Якія школьныя ўрокі найбольш стрэсанебяспечныя — пра гэта хутка даведаюцца юныя даследчыкі з Дуброўна

- 15:06Образование

У Аляксандра Штуро, настаўніка фізікі з 1­-й школы Дуброўна імя Г.А.Нікандравай, выхаваўчая стратэгія такая: зацікавіць сваім прадметам, прыцягнуць вучняў да паглыблення ў яго праз тое, што нас акружае ў побыце. А праяўляюцца законы фізікі ўсюды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За аднаго бітага — сем нябітых…

Калісьці сярод філосафаў было пашырана меркаванне, што практыка ёсць крытэрый ісціны. Гэта ўзгадалася, калі ў размове Аляксандр Іосіфавіч прызнаўся: ён імкнецца праз практычныя заняткі, справы запаліць у выхаванцах агеньчык цікавасці да фізікі, увогуле да спазнання свету і законаў, па якіх ён уладкаваны. З часам прызналі-такі мысляры, што практыка ўсё ж “абмежаваная гістарычна”, і таму не ў сілах яна цалкам сцвердзіць альбо аспрэчыць нейкія нашы цяперашнія высновы. Аднак, пагадзіцеся, спрактыкаваным людзям крыху лягчэй рухацца па прыступках светапазнання. І таму больш цэніцца ў нашым свеце выпрабаваная тэхніка, правераныя кад­ры, людзі са стажам, абстраляныя салдаты… Больш у цане і тыя гатункі раслін, якія даюць найлепшую ўраджайнасць якраз на практыцы, у полі, а не толькі па разліках ды ў прабірках.

У народзе гэты пласт мудрасці пазначаны выслоўем: “За аднаго бітага сем нябітых даюць”. Чаму ж цана бітаму павышаецца? Бо ён загартаваны жыццёвай практыкай! Калі глянуць больш глабальна, то вядомая біблейская прыпавесць пра таго блуднага сына, які ўрэшце вяртаецца да бацькі, жыццём пабіты (і з вялікім практычным вопытам!), нам падказка: без практыкі ніяк не абысціся. І ўвесь праяўлены свет можна ўявіць сабе як вялікі палігон для нас: каб свае ідэі-думкі жыццё­вай практыкай апрабоўвалі. Так і шукае кожны шлях да ісціны: часта з ахвярамі-стратамі, слязьмі, з болем і пакутамі сваё светаўспрыманне, разуменне законаў жыцця правярае. З ісцінай суадносіць.

А з філасофскіх вышынь занырнём у школьную практыку. Жыццё, не сакрэт, многіх апускае з мройных вышынь на зямлю. Як вынікае з публікацый маіх калег у дубровенскай райгазеце, і Аляксандр Штуро, хлопец з вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна, марыў школьнікам пра космас, пра зоры ці марскія падарожжы: збіраўся ў касманаўты альбо маракі. А скончыў Віцебскі педінстытут — і стаў настаўнікам. Добрым настаўнікам-практыкам, скажуць многія з яго выхаванцаў. Падзвіжніцкая, творчая, выніковая праца яго адзначана і Ганаровай граматай Мінадукацыі Беларусі. А праявіў сябе Аляксандр Іосіфавіч не толькі як настаўнік фізікі, але і як кіраўнік юных талентаў, якія паглыбіліся ў практычныя праекты па радыёэлектроніцы. Для кагосьці гэта прадвызначыла прафесію. І ў самога настаўніка сын Уладзімір скончыў Маскоўскі горна-хімічны інстытут, займае адказную пасаду на вытворчасці “Беларуськалій”. Дачка Ірына выбрала шлях фізіка ў медыцыне, працуе з сучасным абсталяваннем у медцэнтры ў Бараўлянах.

Кругаварот з радыёэлектронікай

— Аляксандр Іосіфавіч, ці даўно вы са школьнікамі займаецеся радыёэлектронікай?

— Як прыйшоў сюды, так і зай­маюся. Пасля інстытута, у 1984-м, пачаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі. Размеркаваўся ў Докшыцкі раён, у васьмігодку, потым шукаў і знайшоў больш маштабную ўстанову: 1-ю сярэднюю школу ў Дуброўне. Тут пачалі мы з ахвотнымі паглыбляцца ў электроніку, яе элементы, схемы. З часам выйшлі на такі яе кірунак, як энерга­зберажэнне і энергаэфектыўнасць, пачалі распрацоўваць арыгінальныя схемы, карысныя з практычнага пункту гледжання. У мяне ёсць альбом (паказвае), дзе гэта адлюстравана. Бачыце, тут і фотаздымкі выхаванцаў, якія праявілі сябе, сёння працуюць інжынерамі, у тым ліку і на вядомых у краіне прадпрыемствах. Скажам, тры браты Шацьковы паспяхова праз гурток радыёэлектронікі прайшлі: Віктар, Дзмітрый, Аляксандр. Калі такіх браць, хто дасягнуў чагосьці на гэтым шляху, то, можа, звыш дваццаці набярэцца. У нас цяпер і дзяўчаты займаюцца.

— Як часта праходзяць заняткі?

— У розныя гады было па-рознаму. Цяпер у дзве гадзіны кожную суботу збіраемся. І гэта, дарэчы, не ўласна заняткі па тэорыі — яны больш практычныя. Вызначаем для сябе мэту і ўвасаб­ляем паступова, паэтапна ідэю ў матэрыяле.

Школа — гэта жывая плынь жыцця, таму кожны верасень у нас, электроншчыкаў, папаўненне, і кожны май — слёзы развітання. І нам даводзіцца ўсё з асноў, з азоў штораз пачынаць.

Упершыню да нас прыхо­дзяць у 6 ці 7 класе. Найперш асвойваем, як абыходзіцца з паяльнікам: базавы ўзровень работы з электра­схемамі. Цяпер такая тэндэнцыя: дзяўчынак стала хадзіць больш, чым хлопчыкаў. Ім бацькі паяльнікі набылі, яны майстэрства на занятках асвойва­юць з рознымі тонкасцямі. Усяго ў нашай групе па інтарэсах 15 чалавек, на занятках бывае 5, 7, 10. Бо дзяўчынкі некаторыя і танцуюць, у іх могуць быць рэпетыцыі, выступленні. Дык вось: з нуля практычна з кожным вучнем пачынаем і рухаемся да ўзроўню вынаходак. Як і кругаварот вады ў прыродзе, у нас працэс падрыхтоўкі бесперапынны. Здарыліся мінулыя гады “правалы”, не было папаўнення, потым усё кампенсуецца: прырода не церпіць пустэчы. Цяпер поспехі стабільныя. У розныя гады нашы распрацоўкі зай­малі высокія месцы на розных конкурсах, былі публікацыі пра іх у часопісе “Энергоэффективность”. Вось мы з Кузі-дамавіка можам знаёмства з імі распачаць. Ён цяпер наш самы “залаты”.

Залаты і… незапатрабаваны

— Раскажыце пра яго, калі ласка!

Вось тут Кузя, што называецца, ужывую. Мы распрацавалі такі праект, каб рухацца ў нагу з часам. Цяпер ёсць глабальны кірунак работы па энергаэфектыўнасці: ра­зумны дом. А мы вырашылі зрабіць разумнага дамавіка, якога можна пасяліць у любым, самым звычайным доме. Праз сістэму датчыкаў Кузя бачыць, дзе ў доме непарадак. Дзе, напрыклад, вылятае ўзімку цяпло, ці павышаная вільготнасць, ці прыгарае патэльня, ці ўваходныя дзверы не зачынілі… Датчыкі ў пакоях, на дзвярах і вокнах — гэта як нервовыя рэцэптары ў чалавека ў розных частках цела, і праз іх сістэму Кузя дапамагае гаспадарам жыць з камфортам. Бо ў яго ўнутры ёсць электроннае начынне: прыёмнік сігналаў, узмац­няльнік і “галасавая” мікра­схема. Таму дамавічок можа чалавечым голасам папярэдзіць, што дзе здарылася. Нехта прыйшоў — дзверы адчыніў, Кузя інфармуе. У межах кватэры ўсе датчыкі на яго выходзяць, наша цацка-дамавік іх нібы адчувае. Прычым колькасць датчыкаў можа быць не абмежаваная, і яе можна пашыраць, каб выконваць новыя задачы. Кошт усяго начыння — капейкі, а на выхадзе атрымліваецца немалая эканомія.

— Можа, хто ўзяўся ўкара­ніць распрацоўку, кланіра­ваць разумных Кузяў на канвееры?

— На жаль, пакуль ніхто… Мы Кузю нашага вазілі-вазілі ўсюды, і ўсім дубровенскі Кузя падабаецца, хваляць яго і нас. Каб укараніць вынаходку ў вытворчасць, трэба ўкласці капітал, тавар зрабіць і потым з прыбыткам прадаць. А людзей з грашыма пакуль не знайшлося.

За Кузю, праўда, мы атрымалі грант: 20 тысяч рублёў. Таму і называем дамавічка залатым. За гэтыя грошы нам у школе зрабілі разумны цеплапункт, у рабоце якога выкарыстоўваюцца датчыкі. Дзякуючы ім, гады чатыры ў памяшканнях аўтаматычна, незалежна ад надвор’я на вуліцы, камфортная тэмпература. Гэта ўсё маем ад Віцебскага аблупраўлення дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі — але ж “на Кузевы грошы”, як мы кажам. Раней планавалі, але фінансаў не было, а грошы нам за перамогу ў конкурсе “Энергамарафон” Дэпартамента па энерга­эфектыўнасці ў 2019-м прынёс вось гэты Кузя.

Што такое “Кузеў лёс”?

А гэта цікавы праект, за які Аляксандр Штуро і яго выхаванцы атрымалі залаты кубак у конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў 2019 го­дзе, мае назву УМКО (пачатковыя літары ад рускіх слоў, якія перадаюць ідэю вынаходніцтва: умный контейнер). Карысная рэч, бо дае магчымасць эфектыўна зні­маць рэшткі электраэнергіі з адпрацаваных батарэек. Для многіх цацка цікавая, былі пра яе публікацыі ў розных часопісах.

“Усё проста: запускаеш зверху адпрацаваную батарэйку, яна трапляе на кантакты, — паказвае, як дзейнічае распрацоўка, мой сураз­моўнік. — Калі ёсць рэшткі энергіі, то батарэйка заціскаецца ў кантактах, ідзе яе замер і адбор. Калі ж пустая, то адразу ляціць уніз. Унутры цацкі ёсць акумулятар, які рэшткі энергіі назапашвае, і яе можна праз порт USB (тут падведзены) выкарыстаць, напрыклад, для зарадкі мабільніка”.

Пры ўсёй непадобнасці дамавічка Кузі з УМКО, зробленага ў выглядзе ружовай свінкі (аналогія са скарбонкай, толькі збірае энергію, а не капейкі), лёсы іх падобныя. Спачатку — прызнанне, прызы і дыпломы, словы ўхвалення. А далей…

“Мы склалі нават бізнес-план па гэтым праекце, і далей справа не пайшла, — гаворыць Аляксандр Іосіфавіч. — Мы ж не прадпрымальнікі — проста школьная структура. Каму гэтым далей займацца? Адказу не знаходзім, топчамся на месцы”.

Помніцца, падобныя праблемы з укараненнем распрацовак у вытворчасць мелі ў свой час і навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук, але змаглі знайсці патрэбныя рашэнні. Можа, іх вопыт выкарыстаць у сістэме Мінадукацыі? Колькі школьных ідэй, знаходак, атрымаўшы прызы і дыпломы на розных конкурсах, маюць потым “Кузеў лёс”… Зрэшты, карысны эфект ад абедзвюх дубровенскіх распрацовак усё ж відавочны. Па-першае, вынаходнікі на практыцы пераконваюцца, якія моцныя і ў фізіцы, і ў соцыуме “законы супраціўлення матэрыі”. Па-другое, вынаходствы тым не менш заахвочваюць да пошукаў навабранцаў. І веды, назапашаныя ў ходзе работы над Кузем ці УМКО, дапамагаюць выхаванцам Аляксандра Іосіфавіча рухацца па жыцці.

Адзін са стваральнікаў УМКО Андрэй Чарнаморцаў вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на трэцім курсе. Яўген Богінаў таксама ў гэтай тэме працаваў, скончыў Беларускі дзярж­універсітэт інфарматыкі і радыё­электронікі. Андрэй тры гады запар паспяхова выступаў на конкурсах — з 9 па 11 клас, і Яўген таксама.

У групе па інтарэсах вучні розных класаў. 2023 год

“Працавалі хлопцы вельмі добра на імідж школы, былі дасведчаныя, тэхнічна падкаваныя: маглі ўсё цікава прэзентаваць, — прыгадвае выхаванцаў настаўнік. — Жэня шмат сіл уклаў у найпершыя нашы праекты. Мы, напрыклад, змайстравалі прыладу: свое­асаб­лівы цеплавізар з адчувальным тэрмаэлементам. З прыборам усю школу абхадзілі-аблазілі: вызначалі месцы працечкі цяпла. Гэтая штука і павяла нас потым па лініі энергазберажэння. Праект на рэспубліцы заняў 2-е месца па энергазберажэнні — у Баранавічах конкурс праходзіў, потым у Санкт-Пецярбург яго вазілі: Жэня прадстаўляў, быў яшчэ ў 8 класе”.

Далей Аляксандр Іосіфавіч расказвае, як ён з камандай “прывязаўся да халадзільніка” — і ўрэшце дубровенскія электроншчыкі знайшлі рашэнне, як з кампрэсара цепла­энергію зноў пераўтвараць у электрычную.

“Звычайна яна прападае, рассейваецца, — тлумачыць настаўнік. — А калі на кампрэсар прымацаваць тэрмаэлектрычны пераўтваральнік, так званы элемент Пельцье, то ён будзе напрамую выпрацоўваць электраэнергію з цеплыні”.

Зацікаўлены такім аповедам, і я, пішучы тэкст, у інтэрнэт заглянуў, знайшоў тую цікавую штуку. Дарэчы, у англамоўнай літаратуры элементы Пельцье абазначаюцца як TEC, і яны даўно працуюць у побытавых прыборах. Прынцып дзеяння TEC, якія масава робяць у Кітаі, заснаваны на эфекце Пельцье: узнікненні рознасці тэмператур пры праходжанні электрычнага току праз паўправаднік. Зрэшты, і адваротны эфект у фізіцы вядомы, называецца эфектам Зеебека. Яго нам і дэманструе Аляксандр Штуро: вылівае на адзін бок згаданага элемента гарачую ваду з чайніка — і тут жа запальваецца прымацаваны да штучкі святлодыёд. І гэта не цуд: фізіка паўправаднікоў…

Праз такую простую рэч, разважаем далей, вучняў лёгка скіра­ваць у пошук: што адбываецца? Дзе яшчэ падобны эфект праяўляецца? Як вядома, чым большы перапад тэмператур на баках TEC, тым большы ён выдае ток. А ёсць і вялікія цеплапомпы, якія такі перапад выкарыстоўваюць, і геатэрмальныя электрастанцыі ў свеце працуюць. Зрэшты, усё вялікае пачынаецца з малога. Ды вось такое малое, школьнікамі апрабаванае, не ўсім падаецца значным: “Наконт укаранення звязваліся са спецыялістамі з “Атланта”, дзе робяць халадзільнікі, — каб распрацоўку запусціць у вытворчасць. І адразу ад кампрэсара забіраць “дарэмную” энергію. Там сказалі: добрая ідэя, але гэта патрабуе дапрацоўкі. А ім патрэбны адпрацаваныя тэхналогіі. Мы ўсё вось так і пакінулі”.

Пра эканомію святла, Наркевіча-Ёдку і школьны стрэсометр

Цяпер у дапрацоўцы ў школьных вынаходнікаў з Дуброўна “вечны пульт” для тэлевізара, які аснашчаны мікрасонечнай батарэяй і акумулятарам.

“Такі пульт будзе праца­ваць вечна — як кажуць, пакуль не скончыцца тэлевізар, — жартуе Аляксандр Штуро. — Мы правялі замеры: элемент у пульце выпрацоўвае ток пад 5 вольт. Раней, можа, памятаеце, такія стаялі ў некаторых калькулятарах, і яны працавалі без падзарадкі. Цяпер на інтэрнэт-пляцоўках элемент можна за капейкі купіць. І яшчэ прапануем корпус пульта ра­біць з фанеры: сучасныя лазерныя тэхналогіі даюць магчымасць. Бу­дзе эканомія батарэек, энергіі, а экалагічна чысты корпус — гэта больш простая ўтылізацыя, меншая шкода для навакольнага асяроддзя”.

Займае вынаходнікаў ідэя эканоміі… святла.

“Думаем, як вярнуць энергію святла, якое страчваецца, калі ў халодную пару года лямпы ў цяпліцах асвятляюць расліны, — расказвае настаўнік. — Гэта можа быць эфектыўная распрацоўка для вялікіх цяплічных гаспадарак, над якімі ноччу цэлае зарыва. Можна ўкараніць сістэму фотаэлементаў, якія ўдзень будуць паварочвацца да сонца, а ўвечар да лямпаў і ла­віць ад іх святло. Калі з розумам рабіць, з інжынерным разлікам, то будзе эканомія. А мы прынцып ­адпрацоўваем, рабочую мадэль хочам зрабіць”.

Увогуле, ідэй у Аляксандра Іосіфавіча і яго выхаванцаў па-ранейшаму шмат. Скажам, яны мараць звярнуцца на новым этапе развіцця тэхнікі да напрацовак беларускага даследчыка Якуба Наркевіча-Ёдкі, які эксперыментаваў з рознымі электрагенератарамі, даследаваў свячэнне рук чалавечых у полі высакавольтнага генератара і навучыўся тое не­звычайнае свячэнне фіксаваць на фотапласцінах. Яшчэ ў 1882 го­дзе ў Заходняй Еўропе прызналі яго адкрыцці. Пазней, у 30-я гады мінулага стагоддзя, падобныя эксперыменты прадоўжылі даследчыкі Сямён і Валянціна (якая была педагогам) Кірліян, яны запатэнтавалі такую незвычайную тонкафізічную з’яву, як “эфект Кірліян”.

“Думаю, мы скарэкціруем траекторыю пошукаў, бо дзяўчынкі, якія прыходзяць у групу, хочуць вучыцца на медыкаў, — гаворыць Аляксандр Іосіфавіч. — Я ім прапанаваў зрабіць найпростыя медыцынскія электронныя прыборы, з дапамогай якіх можна вызначаць супраціўленне ў чалавечым целе. А далей паэксперыментаваць, як яно мяняецца ў залежнасці нават ад нашага настрою”.

Настаўнік паказаў нам ужо зроб­леную падстаўку і два шары на ёй, патлумачыў: “Кладзём рукі на шары, робім замер. Прыбор будзе з вялікім цыферблатам, радыёсхемы дзяўчынкі ўжо зрабілі — засталося аформіць. Схема будзе ў прыборы, а шарык тут як датчык”.

У размове пра канструкцыю разважаем: і ўзровень стрэсу вучняў можна будзе такім прыборам замяраць? Дарэчы, вучоны Ганс Селье наконт стрэсу, яго значэння ў эвалюцыі чалавека зрабіў цікавыя назіранні. А што, падхоплівае думку настаўнік, можна правесці замеры вучняў аднаго класа на пачатку і ў канцы дня. Альбо вызначыць, на якім з урокаў яны атрымліва­юць найбольшы стрэс. Жартуем: ну а калі нехта з раніцы ідзе ў школу не ў добрым настроі, то прыбор падкажа: не, дружа, ты спачатку ідзі пару кругоў па стадыёне прабяжы — настрой падымецца. Так што замест турнікета можна паставіць у школе два шары-­датчыкі. А Кузя-дамавік бу­дзе тут жа чалавечым голасам агуч­ваць рэкамендацыі…

“Увогуле ж мы задумалі прыбор са стрэлкай, але можна і светлавыя эфекты-рэкамендацыі да­даць, — развівае думку Аляксандр Іосіфавіч. — І чалавечы голас да­даць — яшчэ цікавей будзе, уразіць школьнікаў. А рашэнне мы ведаем ужо: маленькі блок у мікрасхеме будзе вынікі замераў агуч­ваць. Скажам, будуць тры розныя фразы — на розных узроўнях супраціўлення”.

Ну а калі гэта ўсё юныя даследчыкі законаў фізікі, а таксама біяфізікі ў сябе зробяць — мы абавязкова раскажам. Такая фізічная практыка, вядома ж, вельмі дапамагае тэарэтычнай фізіцы.

Шмат цікавага яшчэ застаецца за межамі тэксту — спадзяёмся на працяг тэмы. А заадно па­тлумачым загаловак для тых, каму ён падаецца надта высакапарным. “Праз фізіку — да зорак” — гэта не пра космас. Гэта пра тое, як можна ­стаць зоркай, паглыбляючыся ў фізіку. Зрэшты, не выключаю, што з часам энтузіясты разам з Аляксанд­рам Іосіфавічам паўдзельнічаюць і ў нейкіх распрацоўках касмічнай тэматыкі. Патэнцыял ёсць, а зна­чыць, будуць і новыя вяршыні. У тым ліку зорныя…

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Аляксандра Штуро