З акцэнтам на мнематэхніку

- 15:14Гомель

АНДРЫЯНАВА Святлана Васільеўна,
настаўніца пачатковых класаў Крупецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Добрушскага раёна.

У школе Святлана Васільеўна працуе 18 гадоў. Скончыла Гомельскі музычна-педагагічны каледж і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. На працягу 9 гадоў кіруе школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў. Яе педагагічнае крэда: “Узброіць дзяцей здолей не ведаў багажом, а спосабам пазнання”.

Намінацыя “Пачатковыя класы”

На вучэбных занятках імкнецца стварыць эмацыянальна станоўчы мікраклімат узаемаразумення, супрацоўніцтва і сутворчасці. Лічыць, што для паспяховага навучання ўрокі малодшых школьнікаў павінны быць цікавымі і вясёлымі, умела спалучае розныя формы работы. Грунтоўна прадумвае ўсе структурныя элементы ўрокаў для павышэння пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў. З гэтай мэтай на вучэбных і факультатыўных занятках выкарыстоўвае займальны матэрыял, гульнявыя сітуацыі, прымяняе электронныя сродкі навучання, імкнецца стварыць сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці. Навучыць дзяцей самастойна здабываць веды — адна з галоўных прафесійных задач Святланы Васільеўны.

Асобным блокам у інфармацыйнай вучэбнай прасторы з’яўляецца катэгорыя слоў з арфаграмамі, якія не правяраюцца, або так званыя слоўнікавыя словы. Святлана Васільеўна ўдзяляе вялікую ўвагу правапісу слоўнікавых слоў, таму што гэтая катэгорыя арфаграфічных норм выклікае ў навучэнцаў цяжкасці ў правільным напісанні. Значная колькасць слоў з арфаграмамі, якія не правяраюцца, — гэта словы на правапіс ненаціскных галосных у корані. Без поўнага авалодання моўным матэрыялам немагчыма фарміраванне моўнай кампетэнцыі навучэнцаў, а гэта адна з задач навучання рускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прычын цяжкасцей некалькі. Перш за ўсё гэта недастаткова сфарміраваная арфаграфічная пільнасць (няўменне бачыць арфаграмы і дыферэнцыраваць іх), адсутнасць навыкаў самакантролю: арфаэпічнае прагаворванне, зрокавае параўнанне запісанага з узорам. Яшчэ адна прычына памылак у словах з напісаннямі, якія не правяраюцца, — немагчымасць рэгуліроўкі арфаграмы правілам. Навучэнцам 1—4 класаў неабходна запомніць правапіс вялікай колькасці слоўнікавых слоў, што з’яўляецца для некаторых з іх праблемай.

У кожнага чалавека свой тып мыслення, спосаб запамінання інфармацыі, таму Святлана Васільеўна арганізоўвае сваю педагагічную дзейнасць з улікам індывідуальных асаблівасцей малодшых школьнікаў. Для навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў вобразнай падачы арфаграм у напісаннях, якія не правяраюцца, выкарыстоўвае мнематэхніку. Мнематэхніка як сукупнасць спецыяльных прыёмаў і спосабаў, што аблягчаюць запамінанне неабходнай інфармацыі і пашыраюць аб’ём памяці, даволі эфектыўная для запамінання арфаграм. Мнеманічны метад створаны на прынцыпе асацыятыўнага мыслення, і яго выкарыстанне магчыма таксама ў правапісе слоўнікавых слоў: словы з напісаннямі, якія не правяраюцца, прывязвае да асацыятыўнага вобраза, што пастаянна будзе ўзнікаць у памяці навучэнца пры рабоце з такім словам. Абавязковымі ўмовамі слоўнікавай работы з выкарыстаннем мнематэхнікі лічыць яркасць і выразнасць вобраза, праяўленне цікавасці навучэнцаў да гэтага слова, устаноўку на запамінанне.

Настаўнік выкарыстоўвае ў слоўнікавай рабоце такія мнеманічныя прыёмы, як “Гука-літарная мнемоніка”, “Рыфмоўкі”, “Казкі-асацыяцыі”, “Этымалогія” і інш. Яны значна аблягчаюць задачу запамінання навучэнцамі слоў з напісаннямі, якія не правяраюцца, дапамагаюць павысіць узровень арфаграфічнай пісьменнасці. Падчас слоўнікавай работы настаўнік прапануе дзецям звярнуцца да асабістага вопыту або да этымалагічнага слоўніка для пошуку слоў-падказак з арфаграмамі ў моцнай пазіцыі. Навучэнцы знаходзяць словы-апоры, складаюць з імі рыфмоўкі, прыдумваюць казкі, што спрыяе эфектыўнаму запамінанню арфаграмы.

Прыёмы мнематэхнікі прывабныя для дзяцей і прымяняюцца пры вывучэнні не толькі вучэбнага прадмета “Руская мова”, але і іншых вучэбных прадметаў. Іх выкарыстанне раскрывае і развівае творчыя здольнасці навучэнцаў, здольнасці нестандартна, арыгінальна мысліць. Так, пры вывучэнні вучэбных прадметаў “Матэматыка”, “Чалавек і свет” для запамінання неабходнай інфармацыі дзеці звяртаюць увагу на асаблівасці і дэталі аб’ектаў, якія запамінаюць, праводзяць паралелі і знаходзяць асацыятыўныя сувязі, даты і імёны запамінаюць пры дапамозе шыфровак і г.д.

Бесперапыннасці педагагічнага працэсу спрыяе адзіная сістэма вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці, арганізаваная настаўніцай. Даверлівая атмасфера супрацоўніцтва дапамагае навучэнцам раскрыць свой патэнцыял як на ўроку, так і ў час правядзення пазаўрочнай работы. Даследчая дзейнасць і рэалізацыя праектаў дазваляюць увасабляць крэатыўныя ідэі дзяцей, што дае свае вынікі. У 2013/2014 навучальным годзе вучні Святланы Васільеўны сталі лаўрэатамі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу сачыненняў “Шчасце жыць у мірнай краіне”. У 2014/2015 навучальным годзе яны сталі дыпламантамі ІІ ступені раённай канферэнцыі даследчых работ па тэме “Батлейка — сустрэча мінулага з сучаснасцю”, дыпламантамі ІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” ў намінацыі “Інфармаванне і прапаганда энергаэфектыўнасці”. У гэтым жа годзе адна з яе навучэнак стала фіналісткай раённага конкурсу “Вучань года”.

Разумеючы, што сям’я — аснова выхавання дзіцяці, яго поспехаў у навучанні, Святлана Васільеўна праводзіць мэтанакіраваную работу з бацькамі навучэнцаў, якія паступова сталі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Гуманная педагогіка, на думку настаўніцы, адкрывае сэрцы вучняў, бацькоў насустрач сэрцу настаўніка, дазваляе зрабіць працэс выхавання і атрымання ведаў камфортным і выніковым.