Яшчэ адзiн шанс знайсцi сябе

- 14:29Рознае, Сацыяльны ракурс

У апошнія гады, выбіраючы прафесію, выпускнікі школ часта аддаюць перавагу тым спецыяльнасцям, якія ў рэйтынгу абітурыентаў лічацца самымі моднымі і прэстыжнымі. Рабочыя ж спецыяльнасці прывабліваюць не ўсіх, і запэўніць сённяшніх навучэнцаў, што рабочая прафесія таксама можа быць моднай і прэстыжнай, часам вельмі цяжка. 

Тым не менш, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, можна стаць запатрабаваным спецыялістам і дасягнуць такого поспеху, аб якім людзі з вышэйшай адукацыяй будуць толькі марыць.

Пра тое, як дасягнуць поспеху ў адной з самых папулярных рабочых спецыяльнасцей — цырульніцкай справе, нам згадзіўся расказаць цырульнік Ігар ІВАНОЎ.

— Я хацеў быць педыятрам ці выхавальнікам у дзіцячым садку. Але, на жаль, з-за таго, што ў мяне з вучобай былі праблемы, жаданні не супалі з магчымасцямі. У мяне быў запасны варыянт — прафесія цырульніка.

Многім такая прафесія здаецца нецікавай, таму што яна адносіцца да ліку рабочых, але мяне яна прываблівала. Цырульніцкае майстэрства — гэта творчасць. Менавіта дзякуючы гэтаму кірунку дзейнасці можна раскрыць у сабе шмат талентаў. Зараз я маю на ўвазе не толькі ўменне састрыгаць ці фарбаваць валасы. Цырульнік у нейкім сэнсе яшчэ і стыліст. Згадзіцеся, сапраўдны майстар павінен бачыць, ці падыходзіць той ці іншы вобраз кліенту. Бывае і так, што кліент настойвае на пэўнай стрыжцы, на канкрэтным тоне фарбы для валасоў. Мая ж задача, калі я бачу, што кліенту не падыдзе сфарміраваны ім жа вобраз, карэктна яму сказаць аб гэтым і падабраць ідэальнае спалучэнне стрыжкі і колеру валасоў. Толькі ў такім выпадку, калі працаваць сумленна і з адказнасцю, можна набыць сабе пастаянных кліентаў. Безумоўна, можна рабіць так, як настойвае кліент, але пасля, калі ўсё будзе зроблена і вынік работы, можна сказаць, будзе відавочным, вінаватым усё роўна акажацца майстар. Сваім сябрам, знаёмым такі кліент апіша цырульніка як ні на што не здольнага майстра.

Што тычыцца майго першага вопыту, тут варта сказаць дзякуй маім родным. Першым чалавекам, які не пабаяўся даверыцца маладому майстру без вопыту работы, стала мая мама. Яе пажаданні былі простымі. Ад мяне патрабавался ўсяго толькі зрабіць завіўку. З патраваннямі кліенткі я справіўся, але без памылак не абышлося. У выніку валасы атрымаліся падпаленымі, а сама завіўка выглядала крыху “пажаванай”. Тым не менш мама мяне пахваліла. Як кажуць, першы блін камяком. Пасля мама ўпэнілася, што я змагу, калі захачу, навучыцца рабіць і завіўкі, і модныя стрыжкі. А мне захацелася ўдасканаліць сваё майстэрства, зрабіць маме завіўку ўжо без памылак. І тым вучням, якія мараць стаць цырульнікамі, хачу сказаць, каб яны не баяліся эксперыментаваць. Поспех прыходзіць да тых, хто да яго імкнецца.

Для таго каб наблізіцца да сваёй мары, я паступіў вучыцца ў адну з прафесійна-тэхнічных устаноў Магілёва. Там пасля школы і атрымаў сваю сённяшнюю прафесію. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў родны Клiчаў і пайшоў працаваць у камбінат бытавога абслугоўвання.

У мяне была мара адкрыць уласную справу, сваю цырульню. Пачынаў працаваць мужчынскім майстрам. Калі ў гэтым кірунку ўсё пачало атрымлівацца на “выдатна”, пераключыўся на жаночыя стрыжкі. І скажу шчыра: тварыць жаночую прыгажосць — стрыжкі, прычоскі — мне падабалася намнога больш. Адпрацаваўшы некалькі гадоў у прыватных цырульнях, я адкрыў сваю справу.

Існуе меркаванне, што майстрамі нажніц і расчосак часцей за ўсё становяцца дзяўчаты. Але гэта стэрэатып. Як паказвае сусветная практыка, менавіта мужчыны з’яўляюцца лепшымі дызайнерамі, цырульнікамі, парфумерамі. Чаму? Напэўна, яны больш поўна адчуваюць усе тонкасці прыгожага.

Нягледзячы на ўсе плюсы рабочых спецыяльнасцей, моладзь усё роўна іх баіцца. Толькі задумайцеся: раней людзі працавалі абутнікамі, краўцамі, зараблялі добрыя грошы і былі паважанымі людзьмі, таму што працавалі сваімі рукамі і ўмела выконвалі свае абавязкі. Ніколі не трэба саромецца таго, што вы не седзіце ў офісе за камп’ютарам, а працуеце сваімі рукамі. Рабочыя прафесіі неабходны. Менавіта яны з’яўляюцца самымі творчымі. Будаўнікі ствараюць прыгажосць з цэглы, а мы, цырульнікі, ствараем прыгажосць на валасах нашых кліентаў. І ад такой прыгажосці падымаецца настрой не толькі ў нас, але і ў кліентаў. А гэта дарагога каштуе.

Наталля ДУБІК.