Якія турыстычныя маршруты прапаноўваюць ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны і Міёршчыны

- 14:12Пресс-тур «Настаўніцкай»

Чаму экскурсійныя аўтобусы робяць прыпынак каля Павяцкай сярэдняй школы і які артэфакт адшукалі вучні побач з язычніцкім капішчам, карэспандэнты “Настаўніцкай газеты” даведаліся падчас прэс-­туру ў Міёрскі і Браслаўскі раёны.

Гасціннасць, утульнасць, сямейная, цёплая атмасфера адрозніваюць многія сельскія школы. Дзяцей тут вучаць з такой жа пяшчотай і беражлівасцю адносіцца да роднай зямлі. Быць не спажыўцамі, а клапатлівымі гаспадарамі. Менавіта з гэтай мэтай была створана эксперыментальная пляцоўка для арганічнага земляробства ў Павяцкай ся­рэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза В.А.Бабічава Міёрскага раёна. На ўчастку пладова-садавінных раслін спеюць вішні, клубніцы, парэчкі, яблыкі, маліны. Карысны фітачай нарыхтоўваецца з дэкаратыўна-духмяных раслін. У цяпліцы збіраюць не толькі ўраджай памідораў і агуркоў, але і экзатычных для паўночнага рэгіёна кавуноў.

Слава пра маладых аграномаў распаўсюджваецца далёка за межы раёна. Каб паглядзець на вынікі іх работы, сюды прыязджаюць не толькі жыхары навакольных вёсак, але і турысты. Прыпынак каля школы на шляху да мясцовай славутасці — вадаспада на рацэ Вята — робяць многія экскурсійныя аўтобусы. Дарэчы, гэты прыродны аб’ект намаляваны на мурале, які ўпрыгожвае адзін з фасадаў навучальнай установы.

Варта адзначыць, што выкарыстанне агратэхнічных ноу-хау характэрна для многіх школ гэтага рэгіёна. Так, у Опсаўскай сярэдняй школе Браслаўскага раёна набраліся смеласці, каб вырошчваць экзатычныя культуры тэф і стэвію. І эксперымент атрымаўся больш чым паспяховым. На чарзе — дэкаратыўны цыкорый.

Яшчэ адной асаблівасцю навучальных устаноў Міёршчыны і Браслаўшчыны з’яўляецца ўдзел у пошукавых экспедыцыях і ванд­роўках. Маляўнічая прырода, неверагодныя краявіды так і клічуць у дарогу. Аўтарскі “Ровар-trip” распрацаваў для сваіх навучэнцаў настаўнік геаграфіі Чапукоўскай сярэдняй школы Дзмітрый Васіленка. Чатыры пешаходныя і адзін веласіпедны маршруты прапаноўваюць хлопчыкам і дзяўчынкам у Друйскай сярэдняй школе Браслаўскага раёна. Вучні адпраўляюцца ў падарожжы ра­зам з настаўніцай гісторыі Галінай Жук і стваральнікам школьнага музея Міхаілам Ставіцкім. Гэтым летам яны пераадолелі 300 кіламетраў і вывучалі таямніцы возера Шо.

У кожнага такога паходу заўсёды ёсць адукацыйная мэта: ванд­роўкі дапамагаюць даведацца пра чарговую невядомую старонку гісторыі. Вось і вучням міёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.A.Томкі разам з настаўнікам гісторыі Максімам Філіповічам пашчасціла на канікулах зрабіць адкрыццё. Падчас веласіпеднага паходу яны выявілі язычніцкае капішча, а побач знайшлі старажытную залатую завушніцу. Вывучэннем гэтага ўнікальнага артэфакта зараз займаюцца навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Увогуле, падчас прэс-тураў “Настаўніцкай газеты” даводзіцца вельмі часта сутыкацца з унікальнымі з’явамі. Пагадзіцеся, гэта сапраўды неверагодна — убачыць у школьным музеі арыгінальную работу Язэпа Драздовіча. Тым не менш міёрскай сярэдняй школе № 3 пашчасціла валодаць такім шэдэўрам. Скажу шчыра, калі я пачула, колькі экспанатаў захоўваецца ў музеі, паверыла не адразу, папрасіла агучыць лічбу яшчэ раз: настолькі яна здавалася фантастычнай. Але ніякай памылкі. 30 тысяч адзінак — гэта насамрэч залаты фонд.

