Ясная мова для прафесіяналаў

У ходзе ХХІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” наша газета выступіла арганізатарам майстар-трэнінгу па тэме “Безбар’ернае асяроддзе: інклюзіўная адукацыя ў сродках масавай інфармацыі”. У якасці спікераў мы запрасілі прадстаўнікоў БелАДДІіМІ, Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка і Агенцтва сацыяльных навін, камунікацыі і аналітыкі. Удзельнікамі майстар-класа сталі не толькі журналісты, але і педагогі, якія пішуць артыкулы, у тым ліку ў “Настаўніцкую газету”, па праблемах навучання і выхавання дзяцей з АПФР.

Звычайныя людзі

“Асноўная місія БелАДДІіМІ — спрыяць стварэнню для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю роўных з іншымі грамадзянамі магчымасцей для ўдзелу ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, — адзначыла Наталля Губар, піяр-менеджар арганізацыі. — У гэтым кірунку мы актыўна супрацоўнічаем з многімі грамадскімі арганізацыямі, дзяржаўнымі структурамі, школамі, Інстытутам інклюзіўнай адукацыі, СМІ. Пазіцыя, якую мы выказваем падчас выступленняў на ўсіх узроўнях, такая: кожнаму дзіцяці, у тым ліку і дзецям з інваліднасцю, неабходна выхоўвацца ў доме сваіх бацькоў, быць побач з імі, атрымліваць дапамогу, якая неабходна для развіцця яго асобы, і вучыцца ў звычайнай школе, сябраваць з равеснікамі. У дарослым жа жыцці па магчымасці жыць самастойна, прымаць уласныя рашэнні і несці адказнасць за сябе і сваё жыццё. А самае галоўнае — быць упэўненым у тым, што цябе прымаюць у грамадстве, адносяцца сур’ёзна і з павагай.

Нашай арганізацыі споўнілася 25 гадоў. За гады свайго існавання яна з’яднала каля трох тысяч беларускіх сем’яў, у якіх пражываюць дзеці і маладыя людзі (да 31 года) з інваліднасцю. Першасныя арганізацыі БелАДДІіМІ працуюць у 43 рэгіёнах краіны, толькі ў Мінску іх — 9. Усе яны самастойныя, з юрыдычным статусам, займаюцца рэалізацыяй сацыяльна значных праектаў”.

БелАДДІіМІ працуе ў кірунку аказання ранняй комплекснай дапамогі сем’ям, у якіх нараджаюцца дзеці з інваліднасцю, а таксама мамам падчас цяжарнасці, калі яны даведваюцца аб сур’ёзных праблемах са здароўем сваіх будучых дзяцей. З боку арганізацыі бацькам аказваецца рознага роду дапамога і падтрымка, у тым ліку псіхалагічная, сацыяльная, інфармацыйная. Да работы з такімі сем’ямі падключаюцца спецыялісты.

Нагадаем, што БелАДДІіМІ ў свой час была ў ліку ініцыятараў прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” і прызнання ўсіх дзяцей здольнымі да навучання. Арганізацыя выступала і за стварэнне ў краіне ЦКРНіР, якія наведваюць дзеці з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі развіцця, а таксама аддзяленняў дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю пры ТЦСАН, дзе знаходзяць справу па душы дарослыя маладыя людзі, якія не могуць канкурыраваць на свабодным рынку працы. За некалькі гадоў пры садзейнічанні БелАДДІіМІ працаўладкавалася больш за 40 людзей з інваліднасцю (з разумовымі абмежаваннямі). Варта нагадаць аб яркай гісторыі поспеху Ангеліны Уэльскай, першай мадэлі ў Беларусі з ДЦП.

На сёння ў БелАДДІіМІ дзейнічаюць 4 унітарныя прадпрыемствы, дзе працуе больш за 50 людзей з інваліднасцю: у Мінску — “Арт-ідэя”, якая займаецца выпускам паліграфічнай прадукцыі і сувеніраў, у Барані — “Бараньскія Арабескі”, што выпускаюць прадукцыю з ільну — сумкі і пасцельную бялізну, а таксама Столінскае прадпрыемства па вырабе сувенірнай прадукцыі з гліны і паліграфічнае прадпрыемства ў Лунінцы.

У 2009 годзе арганізацыя рэалізавала праект па пражыванні маладых людзей з інваліднасцю пры суправаджэнні, а з 2013 года гэтая паслуга была ўнесена ў пералік сацыяльных паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі, і замацавана ў Законе “Аб сацыяльным абслугоўванні”. У ліку маштабных праектаў БелАДДІіМІ — “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” і “Звычайныя людзі” (такую назву атрымаў часопіс аб раўнапраўным уключэнні людзей з інваліднасцю ў грамадства). У выданні расказваецца аб паспяховых гісторыях з жыцця людзей з інваліднасцю ў нашай краіне і за мяжой.

