Якасць — у эфектыўнасці сумесных дзеянняў

- 11:31Якасць адукацыі

На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў семінар, прысвечаны дзейнасці ўстаноў адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе ў разрэзе арганізацыйна-педагагічных і навукова-метадычных аспектаў. Семінар быў праведзены па выніках першай чвэрці, што дало магчымасць зрабіць прамежкавы кантроль і намеціць кірункі далейшага развіцця і ўдасканалення сістэмы.

У рабоце семінара ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, начальнікі абласных упраўленняў адукацыі. Мерапрыемства прайшло пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

Як пасля адзначыла Раіса Станіславаўна, такая форма ўзаемадзеяння, нягледзячы на новы фармат, з’яўляецца плённай, бо дае магчымасць не толькі акрэсліваць праблемы, але і аператыўна прымаць неабходныя рашэнні. У сувязі з гэтым практыка правядзення падобных семінараў працягнецца і далей.

* * *

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Святлана Васільеўна Уклейка засяродзілася на праблемных момантах арганізацыі працэсу навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе. Першым пытаннем стала забяспечанасць школьнікаў падручнікамі. Святлана Васільеўна адзначыла, што аналіз гэтага пытання на пачатак 2016/2017 навучальнага года паказаў, што па ўсіх пазіцыях тыраж падручнікаў перавышае кантынгент навучэнцаў. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў цэлым у рэспубліцы і ў рэгіёнах дастатковай колькасці падручнікаў і магчымасці іх пераразмеркавання з улікам патрэб канкрэтных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Падчас першых месяцаў навучання ўзнікалі пытанні, якія тычацца арганізацыі бяспекі адукацыйнага працэсу, таму С.В.Уклейка нагадала, што ўсе адказы на такія пытанні выкладзены ў адпаведным Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі ад 23 жніўня 2016 года “Аб арганізацыі работы па прафілактыцы дзіцячага траўматызму падчас адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе”. Задача органаў кіравання адукацыяй і адміністрацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — забяспечыць пастаянны кантроль за няўхільным выкананнем патрабаванняў усіх нарматыўных прававых актаў і інструктыўна-метадычных пісьмаў.

“Не спыняюцца шматлікія вусныя і пісьмовыя звароты па пытаннях збору грошай з бацькоў, — працягвала Святлана Васільеўна. — У 2015 годзе быў загад міністра адукацыі аб абавязковым размяшчэнні на галоўных старонках афіцыйных сайтаў органаў кіравання адукацыяй на ўсіх узроўнях, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі інфармацыі аб дзейнасці папячыцельскіх саветаў. У жніўні быў праведзены аналіз усіх сайтаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, у выніку чаго было выяўлена, што частка з іх загад не выканала.

Інфармацыя пра невыкананне загаду была ўключана ў аналітычныя запіскі аб стане развіцця рэгіянальных сістэм адукацыі да пачатку навучальнага года. У лістападзе 2016 года будзе праведзены аналіз сайтаў устаноў адукацыі па гэтым пытанні. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі падрыхтавала праект пастановы аб унясенні змяненняў у палажэнні аб бацькоўскім і папячыцельскім камітэтах у частцы размежавання функцый названых органаў самакіравання.

Акрамя таго, у 2017 годзе запланавана вывучэнне дзейнасці органаў кіравання адукацыяй і кіраўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за станам і эфектыўнасцю ўнутранага кантролю ва ўстановах адукацыі з наступным разглядам вынікаў гэтага кантролю на пасяджэнні калегіі міністэрства”.

* * *

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік спыніўся на абнаўленні зместу агульнай сярэдняй адукацыі, якое рэалізоўвае прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені і профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

У цяперашні час абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны прайшлі працэдуры экспертызы і шырокага грамадскага абмеркавання (на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскага гарадскога і абласнога інстытутаў развіцця адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, асобныя праграмы — у БДУ, Нацыянальнай акадэміі навук).

Сяргей Аляксандравіч пералічыў найбольш істотныя змены ў абноўленых вучэбных праграмах:

1. Узмоцнена практыкаарыентаванасць зместу адукацыі пры захаванні яго фундаментальнасці. У абноўленым змесце адукацыі закладваецца аснова для авалодання вучнямі практычнымі ўменнямі і навыкамі, спосабамі дзейнасці, гатоўнасцю прымяняць атрыманыя веды, сфарміраваныя ўменні і кампетэнцыі ў штодзённай практыцы, у розных жыццёвых сітуацыях. Гэта знаходзіць адлюстраванне як у адборы зместу адукацыі, так і ў прад’яўленні патрабаванняў да ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый.

2. Вучэбныя праграмы перагледжаны з пункту погляду пераемнасці і ўзмацнення міжпрадметных сувязей, што будзе спрыяць аблягчэнню засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі, выключэнню дубліравання аднаго і таго ж вучэбнага матэрыялу ў вучэбных праграмах па сумежных прадметах, эканоміі вучэбнага часу на адпрацоўку практычных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый. У гэтых мэтах, напрыклад, вучэбныя праграмы па фізіцы праходзілі праз абмеркаванне на секцыі матэматыкі навукова-метадычнага савета, праграмы па матэматыцы абмяркоўваліся на секцыях фізікі, хіміі, інфарматыкі. Такое перакрыжаванае абмеркаванне адбылося па ўсіх вучэбных праграмах.

3. Сфарміраваны адносна завершаны змест вучэбных праграм 5—9 класаў, бо навучэнец, які скончыў 9 класаў, павінен асвоіць асноўны змест вучэбнага прадмета, неабходны яму для паспяховай сацыялізацыі і далейшага працягу адукацыі. Зроблена неабходнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж другой і трэцяй ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі.

4. У праграмах для 10—11 класаў змест адукацыі прадстаўлены на 2 узроўнях: базавым (абавязковы неабходны мінімум) і павышаным.

5. Аптымізаваны ўзровень даступнасці вучэбнага матэрыялу. Аб’ём вучэбнага матэрыялу прыведзены ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, якія адводзяцца на яе вывучэнне, а таксама з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі вучняў.

6. Паменшаны аб’ём тэарэтычнага матэрыялу, частка яго перанесена на практычны ўзровень засваення.

7. Выключана складаная тэрміналогія.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны выкарыстоўваюцца абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—2, 5—6, 10—11 класаў. Варта адзначыць, што ў 10—11 класах пакуль дзейнічаюць пераходныя вучэбныя праграмы базавага і павышанага ўзроўняў. Цалкам абноўлены цыкл вучэбных праграм з 1 па 11 клас будзе ўкаранёны да 2021/2022 навучальнага года.
Абноўленыя вучэбныя праграмы патрабуюць адпаведнай вучэбнай літаратуры. З 1 верасня 2015 года Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіць конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Конкурс праводзіцца паэтапна. З 1 верасня 2015 года па 1 лістапада 2016 года быў праведзены конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1—3, 5—7 класаў. Па 18 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, па 18 — аўтарскія калектывы дзеючых вучэбных дапаможнікаў, па 10 — аўтарскія калектывы, у якіх аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі.

У цяперашні час праводзіцца конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 4 і 8 класаў (гэта вучэбныя дапаможнікі, якія павінны быць выдадзены да 2018/2019 навучальнага года).

* * *

“У Рэспубліцы Беларусь набліжаецца да завяршэння пачатая ў канцы 2014 года акрэдытацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміў дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Уладзімір Мацвеевіч Здановіч. — Нягледзячы на тое, што па Мінску яна яшчэ не завершана, ужо цяпер можна зрабіць выснову, што ў цэлым дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адпавядае заканадаўству аб адукацыі, адукацыйным стандартам і вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм”.

Разам з тым Уладзімір Мацвеевіч спыніўся на некаторых (выяўленых у ходзе акрэдытацыі) парушэннях, а таксама праблемных пытаннях. Найперш ён адзначыў, што школы ў асноўным забяспечаны кадрамі. Сістэмных прэтэнзій да работы настаўнікаў не выяўлена. У большасці школ працуюць адукаваныя старанныя педагогі, тыя, хто любіць дзяцей і свой прадмет. Павялічылася колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй. Але патэнцыял для прафесійнага росту ёсць, таму ў кожнай школе павінны паклапаціцца пра рэалізацыю гэтага патэнцыялу.

У прыватнасці, як заўважыў У.М.Здановіч, не павiнна заставацца па-за ўвагай кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўнікаў. “Асобныя з іх грашаць нізкім накапленнем ад знак. Асабліва гэта заўважна ў канцы чвэрці. Пры гэтым сцвярджаюць, што вядуць асобны сшытак, у які ставяць адзнакі амаль за кожны ўрок кожнаму вучню. Тлумачаць так: каб не псаваць журнал, а ў канцы чвэрці акуратна выставіць у яго адзнакі. Такія дзеянні з’яўляюцца грубым парушэннем правіл ацэньвання навучэнцаў і нават могуць быць аднесены да карупцыйных.

Шчыра адзначым, што мы яшчэ не сустрэлі школу, гімназію або ліцэй, у якіх не было б парушэнняў у вядзенні і афармленні дакументацыі. Навесці парадак у гэтым пытанні можна толькі шляхам вывучэння педагагічнымі работнікамі вядомай усім Інструкцыі па справаводстве, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі, а таксама пісьма Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі “СТБ. Патрабаванні да афармлення дакументаў” і патрабавання безумоўнага іх выканання падначаленымі”, — адзначыў Уладзімір Мацвеевіч.

Акрамя таго, кіраўнікам устаноў адукацыі варта звярнуць асаблівую ўвагу настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя на неабходнасць уліку рэкамендацый педыятра (урача агульнай практыкі) пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Увага прысутных была засяроджана і на арганізацыі харчавання, якое ў большасці ўстаноў арганізавана на належным узроўні. Парушэнні звязаны пераважна са зносам кухоннага абсталявання ці незабеспячэннем ім, невыкананнем работнікамі харчаблокаў устаноўленых абавязкаў, патрабаваннямі асабістай гігіены і г.д. А вось з медыцынскім абслугоўваннем ёсць праблемы. “Усюды з боку органаў аховы здароўя на працягу школьнага дня яно з’яўляецца кароткачасовым, а ў суботні дзень адсутнічае наогул. Хоць, як вы ведаеце, менавіта гэты дзень павінен быць запоўнены мерапрыемствамі спартыўнай і працоўнай накіраванасці, якія з’яўляюцца найбольш траўманебяспечнымі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, вырашэнне якой патрабуе намаганняў усяго грамадства”, — зазначыў У.М.Здановіч.

* * *

Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Міхайлаўна Аўласцова падзялілася некаторымі вынікамі маніторынгу чытацкай пісьменнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Маніторынг праводзіцца 2 гады, у ім прымаюць удзел навучэнцы 5 і 8 класаў. У двух этапах даследавання прыняло ўдзел каля 9000 рэспандэнтаў (3478 навучэнцаў, 3349 бацькоў навучэнцаў і 2084 педагогаў).

Як заўважыла Алена Міхайлаўна, выбар класаў для даследавання невыпадковы. 5 класы — бо да моманту заканчэння пачатковай школы і пераходу ў базавую школу навучэнцы павінны авалодаць чытаннем да такой ступені, каб яно стала сродкам іх далейшага навучання, а 8 клас — бо яны павінны быць гатовы вучыцца ва ўмовах узрастання аб’ёму вучэбнай інфармацыі.

Аналіз вынікаў маніторынгу за 2 гады дазволіў вылучыць наступныя тэндэнцыі, характэрныя як для вучняў 5-х, так і 8-х класаў:

Навучэнцы больш паспяхова выконваюць заданні на праверку ўмення знаходзіць інфармацыю, зададзеную ў відавочным выглядзе, менш паспяхова — заданні на праверку ўмення інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю тэксту; найбольш складанымі сталі заданні, якія правяраюць уменне аналізаваць і ацэньваць інфармацыю.

Большасць памылак навучэнцаў звязана з няўменнем уважліва (удумліва) чытаць тэкст і пастаянна звяртацца да яго ў пошуках адказу на пастаўленае пытанне; знаходзіць у тэксце адзінкі інфармацыі, аб’яднаныя агульнай тэмай; фармуляваць лагічныя высновы на аснове інфармацыі, прыведзенай у тэксце, набытых ведах і ўласным вопыце; вылучаць асноўную і другарадную інфармацыю.

З кантрольнай работай лепш справіліся навучэнцы з сем’яў, у якіх любяць чытаць як бацькі, так і дзеці. Пры гэтым варта адзначыць, што на паспяховае выкананне кантрольнай работы таксама аказалі ўплыў такія фактары, як актыўнае ўцягванне бацькоў у чытанне дзіцяці, падрыхтоўка бацькамі дзяцей да школы і наведванне дзецьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Аналіз вынікаў анкетавання педагогаў па пытанні арганізацыі навучання чытанню паказаў, што большасць з іх удзяляюць дастаткова ўвагі фарміраванню чытацкіх уменняў: актыўна выкарыстоўваюць розныя віды дзейнасці, адпрацоўваюць чытацкія ўменні вучняў на вучэбных занятках. Існуе думка, што якасць чытання вучняў залежыць ад колькасці гадзін, адведзеных на ўрокі чытання і літаратуры. Аднак варта адзначыць, што па выніках міжнародных даследаванняў якасці чытання не выяўлена строгай заканамернасці паміж колькасцю гадзін, адведзеных на навучанне чытанню, і вынікамі краін.

Так, у Злучаных Штатах Амерыкі на навучанне чытанню ў год адводзіцца 246 гадзін, на Тайвані — 65 гадзін, а вынікі навучэнцаў гэтых краін у даследаванні PIRLS-2011 прыкладна аднолькавыя (5 і 7 месца адпаведна з 49 краін, якія прымалі ўдзел у даследаванні). У Расіі на навучанне чытанню ў пачатковай школе адводзіцца 130 гадзін у год, па выніках міжнароднага даследавання PIRLS-2011 яна займае 2 месца. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што важна не колькасць часу, адведзеная на навучанне чытанню, а эфектыўнасць яго выкарыстання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.