Якое важнае месца займае медыятар у наладжванні адносін паміж людзьмі

- 16:08Образование

Спачатку аб розніцы паміж медыяцыяй і медытацыяй ніхто не задумваўся — у дзяцей абодва словы асацыіраваліся з манахамі або ёгамі. Але мы гэта выправілі…

Менталітэт супрацоўніцтва

Зараз усё больш навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Сянна імя З.І.Азгура ведаюць, чым займаецца медыятар і якое важнае месца ён можа займаць у наладжванні адносін паміж людзьмі, а таксама прымяняюць спецыяльныя прыёмы і тэхнікі медыятараў. Гэтыя дзеці разам з педагогамі ўвахо­дзяць у школьную службу медыяцыі (ШСМ), мэтай дзейнасці якой з’яўляецца дапамога ўдзельнікам адукацыйнага працэсу ў вырашэнні канфліктных сітуацый праз правядзенне прымірыцельных сустрэч, укараненне эфектыўных метадаў урэгулявання міжасобасных канфліктаў.

У перыяд з 2019 па 2022 год у нашай школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі фарміравання канф­лікталагічнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйных адносін на аснове стварэння школьных службаў медыяцыі”. Удзел у праекце закончаны, аднак мы працягваем прасоўванне медыя­цыі, навучанне гэтай тэхналогіі, урэгуляванне канфліктаў з яе дапамогай.

Чаму гэта актуальна і важна?

Па-першае, сучаснае грамадства востра адчувае патрэбу ў здольнасці грамадзян канструктыўна ўзаемадзейнічаць. Для гэтага неабходна развіваць сацыяльны і эмацыянальны інтэлект, менталітэт супрацоўніцтва. Набытыя ў школе навыкі прымірэння дзеці будуць прымяняць і ў дарослым жыцці для самастойнага пераадолення міжасобасных канфліктаў.

Па-другое, школьная медыя­цыя з’яўляецца дзейсным інструментам у абароне правоў і інтарэсаў дзяцей. Асноўным прынцыпам сацыяльна-педагагічнага суправаджэння дзіцяці з’яўляецца падтрымліванне яго інтарэсаў і абарона правоў, у тым ліку і ў канфліктных сітуацыях.

Канфлікт можна вырашыць з розных пазіцый:

  • сілы — адзін (ці некалькі) бок заглушаецца за кошт перавагі іншага боку ў сіле;
  • права — з дапамогай якіх-небудзь інструкцый, нарматываў, правіл;
  • інтарэсаў — бакі стараюцца вызначыць тое, што і стала падставай для ўзнікнення спрэчкі і, па магчымасці, задаволіць тыя інтарэсы, якія былі ўшчэмлены.

У першых двух спосабах рашэнне прымаюць не самі ўдзельнікі сітуацыі, а хтосьці іншы на­вязвае ім сваё рашэнне. Школьная медыяцыя як сучасны альтэрнатыўны спосаб вырашае спрэчкі і канфлікты з пазіцыі інтарэсаў. Вялікае значэнне ў школьнай медыяцыі маюць выхаваўчыя (аднаўленчыя) эфекты, прадухіленне паўтарэння такіх паводзін у будучыні.

Сутнасць аднаўленчага эфекту ў тым, што адказнасць ра­зумеецца не як пакаранне, а як разуменне крыўдзіцелем пачуццяў пацярпеўшага, негатыўных наступстваў і як выпраўленне прычыненай шкоды. Ствараючы з дапамогай медыятыўнага падыходу бяспечнае асяроддзе ў адукацыйнай сферы, мы гаворым аб праве і магчымасці кожнага, у тым ліку апанентаў, абараніць і адстаяць свае інтарэсы, не нашко­дзіўшы іншым.

Па-трэцяе, выкарыстанне медыятыўнага падыходу ў рабоце сацыяльнага педагога можа паслужыць базай, на якой рэальна пабудаваць унікальную сістэму паспяховай прафілактыкі негатыўных сацыяльных праяўленняў у падлеткавым асяроддзі.

Падлеткавы ўзрост — крызісны перыяд, у якім дзіця сутыкаецца з цэлым шэрагам сфер, якія выклікаюць напружанне: я-сам, школа, бацькі, сябры. Прымянен­не медыятыўнага падыходу педагогам у рабоце з падлеткам дапамагае ажыццявіць выхад са сферы напружання ў сферу вырашэння супярэчнасцей, не дапускаючы асацыяльных паводзін ці сыходу ад рэальнасці.

Навучаючы дзяцей уменню вырашаць канфлікты, мы вучым іх:

  • паважаць сябе;
  • цаніць і прымаць іншага;
  • адказна ставіцца да сваіх дзеянняў, учынкаў і жыцця ў цэлым;
  • займаць і развіваць актыўную жыццёвую пазіцыю;
  • умець суперажываць, праяўляць чуласць.

Канфлікт вырашальны!

Навучанне па гэтым напрамку ў нашай школе ажыццяўляецца праз правядзенне факультатыўных заняткаў. Іх мэта ў развіцці навыкаў самастойна вырашаць праблемы ў зносінах з аднагодкамі, распазнаваць паводзінскія і эмацыянальныя знакі, а таксама ў асваенні медыятыўных тэхнік і прыёмаў.

Пачынаюць навучанне дзяцей з пашырэння агульнага кругагляду:

– паняцце аб медыяцыі як альтэрнатыўным спосабе вырашэння спрэчак (канфліктаў);

– гісторыя ўзнікнення, развіцця, прававое рэгуляванне;

– спецыялізацыя медыятараў (сямейная, аднаўленчая, школьная, судовая, медыяцыя ў натарыяльнай дзейнасці, у будаўніцтве, бізнес-медыяцыя);

– медыятар — гэта прафесія, якой можна навучыцца ў будучыні, маючы любую вышэйшую адукацыю.

