Украіна: якую спадчыну пакінуў экс-рэктар “Магілянкі”?

- 14:07Паралелі, Рознае

Новым Прэм’ер-міністрам Украіны прызначаны Уладзімір Гройсман. Змяніліся і кіраўнікі шэрага ведамстваў, у тым ліку Міністэрства адукацыі і навукі: Сяргея Квіта змяніла Лілія Грыневіч. Што ён паспеў і не паспеў здзейсніць за два гады кіраўніцтва і якія задачы стаяць перад яго пераемнікам — на гэтую тэму піша “Освіта.UA” са спасылкай на DW.

21 лютага 2014 года падчас драматычных фінальных падзей пратэстаў у Кіеве ініцыятыўная група студэнтаў заняла будынак Міністэрства адукацыі і навукі з патрабаваннем адстаўкі тагачаснага кіраўніка ведамства Дзмітрыя Табачніка і прызначэння новага міністра. У ліку кандыдатур актывісты называлі прэзідэнта Кіева-Магілянскай акадэміі Сяргея Квіта, рэктара Кіеўскага політэхнічнага інстытута Міхаіла Згуроўскага і народнага дэпутата Лілію Грыневіч. Як вядома, выбар новай улады выпаў на першую з названых кандыдатур. Грамадства чакала ад прызначанага міністрам Сяргея Квіта прарыўных змен у галіне, а сам наваспечаны чыноўнік анансаваў маштабныя рэформы.

Праз два гады знаходжання на пасадзе сваёй калезе экс-прэзідэнт “Магілянкі” пакідае выкананымі толькі частку з іх. Акрамя прынятых законаў “Аб вышэйшай адукацыі” і “Аб навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці”, Квіт можа ганарыцца далучэннем Украіны да еўрапейскай праграмы па даследаваннях “Гарызонт-2020”, паспяховым правядзеннем уступных кампаній і ўдалым пераводам вышэйшых навучальных устаноў з акупаванай часткі Данбаса ў падкантрольныя Кіеву гарады. Але абяцаныя змены ва ўкраінскай адукацыі забуксавалі, у прыватнасці таму, што фінансавыя праблемы не абышлі і Міністэрства адукацыі і навукі: арыенцір выдзялення на адукацыйныя патрэбы 7% ад валавога ўнутранага прадукту не выконваецца. Так, у 2014 годзе, па даных дзяржаўнай статыстыкі, выдаткі бюджэту на адукацыю склалі 6,4%, у 2015 зменшыліся яшчэ больш — да 5,5%. Аднак многія лічаць, што і міністэрства працавала не лепшым чынам: заяў і напрацовак нарматыўных актаў было шмат, а вось іх якасць і практычная работа па ўкараненні яўна вымушалі жадаць лепшага. Да таго ж міністэрства не здолела дзейсным чынам абараніць сацыяльныя гарантыі настаўнікаў, матэрыяльнае становішча якіх апошнім часам істотна пагоршылася.

Зразумела, што былы рэктар адной з вядучых ВНУ Украіны, заняўшы пасаду міністра, шмат увагі ўдзяляў вышэйшай адукацыі.

Яшчэ на пасадзе рэктара Сяргей Квіт вызначыўся жорсткай апазіцыяй да Дзмітрыя Табачніка, які кіраваў галіновым ведамствам у часы экс-прэзідэнта Віктара Януковіча. “Міністэрства адукацыі і навукі само па сабе ніякіх рэформ праводзіць не можа па азначэнні, таму што яно не мае для гэтага ні фінансавых рэсурсаў, ні спецыяльных паўнамоцтваў”, — казаў ён тады. Але пасля змены рэктарскага крэсла на міністэрскае Сяргей Квіт абвясціў безумоўным прыярытэтам менавіта пытанні рэформы ў вышэйшай адукацыі.

1 ліпеня 2014 года Вярхоўная Рада прыняла новы Закон “Аб вышэйшай адукацыі”. Законапраект быў падрыхтаваны рабочай групай пад кіраўніцтвам Міхаіла Згуроўскага пасля гарачых дыскусій і атрымання тысяч прапаноў. Дакумент уводзіць акадэмічную і фінансавую аўтаномію ВНУ, мяняе сістэму акадэмічных узроўняў — у прыватнасці ліквідуе савецкія катэгорыі спецыяліста і кандыдата навук, а таксама прадугледжвае жорсткую барацьбу з плагіятам. “Міністр Квіт і яго каманда выбудоўвалі сістэму аўтаноміі вышэйшых навучальных устаноў. Тое ж самае рабіў і Камітэт Вярхоўнай Рады, што ўзначальвала Лілія Грыневіч”, — тлумачыць прарэктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Уладзімір Бугроў, абгрунтоўваючы чаканую пераемнасць палітыкі ведамства.

Экс-кіраўнік Украінскага цэнтра ацэньвання якасці адукацыі Ігар Лікарчук, наадварот, лічыць, што новы закон не стаў рэвалюцыйным, а значную частку яго палажэнняў Міністэрству адукацыі і навукі рэалізаваць так і не ўдалося. У прыватнасці, значную частку паўнамоцтваў міністэрства павінна перадаць Нацыянальнаму агенцтву па забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі. Зрэшты, гэтая структура так і не пачала сваю работу — у склад агенцтва былі выбраны чыноўнікі, якія падвергліся люстрацыі, з-за чаго міністэрства не прызнала вынікі конкурсу.

Рамачны закон аб адукацыі, які павінен пачаць карэнныя змены ў сярэдняй школе, да гэтага часу не прыняты. Ад настаўнікаў усё часцей гучыць крытыка ў адрас міністэрства, у прыватнасці адносна частай змены падручнікаў, іх дэфіцыту, а таксама новай сістэмы вядзення базы выпускнікоў. З-за ўвядзення апошняй загадам ад 26 сакавіка ёсць рызыка таго, што пасля заканчэння дзявятага і адзінаццатага класаў школьнікі могуць не атрымаць пасведчанні і атэстаты, лічыць дырэктар спецыялізаванай школы № 148 Кіева Сяргей Гарбачоў. Першы намеснік міністра адукацыі Іна Саўсун з гэтай нагоды патлумачыла, што яе ведамства плануе адмовіцца ад цэнтралізаванага вырабу дакументаў аб адукацыі не толькі ў ВНУ, але і ў школах. Апошнія, па яе словах, будуць самастойна друкаваць атэстаты, а дзяржава сэканоміць на гэтым 10 млн грыўняў.

Аднак комплекснае рэфармаванне школ так і не распачата. “У сярэдняй адукацыі яшчэ “і плуг не хадзіў” — усё, што рабілася, асабліва апошні год, — гэта мітусня паміж замежным вопытам, асабістым вопытам, нейкімі зусім непатрэбнымі мерамі”, — перакананы Лікарчук. Міністэрства пакуль распачало эксперымент з “апорнымі школамі”, якія павінны дазволіць аптымізаваць колькасць агульнаадукацыйных навучальных устаноў. Аб неэфектыўнасці дзеючай сістэмы сведчыць і статыстыка: ва Украіне на аднаго настаўніка прыпадае 8,5 навучэнца, у той час як у Германіі — 16, у Вялікабрытаніі — 17.

“Ёсць некалькі вельмі балючых пытанняў, ад якіх залежыць паспяховае завяршэнне навучальнага года. Недапушчальна, каб цяпер пад пагрозай апынуўся друк дакументаў — пасведчанняў, атэстатаў, таму што да гэтага часу не праведзены тэндары на выраб адпаведных бланкаў. Да гэтага часу не вырашана праблема з падручнікамі для 4 і 7 класаў. І зараз пад пагрозай будзе 8 клас. Я лічу, што гэта тыя пытанні, якія трэба абавязкова вырашаць”, — распавяла Грыневіч украінскім СМІ пра свае першыя крокі на пасадзе адукацыйнага міністра. У яе планах і новыя стандарты адукацыі для профільнай старшай школы, а таксама пабудова новай мадэлі прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Грыневіч лічыць, што неабходна прынцыпова мяняць стаўленне дзяржавы і грамадства да адукацыі: “Адукацыі і навукі няма сярод прыярытэтаў краіны. Неабвержны доказ гэтага — іх фінансаванне. Грамадства ў сваім дыскурсе таксама не ўдзяляе дастаткова ўвагі адукацыі і навуцы. Няма разумення таго, што на базе адукацыі будуюцца наступныя пакаленні, як бы пафасна гэта ні гучала. Я хачу сказаць пра ключавую рэч. Нам патрэбна іншая адукацыйная палітыка, якая павінна прывесці да еўрапейскай Украіны. Каб кожнае дзіця, незалежна ад яго месца пражывання, сацыяльнага статусу, матэрыяльнага забеспячэння, магло атрымаць адукацыю, якая давала б яму шанс на паспяховае жыццё. Сёння не так. У нас сёння для багатых і забяспечаных ёсць лепшая адукацыя, лепшыя школы, лепшыя настаўнікі. І значна горшыя магчымасці для бедных. Гэта паглыбляе і рэпрадуктуе беднасць. Таму я лічу, што еўрапейская адукацыя — гэта адукацыя асвечанай масы, а не асобнай эліты. І, нават калі эліце атрымліваецца даць сваім дзецям выдатную адукацыю ў добрых школах, трэба разумець, што потым гэтым дзецям давядзецца жыць у падзеленым жабрацкім грамадстве з высокім узроўнем злачыннасці і нізкім узроўнем культуры. А ўсё гэта вырашае адукацыя”.

І Лікарчук, і Бугроў лічаць Грыневіч кампетэнтным і найбольш падрыхтаваным да гэтай пасады спецыялістам. Ад яе чакаюць крокаў па працягу імплементацыі Закона “Аб вышэйшай адукацыі”, скарачэнні колькасці ВНУ, а таксама запуску рэформы сярэдняй школы. Першай жанчыне на пасадзе міністра адукацыі Украіны таксама давядзецца тэрмінова вырашаць пытанне з паступленнем у ВНУ навучэнцаў з часова акупаваных тэрыторый і шукаць новыя шляхі для аптымізацыі адукацыйнага бюджэту.

Уладзімір МАТУСЕВІЧ.