Якія прафесійныя падыходы вядуць педагога дадатковай адукацыі з Чашнікаў Алесю Аляксандраву да поспеху

- 12:05АРТ-квартал, Образование

Народныя рамёствы для навучэнцаў Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі не толькі хобі, але і праца, вынікі якой пастаянна адзначаюцца на раённым, абласным, а нярэдка і рэспубліканскім узроўнях. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Чaлaвeк нe ўзнiкae тaк —
Ён збывaeццa, aдбывaeццa
Як paтaй,
Як дзiвaк,
Як мacтaк,
Aд якoгa cвeт aдбiвaeццa.

Так Рыгор Барадулін y сваім вepшы выкaзaў пepaкaнaннe, штo кoжны з нac пpыходзіць y гэты cвeт ca cвaiм пpызнaчэннeм, тaлeнтaм. Між іншым, у адных ён выяўляецца з самых малых гадоў, у другіх — крыху пазней, а бывае, і зусім нечакана чалавек пачынае ствараць нешта прыгожае сваімі рукамі.

«Маё жыццё — мастацтва» — гэта дэвіз педагога дадатковай адукацыі Чашніцкага РЦДіМ Алесі Аляксандравай. Уражваюць яе вырабы з саломкі, лёну, гліны, скуры, тэкстылю, нават са звычайнага сена! Яе творчы дар выявіўся з самых малых гадоў і развіўся пад уплывам добрых настаўнікаў. З першага класа пачала займацца музыкай, танцамі, лёгкай атлетыкай, пазней — веславаннем на байдарках. Між іншым, ніколі не развітвалася з алоўкамі і фарбамі. Яшчэ па першых дзіцячых малюнках Алесі было відаць, што ў яе ўнікальны мастацкі талент. З кожным годам дзяўчынка ўсё больш упэўнівалася ў тым, што мастацтва — яе прызванне.

Ад хобі да прафесіі

 — Аднойчы мама падарыла мне кнігу «Мастацкае саломапляценне», расказвае А. Аляксандрава. — Натхніўшыся ўбачаным, я стала прыхільніцай гэтага віда рамяства назаўжды.

У школе мастацтваў Новалукомля дзяўчынцы дапамаглі зрабіць першыя сур’ёзныя крокі ў гэтым напрамку. Вядомыя ў краіне майстры саломапляцення Тэрэса Альфонсаўна Худзякова і Зінаіда Сяргееўна Елісеева шмат уклалі ў сваю вучаніцу і сёння па праве ганарацца яе поспехамі. Атрымаўшы ў 1998 г. дыплом Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа па спецыяльнасці «Тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў», Алеся вярнулася ў Новалукомль. У хуткім часе кіраўнік раённага аддзела па адукацыі запрасіла гэтую надзвычай таленавітую майстрыху на работу ў Чашніцкі РЦДіМ — і не памылілася. Так у 2001 г. пачаў складацца педагагічны шлях А. Аляксандравай.

— Менавіта ў першыя гады работы ў цэнтры канчаткова прыйшло ўсведамленне, што маё прызванне — адкрываць дзецям дзівосны свет творчасці, — дзеліцца суразмоўніца.

Майстар сумяшчае розныя тэхнікі: аплікацыю, роспіс, саломапляценне, дэкупаж і інш. Вельмі любіць маляваць у нетрадыцыйных тэхніках. Адзін з прафесійных прынцыпаў гэтага таленавітага педагога — імкненне да новага, жаданне здзіўляць і захапляць. Не так даўно яна спасцігла цэлую навуку букетнай фларыстыкі.  Зараз спрабуе разам з дзецьмі працаваць у напрамку стымпанк. З дапамогай калегі Наталлi Сянчылавай асвойвае пляценне паясоў на дошчачцы.

Падыход да справы

Неталенавітых дзяцей не бывае, пэўныя здольнасці ёсць у кожнага вучня, трэба толькі іх выявіць і раскрыць — такім прынцыпам кіруецца ў сваёй рабоце А. Аляксандрава. Галоўная асаблівасць яе заняткаў — стварэнне сітуацыі поспеху.

— Гэта энергічны, няўрымслівы і ўлюбёны ў творчасць педагог — сапраўдны прафесіянал, — падкрэслівае дырэктар установы Святлана Сушкова. — Пад кіраўніцтвам Алесі Пятроўны ў сямі аб’яднаннях па інтарэсах звыш 70 хлопчыкаў і дзяўчынак далучаюцца да народных вытокаў. Яе вучні здзіўляюць незвычайнай фантазіяй і асаблівым падыходам да справы.  

Для вучняў пачатковых класаў працуюць аб’яднанні «Папяровая пластыка» і «Гліняная цацка». Дзяўчынкі і хлопчыкі 5—8-х класаў наведваюць аб’яднаннi «Скураная пластыка», «Тэкстыльны крэатыў», дзе вырабляюць розныя ўпрыгажэнні, невялікія  сувенірныя цацкі, пано, фотарамкі… Старшакласнікі таксама з задавальненнем вышываюць, робяць выцінанкі, аплікацыі, ствараюць вырабы з газеты. Асаблівую ўвагу педагог удзяляе развіццю навучэнцаў з АПФР, інваліднасцю. Вырабы гурткоўцаў дэманструюцца ў выставачнай экспазіцыі і служаць цудоўным прыкладам іх неабмежаваных творчых магчымасцей. Дзецям і падлеткам падабаецца ствараць прыгажосць сваімі рукамі, бачыць вынік сваёй працы на выставах рознага ўзроўню, дарыць вырабы родным і сябрам.

— Стараюся прывіць вучням галоўныя якасці, якімі павінен валодаць творчы чалавек, — імкненне да пошуку, цярпенне, працаздольнасць. Дапамагаю ім стаць сумленнымі і добрымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі, — адзначае А. Аляксандрава.

Сапраўды, колькі цеплыні і любові ўклалі гурткоўцы ў кожны каласок і васілёк, ствараючы на льняной аснове сімвал нашай дзяржаўнасці. І вынік парадаваў — дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» на абласным конкурсе «Мой Сцяг! Мой Герб!» (2019). Радасць прынеслі дыпломы I ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» (13—15 гадоў) на абласным этапе VIII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!» (студзень 2025 г.), у намінацыі «Традыцыйная лялька» (14—18 гадоў) Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Саматканы цуд» (2025). Адпаведна адзначаецца і работа А. Аляксандравай. За паспяховае развіццё дзіцячай творчасці яна неаднаразова атрымлівала ганаровыя граматы, падзячныя лісты і дыпломы рознага ўзроўню.

Дарэчы, А. Аляксандрава ахвотна дзеліцца вопытам з педагогамі ў раённай творчай лабараторыі «Сувенір», з’яўляецца аўтарам-распрацоўшчыкам сямі праграм аб’яднанняў па інтарэсах. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу за аўтарскую праграму аб’яднання па інтарэсах «Народная цацка» ў 2020 г. педагог узнагароджана дыпломом II ступені ў намінацыі «Традыцыйныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (народныя промыслы і рамёствы)».

— Мая справа мне па сэрцу, — прызнаецца А. Аляксандрава. — Гэта мой уклад у выхаванне навучэнцаў.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай дадатковай адукацыі