Педагагічны “Оскар” як лепшым класным кіраўнікам, нядаўна атрыманы ад выпускнікоў 2005 года, Вольга і Мікалай Петруковіч з Пагост-Загародскай сярэдняй школы Пінскага раёна лічаць самай дарагой узнагародай у сваёй прафесійнай скарбонцы.
Шлях у прафесію
Калі Вольга Мікалаеўна ўжо ў пачатковых класах неяк інтуітыўна адчувала, што абавязкова будзе выкладаць матэматыку, то Мікалай Уладзіміравіч планаваў звязаць жыццё з ваеннай службай. Гэты выбар не выпадковы: абодвум педагогам пашанцавала са школьнымі настаўнікамі, якіх яны вельмі паважалі і на якіх раўняліся ва ўсім.
— У апошні дзень прыёмнай кампаніі забрала дакументы з Гродзенскага медінстытута, куды мела мэтавае накіраванне, і аднесла іх у Брэсцкі педінстытут імя А.С.Пушкіна, — успамінае Вольга Петруковіч. — Праўда, з першага разу не паступіла, але праз год, папрацаваўшы піянерважатай у мясцовай школе, усё ж такі стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта, які ўрэшце скончыла з чырвоным дыпломам.
З будучым мужам Вольга Мікалаеўна пазнаёмілася яшчэ ў 9 класе, калі вучылася ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе Пінскага раёна. А прафесійны шлях маладая настаўніца матэматыкі пачынала ў Бакініцкай базавай школе, дзе таксама калісьці сядзела за партай.
— Без цяжкасцей не абышлося, але заўсёды на дапамогу прыходзілі тагачасныя метадысты раённага ВМК Алена Каральчук і Валянціна Кавалевіч, дзякуючы якім першыя працоўныя крокі станавіліся ўсё больш упэўненымі, — заўважае педагог. — Ды і маці, якая сама выгадавала трох дачок, падтрымлівала ва ўсім. Усё гэта ўсяляла непахісную веру ў сябе і моцна натхняла.
За важныя жыццёвыя ўрокі педагог удзячна і былому дырэктару Пагост-Загародскай сярэдняй школы Васілю Долмату, куды перайшла пасля работы ў Бакінічах і Лапаціне.
— Шчыра кажучы, працаваць у роднай школе сярод колішніх настаўнікаў было спачатку страшнавата, — прызнаецца Вольга Мікалаеўна. — Не раз звярталася па маральную падтрымку да свайго педагога Мікалая Мемеха з Бакініч, які спакойна і ўпэўнена пераконваў, што ў мяне абавязкова ўсё атрымаецца.
І атрымалася! Ужо 27 гадоў Вольга Петруковіч запальвае ў вачах пагост-загародскіх вучняў агеньчык цікавасці да любімай матэматыкі. Нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з яе вывучэннем, сельскія школьнікі паспяхова асвойваюць царыцу навук.
— Калі сам любіш прадмет і сваю справу, то і дзеці будуць імкнуцца да гэтага, — лічыць настаўніца. — Няма нічога больш натхняльнага, чым удзячныя вучні, якія не забываюць цябе і праз гады. Мае настаўнікі заўсёды верылі ў мяне. Гэтак жа і я веру ў сваіх выхаванцаў.
Тое, што з такой верай можна, як кажуць, і горы звярнуць, красамоўна пацвярджае і жыццёвы лёс Мікалая Уладзіміравіча, які, натхніўшыся прыкладам настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Бязручкі, вырашыў пасля заканчэння школы паступіць у Разанскае вышэйшае гвардзейскае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. Але стаць вайскоўцам юнаку не давялося, як і доўгі час працаваць штампоўшчыкам, прафесію якога ён асвоіў на заводзе — вышэйшай тэхнічнай навучальнай установе пры “Рассельмашы” ў Растове-на-Доне. А вось прафесійныя навыкі, набытыя там, спатрэбіліся потым у педагагічнай дзейнасці.
Пераехаўшы ў Беларусь, Мікалай Петруковіч па прыкладзе жонкі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Малады чалавек выбраў фізіку не выпадкова: у свой час школьны настаўнік Уладзімір Ляпееў, якога ён вельмі паважаў за адказнасць да работы і справядлівыя адносіны да вучняў, шмат зрабіў для таго, каб зацікавіць дапытлівага юнака сваім прадметам праз алімпіядны рух і тэматычную літаратуру. А вось у інстытуце шэфства над здольным студэнтам узяў сам тагачасны дэкан фізмата Уладзімір Секержыцкі.
Працоўную дзейнасць Мікалай Уладзіміравіч пачынаў пяцікурснікам у Лапацінскай сярэдняй школе Пінскага раёна. Як і жонцы, важкую дапамогу ў прафесійным станаўленні яму аказаў раённы ВМК у асобе яго загадчыка Фёдара Каральчука і метадыста Міхаіла Кухацкавальца. Не пакінулі без падтрымкі маладога настаўніка і калегі.
— У тым, што стаў педагогам, абавязаны жонцы, — усміхаецца Мікалай Петруковіч. — Каб не яна, то наўрад ці звязаў бы жыццё з гэтай прафесіяй. А звязаўшы, не расчараваўся.
Разам з жонкай ён працуе ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе ўжо 26 гадоў. У сваёй рабоце педагог імкнецца зрабіць усё магчымае, каб кожны вучань, нягледзячы на ўзровень ведаў, адчуваў сябе паспяховым і мог праявіць сябе.
Фізіка сваімі рукамі
— Не сакрэт, што сучасныя школьнікі не вельмі цікавяцца дакладнымі навукамі, — гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. — Прыкладны характар фізікі дапамагае падтрымліваць у дзяцей цікавасць да прадмета, а пазаўрочная дзейнасць — наладжваць міжпрадметныя сувязі, прычым не толькі з матэматыкай. Арыентацыя на актыўную і самастойную, пазнавальную і практычную дзейнасць дазваляе зацікавіць фізікай амаль кожнага вучня. А веды і ўменні, здабытыя ўласнай працай, прыносяць ім не толькі задавальненне і ўпэўненасць у сваіх сілах, але і пабуджаюць да далейшай работы.
На першых уроках, калі дзеці не валодаюць яшчэ дастатковымі тэарэтычнымі ведамі, настаўнік задае пытанні, на якія вучні, карыстаючыся жыццёвым вопытам, адразу знаходзяць адказы: “Ці можна на адкрытым полымі закіпяціць ваду ў папяровай ёмістасці?”, “Ці можа на паверхні вады плаваць металічная сашчэпка?”, “Колькі пёраў ад чарнільнай ручкі ці тонкіх цвікоў можна пакласці ў шклянку, поўную вады, не праліўшы яе?”. Юныя фізікі наперабой адказваюць, што закіпяціць ваду ў папяровай ёмістасці нельга, усе металічныя прадметы тонуць у вадзе, а ў поўную шклянку немагчыма нічога дабавіць.
— Але найлепшы адказ на любое пытанне — эксперымент, — заўважае Мікалай Уладзіміравіч. — З фізічнымі эксперыментамі вучні знаёмяцца на першых уроках. Але даволі часта вынікі гэтых эксперыментаў супярэчаць вопыту школьнікаў, чаму яны вельмі здзіўляюцца, і імкнуцца затым заўважаць усё незвычайнае ў навакольным свеце. Таму кожны ўрок можа пачынацца з пытання пра нейкую з’яву, якая зацікавіла вучняў: “Чаму зваранае ўкрутую яйка круціцца ў гарачай вадзе, а сырое не?”, “Чаму на дні нараджэння ў сястрычкі паветраны шарык прыліп да столі?”, “Чаму пры ўключэнні душа фіранка ўцягваецца ўнутр душавой кабіны?”, “Чаму ручка нажніц цяплейшая за лязо, калі тэмпература паветра ў памяшканні аднолькавая?”… Паступова дзеці самастойна знаходзяць адказы на пытанні, якія ўзнікаюць, эксперыментальным шляхам.
Выхаванцы Мікалая Уладзіміравіча любяць вырошчваць крышталі меднага купарвасу ў дамашніх умовах. Спачатку гэтым зацікавілася толькі адна вучаніца, якая за лета “выгадавала” шмат прыгожых крышталёў рознай формы. Выступіўшы з невялікім дакладам на гэтую тэму і паказаўшы вырашчаныя крышталі, дзяўчынцы ўдалося зацікавіць імі нават малодшых школьнікаў.
Ужо не першы год вучні пад кіраўніцтвам педагога мадэлююць розныя прыстасаванні і мадэлі, у тым ліку самаробныя фантаны і вулканы, якія вывяргаюцца. Выклікае цікавасць у дзяцей і выраб макетаў міні-ГЭС і ветраўстановак. Дзякуючы ім, на ўроках запрацавалі ўласныя “электрастанцыі”, ток якіх выкарыстоўваецца для работы святлодыёдаў. Эксперыментальная дзейнасць пагост-загародскіх вучняў ужо даўно выйшла за межы школы і дэманструецца на конкурсах рознага ўзроўню.
— Даволі часта знаходзім цікавыя ідэі для новых эксперыментаў у інтэрнэце, — гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. — Дзякуючы гэтаму, дзеці ўсведамляюць, што інтэрнэт — магутная база для пошуку рознай карыснай інфармацыі, а не толькі для забаў. Асабліва падабаецца вучням пацвярджаць ці абвяргаць інтэрнэт-доследы на практыцы, якія тычацца вадкасцей, што свецяцца, фруктовых ці агароднінных крыніц сілкавання, надзьмування паветранага шарыка з дапамогай воцату і соды. Акрамя таго, школьнікі вывучаюць экалагічныя праблемы, пытанні эканоміі электраэнергіі і аднаўляльныя крыніцы энергіі, даследуючы рэсурсы мясцовасці, дзе пражываюць. Такім чынам выхоўваюцца і беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя.
“Матэматыка з Воляй”
Лічбавыя тэхналогіі і рэсурсы дапамагаюць Вользе Петруковіч наладжваць паспяховае дыстанцыйнае ўзаемадзеянне з вучнямі і іх бацькамі.
— Падчас пандэміі COVID-19 педагогі атрымалі рэкамендацыі па арганізацыі вучобы ў аддаленым рэжыме, — расказвае настаўніца. — Вопыту работы ў гэтым кірунку не было, таму давялося змяніць канцэпцыю падрыхтоўкі да ўрокаў, прыдумаць новыя формы падачы дадатковага матэрыялу, развіць у сябе новыя кампетэнцыі. Так з’явілася ідэя асабістага YouTube-канала “Матэматыка з Воляй” для арганізацыі самастойнага навучання дзяцей і дыстанцыйнага ўзаемадзеяння з імі і бацькамі. Рэсурс працуе 5 гадоў і добра падыходзіць для атрымання новых ведаў з дапамогай гаджэтаў на розныя тэмы ў любым стылі, тэмпе і часе выкладання, для самастойнай падрыхтоўкі да алімпіяд і ЦТ, тэсціравання недахопаў у ведах.
Вольга Мікалаеўна запісала больш за 200 відэаролікаў, прагледжаных каля 93 тысяч разоў. Сярод тысячнікаў — “Формула лінейнай функцыі па яе графіку”, “Каардынатны прамень”, “ЦТ-2020, В-12”… Радуе, што ў канала ёсць шмат пастаянных гледачоў, а ўдзельнікі анлайн-класа пры сістэмнай рабоце паказваюць лепшыя вучэбныя вынікі.
Вопыт Вольгі і Мікалая Петруковіч неаднаразова прэзентаваўся на старонках прадметных часопісаў. Выхаванцы настаўнікаў — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы раённых алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Да сваіх прафесійных дасягненняў педагогі, адзначаныя граматамі рознага ўзроўню, адносяцца стрымана і хваліцца не любяць, затое ў адзін голас выказваюць вялікую падзяку загадчыцы Пінскага раённага ВМК Алене Шпакоўскай і намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Пагост-Загародскай сярэдняй школы імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія Наталлі Казубоўскай за дапамогу ў самаадукацыі і трансляцыі ўласнага вопыту.
Любоў да дакладных навук Вользе Мікалаеўне і Мікалаю Уладзіміравічу ўдалося выхаваць і ва ўласных дзецях, якія пасля заканчэння БДУІР і БДУ працуюць у ІТ-сферы. Педагогі дапаўняюць і падтрымліваюць адно аднаго ва ўсім. А інакш і быць не можа ў шчаслівых людзей, якія праз усё жыццё пранеслі з сабой першае каханне і ўжо 35 гадоў разам, прычым не толькі дома, але і на любімай рабоце.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