Якім сёлета атрымаўся бюджэтны набор на ФФСН БДУ, і што дае аб’яднаны конкурс на некалькі спецыяльнасцей

- 12:01Абитуриент, Интервью

Якім сёлета атрымаўся бюджэтны набор на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ? Што дае аб’яднаны конкурс на некалькі спецыяльнасцей? З­-за чаго ўзрасла цікавасць моладзі да філасофскіх ведаў? Усё гэта карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з дэканам ФФСН Веранікай Сайганавай і яе намеснікам па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Ільёй Калядкам.

Трапіць у топ

— Зусім нядаўна ва УВА быў завершаны прыём дакументаў на бюджэт. Многія ўніверсітэты паспелі правесці залічэнне абітурыентаў. Шэрагі вашага факультэта папоўніліся 70 першакурснікамі. Прычым зноў конкурс быў вельмі высокім.

Вераніка Сайганава. Некалькі апошніх гадоў цікавасць абітурыентаў да гуманітарных спе­цыяльнасцей толькі ўзрастае.

Сёлета ў ліку самых папулярных на нашым факультэце — “Сацыяльныя камунікацыі” і “Псіхалогія”. На іх конкурс на бюджэт склаў 4,5 і 1,9 чалавека на месца адпаведна.

Каб паступіць на “Са­цыяльныя камунікацыі”, трэба было набраць не менш за 383 балы (у мінулым го­дзе — 380), на “Псіхалогію” — 364 (374), “Сацыялогію” — 360 (366), “Філасофію” — 349 (363) і “Сацыяльную работу і кансультаванне” — 306 (357). Як бачым, прахадны бал знізіўся ў параўнанні з 2023 годам і толькі на спецыяльнасці “Са­цыяльныя камунікацыі” павялічыўся на 3 пункты.

— Сёлета на спецыяльнасцях ФФСН не было мэтавых месцаў, акрамя “Псіхалогіі”. Ці вядзецца работа з заказчыкамі кадраў у гэтым кірунку?

Ілья Калядка. Так, сёлета мы набіралі абітурыентаў-мэтавікаў на спецыяльнасць “Псіхалогія”. Заказчыкамі кадраў выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, якія заявілі тры мэтавыя месцы. На іх конкурс склаў больш за 2,3 чалавека.

На працягу навучальнага года сумесна з арганізацыя­мі — заказчыкамі кадраў быў праве­дзены цыкл прафарыентацыйных мерапрыемстваў: адзіны дзень адкрытых дзвярэй, кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, прафарыентацыйныя інтэрв’ю студэнтаў-мэтавікаў, адукацыйныя экскурсіі ў арганізацыі па нашым профілі падрыхтоўкі спецыялістаў. Усе яны былі накіраваны на папулярызацыю мэтавай падрыхтоўкі, бо гэта адзі­н з перспектыўных і запатрабаваных напрамкаў для будучых студэнтаў, якія хочуць атрымаць якасную адукацыю і гарантаванае месца працы.

Пабіць рэкорды

— Зараз ідзе набор на платнае дзённае навучанне. На вашым факультэце аб’яднаны конкурс на дзве групы спецыяльнасцей. Што ён дае?

Вераніка Сайганава. На многіх факультэтах БДУ практыкуецца аб’яднаны конкурс на некалькі спецыяльнасцей. ФФСН не стаў выключэннем: у адну групу аб’яднаны “Псіхалогія” і “Сацыяльная работа і кансультаванне”, а ў другую — “Сацыяльныя камунікацыі”, “Сацыялогія” і “Філасофія”. Дзякуючы агульнаму конкурсу, абітурыент мае магчымасць выбраць сумежную спецыяльнасць пры недахопе балаў на прыярытэтную і не марнаваць час на перападачу заявы, ды і ўвогуле не ўпусціць магчымасць паступіць.

