З аптымізмам глядзім у будучыню

- 10:55Планёрка ў рэгіёне

Укараненне новых тэхналогій і мадэлей навучання і выхавання дзяцей, стварэнне метадаў ранняга выяўлення, падтрымкі і развіцця ў іх талентаў і здольнасцей, удасканаленне кіравання раённай адукацыйнай сферай — галоўныя кірункі дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага раёна. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела Іна Феліксаўна ДРАПЕЗА.

— Іна Феліксаўна, скажыце, якія імёны педагогаў і вучняў у апошнія гады на слыху ў Маладзечанскім раёне.
— Кожны год папаўняецца скарбонка дасягненняў раёна новымі імёнамі — і нашых настаўнікаў, і нашых вучняў, якія атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Сёння мы ганарымся Дзмітрыем Асанавым, выхаванцам ДЮСШ № 1, сярэбраным прызёрам спаборніцтваў па боксе на I Еўрапейскіх гульнях. Стаў ён і бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па боксе ў Досе (Катар) і заваяваў права ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія). Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць пераможцам Міжнароднай алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” Настассі Андрушойць, Марыі Прохарчык і Настассі Шабалтас.
Штогод каля 50 адзінаццацікласнікаў-выпускнікоў раёна ўзнагароджваюцца залатымі і сярэбранымі медалямі. У мінулым навучальным годзе 6 вучняў на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымалі 100 балаў па сямі прадметах. Выпускніца гімназіі № 7 Беата Сяліцкая найвышэйшага выніку дасягнула па двух прадметах: беларускай мове і грамадазнаўстве. Не менш за 15 навучэнцаў штогод становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў навукова-даследчых работ. У 2014 годзе 18 школьнікаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў.
Асаблівай папулярнасцю карыстаецца ў раёне клуб “Пошук”, які размешчаны ў сярэдняй школе № 5 Маладзечна. Юныя патрыёты ўстанавілі 1447 прозвішчаў вязняў канцлагера “Шталаг-342”, знайшлі сваякоў 120 вязняў, устанавілі месцы пахавання 12 салдат, якія прапалі без вестак у гады вайны. Варта адзначыць, што ўдзельнікі клуба выйгралі грант у суме 12 000 еўра на міжнародным конкурсе фонду “Памяць, адказнасць, будучыня”.
Настаўнікі раёна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце сучасныя інавацыйныя тэхналогіі. Вынікі іх работы атрымліваюць заслужанае прызнанне. У 2014 годзе трое педагогаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2014/2015 навучальным годзе абсалютным пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” стаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук.
У тым жа годзе лаўрэатамі III Міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа” сталі В.У.Маліноўскі (гімназія № 10 Маладзечна), Н.А.Вяжэвіч (маладзечанская сярэдняя школа № 1 імя Янкі Купалы) і І.Л.Верамей (сярэдняя школа № 9 Маладзечна), якая да таго ж была ўдзельніцай і пераможцай розных міжнародных конкурсаў: “Ясенін: погляд з будучыні”, Асамблея Рускага свету, XIV Міжнародны Пушкінскі конкурс па рускай мове. Трое нашых педагогаў сталі лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу па арганізацыі турысцка-краязнаўчай работы.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў раёне?
— У бягучым навучальным годзе профільнае навучанне прадстаўлена трыма мадэлямі і арганізавана ў 10-х класах 17-ці ўстаноў адукацыі: 5 гімназіях, 8 гарадскіх школах і ў 4 сельскіх школах. У Чысцінскай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна сфарміраваны профільны клас для вучняў 10 класа, якія вывучаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, што арыентуе на атрыманне прафесіі педагога.

— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца і як вы іх вырашаеце?
— Актуальнымі на сёння з’яўляюцца праблема стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, пытанні развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. Аднак мы з аптымізмам глядзім і ідзём у будучыню. Інавацыйным стала для раёна ўкараненне новага спосабу гаспадарання, які спрыяе ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і стварэнню лепшых умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Так, з мэтай правядзення рамонтных работ гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах у 2014/2015 навучальным годзе аддзелу адукацыі было выдзелена больш за 9 млрд рублёў. А згодна з праграмай агульнай сярэдняй адукацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту ва ўстановах раёна былі абсталяваны 5 сучасных кабінетаў фізікі, 2 сучасныя кабінеты хіміі, а таксама Цэнтр падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд па хіміі. Умацаванне матэрыяльнай базы школ ідзе і за кошт прыцягнення пазабюджэтных сродкаў, спонсарскай дапамогі.
Радуе тое, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна павялічваецца колькасць першакласнікаў, як і колькасць усіх навучэнцаў у цэлым. Сёння ў школах вучацца 13 795 вучняў, а ва ўстановах дашкольнай адукацыі — 5603 дзіцяці. У апошнія два гады за кошт вываду часткі 1-х класаў са школ і пераабсталявання памяшканняў у садах адкрыта дадаткова 6 груп для 100 дзяцей. Немалаважна, што кожны год у раён вяртаюцца каля 90% нашых выпускнікоў, якія атрымалі прафесію педагога. Напрыклад, у 2015 годзе з 79-ці маладых спецыялістаў педагогаў, якія прыбылі ў раён, 51 — наш выпускнік. Іншагароднім мы прадастаўляем інтэрнат. 11 спецыялістаў у 2014 годзе атрымалі аднапакаёвыя кватэры ў арэндным доме.

— Раскажыце, калі ласка, пра новыя формы адукацыі і платныя адукацыйныя паслугі, якія прапаноўваюцца ў школах і дзіцячых садках раёна.
— На платнай аснове ва ўстановах адукацыі праводзяцца перш за ўсё заняткі, звязаныя з развіццём эстэтычнага густу дзяцей. Запатрабаваным з’яўляецца вывучэнне замежных моў. Акрамя гэтага, у кожнай навучальнай установе працуюць школы па падрыхтоўцы дзяцей да паступлення ў 1 клас. У яслях-садзе № 1 і яслях-садзе № 5 Маладзечна рэалізоўваецца эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлей арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове ва ўмовах устаноў дашкольнай адукацыі”. Створаны чатыры групы для сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў, арганізаваны гурткі вакальна-харавой накіраванасці (звыш зместу адукацыйнага раздзела “Мастацтва” па вучэбнай праграме). Арганізаваны дзве падгрупы вячэрняга знаходжання для дзяцей ад паўтара да трох гадоў, працуе матчына школа. Акрамя таго, на базе садоў арганізаваны разнастайныя групы па атрыманні дашкольнай адукацыі, 25 з іх — на платнай аснове. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца групы кароткачасовага знаходжання дзяцей ад 1 да 2 гадоў, дзе адбываецца іх першапачатковая адаптацыя да дзіцячага сада.

— Іна Феліксаўна, якія праекты збіраецеся рэалізаваць у найбліжэйшы час?
— З 1 верасня 2015 года ажыццяўляецца паслядоўная дзейнасць педагагічных калектываў па рэалізацыі чатырох эксперыментальных, 18-ці інавацыйных, 8-мі педагагічных праектаў абласнога ўзроўню і 2-х праектаў раённага ўзроўню.

Надзея ЦЕРАХАВА.