З азартам і неабыякавасцю

Ажыццявіць прафесійны выбар настаўніку інфарматыкі Івану Альфрэдавічу Трэгубаву дапамагло дзіцячае захапленне фізікай і астраноміяй. У педагагічнай прафесіі ён не расчараваўся, пра што сведчаць 22 гады работы ў школе.

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага малады настаўнік фізікі і інфарматыкі прыйшоў у сярэднюю школу № 2 Лунінца, дзе працуе да сённяшняга часу. Іван Альфрэдавіч прызнаецца, што станавіцца педагогам ён не планаваў, пакуль не трапіў на практыку ў адну з мінскіх школ да заслужанага настаўніка Беларусі апошняга ўладальніка звання “Настаўнік года СССР” Валерыя Аляксандравіча Гербутава.

— За два тыдні практыкі зразумеў, што быць настаўнікам — гэта класна, — гаворыць І.А.Трэгубаў. — Да гэтага часу ўспамінаю надзвычай паважлівыя і ўважлівыя адносіны таленавітага педагога да дзяцей. Валерый Гербутаў — выдатны арыенцір у педагогіцы.

Іван Альфрэдавіч спачатку аддаваў перавагу фізіцы, але потым яго моцна захапіла інфарматыка. Настаўнік лічыць, што за ёй будучыня.

Займацца з алімпіяднікамі педагог пачаў ужо на другі год работы ў школе.

— Спачатку было проста цікава, а пасля першых поспехаў вучняў захацелася дапамагаць ім у выбары далейшага прафесійнага шляху, — адзначае І.А.Трэгубаў. — Інтэлектуальныя спаборніцтвы добра развіваюць лагічнае мысленне і матывацыю да авалодання новымі ведамі, удасканальваюць навыкі праграмавання.

Жадаючых займацца інфарматыкай шмат. Падчас заняткаў дзеці разумеюць, што гэта не перапіска ў сацыяльных сетках і не стралялкі, а сур’ёзная разумовая праца. У выніку застаюцца самыя здольныя і мэтанакіраваныя.

— З вучнямі займаюся ў вольны час, — прызнаецца педагог. — Факультатыўных заняткаў мала. Шчыра кажучы, калі бачу зацікаўленых дзяцей, ніякага часу не шкада. Прыемна бачыць, як літаральна на вачах павышаецца інтэлектуальны ўзровень вучняў. Ды і самому падчас работы з дзецьмі даводзіцца пастаянна ўдасканальвацца.

На рахунку выхаванцаў І.А.Трэгубава каля 20 абласных і 8 рэспубліканскіх дыпломаў прадметнай алімпіяды. Выніковая дзейнасць педагога адзначана на розным узроўні: ён выдатнік адукацыі Беларусі, неаднаразовы лаўрэат прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў алімпіяднага руху, уладальнік грамат Міністэрства адукацыі.

Адной з важных чалавечых рыс Іван Альфрэдавіч лічыць неабыякавасць, у тым ліку да той справы, якой займаешся: “На жаль, сярод педагогаў сустракаюцца звычайныя ўрокадаўцы. Ці можа незацікаўлены настаўнік зацікавіць вучняў — пытанне рытарычнае”.

Акрамя інфарматыкі, І.А.Трэгубаў сур’ёзна захапляецца рыбалкай. Падахвоціў да гэтага нават некаторых вучняў.

— Паколькі па натуры я азартны чалавек, у рыбалцы мяне цікавіць найперш працэс, а не вынік. Без здаровага азарту нельга дасягнуць добрых поспехаў і ў прафесійнай дзейнасці, — упэўнены педагог.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *