Якой архітэктурнай спадчынай славяцца Клімавічы

- 9:30Родная земля

Што паглядзець у Клімавічах? Якой архітэктурнай спадчынай славіцца гэты невялікі райцэнтр? Ці можна атрымаць тут такія ж яркія і незабыўныя ўражанні, як ад наведвання Гродна або Полацка? Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Клімавіцкая экзотыка

Падобныя пытанні могуць узнікнуць у аматараў падарожжаў, калі яны вырашаць з’ездзіць у пакуль што экзатычныя для многіх беларусаў Клімавічы. Чаму экзатычныя? Думаю, калі мы захочам адправіцца ў выхадны дзень на фотапрагулку ў багаты на помнікі архітэктуры горад, то выбар хутчэй за ўсё зробім на карысць сталіцы, абласных цэнтраў або таго ж Полацка. Пра Клімавічы, як і пра многія іншыя невялікія гарады, падумаем у апошнюю чаргу. І дарэмна, бо ў плане архітэктурнай унікальнасці яны не саступаюць папулярным сярод турыстаў мясцінам.

Быццам у замку

Ужо многія гады турыстычны патэнцыял роднага горада папулярызуюць педагогі Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Актыўная работа вялася пры ранейшым дырэктары Рэгіне Яўгенаўне Аляксеенка, і закладзеныя ёй традыцыі працягваюцца.

Калі ў інтэрнэце мы захочам прачытаць інфармацыю пра славутасці Клімавіч, то хутчэй за ўсё знойдзем звесткі толькі пра Свята-Міхайлаўскі храм, сядзібу князёў Мяшчэрскіх і былы ваенкамат. На самай жа справе, будынкаў з багатай і цікавай гісторыяй у нас значна больш, — дзеліцца дырэктар цэнтра Алена Васільеўна Андрушкова.

Узяць для прыкладу сам цэнтр дадатковай адукацыі. Па пашпарце годам яго будаўніцтва лічыцца 1939-ы, хаця ўзведзены будынак яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. Гэта як з многімі нашымі гарадамі: годам заснавання лічыцца першая згадка ў летапісах, аднак сяліліся людзі на тэрыторыі населенага пункта значна раней. Будынак па Савецкай, 55 унікальны тым, што ў яго архітэктуры перапляліся розныя гістарычныя эпохі.

— Калі паглядзець на яго з боку вуліцы, то можна заўва­жыць, што некалькі вокнаў — амаль упоравень з зямлёй. Гэта самая старая частка будынка. У час Вялікай Айчыннай вайны на другім паверсе размяшчалася нямецкая камендатура, а на першым была стайня. Пасля вайны ў будынку знаходзілася і сярэдняя школа, і вячэрняя, і пачатковая, і аддзел народнай адукацыі, і райкам партыі, і бібліятэка, і метадыч­ны кабінет, і раённая фільматэка. Калі захо­дзіш у сярэдзіну будынка, нельга не звярнуць увагу на таўшчыню сцен. Асабліва гэта заў­важна па аконных адкосах. Такое адчуванне, што знаходзішся ў ся­рэдневяковым замку, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Мікалаеўна Рабцава.

Шмат цікавых звестак удалося знайсці настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 3 Клімавіч Таццяне Пятроўне Ляонавай. Па яе словах, у пачатку мінулага стагоддзя гэта быў адзін з буйных мураваных будынкаў. Першапачаткова ў ім размясцілася земская ўправа. Пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будынак часткова пацярпеў. Пасля вайны яго адрамантавалі і зноў пачалі выкарыстоўваць. Тут адкрылася вячэрняя школа працоўнай моладзі. Сярод выпускнікоў — Герой Савецкага Саюза Сцяпан Раманец, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Смат­рын, заслужаны дзеяч культуры Леанід Ячнеў. У 1949 годзе зроб­лена прыбудова. Вячэрняя школа праіснавала да сярэдзіны 70-х гадоў XX стагоддзя. У будынку размясціліся пачатковыя класы сярэдняй школы № 3 Клімавіч, пазней — аддзел адукацыі. Цяпер тут Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Фотапрагулка

Адзін з напрамкаў дзейнасці гэтай шматпрофільнай установы — папулярызацыя сярод школьнікаў ведаў пра мінулае роднага горада, вывучэнне яго вуліц, будынкаў. Сёння гэтая работа вядзецца ў рамках абласнога праекта “#Мая_Зямля_Пры­дняпроўе”. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Уладзіміраўна Шапавалава расказала, што праведзены конкурс “Раён адчыняе дзверы”, акцыя “Тут радзімы маёй пачатак”.

Акрамя абласнога праекта, цэнтрам дадатковай адукацыі пра­водзяцца ўнутры­раённыя мерапрыемствы. Гэта краязнаўчыя чытанні, алімпіяды, конкурсы па вывучэнні назваў вуліц, у прыватнасці, праект “Скажы, пра што гавораць нашы вуліцы”. Калектыў цэнтра пастаянна знаходзіць новыя формы работы, каб зацікавіць дзяцей. Асабліва папулярны фотаквест. Яго сутнасць у тым, што дзецям раздаюць копіі старых фотаздымкаў будынкаў горада і прапануюць пазнаць гэтыя аб’екты, адшукаць, сфатаграфавацца на іх фоне.

— Гэта ўніверсальны квест, яго могуць выкарыстоўваць педагогі не толькі Клімавіч. Колькасць аб’ектаў для пошуку можа быць рознай. Я, напрыклад, узяла 10. Можна браць і 5, і 20. Галоўнае — загадзя знайсці старыя фотаздымкі будынкаў і раздрукаваць іх. Мэта квеста — прывіць дзецям любоў да гісторыі роднага горада, даць ім магчымасць па-іншаму паглядзець на знаёмыя мясціны. Напрыклад, кожны дзень яны праходзяць каля будынка былога ваенкамата. Ён для іх ужо настолькі прывычны, што дзеці папросту не звяртаюць на яго ўвагі. А падчас квеста яны даведваюцца, што, аказваецца, першапачаткова ў гэтым будынку размяшчаўся заезны двор, дзе падарожнікі маглі спыніцца, адпачыць. Пасля фотаквеста вучні прыходзяць у школы, рас­казваюць аднакласнікам, сябрам пра цікавае мерапрыемства, і тыя потым таксама выказ­ваюць жаданне паўдзельнічаць у квесце, — паведаміла аўтар фотаквеста метадыст цэнтра дадатковай адукацыі Таццяна Ігараўна Асмалоўская.

Незнаёмае знаёмае

Жаданне паўдзельнічаць у фотаквесце ўзнікла і ў мяне. Думаю, і чытачы не супраць прагуляцца па вуліцах Клімавіч і азнаёміцца з яго архітэктурнай спадчынай. Нашымі экскурсаводамі ста­нуць Таццяна Ігараўна Асмалоўская і Тац­цяна Пятроўна Ляонава. Пачнём з экскурсіі “Ад старога да новага”.

Таццяна Ляонава: Многія людзі шмат гадоў жывуць у адным і тым жа горадзе, ходзяць па адных і тых жа вуліцах, бачаць адны і тыя ж будынкі. Але што мы ведаем пра гісторыю роднага горада? Што раскажам пра знаёмыя будынкі?

Нашы продкі стваралі будынкі рознага прызначэння. Але нязменным было адно: яны ўзво­дзіліся на стагоддзі. Самым вядомым будынкам Клімавіч з’яўляецца былая сядзіба Мяшчэрскіх. У першую чаргу тут варта сказаць пра Марыю Мікалаеўну Мяшчэрскую, арыгінальны помнік якой можна ўбачыць каля ся­дзібы. Жанчына нібыта запрашае прысесці побач з ёй на бетоннай лаўцы і сфатаграфавацца. Бацька Марыі Мікалаеўны — дваранін, калежскі саветнік, прадвадзіцель дваранства Мсціслаўскага павета. Менавіта ён пабудаваў гэты дом для сваёй дачкі ў 1867 годзе. У той час тут быў цэнтр свецкага жыцця. Князёўна запрашала мастакоў, музыкантаў, вандроўных артыстаў, ладзіла балі. Яна цудоўна валодала французскай мовай, вучыла дзяцей правілам этыкету. Мяшчэрская жыла ў сядзібе да рэвалюцыі. Пазней сям’ю перасялілі ў невялікую хату на ўскраіне горада. Колькі гадоў тулілася там звыклая да раскошы дама, колькі пражыла на гэтай зямлі, невядома. Пахавана на мясцовых могілках, але дзе канкрэтна, невядома. Фотаздымкаў Марыі Мяшчэрскай не захавалася, таму вобраз князёўны, адлюстраваны ў арыгінальным помніку, крыху міфічны, — рас­казвае Таццяна Пятроўна.

Недалёка ад двухпавярховай драўлянай сядзібы з арыгінальнымі разнымі ліштвамі знаходзіцца будынак з цаглянымі ліштвамі. Гэта той самы заезны двор, пра які мы ўжо згадвалі. Ён узведзены ў 1900 годзе на перакрыжаванні ву­ліц Леніна (былая Крычаўская) і Савецкай (былая Сві­рэльская). Цікавы факт: калісьці менавіта гэтыя дзве вуліцы былі брукаванымі. Сёння вуліца Савецкая як праспект Незалежнасці для Мінска. Яна перасякае практычна ўвесь горад, і на ёй знахо­дзяцца многія помнікі архітэктуры. “Ад Савецкай да Сві­рэльскай” — так называецца яшчэ адзін экскурсійны маршрут, створаны Таццянай Пятроўнай Ляонавай. Настаўніцай распрацаваны і маршруты “Па дарогах вайны”, “Прагулка па бульвары”, “Цяпло роднага ачага”.

Прапаную прагуляцца па самай маляўнічай частцы вуліцы Савецкай — гарадскім парку, або бульвары, як называюць яго клімаўчане. Знаходзіцца парк на скрыжаванні Савецкай, Камуністычнай, Інтэрнацыянальнай і Магона. Парк — славутасць і гордасць горада. Закладзены ў 1872 годзе. Тут было разбіта некалькі алей: ліпавая, дубовая, язмінавая. У гістарычных крыніцах гаворыцца, што алеі былі высаджаны ў выглядзе слова “Кацярына”. Па перыметры размяшчаліся ўтульныя альтанкі, плеценыя з лазы і ўвітыя дзікім вінаградам. Каля ўвахода на галоўную алею стаялі дзве пірамідальныя таполі, — расказ­вае настаўніца.

У парку не толькі раслі розныя дрэвы, кусты, але і знаходзілася драўляная царква Раст­ва Іаана Прадцечы. Узведзеная ў 1844 годзе, яна прастаяла 116 гадоў. У 1960 годзе была разабрана, а сцены выкарыстоўваліся для будаўніцтва раённай бібліятэкі. Цяпер на месцы царквы знаходзіцца помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Іншаму клімавіцкаму храму — Свята-Міхайлаўскай царкве — пашчасціла значна больш. Ён дайшоў да нашага часу праз віхуры мінулых стагоддзяў і сёння з’яўляецца адной са славутасцей горада. Царква пабудавана ў 1866 го­дзе, асвечана ў 1867-м.

У раённым края­знаўчым музеі захоўваецца ўнікальны экспанат — тэлеграма ад Сталіна, у якой ён дзякуе святару храма Пятру Макараву за мужнасць, праяўленую падчас Вялікай Айчыннай вайны ў выратаванні палонных чыр­вонаармейцаў. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму.

“Непрыметныя” будынкі

Былая сядзіба князёў Мяшчэрскіх, Свята-Міхайлаўскі храм, былы заезны двор — гэта самыя знакамітыя будынкі Клімавіч, інфармацыя пра якія традыцыйна размяшчаецца на турыстычных сайтах. Аднак нярэдка па-за ўвагай застаецца шмат іншых аб’ектаў, з якімі звязана багатая гісторыя горада. Сярод такіх “непрыметных” будынкаў — помнік архітэктуры канца ХIХ стагоддзя па вуліцы Камуністычнай, дзе цяпер размяшчаецца Клімавіцкая дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў.

