З актуальнасцю і навізной

- 12:10Якасць адукацыі

У краіне стартаваў ХV Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі і Галоўны інфармацыйна­-аналітычны цэнтр.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Сярод асноўных задач гэтых спаборніцт­ваў — удасканаленне інфармацыйна-тэхналагічнай культуры педагогаў, прадастаўленне ім магчымасці для дэманстрацыі творчага патэнцыя­лу ў сферы распрацоўкі і выкарыстання ІКТ, распаўсюджванне інавацыйнага педагагічнага вопыту.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца педагагічныя работнікі, калектывы педагогаў і навучэнцаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяль­най адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых.


Конкурс праводзіцца ў два этапы — дыстанцыйны (да 25 сакавіка 2022 года) і вочны (з 12 па 15 красавіка) па 7 намінацыях: “Анлайн-урок”, “Інтэрактыўная стужка часу”, “Віртуальная экскурсія”, “Дынамічная карта”, “Інтэрактыўны плакат”, “ТravelBook вучня” (“Дзённік падарожніка”), “Кірмаш прафесій”.


Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі павінны прайсці працэдуру рэгістрацыі на нацыянальным адукацыйным партале і прадаставіць конкурсную работу ў адной з намінацый. На дыстанцыйны этап канкурсанты прадстаўляюць відэапрэзентацыю праекта працягласцю не больш за 5 мінут, загружаную на відэахостынг www. youtube. com, і спасылку на яго. На вочны этап удзель­нікі прапаноўваюць сціслае апісанне конкурснай работы і метадычныя рэкамендацыі па яе выкарыстанні ў адукацыйным працэсе. Абарона конкурснай работы ажыццяўляецца ў форме прэзентацыі конкурснага праекта членам журы конкурсу. Удзель­нікам прадастаўляецца персанальнае ўстройства з магчымасцю выхаду ў інтэрнэт.


Як адзначылі арганізатары спаборніцтваў, да конкурсных работ прад’яўляюцца наступныя патрабаванні: адпаведнасць работы мэтам і задачам конкурсу, актуальнасць конкурснай работы для сістэмы адукацыі, навізна падыходаў, тэхналогій, прыёмаў, што выкарыстоўваюцца, адпаведнасць зместу работы ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, дыдактычным і псіхолага-педагагічным патрабаванням, устаноўленым тэхнічным параметрам, санітарным нормам, правілам і гігіенічным нарматывам. Пад увагай экспертаў таксама будуць наяўнасць станоўчых вынікаў выкарыстання прадстаўленага праекта ў адукацыйнай практыцы, абумоўленасць адукацыйных вынікаў, якія дасягаюцца, выкарыстаннем ІКТ, магчымасць шырокага выкарыстання праекта ў адукацыйнай практыцы.


Усе ўдзельнікі вочнага этапу спаборніцтваў атрымаюць сертыфікаты. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені. Лепшыя распрацоўкі папоўняць банк электронных метадычных матэрыялаў, рэкамендаваных для выкарыстання ў адукацыйным працэсе.


Наталля КАЛЯДЗІЧ.