Яна ласкавая…

- 10:05Людзі адукацыі

Сёння Міжнародны дзень роднай мовы

Гісторыя гэтага свята вядомая. З ініцыятывай увядзення 21 лютага ў сусветны каляндар святочных дат ЮНЕСКА ў 1999 годзе выступіла Бангладэш. Менавіта 21 лютага 1952 года пакістанскай паліцыяй былі забіты пяць бенгальскіх студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай ва ўсходняй частцы тагачаснага Пакістана. Тая нявінная кроў не пралілася дарэмна. У 1971 годзе на тэрыторыі, дзе загінулі змагары-пакутнікі, паўстала незалежная дзяржава Бангладэш з дзвюма дзяржаўнымі мовамі — бенгальскай і англійскай. А Міжнародны дзень роднай мовы сапраўды стаў паўнацэнным святам, закліканым абараняць культурную і моўную разнастайнасць, спрыяць шматмоўнай адукацыі, адсочваць стан тых моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню гэтага становішча.

Гэтымі днямі ў краіне ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята: сустрэчы з пісьменнікамі і філолагамі-навукоўцамі, засяроджаныя на моўных праблемах круглыя сталы і канферэнцыі, прэзентацыі навуковых выданняў па лінгвістыцы.

Ёсць, зрэшты, сярод нас людзі, для якіх, бадай, кожны дзень з’яўляецца днём роднай мовы. Гэта нашы настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, якія не толькі штодня размаўляюць на роднай мове, аперыруюць ёй як сродкам зносін, але і жывуць ёй, дыхаюць ёй як паветрам.

Надоечы я завітаў у сталічную беларускамоўную гімназію № 14 і пазнаёміўся там з абаяльнай маладой жанчынай — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў-філолагаў гімназіі Наталляй Вікенцьеўнай Хмяльніцкай.

Атрымаць прафесію настаўніка яна марыла яшчэ са школьных гадоў. Галоўную ролю ў такім выбары адыгралі гутаркі ў дзяцінстве з мамай, якая бясконца магла расказваць Наталлі пра сваіх вясковых настаўнікаў, пра тое, як у яе роднай вёсцы на Пухавіччыне паважліва да іх ставіліся, як пры сустрэчах перад імі здымалі шапкі і кланяліся…

“Напэўна, мама хацела бачыць і мяне такім чалавекам, — гаворыць Наталля Вікенцьеўна. — У старшых класах я ўжо проста не ўяўляла сабе, што выберу нейкі іншы шлях”. А выбар менавіта на карысць беларускай філалогіі (Наталля Хмяльніцкая пасля заканчэння школы паступіла на беларускае аддзяленне філфака БДУ, які закончыла ў 1999 годзе) таксама быў у пэўным сэнсе прадвызначаны ў яе жыцці: “Гэта былі 90-я, калі беларуская мова перажывала небывалы ўздым у грамадстве, калі меркавалася, што менавіта з ёй будуць звязаны самыя зайздросныя жыццёвыя перспектывы і што ва ўсіх сферах будуць вельмі патрэбны людзі з добрым валоданнем мовай. А нашу мову я сапраўды люблю з маленства, у школьныя гады я ўсе канікулы праводзіла ў бабулі ў вёсцы, і менавіта там само сабой адбывалася маё выхаванне роднай мовай”.

Наталля Вікенцьеўна з захапленнем расказвае пра вясёлыя і цікавыя гады вучобы ва ўніверсітэце, пра тое, як нялёгка было пасля той студэнцкай рамантыкі акунуцца ў “суровую” рэальнасць школы ўжо ў якасці настаўніцы, пра тое, як ёй паступова адкрывалася, што настаўніцтва — гэта не толькі дошка, журналы і планы, а нешта значна большае. Гэтае “большае”, па яе словах, асабліва выразна праяўляецца тады, калі “ты адпускаеш з урока вучняў і адчуваеш, што выціснуты дарэшты. Але разумееш: усё, што ты рыхтаваў для вучняў напярэдадні вечарам і нават ноччу, яны ўзялі і прынялі з удзячнасцю”.

Нарэшце, мы падыходзім да тэмы, дзеля якой я, уласна кажучы, і завітаў у 14-ю гімназію да Наталлі Вікенцьеўны, — тэмы роднай мовы. І тут я дазволю сабе проста, без каментырыяў, зацытаваць некаторыя з яе разваг.

“Дзеці ў нашай гімназіі любяць беларускую мову. Як і ўсе гарадскія дзеці, яны размаўляюць паміж сабой па-ўсякаму, але канкрэтна пра вучэбныя справы (дамашнія заданні, тэмы ўрокаў і г.д.) — выключна па-беларуску. Гэта ў іх ужо на падсвядомым узроўні закладзена з першага класа”.

“Нам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры беларускамоўных школ, безумоўна, лягчэй, чым калегам з рускамоўных школ, бо ў нас тут беларускамоўнае асяроддзе. А настаўнікам з рускамоўных школ я пажадала б цярплівасці. Я добра ведаю, што ў некаторых дзяцей з рускамоўных школ і іх бацькоў, мякка кажучы, своеасаблівыя адносіны да беларускай мовы… Але трэба з разуменнем ставіцца і да іх, і наогул да той сітуацыі, у якой мы жывём”.

“Можна сказаць, што нас, беларускамоўных, мала. І ў той жа час нас многа. Але мы не можам зрабіць усё самі. Нам патрэбна падтрымка. І каб гэтую падтрымку кожны з нас знаходзіў у свайго непасрэднага начальніка”.

“Што трэба, каб зрушыць сітуацыю з беларускай мовай наогул у грамадстве? Соцыум вельмі актыўна адклікаецца на тое, што ідзе са старонак газет, з экранаў тэлевізараў. І я думаю, што калі павялічыць колькасць тэлепраграм на беларускай мове, колькасць вядучых, якія добра ёй валодаюць, карацей, калі мова рэальна загучыць вакол нас — будзе зрух. Толькі трэба рабіць гэта вельмі тонка, без грубасцей і перагібаў. Інакш мы толькі адштурхнём ад сябе людзей. А розных піяр-тэхналогій сёння вельмі многа. Усё можна зрабіць, калі захацець”.

“Я веру, што наша мова ніколі не загіне. Пакуль наш народ і краіна будуць жыць, будзе жыць і мова…”

Напрыканцы нашай кароткай гутаркі пытаюся ў Наталлі Вікенцьеўны наўпрост (ведаючы, што гэта правакацыйнае пытанне): “А за што асабіста вы любіце беларускую мову?”

Мая суразмоўца на момант акругляе вочы, маўчыць… А потым з такім шчырым-шчырым здзіўленнем: “Ну, як за што? Я нават пытання вашага не разумею… Гэта ж мая мова. Я люблю за тое, што яна ёсць, што я на ёй думаю, што я магу адчуць яе прыгажосць, мілагучнсць… Ну, як за што???”

“Прыгожая, мілагучная, звонкая… Але, магчыма, Наталля Вікенцьеўна, вы назвалі б нейкі свой арыгінальны эпітэт у дачыненні да роднай мовы?”

“Яна ласкавая… Мы часам гутарым з вучнямі пра нашу мову, і яны мне “скардзяцца”: “Нашай мовай можна ўсё сказаць. Толькі добра вылаяцца практычна немагчыма!” Ну, і дзякуй богу, што вучні не ведаюць моцных беларускіх слоўцаў. Хаця ўсё адно, нават калі гэтымі слоўцамі вылаешся, атрымліваецца неяк мякка і амаль ветліва. Напэўна, у мове так праяўляецца менталітэт народа. Ласкавая яна…”

Марыя МІЦКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Арлоўскай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці

Матчына слова

Матчына роднае, мілае слова —
Памяць маёй беларускай зямлі.
Усё зберагла для нас родная мова,
Каб ганарыцца нашчадкі змаглі

Слаўнай гісторыяй роднага краю,
Казачнай, дзіўнай, прывабнай красой,
Спевам пяшчотным вясновага гаю,
Рэчкай бурлівай і буйнай расой,

Ветрыкам лёгкім у лузе квяцістым,
Летняй, лагоднай, цёплай парой,
Водарам хвойнага лесу смалістым,
Свежага сена падвялай капой.

Кожнае слова з дзяцінства знаёма
Шчэбетам раннім птушыным вясной.
Мова ўвабрала шчасце і гора,
Светлую памяць і смутак вякоў.

І не заменяць нам скарбы другія
Скарбу таго, які нам дарагі.
Скажуць вам нават дубы векавыя,
Што мы жывём, пакуль ёсць карані.

Моцна яны нас трымаюць за глебу
І праз стагоддзі вядуць за сабой,
Ведаем вартасць мы працы і хлеба,
Мірнага неба над роднай зямлёй.

Мова для нас, беларусаў, — як зорка.
Хай жа яна вечна ў небе гарыць!
Клічам ласкава яе мы сяброўкай,
Той, што ніколі не зможа зманіць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.