Гэтыя тэмы не прадугледжаны праграмай, якая пакладзена ў аснову планавання факультатыву, аднак падчас работы стала відавочна, што дасведча­насць у гэтым пытанні ў навучэнцаў першапачаткова нізкая. Ведаць аб тым, адкуль прыйшла медыяцыя і як яна можа спатрэбіцца ў будучыні, — нядрэнны матыў для яе вывучэння.

Гісторыя медыяцыі ў нашай школе пакуль кароткая, але пэўныя дасягненні ўжо ёсць. Акрамя прымірыцельных сустрэч, дзеці распрацоўваюць і праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на згуртаванне і вырашэнне канфліктаў у дзіцячым калектыве ў гульнявой форме. Для папулярызацыі і прасоўвання медыятыўнага падыходу разам з куратарам ствараюць канспекты, памяткі па бесканфліктных паводзінах. Асвоілі выданне інфармацыйных бюлетэняў, у якіх сабраны цікавыя факты, тэарэтычныя пытанні медыяцыі, а таксама падзеі з жыцця школьнай службы ме­дыяцыі.

Набытыя ў школе навыкі прымірэння дзеці будуць прымяняць і ў дарослым жыцці для самастойнага пераадолення міжасобасных канфліктаў.

Служба прымірэння нашай школы ўжо мае свой стыль і атрыбутыку. Юныя медыятары стварылі свой лагатып, выбралі дэвіз. Лагатып уяўляе сабой квадрат шэрага колеру, таму што канфлікт — гэта не чорнае (негатыў) і не белае (пазітыў). Па цэнтры — абрэвіятура ШСМ зялёнага колеру, які сімвалізуе спакой, прымірэнне, бяспеку. Над абрэвіятурай выяўлены школьны трохвугольнік (трохвугольнік — сімвал трох бакоў, якія ўдзельнічаюць у медыяцыі) і ручка (яна сімвалізуе тое, што пагадненне будзе падпісана, а вядома, “што напісана пяром, не выйме і сякера”). Пад абрэвіятурай надпіс “Канфлікт вырашальны!”, які адначасова з’яўляецца дэвізам ШСМ. Надпіс выкананы ў фіялетавым колеры, які ўяўляе сабой камбінацыю двух моцных і адначасова супрацьлеглых па значэнні колераў — чырвонага і сіняга, што можна тлумачыць як сімвал адзінства супрацьлегласцей.

Навучанне дзяцей медыятыўнаму падыходу садзейнічае таму, што яны лепш разумеюць сябе і свайго аднагодка ў канфлікце, вучацца весці перамовы па вырашэнні складаных і канфліктных праблем, ведаюць працэдуру арганізацыі медыяцыі і, галоўнае, разумеюць, што можна вырашыць канфлікт без насілля, калі сам даволі кампетэнтны ў зносінах і ўмееш прымаць канструктыўныя рашэнні.

Слова навучэнцам

Дзецям, якія прайшлі вучэбны курс, было зададзена пытанне: “Якую карысць для сябе вы бачыце ў наведванні такога факультатыву?”. Вось некаторыя з адказаў.

“Мне дапамагаюць у штодзённым жыцці прыёмы, з якімі мы азнаёміліся на факультатыве, напрыклад, тэхніка “Я-выказванні”.

“Аказваецца, прычынай маёй сваркі з сяброўкай стаў мой унутрыасобасны канфлікт! Я зразумела гэта, калі мы гаварылі пра тыпы канфліктаў. Гэта дапамагло мне разабрацца ў сабе, адразу стала лягчэй”.

“Задумаўся аб тым, як было б здорава, калі б прынцыпаў медыяцыі — добраахвотнасці, канфідэнцыяльнасці, добрасумленнасці, раўнапраўя і ўзаемнай павагі, роўнай адказнасці — прытрымліваліся ў штодзённым жыцці дарослыя ў дачыненні да нас (у першую чаргу бацькі)!”

“А я чамусьці для сябе прыняла такую стратэгію паводзін, як пазбяганне (сыход). З-за гэтага навакольныя былі пазбаўлены магчымасці даведацца, што ж я думаю на самай справе, а мае цяжкасці так і заставаліся толькі маімі… Назапашваліся крыўды, ад чаго мне станавілася толькі горш… На занятках я даведалася, што можна і трэба ў канфлікце паводзіць сябе па-іншаму”.

“Словы-канфліктагены — наша ўсё! Мы гаворым іх на аўтамаце, не задумваючыся. Вось і атрымліваюцца канфлікты на роўным месцы! Прыводзіць у шаленства, калі табе гавораць што-небудзь накшталт “ты павінен”, “ты абавязаны” або “ты яшчэ пашкадуеш”, “ты ва ўсім вінаваты”. Асабіста ў мяне гэта былі словы, якія выказвалі катэгарычнасць: “заўсёды”, “ніколі”, “усе”, “ніхто”. А на самай справе і не “ўсе” і не “заўсёды”. Стаў сачыць за мовай і заўважыў розніцу”.

“Спадабалася працаваць у коле — неяк хочацца выказацца і іншых паслухаць. Дзякуй сімвалу слова! Трэба бацькам прапанаваць, калі спрачаюцца”.

Наталля БЕЛЬСКАЯ,
педагог сацыяльны
сярэдняй школы № 1 Сянна
імя З.І.Азгура Віцебскай вобласці