Цікавы будынак знаходзіцца і на вуліцы Магона. Некалі тут жыла заможная яўрэйская сям’я. У падвальным памяшканні гаспадар размясціў карчму, а сам з сям’ёй жыў паверхам вышэй. Побач з домам былі стайні. У час Вялікай Айчыннай вайны ў падвале дома акупанты трымалі мясцовых юнакоў і дзяўчат перад адпраўкай у Германію. Наверсе была канцылярыя. Пасля вайны ў будынку абсталявалі радыёвузел. Потым кіраўніцтва раённага вузла сувязі прыстасавала дом пад жыллё.

Падчас аповеду пра той ці іншы будынак Таццяна Пятроўна абавязкова дае звесткі і пра чалавека, у гонар якога названа вуліца. Эрман Якаўлевіч Магон — генерал-маёр, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Летам 1941 года на чале корпуса вёў абарончыя баі на Дняпры, Проні, Сожы ў раёне Быхава, Пра­пойска (сёння Слаўгарада), Крычава. У жніўні пад Клімавічамі вывеў свой корпус з акружэння. Загінуў каля вёскі Малышкавічы. Праз шмат гадоў астанкі генерала былі перапахаваны ў райцэнтры.

Архітэктура — дзівосная старонка біяграфіі горада. Старыя будынкі, першыя вуліцы, плошчы — усё гэта створана рукамі нашых продкаў. І шанаваць спадчыну, якую яны нам пакінулі, трэба кожнаму чалавеку, — адзначыла напрыканцы экскурсіі Таццяна Пятроўна.

Ціманаўскія адметнасці

Экскурсіі, квесты праводзяць не толькі педагогі і вучні Клімавіч. Так, навучэнцы Ціманаўскай сярэдняй школы ў рамках праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”, а дакладней, чэленджа “#Вуліцы майго горада”, стварылі алфавітны даведнік вуліц аграгарадка Ціманава. Дзецям было цікава даведацца пра гісторыю вуліц, на якіх яны жывуць і па якіх кожны дзень ідуць у школу. Напрыклад, вуліца Мірная злучае практычна ўсе вуліцы “пасёлка перасяленцаў” — часткі аграгарадка, куды пера­ехалі людзі з вёсак, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Назва вуліцы невыпадковая. Яна свед­чыць пра спакойнае і мірнае жыццё сяльчан.

Па словах дырэктара школы Пятра Леанідавіча Шашкова, усе класы сталі пошукавымі атрадамі, атрымалі заданні па даследаванні сацыякультурных, гістарычных, археалагічных, прамысловых, прыродных аб’ектаў аграгарадка. У выніку створана інтэрактыўная карта Ціманава з апісаннем і фотаздымкамі гэтых аб’ектаў, аўдыягідам “Падарожнічаем па аграгарадку Ціманава”, а таксама з даведнікам, які можа быць карысны для навучэнцаў, класных кіраўнікоў і ўсіх, каго ціка­віць гісторыя клімавіцкай зямлі.

— Вывучаць гісторыю роднага краю вучням дапамагае школьны музей. Сярод самых каштоўных экспанатаў — арыгінал карціны народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага “Параненыя”. Карціна была напісана ў 1988 годзе для музея племзавода “Ціманава”, а пасля таго як частку экспазіцыі з таго музея перадалі ў школу, разам з экспанатамі ў нас апынулася і гэтая карціна. Сюжэт узяты мастаком з мясцовых рэалій. Пасля бою пад Ціманавам вяскоўцы ратавалі параненых чырвонаармейцаў, спадзеючыся, што і іх сынам нехта дапаможа ў выпадку ранення, — расказвае Пётр Леанідавіч.

Працавітыя, як пчолы

У Ціманаўскую сярэднюю школу мы яшчэ абавязкова вернемся на старонках “Настаўніцкай газеты” і раскажам пра ўнікальны музей на чарнобыльскую тэматыку. А сённяшняе падарожжа завяршым на вуліцах Клімавіч.

Калі ідзеш па Савецкай (былой Свірэльскай), то нельга не заўважыць шматлікія драўляныя, металічныя скульптуры пчол. Устаноўлены яны невыпадкова. Менавіта выява гэтага працавітага насякомага ўпрыгожвае герб Клімавіч з 1781 года. Такімі ж працавітымі, актыўнымі даследчыкамі роднага краю з’яўляюцца і мясцовыя педагогі. Так што пчала — гэта яшчэ і сімвал клімавіцкіх краязнаўцаў.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара