На адной з нарад, калі ішла гаворка аб добраўпарадкаванні прылеглых да арганізацый і прадпрыемстваў тэрыторый, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Андрэевіч Дворнік адзначыў, што прэтэнзій па гэтым пытанні няма толькі да ўстаноў адукацыі. Нават невялічкая школа ці дзіцячы садок у любым населеным пункце можа стаць для іншых прыкладам чысціні і парадку. Я пераканалася ў гэтым, калі адправілася на семінар-практыкум па пытаннях работы на прышкольных участках па вырошчванні пладова-ягадных культур і агародніны. Гэта было не паказальнае дзейства. Сутнасць мерапрыемства заключалася не толькі ў тым, каб паглядзець, як прыгожа выглядаюць прышкольныя грады, а ўбачыць на рэальных прыкладах, як за кошт гэтага можна зрабіць таннейшым харчаванне навучэнцаў.Шлях ляжаў на гомельскае Палессе, у Калінкавіцкі раён.
Прыпынак першы: Малааўцюкоўская сярэдняя школа
Вёска Аўцюкі, дзякуючы свайму фестывалю гумару, добра вядома не толькі на Гомельшчыне. Гэты палескі куток мае непаўторныя традыцыі, у аснове якіх гасціннасць і любоў да роднага краю. Менавіта на гэтых традыцыях выхоўваюць тут падрастаючае пакаленне. Усюды прысутнічае нацыянальны каларыт. На прышкольным участку — таксама. І ўсё разглядаецца праз прызму любові да працы, павагі да чалавека, які працуе на зямлі. Сельскім дзецям гэта перадаецца, як кажуць, з малаком маці. У Малых Аўцюках навучэнцы з такім пылам дэманстравалі мясцовыя стравы і расказвалі пра іх прыгатаванне, што адразу разумееш: кожны хлопец ці дзяўчына ў гэтай вёсцы ведае, як весці хатнюю гаспадарку.
Асаблівым жа гонарам малааўцюкоўскіх школьнікаў, іх дырэктара Аляксандра Уладзіміравіча Германенкі, настаўнікаў і нават бацькоў з’яўляецца закладзены ў гэтым годзе школьны сад, які займае 1,5 гектара: высаджана больш як дзвесце пладовых дрэў — яблынь, абрыкосаў і вішань, а таксама паўтары сотні саджанцаў вінаграду. З маладым садам у школе з’явілася і новая традыцыя. Цяпер кожны выпускнік разам з бацькамі на развітанне высаджвае тут сваё дрэўца. Сёлетнім выпускнікам асабліва пашчасціла: разам з імі пасадзіў дрэва і начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Іванавіч Парошын.
Прыпынак другі: яслі-сад № 7 Калінкавіч
Удзельнікі семінара выходзілі з аўтобуса і тут жа спыняліся, заміраючы ад убачанага: перад вачыма раскідваўся дзівосны ландшафт. Спачатку ўсё здавалася нейкім казачным, цацачным. Але загадчыца ясляў-сада Ала Навумаўна Пырко адразу ж адзначыла: кожная рэч, створаная на тэрыторыі ўстановы, мае выхаваўчы характар. Вось, напрыклад, сапраўдны падворак — з курамі, парасятамі, каровай і авечкамі. Гэтую гаспадарку даглядаюць дашкаляты, яны ведаюць, чым якую жывёліну трэба карміць. Побач — сапраўдны агарод, дзе растуць бульба, агуркі, памідоры і іншая агародніна. Тут жа і прылады працы чакаюць малых; гуртам дзеці хутка спраўляюцца з пустазеллем. Такая вось у гэтым садку арыгінальная “пясочніца”.
Добра папрацавалі — можна і перадыхнуць. Для адпачынку таксама ўсё абсталявана. Побач з прыгожымі клумбамі, зялёнымі кустамі і сапраўдным фантанам-вадападам можна пагушкацца на арэлях, пагуляць. Гэтая пляцоўка прадугледжвае эстэтычнае выхаванне дзяцей.
Прыпынак трэці: Калінкавіцкі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі
Цяпер мы апынуліся ў царстве кветак, духмяных і лекавых траў. Дырэктар цэнтра Галіна Уладзіміраўна Дулуб разам са сваімі выхаванцамі правяла дэлегацыю па дзівосных куточках сваіх уладанняў.
Асноўны напрамак работы цэнтра — развіццё ўсемагчымых дзіцячых інтарэсаў і здольнасцей, фарміраванне ў падрастаючага пакалення экалагічнай культуры. Тут працуе 26 гурткоў, таму нядзіўна, што ў экацэнтры бавяць вольны час як малодшыя школьнікі, так і навучэнцы 10-11 класаў. Звярніцеся да любога з гэтых дзяцей, і яны раскажуць вам усё пра раслінны свет, вырошчванне і догляд кветак і лекавых траў. Амаль прафесіяналы. Да таго ж дзеці вучацца дызайнерскаму майстэрству. Разам з педагогамі распрацоўваюць праекты ландшафтнага дызайну і тут жа спрабуюць іх ажыццявіць. Нядаўна, напрыклад, стварылі “альпійскую горку” і нават правялі перад удзельнікамі семінара майстар-клас, як правільна яе зрабіць і, галоўнае, якія кветкі і травы пасадзіць. Так Калінкавіцкі раён можа атрымаць не толькі падрыхтаванага спецыяліста па добраўпарадкаванні, але і гатовыя праекты — бяры і ўвасабляй у жыццё!
Прыпынак чацвёрты: Зеляноцкі дзіцячы сад — базавая школа
Невялічкая сельская школа, усяго 36 навучэнцаў і 28 дашкалят. Заходзім на тэрыторыю школы. Усё ў зеляніне, чысціня, прыгожыя роўныя дарожкі.
— А вы ведаеце, што плітка, па якой вы зараз ідзяце, зроблена навучэнцамі гэтай школы? — звярнулася да прысутных начальнік раённага аддзела адукацыі Валянціна Віктараўна Касьянчык.
Не паспелі мы здзівіцца, як перад намі разгарнулася адмысловая майстэрня. Пад кіраўніцтвам дырэктара школы Леаніда Іосіфавіча Чарнякова старшакласнікі залівалі спецыяльныя формы растворам, пасля засыхання якога атрымлівалася тратуарная плітка — менавіта такая, якой выкладзены ўсе дарожкі на прышкольнай тэрыторыі. Малодшыя дзеці таксама не засталіся ўбаку, яны працуюць з глінай, вырабляюць памятныя медалі. Шмат медалёў дзеці выканалі па заказе ўстаноў і арганізацый. І гонар у хлапчукоў і дзяўчат не толькі за тое, што цікавай справай займаюцца, а што сваёй працай зарабляюць грошы для школы.
Але на гэтым дзівосы Зеляноцкай школы не скончыліся. За школьным будынкам раскінулася бульбяное поле. Задача навучэнцаў і педагогаў не проста вырасціць бульбу, але і правесці даследчую работу: які сорт лепш прыжываецца ў нашых кліматычных умовах, які дае лепшы ўраджай і г.д. Тое ж і з агароднінай. Пакуль будзе сабраны і закладзены ў сховішча ўраджай, школьнікі спішуць не адзін аловак. Дарэчы, ураджай зеляноцкія школьнікі збіраюць такі, што не толькі забяспечваюць сябе харчаваннем, а яшчэ і прадаюць вырашчанае на прышкольным участку — зарабляюць грошы. Напрыклад, у мінулым годзе ад збыту лішкаў атрымалі 11 мільёнаў рублёў. Спраўляюцца лёгка, бо ва ўласнасці школы ёсць трактар і неабходныя агрэгаты.
Зямля, як вядома, любіць догляд. Дырэктар школы выкладчык фізікі Леанід Іосіфавіч — сапраўдны гаспадар. Яго маленькай школе пазайздросціць кожны. Трэба рамонт правесці — ніякіх пытанняў. З вясны па восень папрацавалі — грошы зарабілі. І не трэба прасіць дапамогі ні ў мясцовых улад, ні ў бацькоў. Такога б дырэктара ды кожнай школе!
Прыпынак пяты:Даманавіцкая сярэдняя школа
Наш цікавы тур завяршаўся ў Даманавіцкай сярэдняй школе. Будынку ўсяго сем гадоў. Новая школа была ўзведзена ў Даманавічах па праграме будаўніцтва аграгарадкоў. Прышкольная тэрыторыя нагадвае парк адпачынку: сярод зялёнай травы пралягаюць дарожкі, абапал якіх стаяць лаўкі, недзе далей раскінуўся невялічкі яблыневы сад. Менавіта тут на мяне чамусьці напала неверагодная настальгія па школьных гадах. Захацелася зноў сесці за парту, а на перапынку выйсці на такі прастор, пагуляць з мячом ці паскакаць “у класікі”…
Разам з гэтай настальгіяй не пакідалі думкі пра тое, колькі ў нас ёсць людзей, адданых сваёй працы, педагогаў, якія могуць бясконца выдаваць ідэі, рэалізоўваць іх і натхняць дзяцей. І не трэба гаварыць, што сучасных школьнікаў нічога не цікавіць. Я бачыла, як гараць у дзяцей вочы, з якой радасцю яны займаюцца садоўніцтвам і кветкаводствам, як у іх спрытных руках кавалак звычайнай гліны ператвараецца ў каштоўную рэч.
На падвядзенні вынікаў семінара высветлілася, што раўнадушных пасля наведвання названых устаноў адукацыі не засталося.
— Мы маглі б паехаць па іншым маршруце, і вы б усё роўна вярнуліся з такімі ж уражаннямі, бо ў кожнай установе адукацыі мы маем станоўчы прыклад, — запэўніла ўдзельнікаў семінара начальнік аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна Віктараўна Касьянчык.