З аптымізмам да вырашэння любой праблемы

Работа ў сістэме адукацыі мнагагранная. Яе вынік часта залежыць ад мноства аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дрыбінскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Марына Мікалаеўна Панчанка пераканана: хто не хоча працаваць, той шукае прычыны, а хто хоча — шукае магчымасці, а таму з аптымізмам падыходзіць да вырашэння любой праблемы. Аб дасягненнях сістэмы адукацыі рэгіёна, перспектыўных праектах і задачах на найбліжэйшую будучыню мы гутарым з М.М.Панчанка.

— Марына Мікалаеўна, чым была адметная трэцяя чвэрць ва ўстановах адукацыі Дрыбіншчыны?
— Паспяховы пачатак трэцяй чвэрці адзначаны выніковым удзелам каманды школьнікаў у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: 2 дыпломы ІІ ступені па матэматыцы і працоўным навучанні і 2 дыпломы ІІІ ступені па матэматыцы. 4 дыпломы заваявалі нашы вучні на абласным этапе і летась. Гэтыя вынікі могуць падацца дастаткова сціплымі, але для нас яны вельмі значныя. Колькасць навучэнцаў 8—11 класаў у раёне — 420. Стабільнасць вынікаў на працягу апошніх гадоў указвае на сістэму работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяднага руху. Дарэчы, сёлета на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды паспяховым было выступленне вучаніцы Бельскай сярэдняй школы Веранікі Пынцінай па працоўным навучанні (дыплом ІІІ ступені).
На высокім прафесійным узроўні раённым метадычным кабінетам арганізаваны і праведзены раённыя дні навукі ў Міхееўскай, Пудаўнянскай і Расненскай сярэдніх школах. Праз правядзенне адкрытых вучэбных і дадатковых заняткаў педагогі прэзентавалі свой вопыт па рабоце з адоранымі навучэнцамі. Гэта садзейнічала стварэнню ўмоў для іх матывацыі на далейшую выніковую дзейнасць.

— Якія найбольш значныя дасягненні педагогаў і навучэнцаў вам хацелася б агучыць?
— Дасягненні ў любой дзейнасці не магчымы, калі яе ажыццяўляюць непрафесійныя, абыякавыя да сваёй работы людзі. Вядомая фраза “Кадры вырашаюць усё” заўсёды актуальна. Высокіх вынікаў у сваім развіцці дзіця можа дасягнуць, калі яго адукацыяй займаецца граматны творчы педагог, які любіць сваю прафесію. Наш раён быў утвораны ў выніку перасялення жыхароў з забруджаных тэрыторый пасля Чарнобыльскай аварыі. На шчасце, у сістэме адукацыі ёсць нямала педагогаў, якія ва ўмовах сельскага жыцця змаглі захаваць свае лепшыя прафесійныя якасці, развіць іх, перадаць моладзі. Так, у абласным фестывалі маладых педагогаў “Ініцыятыва. Пошук. Творчасць” у мінулым годзе на рахунку нашага педагога дыплом ІІІ ступені. Чатыры педагогі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Д.Мендзялееў сцвярджаў, што ўвесь гонар настаўніка — у вучнях. Сёння ва ўстановах адукацыі раёна выхоўваецца і вучыцца 1710 дзяцей і падлеткаў. Мы ганарымся дасягненнямі нашых вучняў. У рэспубліканскі банк даных адораных навучэнцаў у 2011—2015 гадах былі ўключаны 7 навучэнцаў Дрыбінскага раёна. Гэта пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы — навучэнцы Пудаўнянскай сярэдняй школы Дзмітрый Лаўрэнаў (двойчы) і Ягор Лаўрэнаў; пераможцы Рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ даследчага характару эколага-біялагічнага напрамку і па вучэбных прадметах Юлія Гаўрусёва, навучэнка Пудаўнянскай сярэдняй школы (тройчы), і навучэнкі Бельскай сярэдняй школы Маргарыта Чарняўская (двойчы), Маргарыта Стэльмах і Ія Шпакава; Рэспубліканскага конкурсу творчых работ “ТэхнаІнтэлект” — навучэнка Расненскай сярэдняй школы Карына Сіўчыкава.

— Як былі арганізаваны вясеннія канікулы для школьнікаў?
— На базе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі адкрыты аздараўленчыя лагеры, якія наведвалі 340 навучэнцаў. У планы работы лагераў былі ўключаны мерапрыемствы для рэалізацыі міжведамаснай прафілактычнай акцыі “Бяспечныя канікулы — на карысць!”. Была арганізавана экскурсія для бацькоў з дзецьмі ў Смаленск па гістарычных месцах з удзелам у Міжнародным фестывальным конкурсе дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”. Шмат уражанняў пакінула ў школьнікаў наведванне фітапакою філіяла Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея “Сямейныя традыцыі чаявання” і Дома рамёстваў “Роля фальклору ў сямейным выхаванні”. Актыўны ўдзел выхаванцы прынялі ў літаратурным салоне “Сярэбраны голас”, паэзіі зямлі славянскай, у конкурсе сяброўскіх шаржаў “Прачніся, настрой! Вясна прыйшла…”. Асаблівая ўвага была ўдзелена фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця. Метадычны семінар з членамі антынаркатычных вучнёўскіх атрадаў у РАУС “Я супраць наркотыкаў”, конкурсы плакатаў “Паважай іншых, каб паважалі цябе”, сустрэча з работнікамі РАНС “Не дапусцім пажар разам”, акцыя “Мы бачым!”, у межах якой спецыялістамі-афтальмолагамі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы праведзена абследаванне навучэнцаў раёна, спартыўныя эстафеты ўключылі выхавальнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў у сумесную актыўную творчую дзейнасць.

— Марына Мікалаеўна, павышаная ўвага ў раёне ўдзяляецца нядобранадзейным сем’ям. Якая работа вядзецца ў гэтым напрамку?
— Так, у раёне вядзецца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі Дэкрэта прэзідэнта № 18. Асноўная мэта нашай дзейнасці — забеспячэнне правоў дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям’і, захаванне роднай сям’і для дзіцяці. Улічваючы, што кожная сям’я індывідуальная, мы плануем работу, зыходзячы з цяжкасцей і прычын нядобранадзейнасці. Спачатку вызначаецца кола праблем, а затым пачынаецца практычная работа: прафілактычныя гутаркі, кансультацыі, трэнінгі, аказанне адраснай і гуманітарнай падтрымкі. Непаўналетнім і іх сем’ям аказваецца педагагічная, псіхалагічная, сацыяльная, прававая і медыцынская дапамога. Сфарміравана і рэалізоўваецца мадэль абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, якая базіруецца на міжведамасным узаемадзеянні ў выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці і яе ліквідаванні, недапушчэнні пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У раёне адпрацаваны пілотны праект “Сям’я для дзіцяці”, мэтай і вынікам якога стала выключэнне фактаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў на працягу трох апошніх гадоў. Усе зацікаўленыя службы раёна працягваюць працаваць у адзіным алгарытме дзеянняў. Штомесяц абнаўляецца банк даных аб дзецях, якія адчуваюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Па выніках 2015 года з задавальненнем можна адзначыць, што пакрыццё сродкаў на ўтрыманне дзяцей дасягнула 82%.

— Якія праблемы сёння хвалююць вас у першую чаргу?
— У раёне, на мой погляд, створана аптымальная сетка ўстаноў адукацыі. Тым не менш у сучасных няпростых фінансавых умовах мы працягваем яе аптымізаваць. Нам неабходна вырашыць задачу з трыма невядомымі: скараціць выдаткі на ўтрыманне ўстаноў, задаволіць запыты насельніцтва ў галіне адукацыі, захаваць кадравы патэнцыял. Я думаю, мы з гэтым паспяхова справімся. У нашым раёне з’яўляецца праблемнай дэмаграфічная сітуацыя. Аднак прагноз аптымістычны. У 2015 годзе Дрыбінскі раён заняў першае месца па нараджальнасці. Сёлета таксама чакаецца павелічэнне колькасці нованароджаных. Таму асноўная задача педкалектываў — удасканальваць якасць адукацыі праз стварэнне спрыяльных умоў развіцця кожнага дзіцяці. Таксама неабходна павышаць якасць кіраўніцкай дзейнасці кіраўнікоў аддзела і адміністрацыі ўстаноў адукацыі. У нас, на мой погляд, працуе каманда творчых, граматных, ініцыятыўных людзей, якім па плячы вырашэнне пастаўленых задач.
— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла
Наталля КАЛЯДЗІЧ.