Якую пазаўрочную праграму прапанавалі вучням на восеньскіх канікулах?

- 12:40Образование

Якую пазаўрочную праграму прапанавалі сваім вучням на восеньскіх канікулах педагогі з розных рэгіёнаў, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Наталля Бартноўская, намеснік дырэктара Кабакоўскай сярэдняй школы, Брэсцкая вобласць:

— Выхаваўчая работа ў канікулярны час накіравана на фарміраванне ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, вывучэнне закона і правапарадку, прывіццё беражлівых адносін да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа. Таму, плануючы дзейнасць на восеньскіх канікулах, настаўнікі прапанавалі дзецям такія формы работы, як патрыятычная квест-гульня “Мой народ — мой гонар”, інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Мая малая ра­дзіма”, квест-гульня “Падарожжа па экалагічнай сцежцы” і дыялогавая пляцоўка “Усе работы добрыя, усе прафесіі патрэбныя”. Дарэчы, нашы вучні разам з класнымі кіраўнікамі вельмі любяць падарожнічаць па роднай Бярозаўшчыне і знаёміцца з музеямі іншых устаноў адукацыі. Таму на канікулах прайшоў рэгіянальны турыстычна-­экскурсійны маршрут у Спораўскую сярэднюю школу, дзе навучэнцы наведалі эколага-этнаграфічны музей “Спораўскі карась”, музей “Край партызанскі” і вёску Здзі­тава з мемарыяльным комплексам “Здзітаўская абарона”. У канікулярны час важна стварыць умовы для сацыялізацыі і самарэалізацыі асобы кожнага навучэнца. У нашай установе гэтаму заўсёды спрыяюць аб’яднанні па інтарэсах “Вясёлая палітра”, “Тэатральны калейдаскоп” і “Вышыўка”, а таксама наступныя мерапрыемствы: турнір “Юны перакладчык”, гульня “Морфамікс”, літаратурная гульня “Хто хоча стаць мільянерам-літаратуразнаўцам”, інтэлектуальныя гульні “Слабае звяно” і “Зорны час”. Таксама фармат фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў на восеньскіх канікулах умацаваў здароўе навучэнцаў. Каб комплексная сістэма мер, накіраваных на прапаганду здаровага харчавання і фарміраванне правільных харчовых паводзін, была ў дзеянні і ў канікулярны час, педагог працоўнага навучання правяла майстар-клас “Каша з сакрэтам”. А старшакласнікі збіраліся на гадзіну зносін “Прафілактыка гвалту ў маладзёжным асяроддзі”.

Ларыса Літвінава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 6 Рагачова, Гомельская вобласць:

— Мерапрыемствы на канікулах у нашай установе адукацыі плануюцца за 2—3 тыдні. Настаўнікі, улічваючы ўсе інта­рэсы навучэнцаў, прапануюць шэраг цікавых спраў. У прыярытэце экскурсіі, паездкі, сустрэчы, працоўныя дэсанты і акцыі. Для маіх дзесяцікласнікаў выкарыстоўваю індывідуальны падыход. На восеньскіх канікулах яны пра­цяг­нулі падрыхтоўку да раённага этапу абласной алімпіяды. Мы ўдзельнічаем у такіх праектах, як абласная навукова-практычная канферэнцыя “Пошук”, рэспубліканскі конкурс “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, рэспубліканскі праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Таму на канікулах займаліся пад­рыхтоўкай прэзентацый, а таксама выязджалі на абарону сваіх работ. На базе 10 класа створана інжынерная група з профільным вывучэннем фізікі і матэматыкі. Для гэтых падлеткаў была арганізавана практычная работа на анлайн-платформе. Яе правёў старшы выкладчык кафедры “Эканоміка” Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Су­хога Вадзім Клейман. А для аматараў падарожжаў была арганізавана экскурсія ў Магілёў з наведваннем гарадской ратушы, музея МУС, краязнаўчага музея і агляднай экскурсіі па горадзе. Для мяне як класнага кіраўніка важным момантам з’яўляецца стварэнне ўмоў для згуртавання класа. Упэўнена, што на гэтых канікулах кожны навучэнец знайшоў сабе справу па душы, змог адпачыць і зарадзіцца энергіяй на новую чвэрць.

Вікторыя Банчук, настаўніца англійскай мовы Путрышкаўскай сярэдняй школы імя Ф.Л.Крайніка, Гродзенская вобласць:

— Канікулы — выдатны спосаб адпачыць ад вучобы, заняцца карыснай дзейнасцю, аднавіць фізічныя і духоўныя сілы і ўмаца­ваць здароўе. Таму ў Пут­рышкаўскай сярэдняй школе імя Ф.Л.Крайніка для вучняў была пад­рыхтавана насычаная праграма на перыяд восеньскіх канікул. Акрамя віктарын, інтэрактыўных гульняў, спартыўных турніраў і акцый дзеці з’ез­дзілі на экскурсію ў Баранавічы. Там навучэнцы наведалі знакаміты музей чыгункі, а таксама пазнаёміліся і нават пакармілі цікавых жыхароў парка жывёл “Дыпрыз”. Па традыцыі ў перыяд школьных канікул на базе ўстановы адукацыі была арганізавана работа аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Непаседы”. Гэтым разам у ім аздараўляліся 20 школьнікаў. Пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў улічваліся ўзроставыя асаблівасці і інтарэсы дзяцей. У школе функцыянавалі аб’яднанні па інтарэсах. Спадзяюся, што пасля канікул вучні вярнуліся ў сцены школы шчаслівымі, здаровымі і поўнымі сіл.

Таццяна Стральцова, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Свяцілавіцкай сярэдняй школы, Магілёўская вобласць:

— У перыяд восеньскіх канікул у нашей школе работа была арганізавана такім чынам, каб кожны навучэнец мог правесці свой вольны час не толькі цікава і весела, але і з карысцю. З 30 кастрычніка па 4 лістапада ў школе функцыянаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка” для 15 дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Кожны дзень прысвячаўся пэўнай тэме, у рамках якой выхавальнікі право­дзілі пазнавальныя мерапрыемствы. Так, 31 кастрычніка прайшла акцыя “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму”. Падчас мерапрыемства дзеці паўтарылі правілы паводзін на прыродзе, абмеркавалі, для чаго трэба дапамагаць прыро­дзе і як гэта рабіць з веданнем і розумам, наведалі Свяцілавіцкае ляс­ніцтва, пагулялі ў гульню “Працягвай — не пазяхай”. Яшчэ на восеньскіх канікулах прайшла экскурсія ў сельскую бібліятэку, там навучэнцы азнаёміліся з дзіцячымі кнігамі розных пісьменнікаў і пагутарылі аб тым, як неабходна выбіраць кнігу, аб беражлівых адно­сінах да яе. У заключэнне сярод дзяцей правялі віктарыну па казках рускіх пісьменнікаў. Вучні засталіся задаволены праведзенай экскурсіяй. Акрамя гэтага, навучэнцы на канікулах старанна рыхтаваліся да другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Таццяна Дзядзюль, дырэктар Гародзькаўскай сярэдняй школы, Мінская вобласць:

— На восеньскіх канікулах жыццё ў школе не спыняецца. Дзіцячыя галасы гучалі ў кожным кутку нашай установы. Мы распрацавалі план мерапрыемстваў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу па розных напрамках. Вучні актыўна наведвалі спартыўныя гульні, турніры, спаборніц­твы. Былі арганізаваны дадатковыя трэніроўкі па баскетболе і настольным тэнісе. Яшчэ ў дзяцей карысталася папулярнасцю трэнажорная зала. У школе на канікулах функцыянавалі творчыя майстэрні, дзе вучні шылі, вязалі і майстравалі, таксама асвоілі новую тэхналогію макрамэ. Не зачынялі дзверы і вучэбныя кабінеты. Там дзеці актыўна рыхтаваліся да алімпіяд і конкурсаў даследчых работ, праводзячы фізічныя і хімічныя доследы. Нашай установай былі арганізаваны экскурсіі і вандроўкі для навучэнцаў і іх баць­коў па гістарычных мясцінах, культурных славутасцях раёна і краіны. З 30 кастрычніка па 4 лістапада працаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Вясёлка” для 15 вучняў пачатковай школы. А для педагогаў праводзіліся семінары і майстар-класы па абмене вопытам у рабоце з дзецьмі.

Настасся ЧАРКАНАВА