Яшчэ адзін крок насустрач

- 11:40Актуально, Апошнія запісы

У апошнія майскія дні нашу краіну наведала дэлегацыя Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Праграма візіту кітайскіх калег была даволі насычанай і прымяркоўвалася да Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. З гэтай нагоды ў першы дзень знаходжання кітайскай дэлегацыі адбыліся  цырымонія гашэння памятнага канверта, прысвечанага Году адукацыі Беларусі ў Кітаі, падпісанне Пагаднення паміж краінамі аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі і дакументаў аб вучоных ступенях. У сустрэчы прынялі ўдзел міністр адукацыі нашай краіны І.В.Карпенка, намеснік міністра адукацыі КНР Цянь Сюэцзюнь, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, генеральны дырэктар “Белпошты” У.У.Матусевіч, кіраўнікі сталічнай сістэмы адукацыі.

У прывітальным слове міністр адукацыі І.В.Карпенка адзначыў, што адукацыя з’яўляецца тым фундаментам, які служыць развіццю супрацоўніцтва, забяспечвае інтэлектуальнае, культурнае, моўнае збліжэнне двух народаў, таму і знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі лідараў Беларусі і Кітая. Дзякуючы кіраўнікам абедзвюх краін, беларуска-кітайскае супрацоўніцтва дынамічна развіваецца, узнімаецца на новы ўзровень, умацоўваецца ўзаемадавер, пашыраецца ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах.

Бягучы год у супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі насычаны важнымі падзеямі. Сёлета будуць адзначацца гістарычныя даты — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70–годдзе абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сімвалічна, што гэтыя знакавыя падзеі для абедзвюх краін звязаны з аб’яўленнем гэтага года Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі. Мера­прыемствы, звязаныя з гэтай па­дзеяй, сёння паспяхова рэалізоўваюцца і знаходзяць станоўчы водгук як у беларускіх, так і ў кітайскіх грамадзян.

І.В.Карпенка прывёў шэраг прыкладаў цеснага ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі Беларусі і Кітая, пашырэння абмену студэнтамі і выкладчыкамі, распрацовак і рэалізацыі навукова-даследчых праектаў, сумесных канферэнцый і семінараў.

— Але мы не спыняемся на дасягнутым, — заявіў Ігар Васільевіч. — Мы будзем імкнуцца пашыраць сферу кантактаў, разнастайваць яе, і, спадзяюся, нашы праекты стануць узорам узаема­дзеяння. Сімвалічны слоган нашага супрацоўніцтва: адукацыя — шлях да развіцця. Развіваючы і ўдасканальваючы нашы сувязі, мы не проста ствараем умовы для збліжэння сістэм адукацыі Беларусі і Кітая, мы ствараем трывалую аснову перспектыў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў розных сферах, і ў прыватнасці развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Сёння мы зробім яшчэ крок насустрач адзін аднаму ў актывізацыі акадэмічнай мабільнасці і пашырэнні навуковага ўзаемадзеяння. Гэтаму паспрыяе падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі і дакументаў аб вучоных ступенях.

Намеснік міністра адукацыі КНР Цянь Сюэцзюнь у працяг размовы адзначыў важнасць сустрэчы і выказаў намер умацоўваць адносіны паміж нашымі краінамі, непасрэдна ў сферы адукацыйнай галіны.

— У ходзе нашага візіту мы прааналізуем ужо дасягнутыя вынікі, вызначым перспектывы далейшага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі КНР Цянь Сюэ­цзюнь. — Наша ўзаемадзеянне павінна быць выгадным, узаемадапаўняльным і прыносіць карысць нашым краінам.

У Мінскай гарадской ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія гашэння памятнага канверта, прысвечанага Году адукацыі Беларусі ў Кітаі, у якой прынялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка, намеснік міністра адукацыі КНР Цянь Сюэцзюнь і генеральны дырэктар “Белпошты” У.У.Матусевіч. Памятны спецыяльны штэмпель, які будзе выкарыстоўвацца з дня ўрачыстага гашэння, выпушчаны ў абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Праект падрыхтаваны Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам “Вялікі камень” сумесна з Міністэрствам адукацыі нашай краіны. У час сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні ў рэалізацыі праграмы акадэмічных абменаў паміж БДУ і Кітайскім універсітэтам камунікацый. Дакумент падпісалі рэктар БДУ А.Д.Кароль і прарэктар па міжнародным су­працоўніцтве Кітайскага ўніверсітэта камунікацый Лі Сіньцзюнь. Мемарандум прадугледжвае абмен прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі, арганізацыю навуковых канферэнцый і ўзаемных візітаў, абмен навуковымі пу­блікацыямі, распрацоўку сумесных праектаў.

У наступны дзень візіту кітайскай дэлегацыі адбылася сустрэча з беларускімі і кітайскімі студэнтамі, выкладчыкамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і падпісанне пагаднення аб стварэнні там Інстытута Канфуцыя. У заключнай частцы візіту ў Брэсце адбылося пятае пасяджэнне Камісіі па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.