З даверам і на адной мове

- 10:54Людзі адукацыі

Ніна Міхайлаўна Алесіюк — адзін са старэйшых педагогаў дадатковай адукацыі Маларытчыны. З дзецьмі працуе ўжо 43 гады. З будучай прафесіяй вызначылася яшчэ ў пачатковых класах.

— На прафесійны выбар паўплывала настаўніца пачатковых класаў Настасся Васільеўна Хамічук, урокі якой заўсёды былі цікавымі і запамінальнымі, — расказвае Н.М.Алесіюк. — На занятках гэтага педагога дзеці не толькі атрымлівалі неабходныя веды, уменні і навыкі, але і вучыліся дабрыні, спагадзе, шчырасці, узаемадапамозе. Вельмі хацелася ва ўсім быць падобнай на першую настаўніцу.

Пасля заканчэння школы Ніна Міхайлаўна паступіла ў тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, за час вучобы ў якім асвоіла піяніна і акардэон. Першыя ўрокі прынеслі і радасць, і горыч ад няспраўджаных надзей.

— Вельмі хацелася пачаць працоўную дзейнасць, — гаворыць Н.М.Алесіюк. — Літаральна спала і бачыла сябе ля дошкі з указкай і падручнікам у руках. Але месца настаўніцы пачатковых класаў у Высокаўскай базавай школе Маларыцкага раёна, куды была размеркавана на работу, не аказалася. Давялося выкладаць гісторыю і рускую мову ў 5 класе.

Калектыў школы на чале з дырэктарам стварыў для маладога педагога неабходныя ўмовы для прафесійнага станаўлення. Шчырая і даверлівая атмасфера вельмі дапамагала гэтаму. Праз год Ніну Міхайлаўну перавялі працаваць па спецыяльнасці.

— Стаўшы, нарэшце, настаўніцай пачатковых класаў, зразумела, што гэта не зусім тое, да чаго рыхтавалася, — прызнаецца Н.М.Алесіюк. — У класе вучыліся 15 дзяцей, з якіх 8 былі першакласнікі, 3 — другакласнікі і 4 — трэцякласнікі. Працаваць у такім класе было даволі складана. Патрабавалася асаблівае майстэрства, каб кожнаму вучню даць неабходныя веды. Найбольшую цяжкасць выклікала складанне раскладу заняткаў. На адным уроку даводзілася адначасова выкладаць 3 прадметы, напрыклад, маляванне, матэматыку і літаратурнае чытанне.

Любоў да дзяцей не адпускала маладога педагога і летам. Свой адпачынак Ніна Міхайлаўна праводзіла сярод дзяцей, працуючы старшай піянерважатай у міжкалгасным (раённым) аздараўленчым лагеры “Бярозка”. Актыўнага і ініцыятыўнага педагога заўважылі і адзначылі граматай Міні­стэрства асветы СССР.

Пасля замужжа Н.М.Алесіюк працавала ў Лукаўскай сярэдняй школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а потым пераехала ў Маларыту.

— Паколькі настаўніцкіх вакансій у горадзе не было, раённы аддзел адукацыі прапанаваў узначаліць мясцовы Дом піянераў, — расказвае Ніна Міхайлаўна. — Шчыра кажучы, мяняць настаўніцкую работу на кіраўніцкую ніякага жадання не было. Але ў аддзеле адукацыі ўгаварылі. Так у 1985 го­дзе стала дырэктарам Дома піянераў. На гэтай пасадзе давялося адразу заняцца гаспадарчымі справамі, найперш рамонтам старога будынка. Праз год папрасілася назад у школу, але ў райкаме КПБ сказалі, што я вельмі патрэбна там, куды мяне накіравалі. Спачатку нават расплакалася, а потым вырашыла: калі не адпускаюць, значыць, давяраюць. І больш не прасілася перавесціся ў школу.

На пасадзе дырэктара Дома піянераў, а затым Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Н.М.Алесіюк працавала старанна, удумліва, творча і адказна. Кіраўніцкая пасада стала для Ніны Міхайлаўны сапраўдным прызваннем, якое прыносіла ра­дасць і задавальненне на працягу 34 гадоў. Сёння былы дырэктар працуе метады­стам у гэтай жа ўстанове і па-ранейшаму жыве яе што­дзённымі справамі і клопатамі.

Калегі характарызуюць Ніну Міхайлаўну як працавітую, сціплую, добразычлівую і тактоўную жанчыну. Асабліва падкрэсліваюць яе дабрыню, спагаду і шчырасць. За многія гады Н.М.Алесіюк заслужыла павагу і аўтарытэт у калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Яна з’яўляецца прыкладам творчых адносін да сваёй справы, займаецца па­стаянным самаўдасканальваннем. Дзякуючы багатаму педагагічнаму вопыту, Ніна Міхайлаўна знаходзіць агульную мову з дзецьмі любога ўзросту і ўмее зацікавіць іх творчасцю.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.