З бягучага года стартаваў новы праект па доступе да інфармацыі для людзей з інваліднасцю “Ясная мова”, які БелАДДІіМІ рэалізоўвае, грунтуючыся на вопыце Чэхіі і Германіі, разам з Агенцтвам сацыяльных навін, камунікацыі і аналітыкі і Інстытутам інклюзіўнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ. Праект ажыццяўляецца ў рамках Праграмы падтрымкі Беларусі (ППБ), якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Нямецкага таварыства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ GmbH). Мэта праекта — паляпшэнне доступу да інфармацыйнай прасторы людзей з разумовымі абмежаваннямі і прапаганда неабходнасці стварэння безбар’ернага камунікатыўнага асяроддзя.

Прапановы БелАДДІіМІ адносна рэалізацыі гэтага праекта ўнесены ў Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017—2025 гады. Ратыфікуючы Канвенцыю, наша дзяржава абавязалася выконваць яе палажэнні. Адно з іх — забеспячэнне даступнасці, прычым не толькі фізічнай, але і камунікатыўнай. За аснову былі ўзяты правілы “яснай мовы”, распрацаванай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Германіі (2014 год): Leichte Sprache (Ein Ratgeber). Гэтыя правілы былі надрукаваны ў брашуры “Я люблю вучыцца, а ты?” з серыі “Звычайныя людзі”.

Не інвалід, а чалавек з інваліднасцю

Аб некаторых аспектах асвятлення праблем людзей з інваліднасцю ў СМІ расказаў Васіль Ядчанка, галоўны рэдактар Агенцтва сацыяльных навін, камунікацыі і аналітыкі: “Калі на сайтах рэгіянальных СМІ мы будзем шукаць артыкулы па ключавым слове “інвалід” і па словазлучэнні “чалавек з інваліднасцю”, то ўбачым, што колькасць матэрыялаў, дзе ўжываецца слова “інвалід” значна большая, чым колькасць матэрыялаў са словазлучэннем “чалавек з інваліднасцю”. У сваіх артыкулах на такія тэмы журналісты часта выкарыстоўваюць стандартны набор слоў, штампы, рэдка ўжываюць сінонімы. Аўтары часам дапускаюць памяншальна-ласкальныя выразы ў адносінах да людзей з АПФР або ўвогуле дэманструюць непавагу да іх. Напрыклад, гаворачы аб арганізацыі дапамогі людзям з інваліднасцю, напамінаюць аб неабходнасці дапамагаць “братам нашым меншым”. Наступная тэндэнцыя, якую можна адзначыць, гартаючы рэгіянальныя СМІ: калі пішуць аб людзях з інваліднасцю, то ў большасці выпадкаў гаворка ідзе аб ветэранах вайны або пажылых людзях”.

Васіль Ядчанка звярнуўся да артыкула “Отчего плодят обиды инвалиды?”, які сапраўды можа іх пакрыўдзіць. Матэрыял прысвечаны рабоце медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, якая вырашае пытанні аб вызначэнні або адмене групы інваліднасці, і пачынаецца ацэначным меркаваннем аб тым, што “дамагчыся групы інваліднасці любой цаной — гэтая з’ява ўсё часцей сустракаецца ў нашым жыцці”. Далей аўтар піша: “У інваліда лёс незайздросны. Зразумець яго мукі і праблемы да канца можа толькі сабрат па няшчасці. Але ў каго не адгукнецца сэрца жалем пры сустрэчы з тым, хто перамяшчаецца на інваліднай калясцы або з дапамогай мыліц? Калі ж бачыш іх адразу ў вялікай колькасці ў чарзе перад прыёмам экспертнай камісіяй, адчуваеш асаблівае спачуванне. Але гэтае пачуццё не павінна ні ў якім разе браць верх над рацыяналізмам у тых, хто прымае рашэнне аб групе інваліднасці. Жаль тут — дрэнны дарадца”.

Выступоўца прадэманстраваў і сюжэт, які выходзіў па нашым тэлебачанні, аб рабоце з дзецьмі з аўтызмам. Мы ўбачылі, што падчас інтэрв’ю спецыялісты гаварылі аб дзецях вельмі карэктна, але, калі да размовы падключыўся журналіст, прагучала фраза: “Калі маці пачула гэты страшны дыягназ…” і г.д. У большасці гледачоў няма загадзя сфарміраванай пазіцыі адносна людзей з інваліднасцю, яны незнаёмы са спецыяльнай тэрміналогіяй. Па сутнасці, масавы глядач або чытач успрымае і пераймае тое, што яму прапаноўваюць з экранаў і газетных палос. Пра людзей з інваліднасцю варта гаварыць без слёз і штампаў. Лепш расказаць цікавую гісторыю пра канкрэтную сям’ю, пра жыццё чалавека, яго інтарэсы. У ідэале матэрыял павінен быць пададзены так, каб было зразумела, што перад намі самы звычайны чалавек, а не чалавек з ярлыком “інвалід”.

Не навешваць ярлыкоў

“Мы павінны гаварыць аб карэктнасці ў выкарыстанні тэрмінаў, паняццяў і слоў не толькі журналістамі, але і педагогамі”, — адзначыла Марыя Сківіцкая, дацэнт кафедры алігафрэнапедагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Выступоўца раздала ўдзельнікам майстар-класа карткі з рознымі фармулёўкамі і папрасіла прымацаваць іх на запясце ў якасці своеасаблівых ярлыкоў. “Ці падабаюцца вам такія фармулёўкі?” — запытала яна. На картках было напісана “невідушчы мужчына”, “дзіця з амбліяпіяй”, “падлетак з касавокасцю”, “чалавек з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі” і г.д. Падчас абмеркавання было вырашана, што эмоцыі, звязаныя з выкарыстаннем гэтых словазлучэнняў, непазітыўныя, бо, гаворачы так, мы нагадваем людзям аб іх праблемах са здароўем. Тым не менш такія фармулёўкі дапускаюцца, напрыклад, калі неабходна канкрэтызаваць, растлумачыць пэўную сітуацыю або калі аб сваёй праблеме паведамляе сам чалавек ці яго бацькі.

Падзяліўшыся на групы, удзельнікі майстар-класа выказвалі свае меркаванні і аб іншых паняццях. У прыватнасці, разглядалася словазлучэнне “чалавек с АПФР”. Яно выкарыстоўваецца, як правіла, у нарматыўных прававых дакументах сістэмы адукацыі. Выраз “дзіця з абмежаванымі магчымасцямі здароўя” прыйшоў да нас з замежнай літаратуры, часцей за ўсё ім карыстаюцца ў заходнееўрапейскіх крыніцах. А словазлучэнне “людзі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі” запазычана з англійскай мовы, яно актыўна ўжывалася ў 70-х гадах у замежнай літаратуры. Калі ж мы гаворым “дарослы з абмежаванай працаздольнасцю”, то паказваем толькі на прафесійную значнасць чалавека ў грамадстве, а не на яго асабістыя якасці.

Была зроблена выснова, што варта мяняць адносіны грамадства да людзей з інваліднасцю, адыходзіць ад стыгматызацыі, у тым ліку пры словаўжыванні, і пераходзіць да аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі. Па магчымасці, асабліва ў вуснай размове, лепш пазбягаць характарыстык, якія падкрэсліваюць пэўныя асаблівасці здароўя чалавека, не варта рабіць на гэтым акцэнт.

Мы не супергероі і не ахвяры

“На мой погляд, самыя прыдатныя тэрміны — гэта “чалавек з інваліднасцю”, “чалавек з аслабленым здароўем”, — лічыць Эдуард Клуйша, фатограф са Смаргоні, член БелАДДІіМІ. — Мне хацелася б звярнуць увагу не толькі на словы, але і на сутнасць таго, што мы гаворым. 10 гадоў назад наша мясцовае тэлебачанне рабіла сюжэты аб людзях з інваліднасцю: праводзілася апытанне людзей на вуліцы. Журналісты цікавіліся ў іх: “Як вы лічыце, што неабходна людзям з інваліднасцю?” Большасць апытаных, на жаль, не змаглі адказаць на пытанне. Яны нават не задумваліся аб тым, што побач з імі жывуць людзі з асаблівымі патрэбамі.

Некаторыя абывацелі ўпэўнены: калі чалавек з інваліднасцю — значыць, яму патрэбна дапамога, прычым пераважна матэрыяльная. Сапраўды, гэта важна, калі, напрыклад, трэба сабраць грошы на лячэнне. Але пачынаць варта з таго, што кожны чалавек здольны дапамагчы іншаму, не затрачваючы на гэта ні капейкі. Як? Напрыклад, перастаць ставіць машыны на тратуарах каля ўвахода ў будынак або на паркоўках, прызначаных для машын людзей з інваліднасцю. Журналісты часта пішуць пра неабходнасць узводзіць пандусы, але ж просты чалавек не можа гэтага зрабіць, але ён можа дапамагчы пераадолець фізічную перашкоду, якая ўзнікла на шляху чалавека з інваліднасцю. Мне падабаюцца сюжэты і матэрыялы, у якіх журналісты праводзяць эксперыменты, напрыклад, садзяцца ў інвалідную каляску і пераадольваюць пэўны шлях з пункта А у пункт Б, а пасля апісваюць усе тыя цяжкасці, з якімі сутыкаліся.

У артыкулах пра людзей з інваліднасцю трэба звяртаць увагу не на парушэнні чалавека, а на тое, што ён можа рабіць, якія ў яго дасягненні, напрыклад, у творчасці, пра тое, якія прыгожыя рэчы ён вырабляе, і г.д. Журналісты ў сваіх матэрыялах часта ссоўваюць акцэнты з творчасці свайго героя на яго псіхафізічныя асаблівасці. І простыя людзі запамінаюць не рэчы, якія былі зроблены гэтым чалавекам, а тое, што ў яго праблемы са здароўем і што яму было надзвычай цяжка займацца творчасцю. Людзі з інваліднасцю самыя звычайныя, а не нейкія супергероі ці тым больш ахвяры”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *