ЮНЕСКА: 12 млн дзяцей могуць ніколі не пайсці ў школу

- 11:59Паралелі

Згодна з інфармацыяй, апублікаванай Статыстычным інстытутам ЮНЕСКА, за апошнія дзесяць гадоў паказчык ахопу школьнай адукацыяй дзяцей у свеце амаль не змяніўся.

У 2018 годзе прыкладна 258 мільёнаў дзяцей і падлеткаў не мелі доступу да школьнай адукацыі. Гэта 1/6 частка ўсіх дзяцей школьнага ўзросту (6—17 гадоў) у свеце. Яшчэ большую занепакоенасць выклікае той факт, што, калі не будуць прыняты тэрміновыя меры, 12 мільёнаў дзяцей малодшага школьнага ўзросту ніколі не змогуць пайсці ў школу.

Прагноз таксама несуцяшальны: што пры цяперашніх тэндэнцыях кожнае шостае дзіця, як і раней, не будзе наведваць пачатковую і сярэднюю школу ў 2030 годзе, толькі 6 з 10 маладых людзей атрымаюць сярэднюю адукацыю.

Інфармацыя Статыстычнага інстытута ЮНЕСКА таксама падкрэслівае разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі свету. Так, 19% дзяцей малодшага школьнага ўзрос­ту (прыкладна ад 6 да 11 гадоў) не наведваюць школу ў краінах з нізкім узроўнем даходу, тады як у краінах з высокім узроўнем даходу гэты паказчык складае ўсяго 2%. Разрыў яшчэ больш значна павялічваецца ў адносінах да дзяцей старэйшага школьнага ўзросту і моладзі. Прыкладна 61% усіх маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў не наведваюць школу ў краінах з нізкім узроўнем даходу (у параўнанні з 8% у краінах з высокім узроўнем даходу).

Па словах генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Одрэ Азуле, “дзяўчынкі працягваюць сутыкацца з сур’ёзнымі цяжкасцямі. Згодна з нашымі прагнозамі, 9 мільёнаў дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту ніколі не пераступяць парог школьнага класа (у параўнанні прыкладна з 3 мільёнамі хлопчыкаў). З гэтых 9 мільёнаў 4 мільёны дзяўчынак пражываюць у краінах Афрыкі, на поўдні ад Сахары, дзе сітуацыя выклікае яшчэ большую занепакоенасць. Таму ў якасці першачарговай задачы мы павінны працягваць канцэнтраваць нашы намаганні на забеспячэнні адукацыі для дзяўчынак і жанчын”.