Юныя мадэльеры паказалі майстэрства

- 10:29Якасць адукацыі

У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшоў адкрыты фестываль-конкурс юных мадэльераў Brest junior fashion. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі дзяржаўны абласны ЦМТ.

Фестываль-конкурс праводзіўся з мэтай пашырэння ведаў школьнікаў у галіне моды, выяўлення і падтрымкі юных талентаў, усталявання і ўмацавання кантактаў паміж творчымі аб’яднаннямі юных мадэльераў, абмену цікавым вопытам і ідэямі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 23 калектывы з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці. Увазе гледачоў былі прапанаваны 37 калекцый, якія вылучаліся арыгінальнасцю і творчым падыходам.

Пераможцы вызначаліся ў намінацыях “Школа моды” (калектыўныя работы навучэнцаў профільных аб’яднанняў па інтарэсах), “Юны дызайнер” (індывідуальныя работы і аўтарскія калекцыі), “Тэатр моды” (тэматычныя калекцыі і фрагменты пастановак тэатраў моды) і “Подыум-школа” (тэматычныя дэфіле і мадэлі-дэманстратары). Лепшымі ў гэтых намінацыях сталі калекцыі “Шэрышоўк” аб’яднання па інтарэсах “Млын моды” (педагог А.П.Міцюк) з Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, “Этна-сепія” аб’яднання па інтарэсах мадэлявання і канструявання адзення “Шпілька” (педагог С.Я.Бабіч) з Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, “Магія Афрыкі” педагога Г.С.Жарынінай з ясляў-сада — пачатковай школы № 8 Брэста, “Абрэзкавая фантазія” тэатра моды (педагогі С.А.Дзенісюк і Л.А.Шарсцюк) з сярэдняй школы № 10 Брэста, “Палёт над горадам” Лізаветы Кастылевай з узорнай студыі моды і дызайну “Крэатыў” (педагог М.В.Хоміч) Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста і “Святаславіца” Настассі Селюжыцкай з аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня мастака” (педагог Н.Г.Задружная) гімназіі Ганцавіч. Гран-пры фестывалю-конкурсу і яго галоўны сімвал “Крыштальны туфлік” атрымала калекцыя Viva la vida аб’яднання па інтарэсах “Лялечны свет” (педагог Г.В.Ваўрынюк) з сярэдняй школы № 16 Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.