Якія гарантыі, надбаўкі, кампенсацыі прадастаўляюцца маладым спецыялістам

- 9:00Образование, Приложение, Школа управления

Заканадаўствам прадугледжаны шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый для маладых спецыялістаў або маладых рабочых (служачых). Падрабязна аб гэтым карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведаўся у Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі.

Надбаўка за работу па кантракце не менш за 20 % ад акладу прадастаўляецца ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі работнікам з ліку выпускнікоў устаноў, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, — з улікам аб’ёму і якасці работ, праяўленай ініцыятывы ў першыя тры гады (альбо іншы тэрмін) работы.

Як паказвае практыка, у рэгіёнах ёсць каштоўны вопыт работы ў гэтым кірунку. Напрыклад, у Пружанскім раёне (Брэсцкая вобласць) надбаўка за работу па кантракце залежыць ад тэрмінаў заключэння кантрактаў: калі заключаецца на 2 гады — 30 %, на 3 — 40 %, на 4 — 45 %, на 5 гадоў — 50 % ад акладу. А ў Бярозаўскім раёне (тая ж вобласць) з 1 красавіка 2022 г. згодна з загадам аддзела па адукацыі ўсім маладым спецыялістам раёна ўстаноўлена надбаўка па кантракце ў памеры 50 % ад акладу. Падобная надбаўка ў Наваполацку (Віцебская вобласць) мае градацыю: 30 % атрымліваюць маладыя спецыялісты, якія завяршылі навучанне з адзнакай, 40 % — тыя, хто атрымаў ступень магістра, і 45 % — выпускнікі, уключаныя у банк даных адоранай і таленавітай моладзі. У Мядзельскім раёне (Мінская вобласць) устанаўліваецца надбаўка 25 % маладым спецыялістам, якія завяршылі навучанне з адзнакай ці атрымалі акадэмічную ступень магістра.

У Веткаўскім раёне (Гомельская вобласць) 67 % маладых спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі, размешчаных у зоне радыеактыўнага забруджвання з правам на адсяленне, маюць 5-гадовыя кантракты, а таксама аднаразовыя выплаты: за заключэнне першага 5-гадовага кантракта ў памеры 200 базавых велічынь, другога — 300 базавых велічынь. Там жа ёсць аднаразовая дапамога за работу па кантракце — ад 20 да 60 базавых велічынь, а таксама штогадовыя выплаты — ад 14,5 да 21,5 базавых велічынь і іншыя.

Беларускім заканадаўствам для маладых спецыялістаў прадугледжаны таксама:

надбаўка за высокія дасягненні ў працы — не менш як 30 % ад акладу з улікам аб’ёму і якасці работ, праяўленай ініцыятывы пры выкананні службовых абавязкаў;

дадатковы заахвочвальны водпуск за работу па кантракце — не менш за 3 каляндарныя дні;

аказанне матэрыяльнай дапамогі на абжыванне на новым месцы — у памерах, устаноўленых адпаведнымі палажэннямі;

устанаўленне аптымальнага рэжыму працы і адпачынку з улікам неабходнасці наведвання вучэбна-метадычнага кабінета, работы ў бібліятэцы і г.д.;

прадастаўленне магчымасці наведваць вучэбныя заняткі па адпаведных дысцыплінах, іншых мерапрыемстваў у вопытных педработнікаў, у тым ліку ў іншых установах, — у адпаведнасці з графікам наведвання, які фарміруецца ва ўстаноўленым парадку.

Прафсаюзы пры неабходнасці могуць паспрыяць таму, каб маладыя спецыялісты, маладыя рабочыя (служачыя), выпускнікі, якія атрымалі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў фізічных асоб ці ўласных сродкаў грамадзян, хто прыбыў згодна з пасведчаннем аб накіраванні на работу для працы ва ўстанове адукацыі, атрымалі кампенсацыю расходаў па найме жылых памяшканняў. Напрыклад, у Брэсцкім раёне маладым спецыялістам, калі яны маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, даецца права пастаноўкі на ўлік у сельскагаспадарчай арганізацыі, на тэрыторыі якой знаходзіцца ўстанова адукацыі. Калі ж наймаецца жылое памяшканне (пры афармленні дагавора найму), то ў гэтым раёне маладым спецыялістам у сферы адукацыі кампенсуецца кошт пражывання на наёмных кватэрах у памеры дзвюх базавых велічынь. Адна з дадатковых мер стымулявання стараннай працы ў раёне — даплата за работу ў сельскай мясцовасці ў памеры 20 % ад базавай стаўкі.

У Гомельскай вобласці маладым спецыялістам аказваецца матэрыяльная дапамога на частковую аплату за пражыванне ў наёмным жыллі, часткова кампенсуюцца расходы на набыццё дроў ці торфу. У Мінску маладым спецыялістам устаноўлены штомесячныя выплаты ў памеры 20 % ад акладу на працягу двух гадоў пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі за кошт пазабюджэтных сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, а таксама штомесячныя выплаты ў памеры 15 % ад акладу пераможцам конкурсу «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі» на працягу года з даты правядзення конкурсу.

Маладым спецыялістам на месцах, куды яны прыехалі працаваць, выдзяляецца жыллё, у тым ліку арэнднае. У Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі ўдакладнілі, што, напрыклад, для маладых спецыялістаў і членаў іх сем’яў у Хойніках (Гомельская вобласць) у 2020 годзе было выдзелена 35 кватэр, у 2021-м — 14 кватэр, у 2022-м — 13 кватэр. У Ветцы (тая ж вобласць) у 2022 годзе выдзелена 17 адзінак жылплошчы (добраўпарадкаваныя кватэры і дамы), у Полацку (Віцебская вобласць) у 2022 годзе — 13 арэндных кватэр, у Краснапольскім раёне (Магілёўская вобласць) — 4 арэндныя кватэры, у Слаўгарадскім раёне (тая ж вобласць) — 14 арэндных кватэр.

У краіне сіламі прафсаюзных работнікаў пастаянна праводзяцца маніторынгі па працаўладкаванні маладых спецыялістаў, па выкананні гарантый, прадугледжаных працоўным заканадаўствам, калектыўнымі дагаворамі, вывучаюцца іх жыллёва-бытавыя ўмовы.

Усе маладыя спецыялісты забяспечваюцца педагагічнай нагрузкай на поўную стаўку.

У Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі аналізуюцца даныя аб колькасці маладых спецыялістаў, якія прыбылі і замацаваліся на першым працоўным месцы. З іх вынікае, што 67,1 % маладых людзей прадаўжаюць працоўныя адносіны пасля абавязковай адпрацоўкі.

Па матэрыялах Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі падрыхтаваў Іван ЖДАНОВІЧ