Хочацца падкрэсліць, што сёлета папулярнасць спецыяльнасцей нашага факультэта на платным наборы б’е ўсе рэкорды апошніх гадоў. На сённяшні дзень (на момант падрыхтоўкі тэксту. — Заўвага аўтара) на “Сацыяльныя камунікацыі” пададзена 51 заява на 33 месцы, а на “Філасофію” конкурс ужо складае 1,7 чалавека на месца.

— Чым падобныя аб’яднаныя спецыяльнасці? Ці варта абітурыенту быць прынцыповым у выбары канкрэтнай спецыяльнасці, альбо калі не праходзіш на тую, на якую хацеў, то не варта баяцца іншай?

Вераніка Сайганава. Выбар спецыяльнасці вельмі важны, але гэта папярэдні арыенцір для будучай кар’ернай траекторыі. Агульны конкурс дае магчы­масць накіраваць выбар абітурыента і бацькоў на групу спецыяльнасцей, якія знаходзяцца ў сферы інтарэсаў маладога чалавека. Тут пытанне не ў прынцыповасці, а ў чаканнях ад спецыяльнасці. Каб не памыліцца з выбарам, неабходна перад паступленнем прагледзець вучэбныя планы аб’яднаных спецыяльнасцей, азнаёміцца з дысцыплінамі, якія давядзецца вывучаць, а таксама з відамі і базамі практык, што прапаноўвае факультэт.

Як правіла, у агульны конкурс аб’ядноўваюць падобныя па змесце і накіраванасці спе­цыяльнасці. Для некаторых юнакоў і дзяўчат вельмі важная кваліфікацыя, якая будзе прапісана ў дыпломе, напрыклад, “сацыёлаг. Выкладчык” ці “філосаф. Выкладчык”. Такія абітурыенты прынцыповыя ў выбары спецыяльнасці. Аднак для большасці паступаючых галоўным застаецца выбар УВА.

— Ці часта падчас навучання з’яўляецца магчымасць перавесціся на тую спецыяльнасць, на якую першапачаткова хацеў паступіць абітурыент?

Ілья Калядка. Пасля паспяховай (без запазычанасцей!) здачы экзаменацыйнай сесіі пры наяўнасці свабодных месцаў і матываваным жаданні ёсць магчымасць пераводу на іншую спецыяль­насць, прычым як у рамках факультэта, так і ў межах універсітэта. Пра такую магчымасць мы расказваем абітурыентам падчас прафарыентацыйнай работы. Аднак, як паказвае практыка, паступіўшы і правучыўшыся адзін семестр, студэнты пераконваюцца ў правільнасці прынятага рашэння і працягва­юць навучанне ў сваёй групе. Адным з фактараў практычна стапрацэнтнай замацавальнасці студэнтаў за сваёй спецыяльнасцю з’яўляецца эфектыўная работа выкладчыкаў і студэнтаў-старшакурснікаў, якія літаральна з першых хвілін паступлення дапамагаюць першакурснікам акунуцца ў атмасферу студэнцкага жыцця і адаптавацца.

Дарэчы, што тычыцца платнікаў, то сярод студэнтаў, якія паказалі высокі ўзровень пас­пяховасці па выніках навучальнага года, актыўна ўдзельнічалі ў навуковым і грамадскім жыцці кафедры, факультэта і ўніверсітэта, кожны год праводзіцца конкурс на замяшчэнне свабодных бюджэтных месцаў. Пры іх наяўнасці ёсць унікальная магчы­масць пераводу з платнай формы навучання на бюджэтную. А яшчэ студэнты-платнікі могуць атрымаць скідку на навучанне ў памеры ад 20 да 60%.

Адпавядаць трэнду

— Летась быў ажыятаж на “Філасофію”, а сёлета — на “Сацыяльныя камунікацыі”. Сучасная моладзь стала больш цікавіцца гэтымі навукамі?

Вераніка Сайганава. Сённяшняя моладзь, дзякуючы даступнасці інфармацыі, мае вельмі шырокі кругагляд і жаданне арыентавацца ў сацыяльна-гуманітарнай праблематыцы. Адсюль і высокая папулярнасць спецыяльнасцей нашага факультэта.

Да таго ж існуе мода, як зараз гавораць, трэнды на пэўныя прафесіі. Напрыклад, “Псіхалогія” — вельмі модная спецыяльнасць і на яе заўсёды быў попыт у абітурыентаў. “Філасофія” прываблівае сваёй фундаментальнасцю, унікальнасцю і непаўторнасцю. “Сацыялогія” застаецца запатрабаванай з моманту ўзнікнення нашага факультэта, з 1989 года, і прываблівае прыкладным характарам ведаў. Што да “Сацыяльных камунікацый”, то тут аб’яднаны і фундаментальныя, і практыка-­арыентаваныя веды. Паступаючым падабаюцца такія дысцыпліны, як “Маркетынг”, “Брэндынг”, “SMM”, “PR”, “Івент-менеджмент”, “Аналітыка даных” і інш.

Пра нашы спецыяльнасці абітурыенты даведваюцца яшчэ ў школе, калі пачынаюць цікавіцца сферамі прымянення сваіх гуманітарных інтарэсаў. Прычым і сам факультэт актыўна дапамагае школьнікам арыентавацца ў сучасных сацыяльных ведах. У нас дзейнічаюць школы юных філосафаў, сацыёлагаў і псіхолагаў, прафарыентацыйны навуковы гурток на кафедры сацыяльнай камунікацыі. У хуткім часе зноў пачнецца набор у іх.

— А дзе і кім працуюць пасля заканчэння ўніверсітэта філосафы?

Ілья Калядка. Адной з устойлівых тэндэнцый апошніх 3—5 гадоў застаецца высокі попыт сярод абітурыентаў на навучанне па спецыяльнасці “Філасофія”. Прычынай такога ажыятажу стала тое, што вучэбны план названай спецыяльнасці прадугледжвае фарміраванне ў спецыялістаў такіх кампетэнцый, як ажыццяўленне комплекснага аналізу працэсаў сацыякультурных трансфармацый сучаснага грамадства; выкарыстанне тлумачальнага і прагнастычнага патэнцыялу тэорыі і метадалогіі філасофскіх ведаў у ацэнцы заканамернасцей развіцця грамадства і культуры; ацэньванне сацыяльных наступстваў тэхналагічнага развіцця, уплыву тэхнагенных і інфармацыйных працэсаў на змяненні ў сферы культуры, палітыкі, эканомікі і іншых галінах дзейнасці. Безумоўна, гэта далёка не ўсе прафесійныя кампетэнцыі, якія фарміруюцца ў будучых філосафаў. Аднак і гэты, далёка не поўны, іх пералік дазваляе зрабіць выснову аб тым, што з такой сфарміраванай прафесійнай базай філасофская адукацыя ва ўмовах сацыяльнай турбулентнасці і лічбавай трансфармацыі грамадства і культуры будзе заставацца ў топе спецыяльнасцей для паступ­лення і ў наступныя гады.

Гэтай акалічнасцю абумоўлены і пералік сфер для працаўладкавання выпускнікоў-філосафаў. У перыяд вучобы і пасля заканчэння яны працуюць у аналітычных цэнтрах пры органах дзяржкіравання, грамадскіх арганізацыях, сродках масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтвах, спецыялістамі па рабоце з персаналам, HR, арганізатарамі тэматычных мерапрыемстваў, навуковымі супрацоўнікамі ў арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкамі філасофскіх дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— Давайце складзём партрэт вашых абітурыентаў гэтага года.

Вераніка Сайганава. Усе яны актыўныя, камунікабельныя, крэатыўныя і з высокай цікавас­цю да праблем сучаснага грамадства. Канечне, яны вельмі розныя, але заўсёды дружныя і дапытлівыя.

 Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара