 акупацыйных марак 1944 года, хлебныя карткі 1945 года, куртка вязня фашысцкага канцлагера і 20 польскіх злотых ваеннага часу. Гэтыя экспанаты расказваюць пра жыццё людзей у апошнія гады вайны. Гэта вельмі рэдкія музейныя прадметы, якія маюць вялікую гістарычную каштоўнасць. Дзякуючы ім, вучні могуць далучыцца да мінулага нашай краіны, даведацца, у якіх умовах жылі іх продкі ў ваенныя гады і як стваралася палітычная карта свету пасля Другой сусветнай вайны. За час існавання нашага музея мы арганізавалі 13 асноўных раздзелаў экспазіцыі, пачынаючы ад прадметаў працы і побыту першабытных людзей эпохі неаліту і бронзы да савецкіх часоў. Найбольш каштоўнымі музейнымі прадметамі для нас з’яўляюцца манеты Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя і Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя, свінцовыя кулі часоў Айчыннай вайны 1812 года, гарматнае ядро XVIII стагоддзя, курыльная трубка шляхціца XVIII стагоддзя, Біблія 1912 года і жэтон з выявай Андрэя Першазваннага 1910 года. У выніку актыўнай даследчай работы савета музея аформлены экспазіцыі “Так адыходзіла сталінская эпоха”, “Касмічная эпапея Савецкага Саюза”, “Боль мой — Афганістан” і “Старонкі школьнай гісторыі”, якія выклікаюць вялікую цікавасць у навучэнцаў.

Аксана Мікула, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 16 імя А.Сухамбаева, Гродна:
— За гэты навучальны год у наш мінералагічны музей “Карат” паступіла некалькі новых узораў ад бацькоў навучэнцаў: 3 узоры галіту з рознымі ўключэннямі (Беларусь), актыналіт (Палярны Урал), узор лавы з вяршыні вулкана (Каўказ, Цебярда), крышталь кварцу з горным крышталём (Прыпалярны Урал), кварц ружовы і сланец вуглісты пірытызаваны (Украіна). Гісторыя нашага музея пачынаецца з далёкага 1989 года, калі адкрыўся гурток юных геолагаў. Пазней рэарганізаваны ў геалагічны атрад “Карат”, ён атрымаў званне ўзорнай студыі па мастацкай апрацоўцы каменю. У 2001 годзе з’явіўся мінералагічны музей “Карат” на базе нашай установы адукацыі. Асноўны фонд музея складаюць 638 узораў мінералаў і горных парод, знойдзеных удзельнікамі геолага-гамалагічнага гуртка падчас 13 геалагічных экспедыцый у раёнах Палярнага, Паўночнага, Сярэдняга, Паўднёвага Урала, Кольскага паўвострава, Крыма, Паўднёвага Прыбайкалля і Забайкалля. Таксама ў нас фігуруюць 388 экспанатаў часовага фонду. У 20 вітрынах прадстаўлены раздзелы пародаўтваральных, металічных, неметалічных, каляровых і дэкаратыўных мінералаў. Яшчэ ў нас можна паглядзець на горныя пароды і каменярэзныя вырабы, створаныя нашымі вучнямі. Найбольш каштоўныя экспанаты музея — тры жэоды бразільскіх аметыстаў, перададзеныя ў дар музею распараджэннем Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры музеі ў верасні 2008 года свае дзверы расчыніла школьная студыя “Каменная казка”. На занятках дзяцей вучаць маляваць здробненымі мінераламі, працаваць з горнымі пародамі, распісваць марскую гальку і ствараць унікальныя экспазіцыі з каменнай крошкі і кварцавага пяску. У 2017 годзе школьны народны мінералагічны музей “Карат” сярэдняй школы № 16 Гродна быў уключаны ў інтэрактыўную карту культурна-пазнавальных аб’ектаў Гродзеншчыны для наведвання пры бязвізавым турыстычным рэжыме. А з 2018 года на базе музея “Карат” функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр “Музей — партнёр культурна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.

Марына Крэсік, дырэктар Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара, Мінская вобласць:
— Каштоўны падарунак — кнігу “Спадчына Беларусі” — нам зрабіў беларускі навуковец у галіне раслінаводства, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук Фёдар Прывалаў. Аўтары кнігі прадэманстравалі ўсю прыгажосць і значнасць гістарычных шэдэўраў і помнікаў архітэктуры Беларусі. Раскажу пра ўнікальнасць нашага музея. Першая асаблівасць — паказ менавіта таго адрэзка часу, які звязаны з дзейнасцю Якуба Коласа ў пачатку 1906 года. Другая — мы часткова выкарыстоўваем ансамблевы метад пабудовы экспазіцыі. Наўмысна стварылі інтэр’ер настаўніцкага памяшкання ў сельскім доме, дзе праходзяць заняткі дзяцей. А трэцяя адметнасць — спалучэнне музея і тэатра. Падчас экскурсіі з дапамогай маладых артыстаў музей становіцца сцэнічнай пляцоўкай, дзе дэманструюцца эпізоды з твораў Якуба Коласа. Да адкрыцця музея народны мастак Беларусі Сяргей Селіханаў падарыў гіпсавую скульптуру пісьменніка. Дарэчы, экспанат з’яўляецца адным з трох варыянтаў, які прапаноўваўся для стварэння помніка паэту на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.
Настасся ЧАРКАНАВА





