З адкрытасцю да кожнага вучня

- 9:58Людзі адукацыі

Урокі матэматыкі і астраноміі ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1 цэняць усе навучэнцы. Ды і як інакш, калі цікава на іх кожнаму, нават тым навучэнцам, хто лічыць сябе чыстым гуманітарыем. А ўсё таму, што менавіта да ўзнікнення ў дзяцей цікавасці да гэтых прадметаў у першую чаргу імкнецца на сваіх занятках настаўнік астраноміі і матэматыкі Юрый Сіваеў.

Да педагагічнай працы Юрый Уладзіміравіч імкнуўся з дзяцінства. З усіх школьных прадметаў хлопчыка найбольш прыцягвала фізіка і матэматыка, захапляўся ён і незвычайнай навукай астраноміяй. У роднай сярэдняй школе № 37 Магілёва здольнаму вучню параілі працягнуць вучобу ва ўстанове новага тыпу — ліцэі. Да той парады ён прыслухаўся і ў хуткім часе стаў навучэнцам абласнога ліцэя № 1.

— Напэўна, менавіта вучоба ў ліцэі ўмацавала маё жаданне пайсці ў педагогіку. Ва ўстанове заўсёды панавала творчая атмасфера і педагогі былі выдатныя. Хацелася стаць такім жа настаўнікам, — успамінае Юрый Сіваеў.

Сваю мару ён у выніку ажыццявіў. З адзнакай скончыў фізіка-матэматычны факультэт цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. І неяк непрыкметна для сябе са студэнтаў перайшоў у выкладчыкі. Ва ўніверсітэце Юрый Уладзіміравіч адбыўся як выкладчык, але яго цягнула ў школу. Праз дзесяць гадоў педагагічнай працы ён змяніў поле дзейнасці: апынуўся ў якасці педагога ў сваёй альма-матар.

— Са школьнікамі працаваць цяжэй, чым са студэнтамі. Толькі выкладаннем матэрыялу тут не абмежавацца. Дзяцей трэба захапіць, развіць іх уласнае імкненне да ведаў, — лічыць Юрый Уладзіміравіч.

На яго думку, зацікаўленасць дзяцей прадметам — галоўная ўмова паспяховага засваення імі вучэбнага матэрыялу. Але вось выклікаць гэтую агульную зацікаўленасць бывае не так проста. Справа ў тым, што ў ліцэі вучацца ўжо старшакласнікі. Усе яны з розных школ, розных раёнаў вобласці. Розныя яны і па ўзроўні падрыхтоўкі. У сувязі з гэтым часта тое, да чаго адзін вучань праяўляе цікавасць, іншага пакідае зусім абыякавым.

Варыянтам вырашэння няпростай сітуацыі для Юрыя Сіваева стала распрацоўка сваёй методыкі выкладання. Юрый Уладзіміравіч рыхтуе ўрокі з улікам падрыхтаванасці і спецыфічных асаблівасцей профілю класа ў цэлым і кожнага навучэнца ў прыватнасці. Ён стараецца арганізоўваць вучэбны працэс такім чынам, каб аптымальна кіраваць пазнавальнай дзейнасцю ліцэістаў. Калі дадаць да гэтага імкнення дасканалае валоданне Юрыем Уладзіміравічам тэорыяй і методыкай выкладання прадметаў, то зусім нядзіўна, што яго ўрокі адрозніваюцца глыбінёй зместу, разнастайнасцю форм правядзення. Гэта дазваляе педагогу ствараць у класе адукацыйнае асяроддзе, якое забяспечвае не толькі развіццё, але і асобасны рост навучэнцаў.

— Мне падабаецца весці на ўроках дыялог з вучнямі. Так я даведваюся, што дзецям цікава, што незразумела, а што выклікае пэўныя цяжкасці. Зыходзячы з гэтага будую заняткі. Увогуле, галоўны прынцып, якім я кіруюся, — гэта адкрытасць да кожнага вучня. Не трэба закрывацца ад дзяцей, не трэба быць для іх толькі транслятарам ведаў. Лепш дзейнічаць наадварот. Напрыклад, даць ім зразумець: усё, што мы хочам даведацца, — абсалютна даступныя звесткі, трэба толькі захацець здабыць гэтую інфармацыю — і тады складанае стане простым, — гаворыць настаўнік.

Акрамя выкладання двух няпростых школьных прадметаў, Юрый Сіваеў займаецца і адміністрацыйнымі справамі. З настаўніцкай працай ён выдатна сумяшчае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Шмат увагі Юрый Уладзіміравіч удзяляе і рабоце з адоранымі вучнямі. Працуючы з такімі дзецьмі індывідуальна, ён не проста развівае іх здольнасці, а вучыць уменню прымаць самастойныя рашэнні, крытычна ацэньваць свае вынікі і заўсёды імкнуцца да большага. Такая методыка дае адпаведны вынік. Выпускнікі Юрыя Сіваева дэманструюць высокія паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. За сем гадоў яго навучэнцы заваявалі 20 дыпломаў на трэцім, а таксама 5 дыпломаў і 4 пахвальныя водзывы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. А адзін з выпускнікоў — Дзмітрый Саўчанка — стаў бронзавым медалістам Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы.

Высокія дасягненні вучняў — гэта і ёсць для яго галоўнае ў працы. Менавіта ў гэтым Юрый Уладзіміравіч бачыць сваё настаўніцкае прызначэнне: даць якасную адукацыю кожнаму, дапамагчы раскрыцца юным талентам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.