Якія новыя выданні прапануе настаўнікам і вучням да новага навучальнага года выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” — пра тое карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыў з дырэктарам “АіВ” Валянцінам Навагродскім.
І ў сіноптыкаў не пытай: гарачым выпадае кожнае лета ў выдаўцоў, якія працуюць на патрэбы ўстаноў адукацыі, педагогаў.
— Імкнёмся своечасова да пачатку навучальнага года задаволіць патрэбы педагогаў, школьнікаў у падручніках, дапаможніках, навукова-папулярных ды іншых выданнях, — адзначыў Валянцін Янавіч. — Як вядома, традыцыйна ў Дзень ведаў першакласнікі па ўсёй краіне атрымаюць дапаможнік “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р.Лукашэнкi першакласнiку”. І мы ж маем гонар працаваць над выданнем, прычым штогод яно ўдасканальваецца як па змесце, так і ў тэхналагічным плане. І сёлета шмат навінак. Скажам, у раздзеле “Узнагароды Беларусі” ёсць звесткі пра тых, хто мае званне “Герой Беларусі”. Нагадаю: гэтая кніга ў 2017 годзе ўпершыню ў краіне выйшла з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці. Цяпер жа там ёсць нават… аўдыягід! Сканіруй QR-коды на старонках — і можаш глядзець, як гатуе дранікі Руслан Аляхно, можна паслухаць гучанне колавай ліры ці народнай песні. А з дапамогай распрацаванага ў нас дадатку “AIV — дапоўненая рэальнасць” і карцінкі ў 3D-мадэлі ажываюць.
Хітом сезона, упэўнены дырэктар, стане навукова-папулярнае выданне “Адукацыя ў Беларусі: вытокі, гісторыя, сучаснасць” — калектыўная праца шэрага аўтараў:
— Кніга ўнікальная па канцэпцыі, гэта зборнік матэрыялаў пра розныя аспекты адукацыі, асветніцтва, вядомых асветнікаў на беларускіх землях з часоў Полацкага княства да суверэннай Беларусі. Працэсы зараджэння, станаўлення, развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі адлюстраваны гэтак жа, як і сучасныя рэформы, навацыі ў галіне. Ну і якаснае мастацкае афармленне, сучасны дызайн, шматлікія ілюстрацыі… Думаю, такому падарунку кожны настаўнік будзе рады.
Актуальнае і своечасовае ў Год міру і стварэння даведачнае выданне “Школы міру ў Беларусі” (складальнік Павел Сапоцька).
— У кнізе абагульнены вопыт работы 115 устаноў адукацыі, якія цяпер маюць статус “Школа міру”, з выкарыстаннем шматлікіх фотаматэрыялаў. Дарэчы, БФМ рэалізуе праект “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, — звяртае ўвагу Валянцін Янавіч.
Далей абмяжуемся пералікам некаторых цікавых выданняў (пададзім для зручнасці на мове арыгінала). Гэта зборнік мастацка-дакументальных навел Леаніда Крываноса “Судьбой повенчаны с границей”, новыя кнігі невялічкага фармату для дзяцей “Кто нас учит?” і “Кто еду готовит нам?” з серыі “Славим Родину трудом” — а цяпер у рабоце выданні “Кто выращивает цветы” і “Кто чинит автомобили?”. Выдавецтва прадаўжае і серыю “Я горжусь! / Я ганаруся!” — у ёй ужо 20 кніг, а да новага навучальнага года пабачылі свет яшчэ 8, у тым ліку “Шлях да зор: беларусы ў космасе”, “Святочны калейдаскоп: беларускія народныя традыцыі”, “Беларускія народныя рамёствы”. Прычым ва ўсіх кнігах ёсць QR-коды з выхадам на аўдыяверсіі тэкстаў, агучаных прафесійнымі артыстамі. Адзначым, кнігі серыі рэкамендаваны Мінадукацыі для выкарыстання пры арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці, на занятках па інтарэсах і ў групах прадоўжанага дня.
Згадаем яшчэ серыю навукова-папулярных выданняў “Планета животных”, якая папоўнілася кнігамі “Животный мир Беларуси” Святланы Бяловай, “Уникальный мир Австралии и Океании” і “Подводный мир” Дзмітрыя Кашавара, “Сельва Амазонии” Эліны Сапожнікавай. Падрыхтаваны да выдання і кнігі “Белорусские болота” і “За полярным кругом”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара