Якія добрыя выраслі дзеці!

- 11:41Актуально, Апошнія запісы

Чарговы школьны марафон скончаны. Учора, 29 мая, адбыліся апошнія заняткі ў 2014/2015 навучальным годзе. А сёння, 30 мая, ва ўсіх агульнаадукацыйных установах праходзяць урачыстыя мерапрыемствы пад назвай “Апошні званок”. Адным вучням званочак абвесціць аб пачатку дзіўных канікул, а для адзінаццацікласнікаў ён стане сімвалам развітання з дзяцінствам і пераходам у дарослае жыццё. Таму гэта сумнае і радаснае свята адначасова. А ўжо 1 чэрвеня пачнуцца выпускныя экзамены для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў, якія прадоўжацца да 12 чэрвеня, пасля чаго амаль 54 тысячы маладых людзей атрымаюць атэстаты сталасці. Але адпачываць ім доўга не давядзецца, ужо 14 чэрвеня іх чакае першае выпрабаванне на ЦТ.

Апошні званок у Антонаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Чавускага раёна Магілёўскай вобласці — гэта вялікая гістарычная падзея. І не толькі для настаўнікаў і вучняў, але і для бацькоў дзяцей і ўсіх жыхароў аграгарадка Антонаўка і найбліжэйшых вёсак. У гэты ўрачысты дзень, поўны асаблівага сэнсу, усе хочуць бачыць, якімі ж выраслі дзеці, цяперашнія адзінаццацікласнікі. Іх усяго 9, але яны асаблівыя. Большасць — 5 чалавек — прадстаўнікі моцнага полу. Юнакі — лідары ў калектыве. Гледзячы на гэтых волатаў і прыгожых спадарынь, радуюцца не толькі бацькі, але і педагогі. Іх уклад у тое, што дзеці выраслі добрымі асобамі, упэўненымі, адкрытымі, добразычлівымі, працавітымі, вялікі. Кожны выбраў сабе прафесійную дарогу, згодна са сваімі здольнасцямі і марамі.
Пяцёра выпускнікоў будуць спрабаваць паступаць ва УВА. У Кірыла Барысенкі планы сур’ёзныя — атрымаць адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і вярнуцца на малую радзіму высакакласным спецыялістам, ста ць выдатным работнікам ААТ “Ульянаўскае Агра”. Максім Чубараў, каб выканаць сваю мару — кіраваць вялікім лакаматывам, пераадольваць велізарныя адлегласці і прыносіць карысць грамадству, адправіцца ў Гомель у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. У Лізы Каханоўскай жаданне не толькі стварыць вялікую дружную сям’ю, як у бацькоў, але і стаць юрыстам, прафесію дзяўчына плануе атрымліваць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Кацярына Крэсцялёва ўжо бачыць сябе на вялікай сцэне, таму свой пеўчы талент плануе развіваць у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Класны кіраўнік 11 класа Алена Уладзіміраўна Леўшунова ўпэўнена, што планы яе выхаванцаў абавязкова здзейсняцца, бо ўсё для гэтага, а менавіта задаткі, веды, настойлівасць у дасягненні мэты, у іх ёсць.
— Сёлета наш педагагічны калектыў зрабіў стаўку на фарміраванне творчай актыўнай асобы, здольнай праявіць сябе ў неардынарных умовах, — расказвае дырэктар Антонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аляксандр Аляксандравіч Старавойтаў. — Наша школа невялікая — 58 вучняў, 26 дашкольнікаў, таму кожнаму дзіцяці ўдзяляецца асаблівая ўвага, кожнае мы заахвочваем да ўдзелу ў мерапрыемствах, конкурсах — ад спартыўных, мастацкіх, творчых да інтэлектуальных. Наш педагагічны калектыў сталы і творчы. Напрыклад, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Дзмітрыеўна Селядцова працуе па тэхналогіі Н.В.Пяткевіч. Настаўніца гісторыі Марта Юр’еўна Бычкова заняла 3 месца ў раёне на выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту з работай у рамках акцыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны!”. Душой нашага калектыву, першымі дарадцамі пачынаючых педагогаў з’яўляюцца прадстаўнікі педагагічных дынастый — Любоў Мікалаеўна Кубашова і Святлана Васільеўна Сцефаненка.

У гэтым годзе пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымаюць каля 90 тысяч беларускіх школьнікаў (амаль такая ж колькасць, што і ў мінулым годзе), і амаль 54 тысячам маладых людзей будуць уручаны атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Адзінаццацікласнікаў у гэтым навучальным годзе ў краіне менш на 1100 чалавек.

Сёлетні навучальны год быў паспяховым для калектыву Антонаўскай школы. Выдатна паказалі сябе вучні 4—8 класаў на раённых прадметных алімпіядах. У іх прынялі ўдзел 11 чалавек, а гэта 41% ад агульнай колькасці навучэнцаў гэтых класаў. Дыпломамі ўзнагароджаны 3 дзяцей — па нямецкай мове, па прадмеце “Чалавек і свет”, па беларускай мове. І яшчэ пяць школьнікаў адзначаны пахвальнымі водзывамі. Настаўнікі радасна адзначаюць, што будзе з кім заваёўваць рэспубліканскі алімпіядны алімп. Яны, дарэчы, развіваюць інтэлектуальна-творчы патэнцыял сваіх вучняў не толькі праз алімпіядную, але і даследчую дзейнасць. І тут вынікі яшчэ лепшыя. Даследаванне вучняў 8 класа Андрэя Гарбачэўскага і Юрыя Ежалева “Энергетычны баланс падлетка” на абласной канферэнцыі даследчых работ адзначаны пахвальным водзывам. Свае навуковыя высновы юнакі рабілі пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Святланы Міхайлаўны Яфімавай.
Яркіх перамог антонаўскія школьнікі дасягнулі і ў іншых раённых творчых спаборніцтвах — на конкурсе чытальнікаў “Дзяцінства залатая пара” — 1 месца, у спаборніцтве “Юны інспектар руху”— 2 месца, у “Энергамарафоне” — 2 месца, 3 месца ў конкурсе “Бяспечны пераход” і г.д. А яшчэ школа слаўная сваімі юнымі спартсменамі, якія прынеслі ўстанове першынство па мнагаборстве “Здароўе”. Прыклад быць падцягнутым і спартыўным дэманструе кіраўнік школы. Аляксандр Аляксандравіч Старавойтаў не толькі па адукацыі настаўнік фізічнага выхавання — скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, але яшчэ захапляецца футболам, часта сам выступае за каманду школы і раёна ў спартыўных спаборніцтвах.
Кожнае дасягненне кожнага вучня Антонаўскай школы адзначалася падчас свята “Школьная вясна”, якое стала традыцыйным працягам урачыстай лінейкі, прысвечанай апошняму званку. Пісьмы ўдзячнасці атрымалі і бацькі, якія сумесна з настаўнікамі матывавалі дзяцей на паспяховую вучобу і самаразвіццё. Канечне, асаблівая ўвага сёння ўдзяляецца 9 выпускнікам школы. Яны пачулі шмат наказаў ад сваіх настаўнікаў, бацькоў, ганаровых гасцей свята — шэфаў, прадстаўнікоў райвыканкама.
У добры шлях, выпускнікі 2015 года!

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Марыны АНУФРЫЕВАЙ.