Наступны не менш паказаль­ны прыклад: вучні “Лясной акадэміі” браслаўскай школы № 2 імя З.Я.Кожар на чале з настаўніцай біялогіі Ірынай Канопліч узялі на сябе асабістую адказнасць клапаціцца пра больш чым 200 гектараў лесу. У той жа навучальнай установе вельмі ўтульны метадычны кабінет, які нагадвае сапраўдную аранжарэю. Тут на самай справе хочацца займацца творчасцю і прыдумваць розныя цікавыя праекты.

Дарэчы, распрацоўка адукацыйных праектаў — гэта ўжо своеасаблівая візітоўка многіх устаноў адукацыі. Напрыклад, Чапукоўская сярэдняя школа ў праектнай дзейнасці ўдзельнічае з 2005 года. Спачатку вялікую ўвагу там удзялялі экалагічнаму напрамку, а цяпер робяць акцэнт на грамадзянска-патрыятычным выхаванні. І дасягаюць немалых пос­пехаў. Прычым дыпломы рознай вартасці не самае галоўнае. Важна іншае, на што звярнула ўвагу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Грыгаровіч:

— Для сельскіх дзяцей вялікі гонар, што іх ацанілі на рэспуб­ліканскім узроўні. Ім неабходна ўсведамленне таго, што яны ро­бяць значную справу.

Так, на ўсё жыццё яны запомняць адну з апошніх сваіх знаходак — месца пахавання невядомага салдата. Зараз вучні з настаўнікамі спрабуюць узна­віць гісторыю тых трагічных дзён і ўстанавіць імя байца. Калі слухаеш, як са слязамі на вачах і дрыжачым голасам Святлана Грыгаровіч расказвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, становіцца відавочна: з такім педагогам навучэнцы проста не могуць быць абыякавымі да гісторыі роднага краю.

І так усюды: пра якую б установу адукацыі ні ішла гаворка, гэта заўсёды аповед пра карпатлівую працу натхнёных і неабыякавых настаўнікаў, якія вядуць за сабой школьнікаў. Адзін з такіх энтузіястаў — настаўніца англійскай мовы настаўнік-метадыст Браслаўскай гімназіі Вольга Лукша. Яна з’яўляецца галоўным дарадцам і натхняльнікам усіх праектаў раённага рэсурснага цэнтра па падтрымцы маладзёжных ініцыятыў. Вольга Васільеўна і журналістаў уцягнула ў інтэрактыў, каб яны спаўна адчулі рытм гімназічнага жыцця.

Кожны раз, калі наш творчы дэсант вяртаецца ў сталіцу, супрацоўнікам рэдакцыі здаецца, што яны адсутнічалі тыдзень, не менш, хаця на самай справе мінула ўсяго толькі два дні. За гэты калейдаскоп падзей мы, журналіс­ты “Настаўніцкай”, і любім прэс-туры ў рэгіёны. У такіх паездках неверагодным чынам спрасаваны час, які ўмяшчае ў сябе столькі сустрэч, знаёмстваў, усмешак і адкрыццяў, што ўражанняў хапае яшчэ на некалькі наступных месяцаў. У нататніках карэспандэнтаў з’яўляецца доўгі спіс тэм, вартых увагі. Неаднойчы заўважала, як загараюцца вочы журналістаў: вось ён, герой майго будучага артыкула, вось яна, эксклюзіўная тэма, пра якую яшчэ ніхто не пісаў. І ўсё гэта дзякуючы вам, шаноўныя нашы настаўнікі. Менавіта вы натхняеце нас на плённую працу, і разам з вамі мы робім агульную справу — садзейнічаем аб’яднанню педагагічнай супольнасці.

Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА