З даверам, павагай і ў супрацоўніцтве

- 11:34Планёрка ў рэгіёне

Сёння ў цэнтры ўвагі — сістэма адукацыі і выхавання Верхнядзвіншчыны, што ў Віцебскай вобласці, і мая суразмоўніца — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама Святлана Уладзіміраўна ЯКАЎЛЕВА, якая падзялілася адметнасцямі развіцця адукацыйнай прасторы рэгіёна і расказала пра вектары яе развіцця.

— Святлана Уладзіміраўна, як развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Верхнядзвінскага раёна ў апошні час, што добрага адбылося за дзве чвэрці бягучага навучальнага года?

— Асаблівую ўвагу ўдзяляем захаванню і развіццю шматфункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў, што ў поўнай меры дазваляе задаволіць запыты бацькоў. У мінулым навучальным годзе пашырылася сетка сацыяльна запатрабаваных форм атрымання дашкольнай адукацыі. Мы прапанавалі бацькам новыя формы: адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы кароткачасовага знаходжання. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вучацца 2083 чалавекі. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне 9 вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Профільным навучаннем ахоплена 53% вучняў 10-х класаў і 55% навучэнцаў 11-х класаў.

Наш раён сельскагаспадарчы, таму традыцыйна выпускнікі выбіраюць прафесіі гэтай накіраванасці. Аднак з году ў год расце і колькасць выпускнікоў, чые прафесійныя намеры звязаны з медыцынай. Мы лічым, што прафесійнае станаўленне выпускнікоў трэба пачынаць з фарміравання асаблівай выхаваўчай сістэмы класа, у якой разам з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню матывацыі сумленнага выбару, развіццю якасцей асобы неабходных для той ці іншай прафесіі. У будучым навучальным годзе мы плануем адкрыць класы педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, медыцынскай і аграрнай накіраванасці.

Гордасць раёна — адораныя дзеці. У мінулым навучальным годзе па выніках выступлення навучэнцаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 7 сталі пераможцамі. У гэтым годзе ў раённым этапе алімпіяды прынялі ўдзел 24,6% вучняў 8—11 класаў, дыпломы пераможцаў атрымалі 54 вучні, у абласным этапе будуць змагацца за перамогу 23 прадстаўнікі нашага раёна. Мы жадаем ім поспеху і чакаем прызавых месцаў! А лік перамог у гэтым навучальным годзе адкрыла Лізавета Адамовіч, вучаніца сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска, якая стала прызёрам абласнога этапу і прыняла ўдзел у заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Мы ганарымся перамогамі і ў творчых конкурсах. Нашы выхаванцы сталі дыпламантамі І, ІІ, ІІІ ступеней абласнога этапу IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”; пераможцамі абласнога этапу ХХI Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”; лаўрэатамі Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і многіх іншых. Ёсць і спартыўныя перамогі: 1-е і 2-е месца ў абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба”, 2-е месца на Рэспубліканскім фестывалі “Мама, тата, я — здаровая сям’я”, 1-е месца ў абласных і 3-е месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболе “Каласок”, 2-е месца ў першынстве Віцебскай вобласці па валейболе ў праграме “Алімпійскія дні моладзі”.

— Што цікавага ва ўстановах адукацыі раёна плануецца на канікулах?

— Зімовыя канікулы для нас — гэта перш за ўсё час свят і прыемных сюрпрызаў, таму заўсёды рады гасцям і падарункам у рамках акцыі “Нашы дзеці”. Ва ўстановах адукацыі запланаваны спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі, работа творчых майстэрань. Прымуць дзяцей і аздараўленчыя лагеры. У малодшых школьнікаў знойдзецца час для падрыхтоўкі да вясновай алімпіяды, а ў старшых — да абласнога этапу алімпіяд па вучэбных прадметах.

— Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі?

— Вялікую ўвагу ўдзяляем адраджэнню традыцыйнага сямейнага выхавання. У Боркавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе адкрыўся фальклорна-этнаграфічны куток “Беларуская хатка”. Сустрэчы з даўніной дазваляюць задумацца пра ўклад жыцця беларусаў, вярнуцца да традыцыйных каштоўнасцей беларускай сям’і. У Верхнядзвінскай гімназіі створаны і паспяхова працуе “Музей сям’і”, які стаў сэнсавым ядром усёй выхаваўчай сістэмы ўстановы. Адной з эфектыўных форм работы лічым папулярызацыю лепшага вопыту і традыцый сем’яў нашых выхаванцаў. Ва ўстановах адукацыі з поспехам праходзяць выставы і рэалізуюцца творчыя праекты “Свет прафесій маёй сям’і”, “Фэст сямейных талентаў”, “Традыцыі маёй сям’і”. Так фарміруем выхаваўчае асяроддзе на аснове ўзаемнага даверу, павагі і супрацоўніцтва дзяцей, бацькоў і педагогаў.

— Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК і якія формы работы самыя папулярныя сярод педагогаў?

— Метадычны кабінет з’яўляецца цэнтрам педагагічнай творчасці. Пад кіраўніцтвам метадыстаў педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі раёна актыўна ўключыліся ў інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць. Рэалізуюцца 2 абласныя, 18 раённых інавацыйных праектаў. У Верхнядзвінскай гімназіі быў рэалізаваны інавацыйны праект “Прадпрымальная школа” са статусам інавацыйнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мы маем вопыт удзелу і ў міжрэгіянальных даследаваннях. На працягу трох гадоў у раёне рэалізоўваўся праект “Менеджмент выхавання” пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры тэорыі і методыкі выхавання Пскоўскага абласнога ІПК, доктара педагагічных навук, прафесара Я.М.Сцяпанава. Таксама адным з важных напрамкаў дзейнасці метадычнага кабінета з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця творчага і прафесійнага патэнцыялу педагогаў. У 2016/2017 навучальным годзе ў раённым этапе конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” прынялі ўдзел 16 педагогаў. 7 прадстаўлялі Верхнядзвінскі раён на абласным этапе. Пяцёра з іх адзначаны граматамі ўпраўлення адукацыі. Лаўрэатамі абласнога этапу конкурсу сталі настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска Н.А.Маладзечкіна і настаўнік фізічнай культуры Верхнядзвінскай гімназіі А.А.Калесніковіч. Загадам начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама наш раён быў адзначаны за выніковае выступленне педагогаў на абласным этапе конкурсу педагагічнага майстэрства.

— А якія праблемы вас сёння больш за ўсё хвалююць як начальніка аддзела адукацыі і што хвалюе педагогаў вашага рэгіёна?

— Перш за ўсё патрабуе абнаўлення матэрыяльна-тэхнічная база — гэта і замена камп’ютарнай тэхнікі, набыццё вучэбнага абсталявання і ў цэлым рамонт будынкаў і добраўпарадкаванне тэрыторый устаноў. Педагогі раёна падтрымліваюць ідэю дапрафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў. Паколькі ў нашым раёне няма ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мы прадумваем сістэму такой падрыхтоўкі на базе школ. Мы думаем пра будучыню сістэмы адукацыі раёна, таму арыентуем нашых лепшых навучэнцаў менавіта на педагагічныя спецыяльнасці, адсочваем іх траекторыю навучання ва УВА для таго, каб яны вярнуліся да нас у раён і замацаваліся тут. Рэальнасць патрабуе ад сучаснага кіраўніка валодання навыкамі кіравання такой спецыфічнай сістэмай, як сістэма адукацыі, таму павышэнне кіраўніцкай дасведчанасці і культуры стане прыярытэтным напрамкам работы з кіраўнікамі на працягу некалькіх гадоў. Як кіраўнік я імкнуся сфарміраваць каманду аднадумцаў, адданых сваёй справе, здольных творча вырашаць задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі раёна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.